Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -12° Маладзечна
Вілейка -11° Вілейка
Смаргонь -11° Смаргонь
Ашмяны -11° Ашмяны
Валожын -13° Валожын
Мядзел -10° Мядзел
Астравец -11° Астравец
Куфэрак
6 Смаргонь
3.08.2009 17:29 ,AЎТАР(Ы): Святлана СТАНКЕВІЧ

Слава абаранкаў са Смургоняў

Аб тым, што смаргонскія абаранкі знакамітыя не толькі ў межах Беларусі, даводзілася пераконвацца неаднойчы.

Апошнім такім сведчаннем, з якім я сутыкнулася, сталі ўспаміны польскага паэта Чэслава Мілаша аб віленскім кірмашы і нанізаных на вяровачкі абаранках, якія, незалежна ад месца выраба, насілі назву "смаргонскія".

Мяркуецца, што іх прыдумалі менавіта тут, а нагодай сталася мядзвежая акадэмія, гадаванцы якой ласаваліся абаранкамі, якія адмыслова нарыхтоўваліся ў якасці сухіх кансерваў для "акадэмікаў".

Жыхарка Смаргоні Яніна Галяк узгадвае, як цёткі, якія эмігравалі ў Польшчу ў 30-х гадах, кожным разам прасілі беларускіх сваякоў прывезці смаргонскіх абаранкаў і ніяк не маглі прызвычаіцца да таго, што прыватныя пякарні зніклі на іх радзіме. "Аднойчы мы ехалі ў Варшаве на таксоўцы і кіроўца пацікавіўся: "Адкуль?" "Са Смургоняў", - адказваем. "А-а-а, вем-вем сморгонске обважанкі", - усміхнуўся паляк".

Памятаюць смаргонскіе прысмакі і дагэтуль - і на кірмашы ў гонар св.Казіміра ў Вільнюсе, і ў Польшчы. Адтуль, дарэчы, Іаланта Качур, унучка вядомай у Смаргоні абараначніцы Эміліі Хацілоўскай. Яна жыве ў Ловічы, але добра памятае расповеды пра духмяныя абаранкі з Заходняй Беларусі. Тата Эміліі, Канстанцін, у 20-х гадах мінулага стагоддзя вечарамі дапамагаў маці Эміліі ў пякарні, а днём хадзіў у школу да настаўніка з невыпадковым прозвішчам Пякарскі. У 12-14 год Кастусь ужо ездзіў з абаранкамі на віленскі кірмаш. Старыя людзі ўзгадваюць, што са Смаргоні ехала столькі падводаў, што духмяны пах на віленскім шляху можна было пачуць здалёк.

У смаргонскім гісторыка-краязнаўчым музеі захаваліся ўспаміны Кацярыны Мінкоўскай. Іх у 1997 годзе занатавала і захавала супрацоўнік музея Надзея Маркава. На той момант Кацярыне Аляксандраўне было 87 год.

У 30-я гады мінулага стагоддзя Кацярына Мінкоўская працавала ў прыватнай артэлі абараначніцай-"калястольніцай" - рабіла абаранкі з цеста. Пякарня складалася з дзвюх аддзяленняў: адзін пакой быў адведзены для захоўвання мукі, а ў другім мясілі цеста і выпякалі абаранкі ў печы, якая тапілася выключна альховымі дровамі. Працавалі па 4-5 чалавек у дзве змены.

Гэта была папулярная справа, і шмат хто ў Смаргоні ёй займаўся. Сярод вядомых майстроў абаранкавага майстэрства ўзгадваюцца Янчуковічы, Альхімовічы, Вайцяхоўскія, Чаховічы, Хацілоўскія, Вяль, Страшынскія, Руткоўскія, Русецкія, Александровічы, Казлоўскія, Завадскія, Рубіновічы.

Старыя жыхары Смаргоні, з якімі мне давялося размаўляць, казалі, што ў горадзе не засталося сведкаў абаранкавай справы. Да нядаўняга часу і я так лічыла, пакуль не пазнаёмілася з Валянцінай Іванаўнаў Булавай. Суседі сведчаць, што ў свае 90 Валянціна Іванаўна выпякае такія прысмакі, якія ў горадзе ніхто не здолее вырабіць. Такі спрыт жыхарка ўтульнага дома па вуліцы Кірава набыла ў далёкія 30-я, калі абаранкавая пякарня была іх сямейным прадпрыемствам. Спадарыня Валянціна - апошні сведка, які можа распавеці жывую гісторыю, бо гэта гісторыя - яе ўласнае жыццё.

Валянціна Булава: "Я адзіная, хто застаўся з абараначнага майстэрства"

Кругазварот

- Сваю пякарню мы адкрылі ў першай палове 20-х гадоў, калі вярнуліся з Казані - там наша сям'я хавалася ад вайны. Хата была спалена, як і увесь горад, таму давялося жыць у склепе, пакуль тата будаваў першую палову хаты.

У Смаргоні на той час было развіта вытворчасць абаранкаў. Мая маці, Алена Станіславаўна Альхімовіч, і ўзялася за гэтую справу.У пабудаванай палове хаты і жылі, і пяклі абаранкі. Але па загадзе санстанцыі мы былі вымушаныя перайсці жыць ў невялічкую хату праз дарогу, дзе ўсе спалі на падлозе, нават сабачка спаў разам з намі. Так і туліліся, пакуль не зрабілі рамонт ў пабудаванай палове хаты. Сцены пафарбавалі маслянай фарбай - усё зрабілі па загадзе санстанцыі.

Там мы адкрылі сваю вытворчасць. Я мела 15-16 год, калі пачала дапамагаць у пякарні. Нас было тры дачкі - Жэня, Іра і Валя, мы працавалі з маці. Калі маці ехала на базар, мы наймалі рабочых. З працай на той час было цяжка.

Маці наймала габрэяў, якія вазамі прывозілі муку, па 10 мяхоў,. Гаспадары крамы запісвалі ў кнігу: "Узяла столькі-та мукі". Мы пячэм абаранкі, маці прадае, грошы аддаюцца за муку, атрымліваем наступны воз, запіс ў кнізе, зноў пячэм, прадаем. Вось такі кругазварот.

Самі мы на абаранкі не надта каб і глядзелі. Усіх частавалі, а самі за імі не гналіся. Каб завіталі да мяне ў той час, я б і вас пачаставала.

Рэцэпт абаранкаў не страчаны

Неаднойчы прыходзілася сутыкацца са сцвярджэннем, што рэцэпт смаргонскіх абаранкаў страчаны. Нібыта захоўваўся ён у таямніцы і перадаваўся з пакалення ў пакаленне ў межах сям'і. Валянціна Іванаўна абвяргае гэтыя звесткі:

- Рэцэпт просты - дрожджы, мука і вада. На ноч рабілася апара. У гадзінаў 5-6 раніцы прыходзілі работнікі і пачыналі разводзіць цеста. У дзень расходаваўся мяшок мукі.

Печ была вялікая, 3-4 метры ў даўжыню, у яе ставіўся вялікі чугунны кацёл - адзін з іх дагэтуль застаўся. У гэтым катле і варыліся абаранкі. Каб яны былі ружовенькія, бліскучыя, у ваду дадавалі мёд. Яго мы набывалі ў габрэйскай краме. Затым шумоўкай абаранкі даставалі.

Мяне маці не вучыла, я проста назірала. Працаваць было цяжка - усю працу выконвалі жанчыны ўручную. Мясілі цеста, качалі. Мне цяпер замясіць цеста - што ў тыя карты гуляць. Пельмені маментальна з-пад рук вылятаюць.

Абаранкі былі розных памераў - на адзін палец, на два. Большага памеру пякліся па іншаму рэцэпту - дадаваліся яйкі, масліца, цукар, часам - ваніль, мак. Вельмі смачныя, але рабіліся яны толькі на замову. Шкада, няма цеста пад рукой - я б вам раскатала...

Я працягваю Валянціне Іванаўне папяровую насовачку, і спрытныя рукі хутка скручваюць джгут. Гэты джгуцік абгортваецца вакол пальца і Валянціна Іванаўна працягвае мне папяровы абаранак памеру-мінімум.

Кацярына Мінкоўская, дарэчы, пакінула нават дакладные суадносіны прадуктаў: на 5 пудаў мукі бярэцца 250-300 грамаў дрожджаў і 6 літраў вады. У 2 гадзіны ночы можна пачынаць рабіць абаранкі.

Канкурэнцыя

- Найвялікшы попыт на абаранкі быў на куццю. Але ў Смаргоні кожную сераду і пятніцу былі базары. Увогуле ж, прадаваць абаранкі можна было кожны дзень. Стаялі драўляныя паднавесы - там і прадавалі. Канкурэнцыя была вялікая. Вось стаім мы, напрыклад, а тут прыязджае такі Янчуковіч, пытае: "Хто небудзь каля вас займаў?" І становіцца побач з такім жа таварам.

Паводле ўспамінаў Кацярыны Мінкоўскай, абаранкі прадавалі таксама на вакзале і навакольных вёсках.

"Няма Казюка без абаранак"

Так казалі наведвальнікі віленскага кірмаша ў гонар свята св.Казіміра. Трапіць туды імкнуліся і смаргонцы:

- У Вільню ездзілі два-тры разы на год, - ўзгадвае Валянціна Булава. - 29 чэрвеня на свята Пятра і Паўла і на Казімера - 4 сакавіка. Часам - 24 чэрвеня на Яна. Попыт на смаргонскія абаранкі ў святочныя дні быў вялікі.

На віленскі базар мы вазілі два вазы абаранак. Каб захаваць таварны від, іх зашывалі ў белыя прасціны Наймалі людзей, коней, пару сутак шляху - і смаргонскія абаранкі ў Вільні. Каштавалі яны капейкі, вязанка ў адзін-два пальцы - 5-10 грошай. Самы вялікі абаранак, з далоню памерам - па 10 грошай. Калі тавар заставаўся, маці скідвала кошт.

Усе ў Вільні ведалі: з абаранкамі - значыць, са Смаргоні.

На атрыманыя грошы маці штосьці набывала ў Вільні. Прывезла чатыры добрыя крэслы - на адным з іх, дарэчы, сядзіць ваш фатограф. Дочкам - то паліто, то капялюшык, то сукенку - усё было вельмі якаснае.

"Я - адзіная, хто застаўся"

З прыходам савецкай улады вытворчасць абаранкаў знікла:

- Печ давялося перарабіць. Абаранкі больш ніхто не пёк. Хіба што потым - ў кааператыве. З Вільні таксама прывозілі. Але ўсё не такое - іншая тэхналогія. Мы не трымалі нічога ў сакрэце - папросту, нас ніхто не пытаў.

Калі б не вайна, мы б мелі шмат запазычаннасцяў. Тавар застаўся, абаранкі стаялі мяхамі. Маці была вельмі добрай жанчынай. Усім дапамагала, таму лішняй капейкі ніколі не мелі. Куцця прыйдзе: "Гэля, можа ў цябе абараначак да маку на свята будзе?" Маці давала: "На здароўе, ешце. Са святам!"

Мне 90 год, я адзіная, хто застаўся з абараначнага майстэрства. Аднавіць гэтую справу немагчыма: не тыя людзі. Працаваць так не стануць. Але калі б я была такая, як вы, ды нават няхай 80 год будзе - я б пайшла на гэтую працу.

Продаж абаранкаў у Вільні, 30-я гады.

Продаж абаранкаў у Смаргоні, 30-я гады.

Пякарня сям'і Альхімовіч. Злева направа: маці - Алена Альхімовіч, дочкі Яўгенія, Валянціна, Ірына, 30-я гады

Святлана СТАНКЕВІЧ

Фота Валянціны Булавай - Андрэй РОГАЧ

Абмеркаваць
Каментар (6) / Дадаць каментар
4.08.2009 11:32
Anonymous User /
4.08.2009 11:32
anonymous / Хачу абаранку, вялікую, мяккую, з макам.
5.08.2009 19:03
anonymous / классная статья - даже захотелось тех баранок попробовать.
8.04.2011 10:15
anonymous / Блін, можа, я таму і не люблю абаранкі, што смаргонскіх не каштавала?!
8.04.2011 16:33
anonymous / Цікавы артыкул. Прачытала і так захацелася абаранкаў. І рэцэпт просты. Думаю, смачныя яны былі.
8.04.2011 18:06
anonymous / Быць не можа, каб так проста ўсё! Вада, апара... У кожнай гаспадыні ёсць свой сакрэцік, дэталь, якая надае непаўторнасць страве.
Дадаць каментар
Новае на сайце