Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +23° Маладзечна
Вілейка +23° Вілейка
Смаргонь +23° Смаргонь
Ашмяны +23° Ашмяны
Валожын +23° Валожын
Мядзел +23° Мядзел
Астравец +23° Астравец
Грамадства
2 Маладзечна
25.11.2014 14:51 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Невідушчы выкладчык Маладзечанскага музкаледжа стварыў унікальны ІТ-дадатак для тэлефона

Водгукі на дадатак Blind droid wallet

Водгукі на дадатак Blind droid wallet. Фота Зоі Хруцкай.

Як 28-гадовы выкладчык музычнай літаратуры спрычыніўся да стварэння дадатку на мабільныя тэлефоны, чаму пераехаў з Масквы ў Маладзечна і дзякуючы каму чалавек з абмежаванымі магчымасцямі стаў годным прафесіяналам.

Аляксандр Еўдакімаў актыўна карыстаецца адмысловай рассылкай Blind droid. Так называецца рускамоўная рассылка розных дадаткаў для невідушчых да мабільных тэлефонаў на платформе андроід. Сярод іх ёсць электронная чыталка і іншыя.

Сярод розных праграм ён заўважыў тую, што дапамагала адрозніваць грошы з дапамогай камеры мабільнага тэлефона. Яна распазнавала толькі долары і еўра. Аляксандр падумаў, чаму б не зрабіць, каб яна працавала і з іншымі валютамі.

Звярнуўся з прапановай да распрацоўшчыка праграмы. Ён адказаў, што дапрацоўваць не будзе, але гэта можа рабіць сам Аляксандр. Тады ён прапанаваў супрацу рускамоўным таленавітым невідушчым праграмістам, каб разам адаптаваць праграму.

Адгукнуўся матэматык і праграміст з Адэсы Алег Тайструк. Ён працуе ў школе-інтэрнаце для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі зроку. Яны перапісалі код праграмы і дапоўнілі яе.

 

Цяпер дадатак Blind droid wallet (прыстасаванне, якое дапамагае невідушчаму арыентавацца ў бумажніку) мае каля 10 моў, у тым ліку рускую, славацкую і іншыя. З перакладамі дапамагалі невідушчыя з адпаведных краін. Праграма адрознівае больш за 30 валют, у тым ліку беларускія рублі.

Задума стварыць дадатак з’явілася ў красавіку, а першы прататып мелі ўжо праз месяц. Паступова дапрацоўваюць. Аляксандр плануе дадаць усе сучасныя валюты, а іх каля 160.

Каб прапісаць модуль для адной валюты, патрэбны дзень работы праграміста, прычым не творчай, а руціннай − прапісаць хады да карцінкі і гэтак далей. Яго апрабавалі карыстальнікі, якія пішуць падзякі і прапановы па дапрацоўцы.

Непасрэдна праграмаваннем займаўся Алег, Аляксандр збіраў базу неабходных карцінак і трымаў сувязь з тымі, хто дапамагаў.

 

Як невідушчаму сачыць за дарогай

Працуе дадатак наступным чынам. Запускаеце яго, падносіце валюту да камеры тэлефона. Яе скануе і шукае адпаведнік ў базе. І агучвае, напрыклад, “сто тысяч беларускіх рублёў рэверс”. Каб карыстальнік разумеў, якім бокам ляжыць валюта. Грошы можна перавярнуць і праверыць з іншага боку, каб не было памылкі.

Гэта бясплатны дадатак, аналагічных праграм у свеце больш няма. Карыстальнік можа ўсталяваць базавую праграму, якая распазнае долары і еўра. Да яе можа падгрузіць модулі з тымі валютамі, якія патрэбны менавіта вам. Загрузіць можна з любога мабільнага тэлефона, які падтрымлівае плат­форму андроід.

− Цяпер мне вельмі зручна, − ацэньвае ён. − Адлічыў дома 30 тысяч рублёў на маршрутку і спакойна заплаціў за білет на ўваходзе.

Аляксандр заўважае, што многія мабільныя праграмы значна дапамагаюць невідушчаму. Адна з іх дапамагае сачыць за шляхам ад аднаго пункта да другога.

− Едучы ў маршрутцы, я мог папрасіць кіроўцу спыніцца праз кіламетр на святлафоры. Вельмі здзіўляліся, як невідушчы так арыентуецца. Яшчэ дадатак адсочвае хуткасць. Калі перавышэнне больш за дзесяць кіламетраў − падае сігнал. Уявіце рэакцыю кіроўцы, які сядзіць, нікога не чапае, гоніць, і раптам раздаецца сур’ёзны жаночы голас: “Вы перавысілі дапушчальную хуткасць”.

З маскоўскага крэматорыя − у маладзечанскі музкаледж

Аляксандр Еўдакімаў жыве ў Маладзечне трэці год, выкладае музычную літаратуру у музкаледжы імя Агінскага. Нарадзіўся ў Падмаскоўі. У 2008 годзе на ўступных іспытах у Расійскай акадэміі музыкі сустрэў Вольгу.

Праз два гады яны ажаніліся. Два гады жылі ў Маскве. Аляксандр працаваў арганістам у Маскоўскім крэматорыі.

Вольга прыехала вучыцца ў Расію з Мала­дзечна. Пасля выпуску яе разам з мужам запрасілі выкладаць у кале­джы.

Малады мужчына прызнаецца, што ў Маладзечне яму пада­баецца больш:

− Зразумела, што ў Маскве круціцца больш грошай. Але адваротны бок у тым, што горад перапоўнены ахвотнымі атрымаць халяўныя сродкі. Да многіх занадта позна даходзіць, што халявы не бывае. Каб атрымаць у Маскве годны ўзровень жыцця, трэба ці пастаянна штосьці унікальнае прапаноўваць, ці жорстка тапіць слабейшых. Гэта не для мяне. Мне па душы спакойны  і размераны лад жыцця тут.

Жонка: “Ён заўсёды ў руху да росту”

Жонка Аляксандра Вольга мяркуе, што муж, нягледзячы на асаблівасць зроку, змог стаць добрым прафесіяналам дзякуючы выхаванню бацькоў і асабістым якас­цям.
− У Сашы такі характар. Ён заўсёды ў руху да росту, імкнецца да самасцвярджэння. І надзвычай многа для яго поспеху зрабілі бацькі. Мама, Ірына Віктараўна, многа займалася з ім дома, бацька, Сяргей Іванавіч, так падтрымліваў.

Муж і жонка абодва музыканты. Фота Зоі Хруцкай.

Муж і жонка абодва музыканты. Фота Зоі Хруцкай.

Навошта фізіка, каб круціць гайкі

Аляксандру падабаецца яго работа, лічыць яе годнай і цікавай.

На жаль, нямногія людзі з абмежаванымі магчымасцямі дамагаюцца годнай працы з добрым заробкам. Ён жа, згубіўшы зрок прыкладна ў дзесяць гадоў, вучыў­ся і атрымаў вышэйшую адукацыю, стаў прафесіяналам на адным ўзроўні з любымі іншымі калегамі.

− Стаўленне да інвалідаў як да недасканалых людзей ідзе яшчэ з савецкіх часоў, калі іх нібыта не было. Так і самі людзі пачалі саромецца сваіх асаблівасцяў. Калі ты сам будзеш падаваць сябе як недачалавека, то такое стаўленне да цябе і будзе. Калі ж ты станеш дастаткова кваліфікаваным спецыялістам, бу­дзеш упэўнены ў сабе, да цябе і будуць ставіцца як да любога іншага.

Спадзяюся, што хутка сцэны з кінафільма “Пах жанчыны”, дзе галоўны герой выдатна бавіць час, стануць не фантастыкай. Галоўная перашкода − атрымаць годную адукацыю. Ды і стымулу многія людзі не бачаць, думаючы, навошта вучыць фізіку з матэматыкай, каб круціць гайкі. Але ж і цалкам магчыма стаць, напрыклад, праграмістам. Як Алег Тайструк.

Акрамя складанасці з атрыманнем адукацыі, штодзень ёсць складанасці ў асяроддзі, заўважае Аляксандр.

Пэўныя крокі да стварэння безбар’ернага асяродку ў Беларусі робяць, але арганізатарам варта кансультавацца з тымі, для каго гэтыя рэчы робяць. Далёка не заўсёды, але здараюцца выпадкі, калі зробленае недастаткова прадуманае.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
27.11.2014 11:58
Андрэй / Шаноўная рэдакцыя! Запрасіце, калі ласка, гэтых людзей завітаць у маладзечанскую школу для дзяцей з абмежаваннямі зроку. Мяркую, што такая матывацыя масцовым дзецям будзе вельмі карыснай. Дзякуй за ўвагу!
27.11.2014 23:13
Аляксандр / Дзякуй за артыкул. Вельмі завочна, але ведаю Аляксандра. Я сам невідушчы. Вучуся, працую. Шчыра кажучы, амаль нічога немагчымага няма. Галоўнае - верыць у тое, што робіш, расьці і не чакаць патуранняў. Безумоўна, вельмі важна, калі хтось цябе падтрымлівае. Гэта дапамагае. Але трэба ведаць, што калі чалавек нічога сам ня робіць, то ніякая падтрымка яму не дапаможа.
Дадаць каментар
Новае на сайце