Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +16° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Грамадства
2 Вілейка
17.01.2016 21:43 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Як з шукальніка скарбаў атрымаўся краязнаўца. Дзяніса Канецкага з Вілейкі чытачы “РГ” абралі Асобай года - 2015

Фота Настассі Роўды.

Чаму чытачы “РГ” галасавалі за дзеяча ў галіне культуры і чаму ў вілейскіх актывістаў атрымоўваецца рабіць справу, а не толькі гаварыць пра яе, мы распытвалі ў сёлетняга пераможцы.

На ўзнагароджанне кіраўнік Вілейскай пярвічнай арганізацыі Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Дзяніс Канецкі прыехаў ра­зам з сябрам арганізацыі Паўлам Хаванскім. Ра­зам з імі работнікі рэдакцыі зладзілі “круглы стол”.

Галоўны рэдактар Аляксандр Манцэвіч уручыў пераможцы сертыфікат і падарунак – кнігу “Атлас Беларусі”.

Дзяніс: Калі пачалося галасаванне, Паша патэлефанаваў і кажа, што ў мяне пятае месца. Знаёмыя і сваякі актыўна падтрымлівалі – вядома, хочацца, каб перамог той, каго ведаеш ты. Сястра Марына з Францыі галасавала. І мой сябар дзяцінства Вова Францкевіч, які цяпер жыве ў Ню-Ёрку. Паша многа займаўся піярам.

Павел: Другое месца аддаў бы Плавінскаму, таму што сябра. 

Дзяніс: Вова Буркевіч – годны кандыдат, вялікі гонар для Ільі. Яму плюсік аддаў бы.

Павел: Мы знаёмыя, ён дапамагаў нам прыбіраць могілкі, і на раскопках каля Ільі ўдзельнічаў. 

Дзяніс: Ільянская школа мае два музеі, ладзяць экскурсіі, вядуць сур’ёзную работу.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

– Як думаеце, ваша перамога – гэта вынік моцнай прамацыйнай кампаніі?

Дзяніс: Яшчэ справа ў тым, што наша дзейнасць можа дапамагчы прыцягнуць турыстаў, што мае практычную карысць. Многія дзякавалі нам за тое, што ставім стэнды, бо хочацца прыехаць на месца і прачытаць пра яго гісторыю і значнасць. Задума паставіць іх у нас з’явілася пасля падарожжа за мяжой. Мне спадабалася зручнасць: едзеш па маршруце, спыніўся каля памятнага месца і адразу прачытаў пра яго. Чаму б так не зрабіць і ў нас? Першы паставілі на беразе вадасховішча непадалёк ад Касуты, скарысталі інфармацыю Анатоля Рогача пра Вілейскую турму 1939 года. Пасля да гадавіны 1863 года паставілі ў Сэрвачы, Уладыках і Гануце. 

Цяпер многія займаюцца сваімі радаводамі, шукаюць звесткі пра продкаў. Каб іх знайсці, давядзецца вывучаць гісторыю мясцовасці, адкуль яны паходзяць, і шукаць дакументы менавіта там. Мне пашанцавала – захаваліся касцельныя кнігі ў Даўгінаве, па якіх я прасачыў род да прамежку 1816-1822 гадоў. Змаглі скласці радавое дрэва на прыкладна 250 чалавек. 

Ёсць сайт radzima.net, які дапамагае шукаць інфармацыю пра сваіх продкаў. Можна карыстацца Літоўскім дзяржаўным архівам, у якім дазваляюць бясплатна фатаграфаваць дадзеныя. У нашых архівах копія дакументаў платная, трэба займацца афармленнем і яшчэ месяц чакаць, пакуль зробяць копію адной старонкі.

Чалавекам, які прывязаны да сваіх каранёў, і ведае сваю культуру і гісторыю, цяжэй кіраваць.

Калі чалавек працуе там, дзе нарадзіўся і вырас, ён зацікаўлены пакінуць добры след на зямлі продкаў. Калі кіруе той, каму гэтая зямля і людзі чужыя, хіба будзе ў яго такая ж зацікаўленасць?

Дзяніс Канецкі з падарункамі. Фота Настассі Роўды.

Дзяніс Канецкі з падарункамі. Фота Настассі Роўды.

– Ці верылі сваякі ў вашу перамогу?

Дзяніс: Сястра вельмі рада. Яна ў Францыі жыве, калі па скайпе тэлефануе, заўсёды пытаецца: “Як сябе бацькі адчуваюць бацькамі чалавека года?” Жонка, Вераніка, таксама галасавала. За каго, не бачыў (смяецца).

Яна заўсёды здзіўляецца, што мяне многія ведаюць. І ў Вілейцы, і ў вёсках многія чытаюць “РГ”, і дзякуючы публікацыям я ўжо не чужы. 

А бацькі казалі, што мне не абысці Таццяну Цітуленку, яе прызнаў “Чалавекам года” райвыканкам.

– Жонка ці спакойна адпускае на справы таварыства?

Дзяніс: Яна да гэтага ставіцца нармальна. Сям’я на першым месцы, вядома. І паездкі цяпер, калі ажаніўся, дазваляю сабе радзей. 

– Што для вас значыць Анатоль Рогач?

Дзяніс: Першапачаткова – мой начальнік у электрасетках. Некалькі год у 90-х я займаўся скаўтынгам, дзе спрабавалі вывучаць гісторыю. Пасля захапіўся ідэяй шукаць скарбы, старажытныя рэчы. 

Нас усіх лічаць чорнымі капальнікамі: і тых, хто рабуе магілы, і тых, хто шукае артэфакты ў палях. А каб нешта знайсці, трэба ведаць, дзе капаць: што і калі тут было, што можна знайсці. Таму трэба вывучаць гісторыю Вілейскага раёна. Вось тут мы і сышліся з Рогачам. Часам ён браў мяне на нейкія аб’екты. 

Павел Хаванскі і Дзяніс Канецкі. Фота Настассі Роўды.

Павел Хаванскі і Дзяніс Канецкі. Фота Настассі Роўды.

– Ваша арганізацыя – узор таго, калі актывісты выходзяць за межы ідэйнага поля і робяць матэрыяльную справу. Грамадскія арганізацыі з такой эфектыўнасцю – вялікая рэдкасць. Чаму ў вас атрымліваецца тое, з чым слабавата ў многіх іншых?

Дзяніс: У нас сабраўся сапраўдны касцяк людзей, кожны у ім добра робіць сваю справу. Міша Кулеш – фатограф і дызайнер. Дзіма Хаценчык вельмі скрупулёзны, заў­сёды змагаецца, каб па­чатае давялі да канца, ён можа напісаць патрэбныя тэксты, знаходзіць рэдкія матэрыялы. Напрыклад, раней невядомы здымак помніка ў Куранцы. Паша займаецца прамоцыяй у сацсетках. У справах падганяем адзін аднаго. 

Актывістаў у нас шэсць чалавек. Сёмым быў Аляксей Лужынскі, які сёлета пайшоў з жыцця ў 26 год. Яго ўнёсак быў каласальным. Мы назвалі сваю арганізацыю імем Аляксея Лужынскага ў яго памяць.

Павел: А ў Дзяніса выдатна атрымоўваецца ўсіх арганізаваць.

– Вы часта кажаце пра турызм, але гэта не тое самае, што краязнаўства. На Віцебшчыне назвалі во­зера імем Рагнеды, і туды паехалі турысты. Хаця возера да Рагнеды не мае дачынення.

Дзяніс: Турызм – гэта жывыя грошы пры магчымых невялікіх затратах. Краязнаўствам можна займацца многія гады, але так і не дасягнуць плёну, нічога не адкрыць.

Аляксандр Манцэвіч. Фота Настассі Роўды.

Аляксандр Манцэвіч. Фота Настассі Роўды.

– Але ёсць такая праблема. У час, калі вы ставіце стэнд, зарастаюць ранейшыя помнікі і аб’екты культуры і гісторыі.

Дзяніс: Нам часта гавораць, што трэба нешта прыбраць. У юбілейны год Агінскага ў Гануце сельсавет не мог траву скасіць. Грошай на такія справы няма вельмі часта. Дарэчы, Ганута – вельмі слабы турыстычны аб’ект, таму што месціцца ў тупіковай зоне. Быў бы мост на Залессе – можна было б зрабіць маршрут, да сядзібы ж кіламетраў восем. Хто дзеля адной капліцы паедзе, а ў межах маршруту мела б папулярнасць.

– Што вам дае новы статус?

Дзяніс: Прэстыж для нашай арганізацыі. 

– “РГ” пачалася для вас з прымусовай падпіскі – Анатоль Рогач сказаў падпісацца на выданне. Чым урэшце газета стала для вас?

Дзяніс: Па-першае, нам давяраюць. Калі прыязджаем у вёску збіраць інфармацыю, незнаёмыя людзі кажуць, што чыталі пра нас у газеце. Некаторых, дарэчы, падманвалі махляры пад выглядам краязнаўцаў, і часам мы сустракаем даволі насцярожаных суразмоўцаў.

Па-другое, газета заўсёды падтрымлівала нашу дзейнасць і рабіла яе нашмат больш вартай. Адна справа, калі пяць чалавек зрабілі справу і пра гэта не ведае ніхто. І зусім іншая, калі людзі ведаюць, што, напрыклад, могуць прыехаць у Сэрвач і ўбачыць наш стэнд.

Я кірую арганізацыяй ад 2009 года. За гэты час мы выдалі дыск “Шляхамі Вілейшчыны”, паштоўкі, сталі суарганізатарамі выставы старых фота ў выставачнай зале, паставілі стэнды, прыбіралі помнікі, ладзілі экскурсіі.

– Якая ваша мара як кіраўніка?

Дзяніс: Каб я мог ганарыцца зробленым, а наступны кіраўнік трымаў планку.

Зоя Хруцкая. Фота Настассі Роўды.

Зоя Хруцкая. Фота Настассі Роўды.

Бліц-апытанне: любімае для Дзяніса Канецкага

Колер 

Салатавы.

Фільм

З удзелам Мэла Гібсана. Напрыклад, “Чаго хочуць жанчыны”, “Храбрае сэрца”.

Музыка

Віктар Цой.

Падарунак у дзяцінстве

Майму брату прывезлі аўтамацік на батарэйках, які страляў. Я вельмі хацеў такі самы, але мне не падарылі. Але ўсё ж дачакаўся яго праз год.

Кніга

“Рабінзон Круза”.

Страва

Марожанае. Любое. Калі быў у Італіі, кілаграмаў 15 за тыдзень з’еў. І таннай “Кока-колы” напіўся. Дома люблю, калі гатуюць адбіўныя па-французску. 

Месца, дзе марыць адпачыць

На Амазонцы, па джунглях палазіць. Я шмат дзе пабываў. Калі ў Рыме прабыў два тыдні, то іншыя мясціны – Венецыя, Германія, Вена – проста не паставіш побач, каб параўнаць. Калі ты бачыў помнік культуры, якому дзве тысячы год, то хіба ўразіць той, якому парачка стагоддзяў. Хаця розныя стылі, розныя пабудовы ўнікальныя і іх цікава параўноўваць. 

Калі гляджу перадачы пра выжыванне, падаецца, ну, што там страшнага: з сабой камера, запалкі, нажы. Якое гэта выжыванне, калі ўсё ёсць пад рукой. Сам я не бываў на мяжы выжывання, але стаў відавочцам трагедыі на Нямізе ў Мінску ў 1999 годзе. Мы прыехалі ў той момант, калі працавалі “хуткія”, даставалі людзей.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Летась галасавалі за выратавальнікаў, сёлета за краязнаўцаў

“Рэгіянальная газета” сёлета правяла конкурс другі раз. Калі ў мінулым годзе мы сабралі крыху больш за сотню галасоў, то на гэты раз паўдзельнічала 727 чалавек.

Асноўнае галасаванне адбывалася на нашым сайце. Некаторыя чытачы тэлефанавалі і вельмі прасілі прыняць іх голас, што таксама было дазволена па нашых правілах.

Рэдакцыя намінавала 19 прадстаўнікоў рэгіёна, якія адзначыліся рознымі справамі, былі ўдзельнікамі падзей ці сталі героямі публікацый цягам 2015 года.

Летась былі два відавочныя лідары, якія агулам сабралі амаль 80% галасоў і мелі малую розніцу. Мядзяльчане Сяргей Трацэўскі і Пётр Тачыцкі, рызыкуючы жыццём, патушылі пажар на запраўцы. З малым адрывам іх перамог выпускнік школы №14 Уладзімір Грахоўскі. Малады чалавек двойчы выцягнуў з вады аднавяскоўца-першакласніка.

У гэтым годзе таксама былі кандыдатуры, якія вызначыліся прыгожым учынкам. Напрыклад, са Смаргоні знайшла кашалёк з вялікай сумай грошай, банкаўскімі карткамі з кодамі і вярнула яго гаспадыні. Яна сабрала 6,5% галасоў. Мя­дзяльчане Уладзімір Кавалёнак і Мікалай Амельяновіч выратавалі мужчыну, які, па ўласных адчуваннях, прабыў у вадзе каля паўгадзіны. Яны атрымалі 1,5%.

Сёлетні пераможца Дзяніс Канецкі абагнаў свайго галоўнага канкурэнта ўдвая па колькасці галасоў. Першая тройка намінантаў сабрала 57,5%, а першая сямёрка – 84,4%.

Чытачы галасавалі за тых, чыя дзейнасць звязаная з культурай.

У сёлетнім конкурсе адзін кандыдат мог атрымаць узнагароду пасмяротна. Гэта Пётр Цыгалка, даследчык гісторыі Мільчы на Вілейшчыне, які дапамагаў журналістам “РГ” у распрацоўцы многіх артыкулаў. За ўшанаванне яго памяці прагаласавала 17 чалавек.

На другім месцы школьнік з Ільі Вова Буркевіч, які сабраў уласную калекцыю танкаў і самалётаў і право­дзіць па ёй экскурсію. Адам Мальдзіс, дзякуючы якому мы сёлета святкавалі 250-годдзе нашага земляка Міхала Клеафаса Агінскага, на чацвертай пазіцыі.

Дзве кандыдатуры, намінаваныя рэдакцыяй, чытачы палічылі спрэчнымі. Мы мелі справу з непаразуменнем – што яны зрабілі такога, каб ім даваць званне “Асобы года”. Але рэдакцыя толькі прапануе кандыдатуры, выбар робяць чытачы. А ў спіс мы ўключалі не толькі за выключную дзейнасць, але і яркую публікацыю, героем якой стаў прэтэндэнт. Спрэчная кандыдатура хлопца з Валожына з 51 памерам нагі Вадзіма Бычкоўскага заняла пятую пазіцыю з 6,6% галасоў. Дзядуля на роліках Вікенці Налівайка атрымаў сёмы радок з 5,8%.

Як размеркаваліся галасы чытачоў “РГ” за прысуджэнне звання “Асоба года - 2015”

Месца Імя Колькасць галасоў у працэнтах
1 Дзяніс Канецкі 32%
2 Уладзімір Буркевіч 16,7%
3 Крысціна Шлыковіч 8,8%
4 Адам Мальдзім 8%
5 Вадзім Бычкоўскі 6,6%
6 Алёна Дубяга 6,5%
7 Вікенці Налівайка 5,8%
8 Пётр Цыгалка 2,3%
9 Цімафей Дуброўскі 2,2%
10 Міхась Казлоўскі 1,7%
11

Уладзімір Кавалёнак,
Мікалай Амельяновіч 

1,5%
12 Таццяна Цітуленка 1,4%
Марыя Зяцева 1,4%
Воля Трубач 1,4%
13 Максім Пашук 1,1%
14 Ігар Ліштван 0,7%
Дзмітры Рудык
і фатограф Вольга Жарская 
0,7%
Мікалай Плавінскі 0,7%

Вілейкія краязнаўцы зрабілі другі выпуск гадавіка “Вілейскі павет”

Стартавала акцыя "Я за беларускую мову на Еўрабачанні-2016!"

"Натхняй сваёй гісторыяй здароўя". Барыс Прадуха: Быць здаровым, каб здзейсніць задуманае за сваё адзінае жыццё

Пабыць на заводзе алею і віна, убачыць зверху карабель кантрабандыстаў – чым адметны адпачынак у Грэцыі

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
24.01.2016 22:47
аляксей / колькі шыльдаў, дзе і каму трэба паставіць, каб сфатарафавацца з Зояй Хруцкай? :-)
26.01.2016 08:28
[email protected]@n / Алексей, в очередь! ;)
Дадаць каментар
Новае на сайце