weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
07.02.2019 21:33 ,

32-гадовая вяскоўка з Гомельшчыны ўчыніла самагубства, бо дзяцей гразіліся забраць у прытулак

YouTube.

5 лютага ўчыніла самагубства 32-гадовая жыхарка Акцябрскага раёна (Гомельская вобласць) Вольга. У яе засталося трое хлопчыкаў — трох, сямі і васьмі гадоў, піша «Радыё Свабода».

«Вольга з 1 лютага ўладкавалася на працу, даяркай. Стала на ўлік як сям’я, якая мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Не разумеем, чаму так здарылася, што да гэтага прывяло», — дадалі ў сельскім савеце.

Дом, у якім жыла сям’я, быў стары, драўляны. Ён дастаўся ў спадчыну ад Вольжынай маці. На новы дом у Ігара з Вольгай не было грошай. Удавец кажа, што прасілі райвыканкам дапамагчы з жытлом, а там адказвалі: «Дзе мы вам возьмем? Самі шукайце».

«Што ў хаце быў непарадак — дык гэта ж дзеці, разумееце? Цацкі пакідаюць, вэрхал зробяць. Вольга прыбірала ў хаце. А з райвыканкама прыязджалі і чапляліся да ўсяго. Галоўнае — вымушалі яе ісці працаваць. А яна баялася кідаць малых дома адных. Бо яшчэ што ўпаляць, крый божа! Тым больш, дзе было працаваць? Толькі даяркай. А гэта сыходзіць на цэлы дзень з хаты. Я дзень на працы, яна мусіла быць дзень на працы. Каб з дзецьмі што здарылася — сказалі б, што мы вінаватыя, што кінулі іх», — распавядае Ігар.

Ён робіць жывёлаводам у мясцовай гаспадарцы. Атрымлівае каля 400 рублёў. Кажа, што на жыццё сям’і хапала. Вользе і дзецям дапамагала яе сястра, якая таксама жыве ў Будзе.

«Адзення ў нашых дзяцей хапала — усю вёску можна было апрануць. Але яны чапляліся і чапляліся. Не ведаю, што ім не падабалася», — кажа вясковец.

Ігар кажа, што «правяраючыя органы» ставілі Вользе ўльтыматум: або ідзі на працу, або забяром дзяцей у прытулак. Вольга пайшла на працу, але моцна пераймалася — як дзеці будуць адны дома?

«Увесь час думала пра дзяцей. Вось так яны яе дапяклі… А яна была крыўдлівая. І такое зрабіла… У панядзелак яны пагражалі прыехаць з праверкай — ці ўладкавалася Вольга на працу. Мы чакалі, а яны не прыехалі. А ў аўторак такое здарылася», — дадае жыхар Акцябрскага раёна.

Цяпер ён з хлопчыкамі перабраўся на час жыць да сваёй маці, у вёску Харомцы Акцябрскага раёна.

«Міша, Дзіма і Ягор увесь час плачуць: «Дзе мама? Дзе мама?» Што мне ім казаць?» — пытаецца Ігар.

У Краснаслабодскай школе, дзе вучыліся старэйшыя дзеці, адмовіліся каментаваць сітуацыю.

Адмовіліся размаўляць з карэспандэнтам Свабоды і ў аддзеле адукацыі Акцябрскага райвыканкама.

«Я з гэтай нагоды ніякіх каментароў даваць не збіраюся. Я не ведаю, акрэдытаваная вы ці не, ці маеце дазвол у нашым раёне, я вас не бачу, а гаварыць можна што заўгодна», — адказала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама Марына Балынская.

Вядома, што праверкай па факце смерці жанчыны займаецца Следчы камітэт.

Радыё Свабода

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце