weather 0° Маладзечна
weather 0° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather 0° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather 0° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
14.01.2019 15:32 ,

Ці з’явіцца аўтобус для людзей з інваліднасцю? Залежыць ад іх настойлівасці

Спецыяльны аўтобус патрэбны людзям з інваліднасцю на Вілейшчыне хаця б раз на тыдзень. Фота luidorbus.ru.

Людзі з інваліднасцю, што жывуць у Ільі і навакольных вёсках, вось ужо некалькі месяцаў дабіваюцца, каб для іх з’явіўся спецыяльны аўтобус, на якім можна было б з’ездзіць у Вілейку.

Ініцыятарам выступіў чалавек на вазку з Ільі Віктар Філістовіч. Праз «Рэгіянальную газету» мужчына звярнуўся да жыхароў Ільі і навакольных вёсак з пытаннем, каму патрэбны такі аўтобус. Адгукнулася шмат.

Аўтобус, абсталяваны для людзей з інваліднасцю, на якім можна было б з’ездзіць у Вілейку, патрэбны ільянцам, а таксама жыхарам суседніх вёсак: Лукаўца, Карытніцы, Мацькаўцаў, Карпавічаў.

Адказ Вілейскага райвыканкама заяўнікаў не задавальняе

З дапамогай юрыстаў Офіса па правах людзей з інваліднасцю Віктар напісаў зварот у Вілейскі райвыканкам. Днямі атрымаў адказ: аўтобус гатовы выдзеліць, але толькі раз на месяц па маршруце «Вілейка-Забалацце». Такі адказ не задавальняе людзей.

– Гэта паездку ў магазін можна запланаваць раз на месяц, – лічыць Віктар. – А ў паліклініку ці іншыя ўстановы не асабліва заплануеш. Неяк сутыкнуўся з тым, што трэба было ў ДАІ аформіць дакументы. Хто ж мяне будзе там месяц чакаць? Трэба, каб аўтобус быў хаця б раз на тыдзень.

Райвыканкам: спецыяльны аўтобус ёсць. Гатовы выдзеліць раз на месяц

У Вілейскім райвыканкаме распавялі, што над зваротам Віктара Філістовіча працавалі шматлікія службы райвыканкама і вілейскі аўтапарк.

У межах Дзяржаўнай праграмы па стварэнні безбар’ернага асяроддзя аўтапарк набыў спецыяльны аўтобус з нізкай падлогай. Але пусціць такі аўтобус могуць раз на месяц, пра што і напісалі ў афіцыйным адказе Віктару Філістовічу.

Юрыст: такім адказам парушаюць Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю

Мы звярнуліся ў Офіс па правах людзей з інваліднасцю з просьбай пракаментаваць сітуацыю. На нашы пытанні адказаў юрыст Алег Граблеўскі:

– Даючы аўтобус раз на месяц, дзяржава парушае Канвенцыю аб правах людзей з інваліднасцю, раціфікаваную у Беларусі ў кастрычніку 2016 года. А менавіта артыкул 9 і артыкул 28.

У дзявятым артыкуле гаворыцца пра тое, што дзяржава павінна забяспечыць даступнасць людзей з інваліднасцю да ўсіх аб’ектаў сацыяльнай інфраструктуры. Наяўнасць спецыяльнага транспарту тут таксама маецца на ўвазе.

Артыкул 28 – пра тое, што дзяржава павінна забяспечыць належны ўзровень жыцця чалавеку з інваліднасцю і ўвесь час імкнуцца павысіць гэты ўзровень.

Па словах Алега, падобная праблема не толькі ў Віктара. Такога транспарту для сябе дабіваецца невідушчы чалавек з Іўя. А летась у Офіс па правах людзей з інваліднасцю звярталіся бацькі з Мінска, каб арганізаваць падвоз дзяцей з інваліднасцю да школы і назад. Пытанне вырашылі станоўча. Такі аўтобус цяпер ёсць, кажа Алег.

– Атрымліваючы адмовы або адказы, што аўтобус выдзяляюць раз на месяц, чалавек з інваліднасцю перастае думаць пра тое, што клопат пра яго – абавязак дзяржавы. Не ведаю, наколькі хопіць сіл у Віктара Філістовіча ісці да канца. Але вынік тут залежыць менавіта ад яго настойлівасці, – падсумаваў Алег.

Віктар кажа, што спыняцца не збіраецца і ўжо накіраваў сваю просьбу дэпутату.

Матэрыял створаны ў рамках сумеснай ініцыятывы Офіса еўрапейскай экспертызы і камунікацыйCityDog.byvitebsk4.me, часопіса «Бінокль» і «Рэгіянальнай газеты».

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце