weather -1° Маладзечна
weather -1° Вілейка
weather 2° Смаргонь
weather -1° Ашмяны
weather 1° Валожын
weather -1° Мядзел
weather 2° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4582
1 долар 2.1556
100 рас.руб. 3.2282
14.01.2019 11:27 ,

Як з вясковага клуба зрабіць шыкоўны дом за 100 тысяч долараў

Фота downshifter.by.

Купілі хату за грошы з вяселля, у рамонт уклалі ўсё заробленае.

Да заснавальніка «Арт Сядзібы» і кіраўніка адной з інтэрнэт-крамаў Паўла Белавуса ды яго кампаньёнкі і жонкі Кацярыны мы едзем марозным перадкалядным днём па аточанай густым заснежаным лесам пакручастай дарозе, якая вядзе ўздоўж Іслачы з Ракава ў бок Налібоцкай пушчы. Дакладнага адрасу ў Падневічах мы не ведаем, ды ён і не патрэбны — хата Белавуса — былы сельскі клуб і месціцца літаральна ў цэнтры вёскі насупраць адзінай крамы.

Гаспадар дома сустракае нас на ганку, асветленым рознакаляровымі гірляндамі, і праводзіць усярэдзіну. Прастора, якая адкрылася перад намі, уражвае. Гасцёўня плошчай 50 квадратных метраў; пасярэдзіне, не шкадуючы плошчы, — канапа, насупраць яе — камін, праз барную стойку — кухня.

Дома нас чакае гаспадыня Кацярына і запрашае на экскурсію па хаце.

Хатай гэты будынак цяжка назваць — два паверхі, некалькі санвузлоў, спальняў, гардэробная. У пэўны момант я перастала лічыць, якія па ліку дзверы мы адчыняем.

Нягледзячы на вялізную плошчу (усяго каля 300 квадратаў), у доме няма ніякіх печак, але адчуваецца цёплая падлога, пад якой праведзеныя трубы з гарачай вадой. Ваду грэе спецыяльны кацёл, які топіцца пелетамі (спрэсаваным пілавіннем) і праграмуецца на пэўную тэмпературу. Усё ў хаце выглядае не па-вясковаму — стылёва, як з Пінтэрэсту.

Гэта і ёсць усё з Пінтэрэсту, — смяецца Кацярына. — Многія пытаюцца, які дызайнер тут працаваў. А гэта мы самі проста глядзелі карцінкі ў інтэрнэце, і тое, што падабалася, пераносілі сюды.

— Яшчэ мы смяемся, што ў нас хата-імітацыя. Клуб — імітацыя пад хату, сцяна — імітацыя пад цэглу, сталешніца — імітацыя пад дрэва, камін-імітацыя, бэлькі-імітацыя.

Тым не меней за ўсёй гэтай імітацыяй стаіць рэальная праца і рэальныя грошы. Чатыры гады таму гэты будынак Павел купіў за грошы, што падарылі яму з Кацяй на вяселле:

— Усё было вельмі спантанна. Я прыехаў сюды з новым знаёмым, у якога ўжо была тут хата. І ён адразу з ходу: «Глядзі — тут Дунін-Марцінкевіч пахаваны, тут з паўстаннем Каліноўскага мясціны звязаныя, тут Іслач, Налібокі, тут нашы, там нашы».

І я такі — усё, бяру. Я нават Кацю не пытаў… І не ведаў, што з гэтым далей рабіць. Бо грошай на той момант не было — толькі на тое, каб клуб набыць.

Павел Белавус

Спачатку новыя гаспадары думалі, што тут будзе месца для тусовак «Арт сядзібы», нейкіх летнікаў. Затым разглядалі варыянт аграсядзібы — здаваць для п’янак, вяселляў. Але калі зразумелі, што ў рамонт укладаюцца ўсе заробленыя грошы, стала шкада аддаваць клуб на нейкія іншыя патрэбы, акрамя як на сваё жыццё тут.

І вось, з леташняй вясны Павел і Каця з дачкой Соняй пераехалі жыць у вёску. Кацярына застаецца дома з дачкой, а Павел чатыры-пяць разоў на тыдзень ездзіць у Мінск. Да любога пункту ў цэнтры горада ён закладае гадзіну дарогі.

— Да Каменнай горкі адсюль роўна 40 кіламетраў. Я стараюся ездзіць у Мінск, калі асноўны трафік праходзіць. Выязджаю адсюль пасля 11-й, а вяртаюся часцей за ўсё пасля 8-й. Калі я ў сваёй інтэрнэт-краме на першых этапах працаваў кур’ерам, я сам развозіў людзям тавары, у мяне сыходзіла 15-20 хвілінаў, каб прыпаркавацца дзесьці ва Уруччы ці Малінаўцы. Цяпер — гэта большая частка маёй дарогі з Каменнай горкі сюды.

І хоць у Кацярыны таксама ёсць машына, усё ж большую частку дня яна праводзіць сам-насам з дачкой. Зрэдку выязджаюць на заняткі ў Ракаў. А ў саміх Падневічах кампаніі для іх пакуль не знайшлося.

— Крыкну «ау» — і нават рэха няма, – прызнаецца.

Па словах Паўла, многія мясцовыя, як і ён, удзень з’язджаюць працаваць у сталіцу.

— У Івянцы 70% насельніцтва ездзіць на працу ў Мінск. Няма тут працы. Капец з працай. Жопа. А ім яшчэ далей да Каменнай горкі. Пра Ракаў я ўжо не кажу. Першаі таксама ўсе ганяюць на Мінск. Вось, мая Каця з Чэрвеня — амаль палова горада ганяе ў Еўраопты, аэрапорт.

— Рэальна, 50-кіламетровая зона сёння фактычна харчуецца дзякуючы Мінску. Гэта праблема, што Беларусь цэнтралізаваная ў адным месцы.

У Падневічах ужо адчуваецца, што людзі гатовыя паціху адрывацца ад Мінска. Нядаўна нарэзаныя і выстаўленыя на продаж участкі разышліся з аукцыёна па 10-20 тысячаў рублёў пры стартавай цане ў 3 тысячы. І гэта прытым, што на ўчастках няма ніякіх камунікацыяў — ні вады, ні электрычнасці.

Кацярына з Паўлам узялі сабе дадатковыя 18 сотак пад асабістую дапаможную гаспадарку. Праўда, агароды і курэй разводзіць там не збіраюцца. Хочуць прысвячаць свой час грамадскай працы і бізнэсу.

— Тут у нас будуць палянкі, ручайкі, валейбольныя палі, гольф-клубы, — смяецца Павел. — Вырашылі, што максімум, што пасадзім, — нейкія кветачкі.

— Мы людзі свецкія. Хоць і пераехалі ў вёску, горад з нас не з’ехаў.

— Нам прасцей купіць тры кілаграмы бульбы, прыгатаваць яе, калі захочацца, а не цэлы год бульбу вырошчваць, недзе захоўваць гэтыя мяхі, а пасля палова згніе.

—У нас ёсць бацькі, якія гэтым займаюцца, — дадае Каця.

Літаральна каля дома цячэ ручай

Калі Павел з Кацярынай набылі клуб, у іх не было нават машыны. Грошай таксама не было — бізнес толькі пачынаўся. І толькі калі пераўтварыўся ў сапраўдны бізнэс, атрымалася ўкладаць грошы ў будаўніцтва.

— Дзякуючы таму, што з’явіўся такі амбітны праект, мы і ад яго атрымалі піндзюлей: блін, у цябе і сям’я, і будоўля, давай, Паша, варушыся.

— Гэта прымусіла мяне актыўней працаваць, дадаткова ўключаць свае ўнутраныя рэсурсы. І так я зарабляў, укладаў, зарабляў, укладаў. І калі ты разумееш, што сюды ўкладзеныя твае апошнія пяць гадоў жыцця, табе ўжо шкада гэта выкарыстоўваць «хай будзе». Значыць, гэта тваё, і ты павінен тут жыць увесь час.

У выніку — у рамонт былога клуба было ўкладзена каля 100 тысячаў долараў. І гэта прытым, што кіраваць будоўляй прыехаў Пашаў бацька — прафесійны муляр. А брыгады на розныя працы запрашалі з суседніх вёсак і мястэчак. Хаця гэта было няпроста.

— Спачатку трэба было перавесці клуб з нежылога ў жылы фонд, падключыць наноў электрычнасць, зрабіць свідравіну. Мы тут нікога не ведалі. Наогул — нуль, — узгадвае Павел. — З Мінска вазіць работнікаў дорага. І мы пачалі наладжваць камунікацыю на месцы.

— І вось, усе 5-6 мясцовых алкаголікаў закадзіраваліся і за гэтыя гады ў нас папрацавалі. Як кажуць, мы падтрымліваем мясцовае насельніцтва.

— Дах нам рабіў дзядзька з суседняй вёскі Кіявец. Дрэва нам усё рэзаў дзядзька з Івянца. Планкенам дом абшываў мясцовы чалавек. Толькі ўнутраную аддзелку нам рабілі суседзі бацькоў з Ліды.

За такія грошы, прызнаецца Павел, можна было б купіць добрую кватэру ў Мінску. Але ў гэтым выпадку вялікія ўкладанні трэба зрабіць за раз. Тут жа грошы можна было зарабляць паступова і патроху штосезон укладаць у будоўлю.

Пасля рамонту ад старога клуба засталіся толькі сцены.

— Спачатку людзі прыходзілі і казалі: «Ах, гэта ж наш клуб, гэта ж наш клуб!» Расказвалі, як яны тут п’янствавалі, як тут іх маладосць прайшла. Усё жыццё вёскі віравала тут.

— Таксама нас палілі, што мы не мясцовыя, бо мы казалі ПаднЕвічы, а тут усе кажуць ПАдневічы, ІвЕнец. Але пасля мы навучыліся гаварыць правільна, да нас прывыклі, і мы тут сталі як свае.

Павел і Кацярына не збіраюцца спыняцца толькі на трансфармацыі клуба ў дом. У планах — дапамагчы рэгіёну развіваць свой турыстычны патэнцыял.

— Тут уздоўж Іслачы шмат палян, дзе штолета праводзяцца турзлёты і сустрэчы ад розных карпарацыяў да БРСМ, рэгіянальныя фестывалі. Адна з ідэяў — зрабіць свой сур’ёзны фестываль на адной з гэтых палян, заняцца аграэкатурызмам. Але ўсё паступова. І трэба зноў жа грошай зарабіць. А ўвогуле была ідэя зрабіць сайт, які будзе расказваць пра ўсю інфраструктуру для адпачынку ў рэгіёне ад Івянца да Ракава. Як турагенцыя — ты звяртаешся, а яна табе прапануе некалькі маршрутаў і прадае ці здае ў арэнду інфраструктуру.

Праўда, пакуль ёсць больш надзённыя задачы – працягваць працаваць над існымі бізнес-праектамі. Таксама распачалася падрыхтоўка да Дня Волі 2019, які Павел і каманда збіраюцца адзначыць яшчэ з большым размахам, чым гэта было летась падчас святкавання 100-годдзя БНР. Да таго ж у траўні ў сям’і з’явіцца другое дзіця. І каб не звар’яцець ад усяго гэтага, трэба расстаўляць прыярытэты.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце