weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.439
1 долар 2.1574
100 рас.руб. 3.2566
31.01.2019 16:19 ,

Яслі за 500 еўра і лясныя дзіцячыя садкі. Як выхоўваюць дашкольнікаў у Германіі

Фота russkiymir.ru

Ва ўзросце ад трох да шасці гадоў маленькі жыхар Германіі, як і большасць яго беларускіх аднагодкаў, наведвае дзіцячы садок. Калі ж бацькі вельмі занятыя, ёсць іншыя варыянты.

Ад двух месяцаў – у яслі

У яслі дзяцей тут бяруць ад двух месяцаў. Імкнуцца спрыяць гарманічнаму развіццю дзіцяці, развіваюць маторыку – рухальную актыўнасць. Выхаванцаў прывучаюць да гаршка, кладуць спаць у пэўны час і кормяць у адпаведнасці з узростам. Калі жанчына корміць дзіця грудным малаком, яна можа прыносіць яго сцэджаным у бутэлечку.

У яслях часам ладзяць дні адкрытых дзвярэй, каб бацькі маглі пабыць з дзецьмі ў групе нейкі час, паназіраць, як выконваюць рэжым дня. У яслі дзяцей возьмуць толькі ў тым выпадку, калі бацькі прынясуць даведкі з месца работы – пацвердзяць сваю занятасць.

Месцаў у яслях не хапае

Паколькі ў Германіі шмат бацькоў, заклапочаных кар’ерай, яслі тут даволі папулярныя. Але былыя жыхары нашага рэгіёна, якія цяпер жывуць у Германіі, адзначаюць, што месцаў часта не хапае. Чакаць яго даводзіцца доўга, таму часам жанчыны запісваюць дзіця ў яслі адразу пасля нараджэння ці ўвогуле яшчэ будучы цяжарнымі.

Калі месца вельмі патрэбнае, а яго няма, бацькі звяртаюцца ў органы апекі. Кажуць, яны дапамагаюць. Яслі ў Германіі платныя. Кошт залежыць ад рэгіёна. Розніца вялікая – ад 50 да 500 еўра на месяц. Сем’і з нізкім даходам маюць права плаціць менш. Часам такім дзецям дазваляюць наведваць яслі бясплатна.

Дзіцячыя садкі: месцаў мала, ахвотных шмат

І дзіцячыя сады, і яслі, як і ў нас, для наведвання не абавязковыя. Аднак большасць бацькоў усё ж выбіраюць гэтыя ўстановы. Сітуацыя з садкамі, як і з яслямі, – месцаў мала, ахвотных шмат. Дзеці праводзяць у садку некалькі гадзін: або ад 8:00 да 12:00, або ад 13:00 да 17:00. Можна заставацца на ўвесь дзень – ад 8:00 да 17:00. Але гэта, вядома, і каштаваць будзе даражэй.

Каб запісаць дзіця ў садок, трэба мець пуцёўку ад органаў апекі. Можна і без яе, але гэта будзе дорага. А яшчэ трэба грунтоўнае перакананне ад бацькоў, чаму дзіцяці патрэбны садок.

Каго ў садок павінны ўзяць хутчэй

Хутчэй за іншых пуцёўку на наведванне дзіцячага садка атрымліваюць сем’і, дзе гадуюць дзяцей з затрымкамі псіхічнага або моўнага развіцця, з праблемамі з маторыкай і з паводзінамі. Ва ўсіх выпадках патрабуецца заключэнне доктара.

Ёсць і сацыяльныя паказчыкі: калі сям’я даглядае невылечна хворага, гадуе дзіця з інваліднасцю, калі дзіця жыве ў дрэнных умовах або мае толькі аднаго з бацькоў. Паказчыкам для прывілею на наведванне садка будзе і нездаровая атмасфера дома: гвалт, злоўжыванне ў сям’і алкаголем, наркотыкі.

Калі мама цяжарная другім дзіцем, цяжарнасць працякае цяжка, а ў сямі ёсць дзіця-дашкольнік, доктар таксама можа даць даведку, каб дашкольніка хутчэй прынялі ў садок. Непаўнагадовасць мамы – яшчэ адзін сацыяльны паказчык.

Цэны на дзіцячыя садкі залежаць ад месца пражывання, даходаў бацькоў і колькасці дзяцей у сям’і. Сумы ў розных гарадах розныя. Напрыклад, у Берліне для сям’і з сярэднім месячным даходам (3750 еўра) садок каштуе 30 еўра на адно дзіця і 58 – на дваіх. У Брэмене – 146 і 181 еўра адпаведна.

Замест цацак – шышкі і палачкі

Заняткі ў садках ладзяць у гульнявой форме. Дзяцей вучаць кантактаваць з аднагодкамі, шмат увагі надаюць развіццю мовы і вобразнага мыслення. Садкі часцей належаць або прыватным асобам, або грамадскім арганізацыям. Радзей – дзяржаве. Нямецкая фішка даш кольнай адукацыі – лясныя дзіцячыя садкі. Сёння ў Германіі іх больш за тысячу. Амаль увесь час дзеці бавяць на свежым паветры. Выхавальнікі вучаць хлопчыкаў і дзяўчынак  шанаваць расліны і жывёл, распавядаюць пра навакольнае асяроддзе, даследуюць прыроду, ходзяць у паходы. Дзеці робяць буданы, гуляюць не з фабрычнымі цацкамі, а з прыродным матэрыялам – шышкамі, лістотай, палачкамі, глінай.

Вы замежнік? Паклапаціцеся, каб дзіця ведала нямецкую мову

У школу ў Германіі дзеці звычайна ідуць у шэсць гадоў. Апошні год у садку з імі праводзяць заняткі, якія рыхтуюць дзіця да школы. Часам такія заняткі ладзяць у школе, дзе будзе вучыцца дзіця. Так дашкольнікі прывыкаюць да новай абстаноўкі і адчуваюць не такі стрэс з пачаткам вучобы. У якасці падрыхтоўкі да школы дзіця бацькоў-замежнікаў можа прайсці курсы нямецкай мовы, каб не адставаць у школе ад сваіх аднагодкаў з нямецкамоўных сямей.

Пачынаючы ад 2002 года вывучэнне нямецкай мовы ўвайшло ў праграму многіх садкоў у Германіі. У чатыры гады дзіця бацькоў­-мігрантаў праходзіць тэставанне па нямецкай мове. Калі тэставанне не праходзіць, бясплатныя заняткі наведваюць зноў.

Спакойныя адносіны да капрызаў

Жыхарка Вало жын шчыны Алена Крэйніс, наведваючы Германію, заўважыла, што бацькі ў Германіі вельмі спакойна ставяцца да дзіцячых капрызаў. Яна прыгадала, што не раз заўважала, як у бары ці кавярні дзеці маглі хныкаць, моршчыцца да яркага святла і гучнай музыкі. А бацькі спакойна адпачывалі.

Цікавы падыход у некаторых бацькоў да загартоўвання дзяцей:

– Бачыла, як на калядным кірмашы ў снежні, калі тэмпература была каля нуля і ішоў то снег, то дождж, дзіця везлі ў вазку ў камбінезоне, без шапкі, і нават босага. Такая карцінка вельмі ўрэзалася ў памяць, – кажа Алена

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце