Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Акно падзей
2 Валожын
27.02.2016 16:22 ,AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

“Тут значна меней камфорту і нашмат болей фізічнай працы, але ці не яна робіць нас жывымі?" Маладая сям’я мяняе сталічнае жыццё на вясковае

Аляксей Піскун і Юля Бондар

Аляксей Піскун і Юля Бондар. Фота забяспечана Юляй Бондар.

Юля Бондар і Аляксей Піскун з Мінска толькі-толькі набылі дом у вёсцы Лоск на Валожыншчыне. І не пад лецішча: падумваюць пра тое, каб жыць тут стала.

Сёння яны раскажуць, чаму хочуць з’ехаць з горада, дзе яшчэ шукалі дом і як плануюць у вёсцы зарабляць на жыццё.

“У горадзе не хапае натхнення”

Юлі – 25 год. Яна выкладае беларускія народныя спевы, спявае ў этнагурце Uła, журналістка. Аляксею – 29, займаецца фота- і відэаздымкамі. Абодва захапляюцца народнай культурай, аб’язджаюць вёскі і мястэчкі, запісваюць песні і паданні. Якраз на глебе гэтага захаплення і пазнаёмілася: Аляксей неяк прыйшоў займацца да Юлі народнымі спевамі. Маладой сям’і – больш за два гады.

Абодва яны мінчане. Жывуць у бацькоў. Зразумела, думалі пра сваё жыллё. Але, у адрозненне ад пераважнай большасці гарадскіх, шукалі яго на вёсцы.

– Пра кватэру ў Мінску мы і не думалі, – тлумачыць Юля. – Бо жыць у кватэры, побач з дзясяткамі суседзяў – гэта не наш варыянт.

– Чым жа так Мінск не падабаецца?

– Нам не хапае натхнення – краявідаў наўкола. Гарады бываюць прыгожыя, але яны прыгожыя па-іншаму. Так што ўласны дом на вёсцы – гэта для нас аптымальны варыянт.

Ідэя пераехаць у вёску – агульная. Але ж асноўны штуршок, што гэта тое, што ім трэба, сыходзіў ад Аляксея.

– Мінск – добры горад, якіх няшмат у свеце. І справа не ў ім асабіста, а агулам у мегаполісах, – разважае ён. – Гэта заўсёды бесперапынны шум, бруднае паветра, засмечаная інфармацыйная прастора, надуманыя праблемы, мітусня і адзінота. Можна было б сказаць, што вялікія гарады – выдатнае месца для працы, але ж ці прадукцыйная тая праца, калі яе робяць людзі без унутранай гармоніі і ў большасці выпадкаў няшчасныя? Рэч банальная, але калі хочаш паспрыяць шчасцю іншых, то найперш трэба знайсці яго ўнутры сябе. І наваколле, у якім ты знаходзішся, іграе не апошнюю ролю ў такіх пошуках.

Вядома, у вясковым жыцці значна меней камфорту і нашмат болей фізічнай працы, але ці не яна робіць нас жывымі? І ці не ад таго самага камфорту людзі збягаюць, каб не згубіць у ім сябе?

Сябры ўспрынялі задуму з захапленнем

Ідэю з’ехаць у вёску знаёмыя і сваякі ўспрынялі па-рознаму. Маладзейшыя – з захапленнем, старэйшыя, тыя, хто сам выйшаў з вёскі, лічаць гэткі крок занадта смелым.

– У іх найперш узнікаюць пытанні практычнага зместу: як там дарогі, як вада, як мыцца. Намагаемся тлумачыць, што ўсё вырашальнае, – кажа Юля. – Але ў прынцыпе ўсе прыязна ўспрымаюць. Разумеюць, што нам гэта неабходна, што мы настроены сур’ёзна. Бацькі прынялі нашу ідэю, за што ім вялікі дзякуй.

Аляксей і Юля падчас вандроўкі ў Грузію.

Аляксей і Юля падчас вандроўкі ў Грузію.

Свой дом шукалі паўтара года

Пошукі вялі ў розных месцах: на Палессі, у розных кутках Міншчыны, у тым ліку ў Маладзечанскім і Вілейскім раёнах.

– Нам было досыць важна, каб было падведзенае да дому святло.  Каб былі пэўныя гарадскія асаблівасці, але каб гэта не быў які аграгарадок. Бо там часта зямля падзеленая на квадраты, і праяўляецца гарадскі лад жыцця, – тлумачыць Юля.  

На Вілейшчыне ёй спадабаліся некаторыя мясціны. І Юля ўсё падбівала вярнуцца туды Аляксея, бо гэты край запаў у сэрца. Але як прыехалі на Валожыншчыну, зразумелі, што тут таксама ёсць з чаго выбіраць: прыгожыя мясціны, шмат закінутых хатаў. У выніку знайшлі дом у Лоску. Былі проста зачараваныя яго месцазнаходжаннем.

–  Дом стаіць каля пагорку. Падалей пералесачак. Сама вёска – у адзін бок, а вось гэты кавалак, дзе наш дом і суседзяў – у іншы, – з захапленнем апісвае Юля. – Наверх лес, трошкі ўніз рачулка, каля самага дома расце агромністая лістоўніца. Не ведаю, колькі ёй год, але бачна, што дрэва вельмі старое.

І сад тут ёсць, і дом у добрым стане. 

–  Мы зразумелі, што такі варыянт нам вельмі пасуе. Хоць не шукалі шмат выгод у доме, але атрымалася так, што ёсць святло, тэлефон, з дапамогай “ручайка” падведзеная да дому вада.

Варыянтаў працы – на выбар

Моладзь з вёскі звычайна з’язджае таму, што няма добрай працы. А як збіраюцца нашы героі зарабляць на жыццё?

– Ёсць шмат варыянтаў: нам застаецца толькі тыкнуць пальцам, – адказваюць. – Разам займаемся фота- і відэаздымкамі, мантажом, працуем як журналісты. Таму можам па першым часе ездзіць у Мінск на здымкі раз на тыдзень, астатні час апрацоўваць фота, відэа і высылаць –  гэта можна рабіць і з вёскі.

Аляксей хоча паспрабаваць заняцца рамесніцтвам. Ён захапляецца разьбой па дрэве, робіць мэблю.

Па магчымасці хочуць спалучаць розныя віды дзейнасці, каб гэта была праца і ручная, і інтэлектуальная. Магчыма, Юля і Аляксей паспрабуюць вырошчваць нейкія цікавыя прадукты, бо абодва не ядуць мяса.

Можа, і захапленне Юлі тут спатрэбіцца:

– Мне было б цікава папрацаваць з вяскоўцамі, якія яшчэ памятаюць народныя песні, але пакуль яшчэ я не звязалася з культработнікамі.  Можа, такі варыянт магчымы – стварыць мясцовы калектыў і паспрабаваць пазапісваць тое, што яны памятаюць? Па суседстве – большая вёска Гародзькі. Мяркую, што цалкам магчыма завабіць моладзь, рабіць разам з імі нешта больш цікавае за тэлек ці танцулі ў клубе.

Цяпер Юля і Аляксей намагаюцца завяршыць усе мінскія справы, якія трымаюць, і хутчэй пераехаць у Лоск. Прыкідваюць, якія па першым часе патрэбныя працы па доме.

– Нейкі скепсіс прысутнічае: як і ці зможам зрабіць тое ці іншае. Але ў любым выпадку – не паспрабаваўшы, не зможам дазнацца, на што мы здольныя, што ў нашых сілах, – кажуць.

“Рэгіянальная газета” пастараецца расказаць, як у мінчан складзецца жыццё на новым месцы.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
29.02.2016 00:23
Таццяна / Малайцы! А мы таксама збіраемся з'ехаць з горада ў самым хуткім часе, набылі дом таксама каля Лоска, так што чытаць было і цікава, і карысна. Як добра, што ў нас будуць такія добрыя суседзі!
19.04.2016 10:49
Юля Бондар / Тацьцяна, добры дзень! А напішыце, мне, калі ласка, на e-mail, каб у нас з Вамі была нейкая сувязь. Зь вялікай радасьцю пазнаёмімся :) stromkaja[гаў]gmail.com
Дадаць каментар
Новае на сайце