weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.439
1 долар 2.1574
100 рас.руб. 3.2566
28.01.2019 15:53 ,

Натхняе прыгажосць родных мясцін, пачуццяў і, канешне, жанчын. Паэт Мікола Шабовіч – пра дзяцінства, паэзію, працу, каханне

Летась на кніжнай выставе.

З паэтам і выкладчыкам Міколам Шабовічам знаёмая з часоў студэнцтва. Мажны, з пшанічнымі беларускімі вусамі, заўсёды ў атачэнні маладых паэтаў, а дакладней паэтак. Бо, як вядома, на філфаку хлопцы – з’ява рэдкая.

Сёлета 4 студзеня Мікола Шабовіч адзначыў 60-гадовы юбілей. З гэтай нагоды – інтэрв’ю з паэтам.

– Раскажыце пра вясковае бадзенеўскае дзяцінства, бацькоў. Прыгадайце першыя дзіцячыя ўспаміны.

– Помню, як «дапамагаў» маме і бабулі ткаць на кроснах. Помню, як на Вялікдзень малымі хадзілі па яйкі. Як тата разам з раднёй і сусе дзямі сапраўднай талакой будавалі дом. Як за мной пагнаўся суседскі сабака і парваў маё паліто – з тых часоў я пабойваюся сабак. Помню, як да нас у хату прыходзіў наш сусед дзядзька Косця і палохаў мяне, што забярэ маму. Я, канешне, гучна плакаў і выганяў суседа з хаты. Як праводзілі ў вёсцы электрычнасць. Помню, як у першым ці другім класе мяне паставілі ў кут, бо развярнуў нейкія дошкі каля маёй першай бадзенеўскай школы, дзе я скончыў два класы.

– Давайце працягнем пра школу. Вы былі добрым вучнем?

– Наўрад ці я быў узорным вучнем, хаця вучыўся пераважна «на выдатна». Паводзіў сябе, наколькі помню, не на самую выдатную адзнаку. Асабліва ў васьмігодцы. Любіў даваць аднакласнікам нейкія мянушкі, што ім не вельмі падабалася.

– Былі настаўнікі, якія моцна на вас паўплывалі?

– Дзякаваць Богу, у мяне былі добрыя настаўнікі. Настаўнік рускай літаратуры Дзягільскай васьмігадовай школы Аркадзь Смятанка чытаў па памяці ўсяго «Яўгенія Анегіна», настаўніца беларускай мовы і літаратуры гэтай жа школы Соф’я Нехвядовіч і многія іншыя былі прыкладам служэння прафесіі. З нязменнай прыязнасцю, а таксама ўдзячнасцю ўспамінаю і маіх настаўнікаў з Мядзельскай школы. Праз колькі гадоў пасля заканчэння я ім прысвяціў невялікі верш, які прагучаў на вечарыне сустрэчы выпускнікоў у 2006 годзе.

З паэткай Ганнай Чумаковай на фестывалі ў Маладзечне.

– Першае каханне, першы верш – гэта ж, напэўна, у школе было? Раскажыце.

– Так, і тое, і другое здарылася, можна сказаць, адначасова. Мяне, васьмікласніка Дзягільскай васьмігодкі, адправілі на раённую алімпіяду па хіміі. А паколькі аўтобус прыпазніўся і ўсе месцы ў кабінеце былі ўжо занятыя, мяне падсадзілі да адной бялявай сімпатычнай дзяўчынкі на першую парту. Я дарэмна імкнуўся даведацца яе імя, з якой яна школы… А мая суседка, мабыць, падумала, што я спісваю ў яе хімію… У гэты ж дзень я напісаў свой першы верш і прысвяціў яго, канешне, ёй, маёй Незнаёмцы: «Все оксиды, кислоты и соли / Реагируют только с тобой». Вось з таго часу і пішу. І не магу здрадзіць любімай тэме.

– Чаму абралі педагагічны інстытут і філалогію?

– Пасля заканчэння школы я паступаў на прыкладную матэматыку ў БДУ, здаў на пяцёрку вусны экзамен па матэматыцы. У выніку не хапіла аднаго бала ці нават паўбала. Папрацаваў у калгасе шафёрам. Паспрабаваў пасту піць у Львоўскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча на спецыяльнасць «журналістыка», але на ўсіх экзаменах атрымаў чацвёркі. У выніку прыехаў у Мінск і падаў дакументы на беларускае аддзяленне філалагічнага факультэта педінстытута. У той час я даволі часта пісаў вершы, і таму гэта спецыяльнасць мне была найбольш блізкай.

– Як вясковаму хлопцу жылося ў сталіцы?

– Па-рознаму. Але цікава. На другім курсе я стварыў літаратурнае аб’яднанне «Крокі», мы часта збіраліся, выпускалі свае газеты, выступалі ў школах, на інстытуцкіх мерапрыемствах. Незабыўныя ўражанні засталіся ад нарады кіраўнікоў літаратурных аб’яднанняў у Каралішчавічах у снежні 1980 года, дзе я пазнаёміўся і пасябраваў з многімі літаратарамі, з якімі сябрую і сёння: Аляксандрам Быкавым, Анатолем Аўруціным… Многіх, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. Светлая ім памяць.

– Чым запомнілася праца ў Шыпках на Вілейшчыне?

– Быў цікавы калектыў, выдатны, з пачуццём гумару дырэктар Фёдар Сівы, яго жонка Ванда Паўлаўна. Мой сябра Мікола Мажуль. І дзве Каці, Кірылава і Бажко, якія ўрэшце сталі нашымі жонкамі.

– Выкладалі беларускую мову і літаратуру?

– Не толькі. Часам і фізіку, і хімію, і спевы… Вучняў было няшмат. Здаецца, мы добра ладзілі. У маім класе, дарэчы, усе пісалі вершы. І выдатнікі, і даволі пасрэдныя ў вучобе. Я ў той час нават даў падборку іх твораў у інстытуцкай шматтыражцы «Настаўнік».

– А як складваліся адносіны маладога настаўніка з вяскоўцамі?

– Што да вяскоўцаў, то яны з вялікай павагай ставіліся да нас, настаўнікаў. Пры сустрэчы нават здымалі шапкі. На жаль, даўно няма маёй Шыпкоўскай школы. Няма ўжо і Фёдара Міхайлавіча Сівага…

– Чаму ўсё ж вырашылі пайсці ў навуку?

– Яшчэ на першым курсе, ведаючы, што я пішу вершы, дэкан факультэта Леанід Падгайскі даў мне тэму курсавой працы пра аўтарскія наватворы ў беларускай паэзіі, якая потым паступова перарасла і ў тэму дысертацыі. Быў спачатку прымацаваны да кафедры суіскальнікам, здаваў кандыдацкія экзамены. А калі прафесар Міхась Яўневіч запрасіў у вочную аспірантуру, не змог яму адмовіць. І ніколькі не шкадую. Вось ужо 30 гадоў выкладаю родную мову ў сваёй альма-матар, маю больш за 50 навуковых публікацый, у тым ліку манаграфію «Аказіянальныя словы ў беларускіх мастацкіх тэкстах 20-х гадоў ХХ стагоддзя».

– Ці ёсць выпускнікі, якімі ганарыцеся?

– Ёсць, і нямала. Некаторыя працуюць на радыё, тэлебачанні, у рэдакцыях рэспубліканскіх газет і часопісаў. Многія сталі прафесійнымі паэтамі і празаікамі: Дзмітры Пятровіч, Таццяна Сівец, Яна Явіч, Сяргей Карчыцкі, Ганна Міклашэвіч, Ксенія Шаржановіч, Таццяна Выскварка (Астапчык), Ірына Чарняўская, Вераніка Мандзік.

Вершы для гасцей маладзечанскага фестывалю.

– Выкладчыцкая праца, паэзія, праца з паэтамі-пачаткоўцамі… Як на ўсё знаходзіцца час? Ці не перашкаджае адно другому?

– Дык у сутках жа 24 гадзіны, не так і мала! А яшчэ вы не назвалі шматлікія выступленні ў бібліятэках, на прэзентацыях, на кніжных выставах, на святах паэзіі ў Вязынцы, на Нацыянальным фестывалі беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне, на Днях беларускага пісьменства… Пакуль адно другому не перашкаджала, а толькі дапамагала. Калі свая паэзія, так бы мовіць, адпачывае, калі радкі не просяцца на паперу, перакладаю іншых. Дасць Бог, пераклады некалі выйдуць асобнай кнігай. А мо, і не адной, бо іх сабралася ўжо больш за пяць сот.

– Як вы лічыце, чаму прафесія педагога сёння менш прэстыжная?

– Для мяне яна не з’яўляецца непрэстыжнай. На бюджэтныя месцы філфака апошнім часам не так і лёгка паступіць, бо ў першую чаргу залічваюць медалістаў і выпускнікоў педкласаў. На астатніх абітурыентаў месцаў, як правіла, не застаецца.

А калі прэстыжнасць напрамую суадносіць з зарплатай, то ў гэтым плане ёсць яшчэ над чым працаваць. У першую чаргу, дзяржаве, якая павінна рупіцца пра будучыню нацыі.

– Што вас натхняе?

– Прыгажосць. Прыгажосць мясцін, найперш родных Бадзеняў, прыгажосць людзей, іх адносіны да справы, прыгажосць пачуццяў… І, канешне, жаночая прыгажосць. І не толькі знешняя.

– Распавядзіце пра сям’ю. Напэўна родныя ганарацца вамі?

– Жонка, два сыны. Усе ў пэўнай ступені звязаныя з настаўніцтвам, як мінімум, пакаштавалі настаўніцкага хлеба. Жонка дык увогуле адпрацавала настаўніцай матэматыкі 32 гады, цяпер на пенсіі. Ці ганарацца, трэба спытаць у іх. Спадзяюся, што я іх не вельмі раздражняю, хаця нярэдка нешта рыфмую і па начах, калі прыходзіць натхненне.

– Як часта бываеце ў родных мясцінах? Ці засталіся там сваякі, родны дом?

– Па магчымасці, прыязджаю. Летам бываю ў Бадзенях пастаянна. Адпачываю. Чым магу, дапамагаю маме. Стараюся, каб родны дом не зарастаў травой, таму сябрую з касой, граблямі.

З паэтам, сябрам, земляком Аляксандрам Быкавым.

– Раскажыце пра свае захапленні.

– Спортам захапляюся ў асноўным па тэлевізары: футбол, хакей, біятлон, тэніс, лёгкая атлетыка… Хаця ў студэнцкія гады паказваў някепскія вынікі на стометроўцы і ў скачках у даўжыню, нават абыходзіў членаў зборнай інстытута. Люблю схадзіць у грыбы, ягады, якіх у маіх родных Бадзенях бывае нямала.

– А цяпер кароценькі бліц. Любімы колер?

– Колер неба – блакітны.

– Любімае жаночае імя?

– Імя маёй мамы – Серафіма.

– Любімая страва?

– Перац, фаршыраваны рысам.

– Чаго баіцеся больш за ўсё?

– Лятаць самалётам.

– Ці ёсць у вас такія вершы, якія вы нікому не паказвалі?

– Ёсць, амаль палова з напісанага.

Даведка РГ

Мікола Шабовіч – беларускі паэт, паэт-перакладчык, філолаг і педагог. Нарадзіўся 4 студзеня 1959 года ў вёсцы Бадзені на Мядзельшчыне. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (1998). Кандыдат філалагічных навук (2004), дацэнт (2008). Аўтар тэкстаў песень і некалькіх паэтычных зборнікаў.

Фота аўтара.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце