weather 5° Маладзечна
weather 5° Вілейка
weather 8° Смаргонь
weather 5° Ашмяны
weather 6° Валожын
weather 5° Мядзел
weather 8° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.439
1 долар 2.1574
100 рас.руб. 3.2566
07.02.2019 10:02 ,

Як сустрэла выпускнікоў сярэдняя школа №11 і ці спраўдзіліся планы на жыццё ў выпускнікоў розных школ

У першую суботу лютага традыцыйна зладзілі Вечары сустрэчы выпускнікоў па ўсей краіне.

У сярэдняй школе №11 святочны канцэрт пачалі з відэа, у якім настаўнікі і школьнікі ўспомнілі вучэбныя гады, пажадалі выпускнікам поспехаў.

 

Сярод выпускнікоў школы – намеснік старшыні Маладзечанскага райвыканкама Алеся Лукоўская, намеснік пракурора Вілейскага раёна Андрэй Жукоўскі, намеснік старшыні суда па грамадзянскіх справах у Мінску Вераніка Абрамовіч.

Перад гледачамі выступіла дырэктар школы Анжаліка Хандзецкая. Лістамі падзякі ад начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінскага аблвыканкама ўзнагародзілі ветэранаў.

А яшчэ ў дзень свята Мінскі аблвыканкам падарыў школе 15 пар лыж.

Перад выпускнікамі выступілі навучэнцы школы. Сярод нумароў – танцы, гімнастычныя сцэнкі, песні. На жартоўныя пытанні вядучых адказалі выпускнікі-“юбіляры”. Успомнілі імёны былых настаўнікаў і падзяліліся, чаму спазніліся на Вечар сустрэчы.

У канцы ўдзельнікі разам з гледачамі выканалі гімн школы.

Ці спраўдзіліся планы на жыццё ў выпускнікоў розных школ

Ірына Хвалько ў 2007 годзе скончыла 11 школу. З аднакласнікамі амаль не кантактуе.

– Вучылася ў выдатнай, на мой погляд, школе. Пасля заканчэння ўсё так склалася, што я апынулася зусім у іншай сферы, чым планавала. Таму планы на адукацыю і кар’еру не спраўдзіліся. Не шкадую, бо маю добрую пасаду і перспектыву ў далейшым, прымальны заробак. Што тычыцца планаў у асабістым жыцці, то ўсё больш чым ажыццявілася і працягвае ажыццяўляцца.

У Вольгі Кульбака сёлета – 20 гадоў са дня заканчэння 11 школы.

– Планавалі сустрэцца з аднакласнікамі на Вечары – сустрэліся і выдатна правялі час. Некаторых з іх не бачыла са дня заканчэння школы і нават не ўяўляла, як выглядаюць цяпер. Калі-некалі сустракаю тых, хто жыве ў Маладзечне. У нас вельмі дружны быў клас, але некаторыя не змаглі прыйсці, бо знаходзяцца на працы ці за мяжой. Школа – гэта дзяцінства. Канешне за ўсе гэтыя гады чалавек становіцца сталей. Бывалі і складанасці ў жыцці, і поспехі. У дадзены момант усё добра.

Алеся Трасцянка скончыла 11 школу ў 2012 годзе. Паспела пажыць і Маладзечне, і ў Мінску, і ў Астраўцы. Потым з’ехала ў Барысаў разам з будучым мужам па яго размеркаванні. Таму з аднакласнікамі сустракаецца рэдка, але трымае сувязь па тэлефоне. Дзеліцца, што ні пра што не марыць.

– Жыццё ўяўляла зусім не такім, планавала паступіць ва ўніверсітэт на біяфак. Не склалася, цяпер завочна атрымліваю юрыдычную адукацыю. Паступала “для галачкі”, але зараз разумею, што падабаецца, магчыма, звяжу з юрыдычнай дзейнасцю жыццё.

Дзяўчына скардзіцца, калі ты студэнтка “завочкі”, у маленькім горадзе на працу ўладкавацца дастаткова цяжка. У Мінску прасцей, там большы штат работнікаў, ёсць каму замяніць пры неабходнасці. Калі працадаўца чуе, што вучышся, радуецца, бо маеш патэнцыял для росту.

Дзмітры Русакевіч вучыўся ў двух маладзечанскіх школах — №11 і №12. Але потым з’ехаў у Фаніпаль і ў 1992 годзе скончыў школу №2 – цяпер гімназію.

– Усе дакладныя навукі былі на пяць балаў, усе мовы кульгалі. Паступіць хацелася і на біяінжэнерыю, і на нешта, звязанае з матыматыкай ці хіміяй. Але пакуль “скакаў”, бацька сказаў, што да паступлення застаўся тыдзень. І неяк атрымалася, што выбар за мяне зрабіў ён. Спачатку прафесія задавальняла, а цяпер, пры перанасычанасці ў краіне бухгалтараў і эканамістаў – не вельмі падабаецца.

Каб у Дзмітрыя была магчымасць нешта змяніць, дзеліцца, што “не запускаў” бы здароўе.

У 2003 дзевяць класаў сёмай школы скончыла Яўгенія Шышко. Аднакласнікаў традыцыйна збірае яна – у школе была старастай. Звычайна адзначаюць у Яўгеніі дома. Муж адразу не мог зразумець, як можна заўжды збірацца, але ўжо прывык, дзеліцца дзяўчына. Па-за межамі Вечара выпускнікі таксама бачацца. У бліжэйшых планах – адзначыць шашлыкамі адкрыццё вясновага сезона.

–  Адзін з маіх аднакласнікаў усе гады вучобы запісваў на камеру нашыя прыгоды: салодкі стол, паходы. Уключылі ў дзень сустрэчы гэтую флэшку, паглядзелі, так цікава. Мы вельмі дружны клас, маем нават групу ў Вайберы,  – кажа Яўгенія. – Пасля школы марыла танцаваць, але пайшла працаваць, таму не атрымалася. Цяпер, канешне, шкадую. І дагэтуль гэтая мара існуе. Але муж супраць.

Выпуснік 2004 года гімназіі №3 Аляксандр Ляцяга са школы не бачыўся з аднакласнікамі.

– Наконт працы, усё, што хацеў, атрымалася. А вось тое, што планаваў, не спраўдзілася. Думаў, у мае годы будуць ужо сям’я і дзеці, але пакуль не склалася. Пасля школы атрымаў сярэднюю спецыяльную адукацыю, па прафессіі я пажарны-ратавальнік. Ва ўніверы не вучыўся, пустая трата часу. Мне было цікава вывучаць прафесію, а не проста сядзець на занятках. Пасля адразу пайшоў у армію. Потым працаваць. Працую вадзіцелям, кіраваць фурай марыў з дзяцінства. Вельмі люблю дарогу і месцы, куды яна прыводзіць. Дзякуюцы працы магу паглядзець свет.

Святлана Хацяновіч скончыла 14 школу ў 2004 годзе. Праз тры гады – вучылішча, пасля пайшла працаваць. У 2013 атрымала вышэйшую адукацыю і стала псіхолагам.

– Я нічога не планавала, усё ішло сваёй чаргой. Клас у нас не вельмі дружны быў, таму не бачымся з аднакласнікамі і на Вечары сустрэч выпускнікоў я не хаджу. На дадзены момант я замужам і гадую двух выдатных дачок.

Пяць гадоў прайшло з часоў, калі сярэднюю школу №4 скончыў Антон Троцкі. Вечар сустрэч ён наведаў, але прызнаецца, на ім было толькі два чалавекі з класа. Тым не менш, сустрэча прайшла пазітыўна. З некаторымі аднакласнікамі хлопец сустракаецца час ад часу ў горадзе.

– Планы не збыліся, быў вельмі малады і наіўны. Многае здавалася простым, але ва ўзрослым жыцці ўсё аказалася інакш. Галоўныя пункты  выканаў, стаў больш самастойным, незалежным, атрымліваю добры заробак. Недзе ў дзявятым класе ў мяне была мара – паступіць на радыётэхніка. Але ў  сувязі з тым, што ў школе не вельмі добра вучыўся, не атрымалася.

Фота Таццяны Касьян.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце