weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
10.02.2019 17:59 ,

Для выразнай усмешкі – чырвоная памада, для вачэй – smoky ice. – Як дзяўчаты з групы падтрымкі “Дынама” натхняюць заўзятараў і хакеістаў

Фота забяспечанае Таццянай Галоўчыц.

Зрабіць эфектны нумар, парадаваць гледачоў і каманду перад чарговым няпростым матчам, натхніць на гульню – менавіта такія мэты ў групы падтрымкі “бела-сініх”. Якімі якасцямі трэба валодаць, каб танцаваць на матчах, мы даведаліся ў прадстаўніц групы.

Лізавета Радчанка з “зубрамі” звязаная чатыры гады.  Спачатку была заўзятаркай, потым атрымала прапанову танцаваць з групай падтрымкі на розных флэшмобах. Цяпер часам танцуе ў падтрымцы “на падхваце”, фатаграфуе матчы і прызнаецца, што ёй вельмі падабаецца.

– Напэўна, толькі няўпэўненага ў сабе чалавека можа не зачапіць гэтая невялікая хакейная сям’я. За ўсе гады праз шэрагі групы падтрымкі прайшло шмат цікавых дзяўчат. Амаль з усімі знаходзілі агульную мову. З кожным сезонам састаў крыху змяняецца, але гэта жыццё.

Некаторыя танцуюць некалькі сезонаў. Нават цяпер набіраюць дзяўчынак яшчэ на гэты сезон. Галоўнае – умець танцаваць і жаданне заўзець за “Дынама”.

Лізавета Радчанка з былым галкіперам «Дынама» Аляксандрам Асіпковым. Фота забяспечанае Лізаветай Радчанка.

Падыходзяць пазнаёміцца хлопцы

Штогод танцы мяняюцца, хочацца зрабіць больш, каб гэта быў не проста танец, а перадача ўсіх эмоцый. Танец складаецца з блокаў, якія танцоркі прыдумваюць самі. Назваў у танцаў няма – іх звычайна пазнаюць па асобных рухах.

– Стала традыцыяй ставіць флэшмобы да святаў. Найбольш масавы – навагодні. Там збіраюцца дзяўчаты, якія хочуць сябе праявіць. Кожны раз танцы ставяцца новыя, складаюцца з розных блокаў. Сёлета навагодні матч, на жаль, быў рана – 9 снежня. Але гэта нас не збянтэжыла. Мяне папрасілі паставіць флэшмоб, здаецца, атрымалася.

Другая традыцыя – фатаграфавацца на кожным матчы і запрашаць заўзятараў на наступныя. Увогуле, “Лэдзі Дзі” імкнуцца ўдзельнічаць у мерапрыемствах з хакеістамі. Напрыклад, летась першага верасня хакеісты ў кампаніі “зубра” і дзяўчат з групы падтрымкі хадзілі ў школу-інтэрнат для дзяцей з парушэннем зроку. Павіншавалі іх з пачаткам навучальнага года, падарылі білеты на хакей.

Дзяўчат можна ўбачыць на кожным матчы. Да танцорак часта падыходзіць моладзь, камунікуе. Некаторыя хлопцы нават знаёмяцца, дзеліцца Лізавета.

Як выбіраюць макіяж, прычоскі і касцюмы

Якімі будуць прычоскі і касцюмы, дзяўчаты вырашаюць разам і заўжды падбіраюць іх пад танец.

– Напрыклад, калі браць навагодні флэшмоб, то галоўным элементам былі навагоднія каўпакі з лагатыпам каманды. Такім чынам, мы не маглі зрабіць тыя ж коскі ці хвосцікі – іх проста не бачна. Таму накруцілі валасы і прыбралі назад. Пад гэтыя шапачкі выдатна падышлі бела-сінія бодзі і сінія спаднічкі. Так нарадзіўся наш навагодні сёлетні вобраз.

А вось асаблівасцяў у нанясенні макіяжу няма. Заўсёды стандартны smoky ice. Гэта пераход або ад серабрыстага колеру ценяў у чорны, або ад карычневых – у чорны. Памаду выкарыстоўваюць чырвоную, каб усмешка была выразнай.

Фота забяспечанае Таццянай Галоўчыц.

Танец і хакей – адзінае цэлае

Таццяна Галоўчыц танцамі пачала займацца яшчэ з садка. У школе трапіла ў клас з харэаграфічным ухілам. Пасля вырашыла звязаць з танцамі жыццё. Цяпер ёй 17, вучыцца ў гімназіі-каледжы мастацтваў, атрымлівае прафесію харэографа.

Таццяна танцуе і за межамі арэны, выступае на конкурсах, з’яўляецца ўдзельніцай шоу-балета “Марыён”, два гады выкладае дэфіле і харэаграфію ў школе моды Сяргея Нагорнага.

У групу падтрымкі дзяўчына трапіла па прапанове адной з былых удзельніц – Вікторыі Троцкай.

Таццяна Галоўчыц (злева) і Ксенія Астроўская (справа). Фота забяспечанае Таццянай Галоўчыц.

– У той момант трохі збянтэжылася, было страшна і адначасова хацелася нечага новага ў жыцці. Але вырашыла паспрабаваць.

Для танцоркі танец і хакей – адзінае цэлае. Калі яна выходзіць на лёд, адначасова перажывае за каманду, за першую забітую шайбу і за танцы, якія група паказвае гледачам.

– Вядома, найбольш танцую для гледачоў, яны павінны захапляцца вамі і вашай усмешкай, бачыць карцінку з прыгожымі элементамі танца. Гледача не павінны хваляваць вашы каменныя твары і тое, што адбываецца за межамі сцэны.

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце