Фотафакт: Жыхары Маладзечанскага раёна зляпілі гіганцкага снегавіка

Фота vk.com/molodechnolive.
Новая славутасць у Маладзечанскім раёне з’явілася на полі ў Красным. Як расказала карэспандэнту МЛЫН.BY адна з аўтараў Ірына Чаеўская, ідэя прыйшла з інтэрнэту, дзе папулярны ютубер абвясціў конкурс з прызам у 100 000 расійскіх рублёў за самага вялікага снегавіка.
— На працу сышоў цэлы тыдзень і больш за 500 снежных шароў, кожны з якіх каля 40 сантыметраў у дыяметры. Снегавіка зляпілі на полі побач з вёскай, каб як мага менш людзей змаглі яго ўбачыць і неспадзявана пашкодзіць канструкцыю, — кажа Ірына.

Фота vk.com/molodechnolive
Таксама яна адзначыла, што ляпіць снегавіка было цяжка, віной таму адліга.
Усю працу зрабілі сем чалавек: чацвёра дарослых і трое дзяцей. Ляпілі ўручную без дапамогі тэхнікі. Выкарыстоўвалі лесвіцу, рыдлёўкі, вяроўкі, санкі і вёдры.
Шалік для снегавіка сплялі са старых штор. Вочы, рот і гузікі ў персанажа з кардона, які пафарбавалі чорнай фарбай. Вусы і валасы зрабілі з хваёвых галінак.
Дзеці назвалі скульптуру Сцёпам.
— Спадзяюся, да лета прастаіць, — кажа з усмешкай Ірына Чаеўская, — калі толькі тэхніка не будзе засяваць гэты ўчастак поля.



