Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -7° Маладзечна
Вілейка -7° Вілейка
Смаргонь -7° Смаргонь
Ашмяны -7° Ашмяны
Валожын -7° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -7° Астравец
Думкі ўслых. Аўтарскі праект Марыны Сліж
6.08.2011 08:51 ,AЎТАР(Ы): Марына Сліж

Няхай іх, гэтыя апельсіны

Рабочы дзень закончыўся, але мужчыны не спяшаліся разыходзіцца. Сядзелі ля калгаснай майстэрні, курылі ў цяньку. “Ну, бывайце, – першым развітаўся Аркадзь. – Сядзі не сядзі, а дамоў усё адно ісці трэба. Халадніку міскі дзве закулю, ды на сенажаць. Трава перастойвае”.

“У такую спёку нічога акрамя халадніку і не хочацца, – падтрымаў яго вартаўнік дзядзька Міхась. А мая жонка нагледзелася на суседку, і бы звар’яцела. Як вечар, дык апельсіны смажыць. Я ўжо глядзець на іх не магу. А яна есць сабе, нахвальвае, ды мне падкладае. Маўляў, як добра, што гэта лета цёплае, усё расце, бы на дражджах. Апельсінаў столькі – што да новага года хопіць”.

Мужчыны пераглянуліся. Вёска невялікая, усе адзін у аднаго на віду. Ні разу людзі не казалі, што ў Міхася гэтыя заморскія фрукты ў садзе растуць. Хіба што ў хаце, пакаёвыя. Ёсць жа такія лімоны. Чаму не быць апельсінам.

Калі б расказаў пра гэта Аркадзь, яны б парагаталі ды разышліся. Гэты баламут мог і не такое прыдумаць. Міхась, у адрозненні ад яго, на жарты быў не здольны. Ведаючы гэтую асаблівасць характару, мужчыны наогул стараліся абыходзіць яго бокам. Скажаш нешта дзеля смеху, а ён усё за чыстую манету прымае.

Першым апомніўся практыкант Воўка: “Дзядзька, дык а навошта вы іх смажыце? Можа, лепш сырымі есці?” “Еш, калі табе смачна!” – узлаваўся Міхась, і пайшоў зачыняць вароты.

“Не чапайце вы яго, – знайшоўся хтосьці. – Будзем ісці дадому, папросім у цёткі Веры апельсінаў тых пакаштаваць”.

“Якія апельсіны, што вы, хлопцы?! – абуралася жанчына на ўсю вуліцу. – Я іх не памятаю калі бачыла, не тое што ела. Нечага стары наплёў, а вы і паверылі”.

“Дык а што вы тады штовечар на вячэру смажыце?” – знайшоўся хтосьці. “Кабачкі!”, – сур’ёзна адказала тая.

Да “апельсінаў” у кожнага чалавека свае адносіны. Адны гатовыя есці іх ледзь не кожны дзень. Другія – не пераносяць нават на дух. “Насмажыла дзве патэльні кабачкоў, – расказвае знаёмая жанчына. – Часнаком іх пасыпала, маянэзам паліла. Ідзі хоць пакаштуй, клічу мужа. А ён аж трасецца. Не прапаноўвай кажа, я іх нават у рот узяць не магу”.

Адзін мой знаёмы не любіць бацвіння. Часам мне здаецца, што яго пачынае ванітаваць толькі ад аднаго гэтага слова. “Перастань, – крычыць ён жонцы, – варыць гэтую бурду. Я табе што, свіння?”.

Васька не любіць марынаваныя памідоры. І садзіцца “на каня” ад аднаго толькі погляду на іх. Валя на дух не пераносіць спаржавую фасолю, не можа есці гарбузовую кашу і ніколі не возьме ў рукі відэлец, калі бачыць, што ў салаце ляжыць пятрушка.  Ну, што ты тут скажаш, у кожнага свой гастранамічны густ.

Хтосьці не любіць бананы, бо яны пахнуць мылам, кагосьці адвярнула ад грыбоў. А вось адна мая знаёмая бабуля ніяк не можа дачакацца восені, каб паядаць дзіндзірэлю. Пасадзілі яго нявесткі на агародзе ажно два доўгія рады. Як будзе выглядаць, і які на смак, патлумачыць бабулі так і не змаглі. Кажуць, вырасце – пакаштуеш. Яна ўжо мо з дзесятак маладых суседак да акцыі “што такое дзіндзірэль” далучыла. Усё пыталася, як яго лепш даглядаць, чым паліваць. Дзяўчаты рагочуць, суседку папраўляюць: “Не дзіндзірэль, бабуля, сельдэрэй”. Тая ў адказ толькі ўсміхаецца. Маўляў, дзіндзірэль – смачней.

Марына СЛІЖ.
Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце