weather 1° Маладзечна
weather 1° Вілейка
weather 0° Смаргонь
weather 1° Ашмяны
weather -1° Валожын
weather 1° Мядзел
weather 0° Астравец
Падпіска
на друкаванае выданне
1 еўра 2.4377
1 долар 2.1564
100 рас.руб. 3.2572
12.02.2019 11:33 ,

Стан беларускай мовы катастрафічны ці ёсць чым цешыцца? Абмеркавалі на круглым стале ў «РГ» (Цалкам)

Фота Ігара Палынскага.

Круглы стол па тэме «Мова – канстытуцыйнае права» прайшоў у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» ў Маладзечне 1 лютага. Да абмеркавання мы запрасілі прадстаўнікоў розных галін і з розных гарадоў. Аб’ядноўвае іх адно – важнае месца ў іх жыцці займаюць канкрэтныя дзеянні, якімі спрабуюць палепшыць стан беларускай мовы.

У абмеркаванні праблемы ўдзельнічалі дэ­путат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і старшыня Таварыства беларускай мовы Алена Анісім, былы дэпутат Чысцінскага сельскага савета Алесь Раткевіч, былы партыйны работнік  і былы кіраўнік спраў Мала­дзечанскага райвыканкама Валяр’ян Кавалевіч, выхавальнік беларускамоўнай групы смаргонскага садка №8 Эдзіта Бранцэвіч, а таксама прадпрымальнік і бард з Вілейкі Алесь Наркевіч. Мадэратарам сустрэчы быў галоўны рэдактар «Рэгіянальнай газеты» Аляксандр Манцэвіч.

Паводле апошняга статыстычнага зборніка «Сістэма адукацыі Рэспублікі Беларусь у лічбах», з агульнай колькасці школьнікаў усіх тыпаў устаноў адукацыі 1-11 класаў у краіне 12,2% вучацца на беларускай мове. Гэта 119,9 тысячы вучняў.

Раткевіч: Нават пры савецкай уладзе сітуацыя была не такая катастрафічная. Мову знішчалі павольна. Тымі самымі насмешкамі – калі гаворыш па-беларуску, то «калхознік», «бульбаш».

Манцэвіч: Ну, гэта ж мы самі дазволілі. Літоўцы ж не дазволілі.

Аляксандр Раткевіч.

Раткевіч: Іншы раз і злосць бярэ, што мы такія ціхенькія, але як распаліць, не супакоімся. Такая наша гісторыя, што ўсе да нас ішлі з «вызваленнем». І захад, і ўсход. «Вызвалялі» і лупцавалі.

«Рэгіянальная газета» пісала пра абуральную сітуацыю, што здарылася са мной у маі. На пошце паштальён адмовілася прымаць аформленую па-беларуску бандэроль. Ёй было незразумела, што значыць «Вуліца Пераможцаў». У адказ на скаргу Мінпрацы выдала недарэчную пастанову, што дзяржаўны службоўца не абавязаны ведаць беларускую мову.

Манцэвіч: І гэта супярэчыць закону аб мовах.

Аляксандр Манцэвіч.

Раткевіч: Безумоўна! Пасля звярнуўся да Алены Анісім. Яна дала запыт у Мінюст і Мінпрацы. На такім узроўні адмовіць ёй не маглі. Што ёй адказалі, таксама публікавала «РГ». У прыватнасці, што праграмнае забеспячэнне будзе з падтрымкай беларускай мовы.

Манцэвіч: Ці часта звяртаюцца да вас з падобнымі пытаннямі? І ці цяжка працаваць у парламенце, адстойваючы сваю пазіцыю?

Анісім: Звароты тычацца розных сфераў жыцця, таму што беларускую мову мала дзе падтрымліваюць. Прыйшоў у банк, аформіў заяву па-беларуску, і тут жа табе па-беларуску адказалі? Такое звычайна не здараецца. У лепшым выпадку заяву прымуць, але адкажуць ужо па-руску.

Звяртаюцца з пытаннямі пра тое ж банкаўскае абслугоўванне. Калі на сайце некаторая інфармацыя ёсць і па-беларуску, то афармленне – ужо не. Цяпер займаемся пытаннем чалавека з Гродна, які хацеў бы заключыць дамову ў жыллёва-камунальнай сферы па-беларуску.

Здаецца, ну што там скласці адну тыповую дамову, хіба праблема?

Нехта звяртаецца, што па-беларуску адмаўляюць выступаць у судзе, прапануюць перакладчыка. Які перакладчык можа быць, калі дзве дзяржаўныя мовы? Многія бацькі, якія хочуць даць дзеткам беларускамоўнае выхаванне, сутыкаюцца з праблемамі. Чыноўнікі не хочуць адкрываць групы ў садках і класы ў школах. Так адбываецца не ва ўсіх раёнах.

Манцэвіч: Ці цяжка працаваць у парламенце, адстойваючы сваю пазіцыю?

Алена Анісім.

Анісім: Сваёй пазіцыі ніколі не хавала. Я з усімі размаўляю па-беларуску. Таму людзі ўжо прызвычаіліся. Аднойчы ў нефармальнай абстаноўцы адзін з калег сказаў: «Вось цяпер, праз год, я зразумеў, чаму вас адносяць да апазіцыі. Вы ў апазіцыі да тых, хто не шануе беларускую мову».

Манцэвіч: Адчування белай вароны не было?

Анісім: Не было, няма і не будзе. Таму што я ў сваёй краіне, на сваёй роднай зямлі і размаўляю на сваёй мове. Хай сябе адчуваюць белымі варонамі тыя, хто робіць не так. Я жыву сярод сваіх лю­дзей. Нават калі нехта размаўляе па-руску, мы з гэтымі людзьмі сутыкаемся з аднымі і тымі ж праблемамі. Нам няма што дзяліць, трэба навучыцца разам вырашаць пытанні.

Многія разумеюць абсурднасць цяперашняй сітуацыі. Іншая справа, што не заўсёды ім хапае смеласці ці прынцыповай пазіцыі.

Многія з іх былі ўбудаваныя ў гэту сістэму. І, з аднаго боку, спрабуюць адстойваць інтарэсы людзей, а з іншага, трошкі боязна. У час выбараў ім спрыялі, таму адчуваюць сябе ў няпростай сітуацыі. Я сябе ім ніколі не супрацьпастаўляла. Абазначыць сваю пазіцыю – не значыць быць у варожых адносінах да таго, хто мае процілеглыя погляды.

Манцэвіч: Але адну з вашых прапаноў не падтрымалі.

(Маецца на ўвазе гісторыя, калі праект закона «Аб нарматыўна-прававых актах» зрабілі ў беларускім і рускім варыянтах. Але старшыня парламенцкай камісіі па заканадаўстве адмовіла адсылаць дакументы ў Нацыянальны цэнтр заканадаўчых і прававых даследаванняў (НЦЗПД) для атрымання юрыдычнага заключэння – заўвага аўтара.)

Анісім: Але гэта не дэпутаты не падтрымалі. Супраціўленне было з НЦЗПД.

У ТБМ у нас быў падрыхтаваны законапраект «Аб дзяржаўнай падтрымцы беларускай мовы». У 2014 годзе яго падавалі ў палату, але адхілілі. Мой намеснік Дзяніс Тушынскі цягам года адшліфоўваў дакумент. Восенню 2017 года выстаўлялі яго да абмеркавання ў інтэрнэце. Сёлета мы перадалі тэкст законапраекта кожнаму дэпутату.

Манцэвіч: Алесь Наркевіч мае некалькі магазінаў у Вілейцы і справы вядзе па-беларуску. На вашу думку, для прадпрымальніка беларуская мова – плюс ці мінус?

Алесь Наркевіч.

Наркевіч: На працы па-беларуску размаўляю толькі я. Калі нехта прыходзіць уладкоўвацца, здзіўляюцца, што нехта яшчэ размаўляе па-беларуску. Прыходзіць дзяўчына пасля вучэльні ўладкоўвацца прадаўцом, слова вымавіць па-беларуску не можа.

Калі прыязджаюць вяскоўцы, то шмат выпадкаў бывала, казалі: «А дзе той, што па-беларуску гаворыць, хачу ў яго спытацца».

Калі нас так мала і становіцца ўсё менш, нам трэба быць больш радыкальнымі і патрабавальнымі.

Некалькі год таму папрасіў у кнігарні каляндар па-беларуску. Глянулі вось так: «Нету у нас». Нібы першы раз чуюць. І другі раз прыходжу – адзін толькі ад «Будзьмы», усё астатняе завешана расійскім. Не можаш зрабіць такую простую рэч, як павесіць дзецям каляндар у пакой.

Анісім: У такіх выпадках трэба рабіць запыт, чаму няма календароў на беларускай мове.

Манцэвіч: А ці можна манетызаваць беларускую мову ў бізнесе? Бывае, банкі выкарыстоўваюць мову ў рэкламе. Гэта проста імідж ці тое, што пасля прынясе грошы?

Наркевіч: Думаю, там проста ёсць беларускія людзі, вось і ўсё. Па факце наўрад ці яны заробяць на беларускай мове.

Эдзіта Бранцэвіч.

Бранцэвіч: Ну, чаму. У Гародні ёсць этнакрама «Цудоўня», гаспадар Андрэй Несцяровіч. Ён некалі зацікавіўся фальклорам, аўтэнтычнымі рэчамі і зрабіў на гэтым бізнес.

Ладзяць розныя мерапрыемствы – выставы, танцы. Спачатку ўсе спецыялісты казалі, што ён не будзе прыбытковым. Але ў яго столькі ідэй, і шмат год яны працуюць.

Манцэвіч: Тут аб’ектам продажу з’яўляецца мова, а Алесь Наркевіч прадае будаўнічыя матэрыялы.

Бранцэвіч: Калі я штосьці купляю для сябе і мне ў адказ на замову тэлефануе прадавец і размаўляе па-беларуску, я так цешуся.

Наркевіч: На жаль, на гэтым узроўні пакуль што мова і існуе.

Толькі на ўзроўні «вось мы пацешымся і, можа, нешта ў нас некалі атрымаецца». Калі дзяржава не зацікаўленая ў мове, то толькі на актывістах мове ў краіне не застацца і самой краіне не быць.

Бранцэвіч: Але ж дзяржава – гэта людзі.

Наркевіч: Я назіраю катастрофу, што мы паціху сыходзім.

Раткевіч: Ужо не паціху.

Бранцэвіч: Нязгодная з вамі.

Наркевіч: Я ў гэтым плане песіміст. Адно пытанне гуляць у мову, гэта цяпер трэндава і модна. А другое – тыя актывісты, якіх вельмі мала, фактычна супраць­стаяць дзяржаве і дзяржаўнай палітыцы русіфікацыі. Так званая мяккая беларусізацыя не будзе адбывацца, пакуль не будзе садкоў, школ і ВНУ, гэта ўсё бессэнсоўна.

Калі мы палайкаем у інтэрнэце «Мове нанова», гэта файна, але гэта не выратуе краіну ад татальнай русіфікацыі. І ўжо нават роўных умоў з расійскай мовай нам, напэўна, будзе ўжо замала.

Цяпер і ў вёску ка­лі прыязджаю і размаўляю па-беларуску, чую ў адказ «Колхозник какой-то приехал». Дзеці, якія не глядзяць мульцікі па-беларуску, беларусамі не стануць. Мы гуляем і ствараем выгляд, што ўсё нала­дзіцца.

Манцэвіч: А тое, што ў Смаргоні ёсць беларускамоўная група ў садку, дзе Эдзіта Эдуардаўна выхоўвае дзетак па беларуску, – гэта выпадковасць?

Наркевіч: Гэта цуд, таму што ў Вілейцы такога няма. Хутчэй за ўсё, гэта настальгія.

Бранцэвіч: У нашым садку не адна беларускамоўная група, а тры. Дзетак набіраюць штогод, выбіраюць, на якой мове будуць навучаць. І згодна з гэтым фарміруюць групу. Пасля выбіраюць беларускамоўнага выхавальніка, які добра валодае мовай, мае адпаведную кваліфікацыю. Калі такую групу стварылі, я пачала ў ёй працаваць.

Я маю вышэйшую адукацыю як настаўнік пачатковых класаў і беларускі філолаг.

Манцэвіч: З такімі маленькімі дзеткамі цяжэй працаваць, чым са старэйшымі вучнямі?

Бранцэвіч: Мне лягчэй, цікавей працаваць з такімі дзеткамі. Гэта чысты ліст. Яны пазітыўныя, вельмі цікавыя, ёсць месца для творчасці. У школе гэта крыху цяжэй зра­біць, ёсць пэўныя строгія межы.

Калі бацькі самі абралі беларускую мову, то разумелі, што ўся адукацыя будзе па-беларуску. Канешне, у іх былі сумненні – а як будзе далей. Усе бацькі хвалююцца за сваіх дзяцей. Ці будзе пераемнасць у школе? Але ўсе гэтыя сумненні развеялі цягам першага года.

Людзі пачынаюць баяцца, калі маюць недастаткова інфармацыі. Калі кожны дзень лаяльна размаўляеш, прыводзіш прыклады, як гэта дзіцяці падабаецца. Канешне, многія баяліся – яшчэ і па-руску не вельмі добра размаўляюць, як будуць беларускую вучыць? Крок за крокам усё гэта ўладжвала.

Калі вы едзеце адпачываць з дзецьмі, на беразе мора ўсе і па-французску, і па-англійску гавораць і адзін аднаго разумеюць. Яны больш увагі звяртаюць на жэсты, міміку.

Мае выхаванцы ў школе будуць выву­чаць беларускую мову і літаратуру. І ім будзе нашмат лягчэй, чым тым дзеткам, што навучаюцца ў рускамоўных групах. Яны будуць ведаць значэнне ўсіх слоў, валодаць гукамі, у іх добра развіты фанетычны слых.

Манцэвіч: Бі­лінгвамі яны сталі?

Бранцэвіч: Яны сталі. Тры гады – унікальны ўзрост, яны схопліваюць усё. Дзве мовы вывучыць ім зусім проста. Была б трэцяя – лічу, і з ёй справіліся б.

Раткевіч: У групе 21 дзіця, груп тры. 60 дзетак выхоўваюць па-беларуску – вы толькі нікому не кажыце.

Бранцэвіч: Усе бацькі зацікаўленыя ў добрай адукацыі дзяцей. Яны бачаць, якое ў іх ідзе развіццё.

Ім жа трэба перакласці, што я сказала, на рускую, свой адказ сфармуля­ваць па-беларуску – гэта які працэс мыслення! Дзеці аж млеюць, каб у садок прыйсці, у мяне наведванне амаль 100%. Баяцца прапускаць, бо там абавязкова нешта цікавае.

Яны пойдуць у розныя школы і класы, у іх будзе новае акружэнне. Але ў іх будзе свая пазіцыя наконт мовы.

Манцэвіч: Ка­жуць, Маладзечна было больш беларускамоўным у 60-я і 70-я, чым цяпер. Ці праўда гэта? І ці мы больш страцілі або набылі з незалежнасцю?

Кавалевіч: Я паступаў 1971 годзе ў політэхнічны тэхнікум, здаваў матэматыку па-беларуску. Выкладчыца, што прымала экзамен, сказала: «Я ничего не поняла, но ставлю вам 4». Хаця адказваў я «на выдатна». Пасля мяне дражнілі. Ну, і я такі: «Давайце ўжо вывучу вашу рускую мову». А з прадметаў па-беларуску – толькі мова і літаратура. Але большасць былі з вёскі, і беларускамоўнае асяроддзе было.

У партыйных і камсамольскіх работнікаў пытанне мовы нават не ставілася. Раз прыехаў з вёскі працаваць у горад – павінны размаўляць па-руску ў афіцыйнай сферы.

У канцы 80-х на «Спадарожніку» пачалі з’яўляцца розныя культурніцкія аб’яднанні, і я ім з партыйнага і чалавечага пункту гледжання спрыяў. Як так – гэта родная мова, і паўсюль павінна гучаць.

Грамадства лічыць, што мова – не самае галоўнае. А дзяржава не лічыць гэта пытаннем. Думаю, змяніць сітуацыю можна толькі тактоўным валявым метадам.

Калі працаваў кіраўніком спраў у гарвыканкаме, парадак дня пісаў па-беларуску. Аддзел архітэктуры і будаўніцтва ўсё пісаў па-беларуску. Залажыў гэта Карпенка і яго штат, а потым усё працягнулі мы. Усе афіцыйныя звароты, віншаванні і выступленні з боку старшыні і іншых былі па-беларуску.

Мае падначаленыя рабілі замаскіраваны сабатаж мне, начальніку – «Нашто нам эта беларуская мова, давайте всё на русском языке». Пасля прыйшлі іншыя старшыні, і ім даводзілася перакла­даць.

Таму ў канцы дзейнасці рабіў дакументы ў двух варыянтах.

Калі на «Спадарожніку» быў, аплотам беларускага была Баранава – жонка афіцэра нашай часці.

Анісім: Што ў Палаце прадстаўнікоў, што начальнікі на мясцовым узроўні – заўсёды ёсць такія, што для сваіх жыхароў за час працы не так шмат і зрабілі. А вось Юры Горлаў, цяперашні старшыня Маладзечанскага райвыканкама, раней кіраваў Стаўбцоўскім раёнам, з якога паходзіць Якуб Колас.

Размаўляў па-руску, але за яго кіраванне стварылі мурал на дзіцячым садку з выявай, што тычыцца гісторыі горада. Да юбілею горада распісалі сцены чатырох 9-павярховікаў з чатырохрадкоўямі з Якуба Коласа. І іншыя рэчы – гэта зрабіў чалавек, які не адсюль родам.

Манцэвіч: Калі Маладзечна рыхтавалі да «Дажынак», горад у многім змяніўся да лепшага, але мы страцілі сваю «Радзіму». (Маецца на ўвазе гісторыя, калі на кінатэатры шыльду «Радзіма» замянілі на «Родина» – аўтар). На запыты з просьбай змяніць адказалі, што гэта каштуе грошай. А на «Родину» хіба не каштавала.

Стан беларускай мовы катастрафічны ці ёсць чым цешыцца? Абмеркавалі на круглым стале ў «РГ» (Відэа)

Наркевіч: У Вілейцы быў канцэрт. За дзве гадзіны па-беларуску з вітальным словам выступіў начальнік аддзела культуры Сяргей Паўлоўскі і госць з Маладзечна. Усе дзеці спявалі расійскія песні, аб’яўлялі выступоўцаў па-руску: «А сейчас дети станцуют «Русский самовар». Дзе 50 на 50, калі дзве дзяржаўныя мовы?

Анісім: Трэба памятаць, што мы ў сваёй краіне гаспадары. І падчас перапісу заклікаем сярод родных моў абавязкова пазначаць беларускую.

Мы можам колькі заўгодна прасіць дзяржаву з гэтым нешта зрабіць, але яна не ро­біць. І не будзе, пакуль мы, грамадства, не бу­дзем уплываць.

Універсітэт імя Ніла Гілевіча – справа, якую мы робім, каб дзеці, якія вучацца па-беларуску, бачылі перспектыву. Атрымліваецца ў бізнесоўцаў прасоўваць беларускую мову – нам трэба спрыяць. Ёсць ініцыятыва – мы павінны падтрымаць.

Раткевіч: Яшчэ Мураўёў-вешальнік казаў – «Что не сделал русский штык, доделает русская школа». І з таго часу так і ідзе.

І калі школы адразу не перавядзеш, то можна па­чаць з шыльдаў, каб вакол сябе бачыць мову.

Бранцэвіч: Для мовы трэба рабіць тое, што ты можаш. Тут найперш персанальная адказнасць.

Наркевіч: Галоўныя праблемы – адсутнасць беларускай адукацыі, тэлебачання, радыё. Мова – гэта душа народа, і цяпер Беларусь без душы. Жыць чужой мовай – тое самае, што жыць чужым розумам. І жывём дзеля некага, хто нам не дапамагае.

Алена Анісім: інфармацыйная прастора павінна быць беларускай

Анісім: Пытанні беларускай мовы я падымала на ўсіх узроўнях. У тым ліку падчас паслання [Прэзідэнта]. Я мела магчымасць задаць пытанне. І звярнулася да прысутных. Спыталася, калі беларус у Беларусі будзе жыць як італьянец у Італіі і паляк у Польшчы? Размова не толькі пра якасць жыцця, але і пра мову.

Казала пра інфармацыю, заканадаўства і адукацыю. Для чалавека важна, каб было асяроддзе, каб падтрымліваць мову. Педагагічныя класы ці працуюць па-беларуску? Калі там няма мовы, ва ўніверсітэце няма, то хто будзе вучыць дзяцей?

Наша задача – усё рабіць па-беларуску. Мы перакладалі афіцыйныя дакументы, напрыклад, правілы дарожнага руху. Мы павінны быць гатовыя, што, калі ўлада будзе больш прыхільнай да беларускасці, у нас многае ўжо будзе напрацаванае.

Кавалевіч: Трэба адчуць сябе беларусам, і адчуць праз мову. Калі насельніцтва не захоча само размаўляць, што б мы ні рабілі, бессэнсоўна. І тады ўсе ўстановы стануць даступнымі па-беларуску, гэта не будзе ніякай праблемай.

«Сцярпець усё гэта ніяк не магла». Алена Анісім расказала, чаму ідзе ў прэзідэнцкую кампанію і з-за чаго зняла сваю кандыдатуру ў 2014-м

Каментуйце публікацыю ў сацыяльных сетках!
               
Новае на сайце