Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +11° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +11° Смаргонь
Ашмяны +11° Ашмяны
Валожын +11° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +11° Астравец
Культура
8.03.2016 16:03 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

"Сынок, ты ўжо, можа, хоць дзе-небудзь давучыся". Пра што Уладзімір Някляеў распавёў на сустрэчы з маладзечанцамі

Уладзімір Някляеў

Уладзімір Някляеў. Фота Аксаны Ярашонак.

– Дзякуй, землякі, за тое, што прыйшлі! – прывітаў сваіх прыхільнікаў Уладзімір Пракопавіч. А пасля акінуў вокам залу і  дадаў: – Цікава, што на літаратурнай сустрэчы мужчын куды больш, чым кабет. Але кабеты – прыгожыя!.. – так шчыра і проста пачалася размова з творцам.

27 лютага ў  Маладзечне адбылася сустрэча з грамадскім дзеячам, паэтам, членам Саюза беларускіх пісьменнікаў Уладзімірам Някляевым.

З цеплынёй ўзгадаў Някляеў роднае Крэва на Смаргоншчыне. Нараджэнне пад сценамі Крэўскага замка, дзе ў свой час вяршыліся значныя падзеі з гісторыі Бацькаўшчыны, прадвызначыла шлях Уладзіміра Някляева – літаратара і грамадскага дзеяча, сапраўднага патрыёта.

Пошук сябе і свайго месца ў жыцці быў нялёгкім: бацька хацеў, каб хлопец быў ветэрынарам, маці бачыла сына музыкантам і дзеля гэтага нават прадала карову і купіла баян. Але ні з музыкай, ні з ветэрынарыяй не атрымалася: юнака вабіла прафесія геолага.

Каб ажыццявіць сваю мару, будучы паэт пасля васьмі класаў пакінуў родную вёску і паехаў вучыцца ў Кіеў. Ды ў хуткім часе вярнуўся і паступіў вучыцца ў Мінск на радыёмеханіка.

– Але і радыёмеханіка з мяне не атрымалася, – з усмешкай працягвае паэт. – Законы, па якіх бегае ток, аказаліся неспасцігальнымі для мяне. Пасля трэцяга курса, вярнуўшыся дахаты, сказаў: “Усё! Не маё!”

А маці ў плач: “Сынок, ты ўжо, можа, хоць дзе-небудзь давучыся, бо ніхто ж не верыць, што ты сам сыходзіш. Думаюць, што цябе адусюль выганяюць. Мне ж на вуліцу не выйсці!”. Прыйшлося, каб маці магла выйсці на вуліцу, закончыць тэхнікум.

Але затое цяпер я ведаю, як працуе тэлевізар. Потым быў Літаратурны інстытут у Маскве, філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (цяпер БДПУ імя Максіма Танка).

Шмат добрых успамінаў паэта звязана з Маладзечнам. Першая сустрэча Някляева  з нашым горадам адбылася прыкладна ў канцы 50-х гадоў мінулага стагоддзя, калі будучы паэт прыехаў сюды разам з бацькам. У дзіцячай памяці захавалася, што назвы ўсіх крам і ўстаноў горада былі напісаныя на беларускай мове (і гэта ў савецкія часы!).

Ужо дарослым чалавекам, вядомым паэтам-песеннікам, які актыўна супрацоўнічаў з “Песнярамі” і “Верасамі”, Уладзімір Пракопавіч часта бываў у Маладзечне: ён сябраваў з колішнім мэрам горада Генадзем Карпенкам, маладзечанцы з задавальненнем слухалі песні на словы Някляева, наведвалі яго аўтарскія вечарыны.

– Занятак літаратурай можа кампенсаваць многія недахопы ў жыцці. Тое, што ты не спраў­дзіў у рэальнасці, ты заў­сёды можаш спраў­дзіць у сваіх творах, – упэўнены паэт.

Яшчэ творца прызнаўся, што ва ўмовах распаўсюджання новых плыняў у літаратуры, ён ніколі не адмаўляўся ад традыцыйнага сілаба-танічнага верша. Хоць за мяжой яму даўно ўжо прапаноўвалі звярнуцца да постмадэрнісцкіх твораў на мяжы паэзіі і прозы (тады б і кніжкі выходзілі часцей), ён ніколі не пойдзе на гэта, бо тады страціцца музыка ў паэзіі ды і паэзія ўвогуле.

Уладзімір Пракопавіч чытаў свае лірычныя і патрыятычныя творы, урыўкі з паэмы “Паланэз”. І ў гэтыя хвіліны, узбуджаная ранейшымі дыялогамі, зала заціхала, гледачы лавілі кожнае слова паэта, сачылі за кожным яго рухам.

…А пасля сустрэчы ў свядомасці яшчэ доўга гучалі словы нашага знакамітага земляка:

– Мы не павінны страціць сваю мову і сваю Радзіму! Хто тады будзе чытаць нашы вершы? Хто  будзе чытаць Купалу, Барадуліна, Быкава?..

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце