Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +29° Маладзечна
Вілейка +29° Вілейка
Смаргонь +29° Смаргонь
Ашмяны +31° Ашмяны
Валожын +29° Валожын
Мядзел +29° Мядзел
Астравец +29° Астравец
Акно падзей
2 Маладзечна
21.12.2013 08:00 ,AЎТАР(Ы): Мікола ГАЙДУК

Стаянка на Хмяльніцкага колькі гадоў не дае спаць жыхарам дома №40

У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” звярнулася наша чытачка, старшыня аднаго з жыллёвых кааператываў Маладзечна, з праблемай, якую яна не можа вырашыць апошнія некалькі гадоў.

Падчас падрыхтоўкі да “Дажынак”, у 2011 годзе, на вуліцы Хмяльніцкага “Маладзечнаводаканал” – камунальнае ўнітарнае прадпрыемства – па адпаведным даручэнні райвыканкама пабудаваў аўтамабільную стаянку.

З таго часу, кажа жанчына, жыхары дома №40, у прыватнасці сама скаржніца, не могуць спакойна спаць з-за шуму велікагрузных аўтамабіляў на стаянцы. Часцей за ўсё – гэта рэфрыжэратары, якія ў цёплы час года не выключаюцца цэлую ноч.

Маладзечанка звярталася са скаргамі ў КУП “Маладзечнаводаканал”, аддзел унутраных спраў райвыканкама, пракуратуру, райаддзел па надзвычайных сітуацыях, упраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама, Мінаблвыканкам, адміністрацыю Прэзідэнта.

Яна скардзілася, у прыватнасці, на тое, што, будуючы аўтастаянку для велікагрузных аўтамабіляў, у тым ліку рэфрыжэратараў, ні мясцовы аддзел архітэктуры, ні санэпідстанцыя не разабраліся ў сутнасці аб’екта пры выбары ўчастка:

“у загружанага рэфрыжэратара кругласутачна працуе кампрэсарная ўстаноўка вялікай магутнасці. Максімальная колькасць такіх аўтамабіляў даходзіла да 25 штук. Наша жыццё ператварылася ў кашмар... Стаянку завалілі старымі пакрышкамі. На агароджы напісалі: “Картынг”.

Па скаргах праводзіліся праверкі, накіроўваліся даручэнні з патрабаваннем ухіліць некаторыя парушэнні. Тым не менш стаянка заставалася стаянкай і застаецца да гэтага часу.

Адзін бок, скаржніца, працягвае змагацца за права жыць без стаянкі пад сваімі вокнамі (стаянка знаходзіцца ў 170 метрах ад дома), іншы бок (бакі) даказвае, што правы жыхароў горада тут не парушаныя.

На думку ж аўтаркі скаргаў, усе адказы ў яе адрас нагадваюць адпіскі: “Мне адказваюць цытатамі з тлумачальнай запіскі праекта, цытуюць тое, што павінна быць, а не тое, што ёсць на самой справе”.

Кожны спасылаецца на нарматыўныя акты.

Заўважым на палях, што скаржніца ўсё жыццё адпрацавала архітэктарам і некампетэнтнай у пытаннях, якія яна ўзнімае, яе не назавеш. Таму ў адказах чыноўнікаў яна часта, па яе словах, знаходзіць слабыя месцы або няшчырасць ці нежаданне бачыць праблему.

Рэдакцыя не можа замяніць сабой ні экспертаў, ні наглядныя ці іншыя органы, якія павінны стаяць на абароне правоў чалавека. Тым не менш канфлікт, які працягваецца не адзін год, лагічна было б бачыць нейкім чынам вырашаным.

– А чаму вы не звяртаецеся ў суд? – пытаюся ў нашай чытачкі.

Жанчына адказвае, што для пенсіянера гэта не зусім танна. Ну і  спадзяецца, што такія праблемы можна вырашаць без суда.

Рэфрыжэратар.

– Яна не выйграе суд, – гавораць мне ў цэнтры гігіены і эпідэміялогіі. Бо, на наш погляд, стаянка можа эксплуатавацца. Проста павінны выконвацца правілы эксплуатацыі. У тым ліку па часе работы рухавікоў рэфрыжэратараў, які абмежаваны на самой справе.

Але тое, што яна змагаецца за свае правы і многага дабілася – цяпер ідуць работы па ацэнцы рызыкі для здароўя насельніцтва (АРЗН), – гэта адназначна яе заслуга.

КУП “Маладзечнаводаканал” у адказе на наш запыт па гэтай праблеме піша, што прадпрыемствам праведзены разлік санітарна-ахоўнай зоны для аўтастаянкі па шумавым уздзеянні. Па выніках разліку шумавога ўздзеяння, “якое ствараюць крыніцы шуму на тэрыторыі стаянкі для аўтамабіляў”, перавышэння гранічна дапушчальнага узроўню гуку і ўзроўняў гукавога ціску ў так званых актыўных палосах не ўстаноўлена. Таксама, як вынікае з адказу, КУП выканала работы па азеляненні тэрыторыі, якая прылягае да аўтастаянкі ўздоўж вуліцы Хмяльніцкага. Дрэвы і кусты выконваюць ролю механічнага і біялагічнага фільтра.

Пенсіянерка скептычна ставіцца да факта азелянення, бо дрэвам і кустам трэба яшчэ вырасці.

Перад выхадам гэтай публікацыі “Маладзечнаводаканал” паведаміў, што на стаянцы пасля шэрагу скаргаў заведзены ўліковы журнал аўтамабіляў і з моманту яго завядзення больш за пяць велікагрузных аўтамабіляў пры дапушчальнай колькасці 22 там не паркавалася. Да таго ж, паміж стаянкай і домам №40, аб якім ідзе гаворка, планам забудовы прадугледжваецца будаўніцтва яшчэ трох дамоў. І ўсе экалагічныя нормы там абавязкова будуць вытрыманыя.

Тым не менш, кропку ў гэтай гісторыі мы б таксама не ставілі, пачакаўшы вынікаў згаданай ужо ацэнкі рызыкі для здароўя насельніцтва.

Пакуль зіма, то вастрыня праблемы, па словах іншых жыхароў дома і самой скаржніцы, знізілася. Машынам-рэфрыжэратарам няма неабходнасці уключаць халадзільнікі. Але наперадзе лета. Магчыма, “РГ” вернецца да гэтай праблемы. Толькі мы маем спадзеў, што прычын для чарговых скаргаў суседзяў аўтастаянкі не будзе.

Мікола ГАЙДУК.

Фота b.a.d-cd.net, inkazan.ru, 97.img.avito.st

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
27.12.2013 01:36
Настасся /
27.12.2013 01:36
anonymous / Планом застройки предусматривалось строительство на том пятачке магазина и детского садика. Какие еще три дома? Или уже новые власти перекроили план застройки, решив еще более уплотнить и так переполненный 4-й микрорайон. Там катастрофически не хватает садика, а не еще трех домов. Да и как будут выполнятся нормы по шуму, если дома будут еще ближе к стоянке, чем 40-й. Кстати, есть еще и 42 дом рядом. И он поближе к стоянке будет, чем 40. Хватит бездумно уплотнять районы, надо и садики, школы строить. А то из 4 района приходится детей в другие районы в садик вощить
Дадаць каментар
Новае на сайце