Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -12° Маладзечна
Вілейка -11° Вілейка
Смаргонь -11° Смаргонь
Ашмяны -11° Ашмяны
Валожын -13° Валожын
Мядзел -10° Мядзел
Астравец -11° Астравец
Акно падзей
25.07.2014 19:01 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Уладзімір Лазарэнка з Маладзечна адрадзіў беларускую пароду паляўнічых сабак, і не толькі

Братэрства музыкаў і паляўнічых. Уладзімір Лазарэнка з сабакам, крайні справа – Мікола Шаўчук (дзед Бекас)

Братэрства музыкаў і паляўнічых. Уладзімір Лазарэнка з сабакам, крайні справа – Мікола Шаўчук (дзед Бекас). Фота забяспечана Уладзімірам Лазарэнкам.

Пра нашага сённяшняга госця нават яго жонка кажа, што ён нарадзіўся ў сабачай будцы.

Пра першую беларускую пароду паляўнічых сабак, пра нашу нацыянальную ідэю – у размове з кінолагам, паляўнічым, старшынёй рэспубліканскай камісіі па пародзе беларускi ганчак Уладзімірам Лазарэнкам.

– Паляваннем я захапляюся з дзяцінства, – кажа Уладзімір. – Не было мне ў дзяцінстве лепшай забавы, чым узяць з раніцы сабаку і пайсці з ім у лес. Адкуль гэта ў мяне? Напэўна, кліч продкаў, крыві.

Уладзімір Лазарэнка не проста паляўнічы. Для яго мае прынцыповае значэнне ведаць гісторыю і культуру беларускага палявання, выконваць традыцыі, зберагаць тое, што калісьці было ў нашых продкаў.

– Ва ўсіх паляўнічых іншых краін ёсць сваё вітанне, – распавядае Ула­дзімір. – Я пачуў гэта, калі быў на паляванні ў Поль­шчы, і падумаў: “Чым мы горшыя?” Тады і прыдумалі з Міколам Шаўчуком, паляўнічым, яго многія ведаюць як дзеда Бекаса, заснавальнікам гурта, што выконвае паляўнічую рагавую музыку “Бекас”, сваё вітанне. Цяпер на паляванні з калегамі-паляўнічымі мы вітаемся так: “Хвала лесу!” У адказ павінны пачуць: “Хвала!”

– І якое паляванне без сабакі?

– Так. Тым больш, ведаеце, якая ў беларусаў цудоўная традыцыя палявання? Усе вострыя пытанні вырашаліся падчас палявання. Успомніце Радзівілаў. Хто ведае, якія важныя рашэнні былі прынятыя пры нефармальных абставінах? Як тут без вернага памочніка?

Сабакамі Уладзімір захапляецца, здаецца, ўсё жыццё. Таму не дзіўна, што, перачытаўшы мноства літаратуры, перагледзеўшы шмат старых фотаздымкаў, на якіх былі продкі сучаснага беларускага ганчака, для Уладзіміра стала справай гонару адрадзіць тых сабак, з якімі, магчыма, і палявалі Радзівілы ды іншыя магнаты і шляхціцы на нашых землях.

– Беларускага ганчака ў паэме “Песня пра зубра” ўзгадвае Мікола Гусоўскі. Але з цягам часу парода гэта знікла. Калі я ў 2005 годзе на пасяджэнні Беларускага таварыства паляўнічых прапанаваў аднавіць пароду сабак, усе, хто там быў, засмяяліся. І ўсе як адзін сказалі: “Нашто нам беларускі ганчак, калі ёсць руская, эстонская, літоўская парода гончых?”

Калі ж пароду зарэгістравалі, галоўны кінолаг таварыства Таццяна Чумакова стала называць ганчакоў нашым нацыянальным гонарам. Вось так мы і жывём, народ чужой радасці.

У нас жывы ген абыякавасці да сябе

– Што гэта значыць?

– Беларусы ўмеюць ганарыцца тым, што ёсць у іншых. А сваё, роднае, раздаюць усім, каму не лянота. Узяць тыя ж слуцкія паясы. Пачалі іх рабіць у Слуцку, потым падарылі тэхналогію і Польшчы, і Расіі. Таму, калі гаворка заходзіць пра нацыянальную ідэю беларусаў, я мяркую, што гэта вельмі не проста, бо ў беларусаў жывы ген абыякавасці да сябе. У нас такая гісторыя, а мы запазычваем усё ў іншых.

Вось я з гэтым, як магу, змагаюся. І пароду сабак адстойваю, і гімн паляўнічых разам з Міколам Шаўчуком напісалі. Мікола Шаўчук і форму для свайго гурта прыдумаў і пашыў.

На паляванне ў абы-чым хадзіць нельга

– Мае прынцыповае значэнне, у якое адзенне апрануты паляўнічы?

– Для мяне ўсё мае значэнне. Паляванне – гэта не забойства звера, гэта рытуал, лад жыцця. Таму важна, ува што ты апрануты, у якім капелюшы ідзеш­ у лес.

Мне, напрыклад, на дзень нараджэння дораць розныя атрыбуты, звязаныя з паляваннем. На юбілей падарылі вельмі дарагі, сапраўдны капялюш паляўнічага, капялюш спецыяльны, з чырвоным абадком, каб абазначаць сябе ў гушчары лесу.

У мяне аднойчы быў выпадак, які мяне пакрыў­дзіў да глыбіні душы. Быў я ў гасцях у сябра, ён быў апрануты ў нейкае рабочае адзенне колеру хакі. Выйшаў на двор скаціну пакарміць. Вяртаецца і кажа: “Эх, шкада курткі, выпадкова разадраў яе спераду”. На што жонка майго сябра адказала: “Добра, зашыю, на паляванне цягаць бу­дзеш”. Нельга так.

Нават мелодыя на тэлефоне ва Уладзіміра паляўнічая. Гучыць паляўнічы ражок, які трубіць пабудку да палявання.

– Якіх яшчэ паляўнічых рытуалаў вы трымаецеся?

 

– Калі забіваеш звера, абавязкова трэба пакласці яго на правы бок, побач пакласці травіну, якую звер адкусіў апошні раз у сваім жыцці, потым абавязкова зняць капялюш, прыкласці яго да свайго сэрца. Абавязкова заіграць у паляўнічы ражок. Гэтым самым аддаецца павага жывёліне. Гэты рытуал – культура беларускага палявання, якой у нас цяпер не хапае.

– А не шкада жывёл забіваць?

– Не. Яшчэ па маладосці вельмі хацелася пранесці сваю здабычу на плячах праз усю вёску, паказаць, вось я зайчыка забіў ці качку. З гадамі гэтае пачуццё прайшло. Цяпер не хочацца забіваць проста так. Таму палюю пераважна на дзікоў. Вось за іх папуляцыяй якраз трэба сачыць. Бачыце, што атрымалася, калі сталі іх разводзіць паляўнічыя свінафермы ў лесе для паляўнічых з іншых краін? Чуму афрыканскую разнеслі.

– А мяса ўсіх жывёл ясце пасля палявання?

– Амаль усіх. Лісіцу толькі не ем. Яе не ядуць нават сабакі, вельмі мяса смярдзіць. І дзікоў абавязкова трэба аддаваць ветэрынарам на агляд. Яны ж ядуць усякае паскудства.

Я заводчык добры, жонку ўзяў беларускую

Уладзімір Лазарэнка нарадзіўся зусім не ў сям’і паляўнічага, як гэта магло падацца на першы погляд , а ў сям’і трактарыста.

Нарадзіўся ў тады яшчэ Маладзечанскай вобласці ў засценку Безданы непадалёк ад Астраўца.

– Тое, што мяне з дзяцінства вабяць сабакі і паляванне, я тлумачу толькі клічам крыві. Дзед мой быў пчаляром, а прадзед – паляўнічым. У Безданах, з дзяцінства памятаю, па суседстве з намі жылі паляўнічыя. І бабуля мая, каб я не лазіў да іх, пужала мяне: “Вось будзеш там лазіць, цябе Галас (сабака) Русецкага з’есць!”

А мяне больш палохаў трактар бацькі, чым суседскія сабакі. Памятаю, усе мае сябры чапляліся да бацькі на трактар, прасілі пакатаць іх, а я хаваўся ў хаце, накрываўся падушкай і чакаў, калі бацька заглушыць матор.

Потым Уладзімір (тады яго называлі толькі Владакам і не інакш) браў сабаку і ішоў у лес. Таму не дзіўна, што калі прыйшоў час выбіраць прафесію, Владак адназначна заявіў, што будзе ляснічым.

– Выхоўваў мяне бацька разам з мачахай. Яна, калі пра гэта даведалася, пачала ойкаць. “А божачкі, што за прафесію выбраў, у нас жа ў леснікі ідуць адны прапойцы. Будзеш хадзіць разам з імі, п’янстваваць”. Адгаварыла, карацей. Я паехаў паступаць у тэхнічнае вучылішча ў Вільні.

Цяпер я ўдзячны сваёй мачасе. Вось думаю, каб яна мяне тады не адгаварыла, атрымаў бы спе­цыяльнасць ляснічага. Сядзеў бы ў кабінеце  і баяўся паварушыцца, як многія нашы чыноўнікі. А так вось стаў простым сантэхнікам, апантаны ідэяй вярнуць, адрадзіць, стварыць.

– Як сям’я ставіцца да вашага захаплення?

– У дзяцінстве ўсе лічылі, што я не зусім нармальны. А жонка звыклася. Спачатку спрабавала скардзіцца, што я сярод ночы праз яе пералажу, бяру стрэльбу і іду на паляванне, потым прывыкла. Гэта ж на ўсё жыццё. І я ёй за гэта вельмі ўдзячны, што яна ніколі не ставіла мяне перад выбарам: жонка ці паляванне. І ў тым, што я імкнуся адрадзіць пароду беларускага ганчака ёсць таксама заслуга маёй жонкі.

– Вы доўгі час жылі ў Вільні. Жонку там сустрэлі?

– Не, я заводчык добры. Жонку ўзяў беларускую, мясцовую, – усміхаецца Уладзімір.

Хачу ў старасці піць віно і глядзець на сабак

– Пра што марыце цяпер?

– Працую над тым, каб нашага беларускага ганчака ўключылі ў міжнародную класіфікацыю парод. Але гэта вымагае шмат умоў. Па-першае, трэба, каб у пародзе было больш за 1000 здаровых сабак. Цяпер іх недзе каля 400. А потым ад моманту рэгістрацыі да зацвярджэння павінен прайсці тэрмін у 5-10 гадоў да таго, як пароду зарэгіструюць.

Калі ўсё атрымаецца, то самым вялікім для мяне задавальненнем будзе прыйсці на выставу гончых, узяць з сабой столік і крэсла, якія раскладваюцца, дастаць з сумкі бутэльку дарагога добрага віна, наліць сабе ў келіх і глядзець на маіх ганчакоў.

P.S. Развітваючыся з Уладзімірам Лазарэнкам, я ўсё ж спыталася, ці ёсць тое, пра што ён шкадуе, што не атрымалася зрабіць у сваім жыцці.

Адказ Уладзіміра быў адказам сапраўднага паляўнічага, ды і якога адказу трэба было яшчэ чакаць:

– Усё жыццё шкадую толькі аб тым, што так і не змог здабыць у сваю калекцыю ваўка. У пакоі вісіць чучала ваўка, але ж падоранае. А з гэтым зверам у лесе я сустрэўся толькі раз. Ён ішоў акурат на майго сябра. А па паляўнічых законах нельга страляць без чаргі. Сябар стрэліў і прамахнуўся. Тады двойчы стрэліў я, але таксама міма. Воўк вельмі хутка бег. Вось, напэўна, аб гэтым і шкадую.

Даведка “РГ”. Уладзімір Лазарэнка нарадзіўся 26 ліпеня 1955 года на Астравеччыне. Скончыў тэхнічнае вучылішча ў Вільні. Грамадзянін Літвы і Беларусі. У 2008 годзе пад ягоным кіраўніцтвам Беларускім кіналагічным таварыствам прыняты стандарт пароды беларускі ганчак. Працуе сантэхнікам. Жыве ў Мала­дзечне.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце