Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +17° Маладзечна
Вілейка +17° Вілейка
Смаргонь +17° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +17° Валожын
Мядзел +17° Мядзел
Астравец +17° Астравец
Акно падзей
Маладзечна, Астравец
23.09.2014 09:16 ,AЎТАР(Ы): Галіна СІНІЦА

Навучэнец каледжа зарабіў 15 мільёнаў на Астравецкай АЭС

Фота Настассі Роўды.

Патраціў грошы Андрэй Рабушка на рамонт сваёй машыны “Шкода”.

Навучэнцы маладзечанскага політэхнічнага кале­джа Андрэй Рабушка, Уладзіслаў Шляпа, Ігар Зелянкевіч, Дзмітры Марочка працавалі тынкоўшчыкамі, малярамі. Рабілі фасад пажарнага дэпо побач з АЭС, уцяплялі яго. Перш чым узяцца за працу, прайшлі стажыроўку.

Дзмітры Марочка зарабіў 12 мільёнаў – на паездку ў Швецыю. Астатнія хлопцы адклалі грошы на вучобу і іншыя патрэбы.

Рабілі адкосы палкай-малкай

– Нас замацавалі за рабочымі, якія паказвалі, што мы павінны рабіць, – расказвае навучэнец Андрэй Рабушка. – Навучылі правільна рабіць адкосы спецыяльнай палкай-малкай.

Як прызнаецца хлопец, працаваць было не цяжка. Яны ўжо былі на практыцы ў каледжы, многае ведалі тэарэтычна. На працы дапамагалі майстры, прарабы.

– Калі мы не ведалі чагосьці, то тлумачылі, дзяліліся хітрасцямі прафесіі, – тлумачыць Андрэй. – Я і цяпер кантактую з майстрам Антонам і прарабам Сашам. Мне так спадабалася на працы, што дадому вяртацца не хацелася.

На АЭС працавалі і студэнты з Расіі

Хлопец прызнаецца, што дысцыпліна на будоўлі АЭС выдатная. Кожны займаецца сваёй справай. Фатаграфавацца побач са станцыяй і на ёй нельга.

Працоўны дзень пачынаўся ў восем раніцы і доў­жыўся да пяці гадзін дня. Але па жаданні рабочыя маглі працаваць і да сямі вечара. Можна было дадаткова выходзіць па суботах.

Жылі навучэнцы ў двухпакаёвай кватэры ў Астраўцы. У доме для работнікаў АЭС жылі і навучэнцы іншых каледжаў, студэнты з Расіі. Былі і работнікі са Смаргоні. Іх на працу падвозіў аўтобус.

Паехалі на працу адразу пасля сесіі

Навучэнцы паехалі на АЭС праз дзень пасля сесіі, 15 ліпеня. Працавалі больш за месяц. Паспрабаваць уладкавацца на АЭС прапанавала Ганна Літвіненка, куратар групы.

– Як Ганна Браніславаўна нам расказвала, ёй патэлефанаваў былы вучань. Сказаў, што на Астравецкую АЭС набіраюць будаўнічы атрад. Яна прапанавала паехаць і нам.  Я адразу пагадзіўся, бацькі падтры­малі. І недарэмна − добра зарабіў, − падсумоўвае Андрэй Рабушка.

Ад 22 верасня на Астравецкай АЭС хлопцы будуць праходзіць практыку. Пад час яе атрымаюць рабочую спецыяльнасць.

Цяпер на Астравецкай АЭС на другім энергаблоку ўстанавілі арміраваны каркас. Зманціравалі першы ўнутраны энергаблок ахоўнай абалонкі. Збудаванне станцыі перайшло ў наземную стадыю будаўніцтва. Таксама завяршылі зборку верхняга паўкорпуса рэактара для першага блока.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце