Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +8° Маладзечна
Вілейка +8° Вілейка
Смаргонь +8° Смаргонь
Ашмяны +8° Ашмяны
Валожын +8° Валожын
Мядзел +8° Мядзел
Астравец +8° Астравец
Акно падзей
5
22.10.2011 08:30 ,AЎТАР(Ы): Святлана ЦІШКО

Навучанне па-беларуску – плюсы і прывілеі

Адзіны ў горадзе першы клас з беларускай мовай навучання невялікі – 11 чалавек. У гэтым і бацькі дзяцей, і педагогі бачаць свае плюсы.

1 “В” клас з беларускай мовай навучання адкрыўся сёлета на базе СШ №1. Тут па-беларуску выкладаюць усе прадметы, акрамя рускай мовы. Уся дакументацыя вядзецца таксама на беларускай мове.

Цяпер дзеці разам са сваёй настаўніцай Ірынай Шаніховіч рыхтуюць ранішнік. Ён будзе прысвечаны восені і таму, што былыя дзетсадаўцы сталі першакласнікамі – дзеці атрымалі вершы, вучаць іх і рэпеціруюць свае выступленні. Невялічкі эпізод яны прадэманстравалі карэспандэнту “РГ”. Восень (Аляксандра Казакевіч) завітала да дзяцей у госці.

–       Я прынесла вам мукі, – кажа яна.

–       Значыць будуць піражкі, – адказваюць ёй.

–       Я прынесла грэчкі.

–       Будуць перапечкі.

–       Бурачкоў, капусты, круп...

–       Будзе боршч і будзе суп.

Вымаўленне ў першакласнікаў нядрэннае, хоць большасць з іх закончылі сады з рускай мовай. Так што самая вялікая праблема, – малы запас беларускіх слоў. “Яго зусім няма. Мы цяпер не толькі засвойваем праграму першага класа, але і папаўняем слоўнікавы запас, развіваем маўленне”, – расказала Ірына Шаніховіч.

У Максіма Свірыдэнкі – большы запас беларускіх слоў. Хлопчык закончыў вішнеўскі дзіцячы сад, дзе выхаванне і навучанне ішлі на беларускай мове. Яго мама Валянціна шукала менавіта беларускамоўны клас.

“Я сама ў школе мову не вывучала: наша сям’я пераехала ў Вішнева з Расіі, калі я хадзіла ў восьмы клас. І экзамен па ёй не здавала. Але тэставанне, напрыклад, здавала менавіта па беларускай мове – так было лягчэй. І сыну, бачу, лёгка даецца: ён усё разумее і ловіць на ляту. У размовах са мной усё часцей чую беларускія словы: дзякуй, калі ласка, надвор’е, сшытак”, – расказала яна карэспандэнту “РГ”.

Паводле яе слоў, Максіму падабаецца ў школе, асабліва настаўніца Ірына Міхайлаўна. І маму ўсё задавальняе: школа, клас, педагог і мова навучання. Яна думае, што і ў сярэдняй школе Максім будзе вучыцца па-беларуску.

Аляксей Дзевяцень закончыў гарадскі сад. І яго маму Святлану спачатку крыху страшыла перспектыва навучання на беларускай мове. Але цяпер яна задаволеная. Бачыць у гэтым некалькі плюсаў: “Дзяцей у класе мала – гэта добра, бо кожнаму патрэбная ўвага. Сына падбадзёрваю, што будзе ведаць шмат моў: беларускую, рускую, пазней яшчэ і замежную. Ён, праўда, і не скардзіцца: сын у мяне негаваркі”, – сказала яна.

Старэйшая дачка Святланы Дзевяцень у пачатковых класах таксама вучылася па-беларуску. Цяпер яна – у 9-м класе. Па беларускай мове мае адзнаку на бал вышэйшую, чым па рускай.

“Калі дачка пачынала вучыцца, таксама было страшнавата. Але мы купілі слоўнічак. Была неабходнасць – зазіралі ў яго. Калі пачалася матэматыка, звярталіся да майго бацькі: ён вучыўся ў беларускай школе, усё памятае і дапамагаў з перакладам тэрмінаў”, – расказала Святлана Дзевяцень.

У 1 “В” прыйшлі дзеці з розным узроўнем падрыхтоўкі: некаторыя дрэнна ведаюць літары, а іншыя, як Маргарыта Баярчук, ужо бегла чытаюць. Настаўніца з гэтым спраўляецца. “Для таго і існуе індывідуальны падыход. Даю вучням заданні розных узроўняў. Стараюся рабіць усё, каб ім было цікава. Рыхтую раздатачны, дыдактычны матэрыял. І нагляднасць – яркую, маляўнічую – дзеці вельмі любяць нагляднасць. І, натуральная ж, гульня. У навучанні першакласнікаў павінна быць як мага больш гульнёвых момантаў”, – патлумачыла Ірына Міхайлаўна.

У сярэдняй школе №1 – пяць класаў з беларускай мовай навучання. Акрамя 1 “В”, яшчэ 5 “Б”, 5 “Г”, 6 “Б” і 7 “Б” – усяго 80 чалавек. Дырэктар школы Ала Коваль расказала, што для работы з імі падбіраюцца настаўнікі, якія маюць адпаведны вопыт. Некаторыя з іх працавалі ў вясковых школах, дзе ўсе прадметы выкладаюцца на беларускай мове. Яны самі, як правіла, закончылі школу з беларускай мовай навучання. “Класы з беларускай мовай мы забяспечваем усім самым лепшым, у тым ліку лепшымі настаўнікамі і класнымі кіраўнікамі. Напрыклад, настаўніца 1 “В”, Ірына Шаніховіч, мае вышэйшую катэгорыю”, – адзначыла Ала Коваль.

Паводле яе слоў, асноўная праблема – не вучыць на беларускай мове, а далейшы адукацыйны маршрут. Большасць навучальных устаноў – каледжы, ліцэі, ВНУ – працуюць на рускай мове.

Педагогі СШ №1 адзначаюць, што беларуская мова дзецям падабаецца, нават тым, якія рэдка яе чуюць.

“Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім. Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі. Калі я на першых уроках у пятым класе пачынаю гаварыць па-беларуску, у вучняў вочкі загараюцца. “Хочаце ўмець так гаварыць?” – пытаюся ў іх. “Так”, – адказваюць усе”, – расказала настаўніца Марыя Грынчук.

Паводле яе слоў, дзеці, якія ў пачатковай школе вучыліся на беларускай мове, прыкметна адрозніваюцца ад астатніх: у іх большы лексічны запас, яны больш разумеюць на ўроках беларускай мовы, лепш размаўляюць. “Гарадскія дзеці на беларускай мове не гавораць зусім. Чытанне па-беларуску патрабуе ад іх канцэнтрацыі ўвагі”, – сказала Марыя Грынчук.

У СШ №1 вядзецца актыўная работа па папулярызацыі беларускай мовы. Першы тыдзень навучальнага года быў прысвечаны роднай мове і літаратуры – адпаведныя мерапрыемствы адбываліся штодня. Для афармлення кабінета беларускай мовы і літаратуры цяпер купляюць новую мэблю.

Штогод вучні школы становяцца пераможцамі і прызёрамі алімпіяд. Напрыклад, Юля Паржон сёлета заняла другое месца ў абласной алімпіядзе па беларускай мове, удзельнічала ў рэспубліканскай. Школу закончыла з “залатым медалём”. На цэнтралізаваным тэставанні мову здала на 85 балаў. Літаратуру падчас уступных экзаменаў у БДУ – на “дзясятку”.

Сачыненні і навуковыя працы вучняў СШ №1 перамагаюць на раённых конкурсах і канферэнцыях.

У перспектыве запланавана ладзіць у школе Дзень беларускай мовы, у які ўсе настаўнікі і вучні будуць размаўляць па-беларуску.

Святлана ЦІШКО.

Фота Святланы ЦІШКО.

Абмеркаваць
Каментар (5) / Дадаць каментар
20.11.2011 13:23
Святлана Цішко /
20.11.2011 13:23
anonymous / МАЛАЙЦЫ!!! Менавіта так, з вялікай літары! Няведанне роднай мовы зачыняе дзверы перад чалавекам у скарбонку самых каштоўных, самых неацэнных падарункаў Бацькаўшчыны. Малайцы настаўнікі, бо прапанавалі залічэнне ў гэты клас, напэўна, настойліва... Малайцы бацькі, што зрабілі ТАКІ выбар для сваіх дзетак... Малайцы дзеткі - ВАМ БЫЦЬ САПРАЎДНЫМІ БЕЛАРУСАМІ!!!
26.12.2011 12:51
anonymous / Я навучауся у школе з беларускай мовай навучання.На рускай мове навучыуся пасля школы размауляць хутка, а вось нiхто з рускай мовай навучання не вывучае потым беларускую. Выкладанне павiнна быць на беларускай мове хаця б да 5-га класа.
13.04.2012 23:58
anonymous / Шаноўны калега, дазвольце з Вамі не пагадзіцца. Я навучаўся ў школе з рускай мовай навучання. Іншых не было.
2.06.2012 22:24
anonymous / Вельмі рад за бацькоу,вучняу і настаунікау. Малайцы! Жадаю Вам усім самага лепшага у жыцці,вучобе і працы. Сапраудныя беларусы! Зьдзіуляе,што у горадзе такое становішча як і па усей краіне з беларускай мовай. Адсюль многа пытанняу . Дзякуй Вам,што вывучаеце беларускую мову. Калі ласка,пішыце,гаварыце усюды і зауседы па-беларуску. Мне-беларусу,які нарадзіуся і жыву тут вельмі прыемна,калі чуеш гутарку на сваей,роднай беларускай мове. Сам вучыуся у беларускамоунай школе ,становішча з мовай тады было лепшае.Цяпер-дрэннае. Ведаю,што будзе час,калі гаворка па-беларуску у сінявокай краіне стане штодзенна і паусюду. Беларусы! Не цурайцеся,калі ласка сваей роднай мовы. Ведаю расейскую мову. Калі бываю у РФ абавязкова пішу ,чытаю і размауляю па-расейску. Гэтым паважаю краіну,народ і мову. Чаму у нас такога няма? З павагай-Лявон.
Дадаць каментар
Новае на сайце