Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +3° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +3° Смаргонь
Ашмяны +3° Ашмяны
Валожын +3° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +3° Астравец
Гісторыя
Мядзел
22.03.2016 13:21 ,AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

“Хавалі з упрыгажэннямі і рытуальным посудам”. У курганах знаходзяць тое, што продкі клалі нябожчыку на той свет (Фота)

Вядуцца раскопкі

Вядуцца раскопкі. Фота забяспечана Мікалаем Плавінскім.

Якія знаходкі хаваюцца ў курганах, калі праца археолага падобная на складанне пазлаў. Пра гэта распавёў археолаг кандыдат гістарычных навук Мікалай Плавінскі.

Летась Мікалай Плавінскі з валанцёрамі правёў раскопкі на курганным могільніку Наўры на Мядзельшчыне. Гэта могільнік крывічоў канца 10 – пачатку 12 стагоддзяў. Яго даследавалі яшчэ з канца 19 стагоддзя. Раскопкі вялі ў 1934 годзе  археолагі з музея Віленскага ўніверсітэта. Пасля раскопкі праводзілі ў савецкі час. У 2012 годзе даследаванні былі адноўленыя.

Знаходзяць гаршкі,  бранзалеты, кольцы...

Летась на могільніку Наўры былі даследаваныя два курганы. У адным было пахаванне дзяўчынкі гадоў шасці-васьмі, якое датуецца сярэдзінай 11 стагоддзя. Знайшлі ляпны гаршчок, два бранзалеты, скроневыя кольцы.

Мікалай Плавінскі падчас раскопак на курганным могільніку Наўры .  Фота забяспечана Мікалаем Плавінскім.

Мікалай Плавінскі падчас раскопак на курганным могільніку Наўры . Фота забяспечана Мікалаем Плавінскім.

Было тут і шыфернае праселка.

– Для гарадскіх паселішчаў, у большасці для 12-13 стагоддзяў, такая знаходка – звычайная справа, а ў такім раннім, прычым у курганным могільніку, досыць рэдкая з’ява, – расказвае Мікалай. – Гэта ўсё – пахавальны інвентар, тое, што клалася нябожчыку на той свет. Хавалі з упрыгажэннямі, з нейкім рытуальным посудам, напэўна, для пітва ці стравы рытуальнай. Тая сітуацыя, што і зараз, калі, бывае, нябожчыку кладуць акуляры, расчоску ці кашалёк і гэтак далей. Так і тады было.

Другі курган быў калісьці разбураны, але засталіся рэшткі пахавання. Знайшлі там ляпны гаршчок з імітацыяй хвалістага арнаменту і некалькі бронзавых кольцаў.

Дэманструе Мікалай сабраны з кавалкаў гаршчок.

Нечым падобнае на складанне пазлаў…

– Так, чысцейшае складанне пазлаў. У гэтым выпадку не надта складана было – за вечары тры невялічкі гаршчок атрымаўся.

Такі гаршчок сабралі з кавалкаў, знойдзеных у курганным могільніку Наўры.  Фота Алеся Высоцкага.

Такі гаршчок сабралі з кавалкаў, знойдзеных у курганным могільніку Наўры. Фота Алеся Высоцкага.

Мядзельшчына цікавая для вывучэння пахавальных абрадаў

Ва ўсходняй і цэнтральнай частцы яна была населеная крывічамі. А заходнюю насялялі продкі сучасных літоўцаў. І літаральна праз 20 кіламетраў пахавальныя абрады вельмі адрозніваюцца, тлумачыць Мікалай:

– Калі браць крывіцкія могільнікі, то знаходзяць самы звычайны інвентар, посуд. У жаночых пахаваннях – бранзалеты, фібулы (шпілька для вопраткі), пацеркі, нейкія прадметы побыту: нажы, крэсіва. У мужчынскіх пахаваннях сустракаюцца прадметы ўзбраення: сякеры, зрэдку наканечнікі коп’яў. Балты ў розных рэгіёнах да 14 стагоддзя працягвалі спальваць сваіх нябожчыкаў. І там бывае багацейшы інвентар, асабліва ў плане прадметаў узбраення – часта мужчын спальвалі са зброяй.

Раскопкі ў Наўрах плануюць працягнуць

Сёлета Мікалай Плавінскі збіраецца працягнуць раскопкі на курганным могільніку Наўры.

Чаму такую ўвагу надаяце яму?

–  Гэта досыць добра даследаваны могільнік, таму ён найбольш цікавы для аналізу пахавальнага інвентару. Там раскапана ўжо больш за чатыры дзясяткі курганоў – адпаведна можна рабіць высновы аб колькасным складзе старажытнага калектыву, полу, узросце.

Яшчэ адна знаходка. Фота Алеся Высоцкага.

Яшчэ адна знаходка. Фота Алеся Высоцкага.

Як чорныя капальнікі разбураюць курганы і ці дапаможа спыніць іх прэзідэнцкі ўказ “Аб удасканаленні аховы археалагічных аб’ектаў і археалагічных артэфактаў”? Пра гэта раскажам у адным з бліжэйшых нумароў “Рэгіянальнай газеты”.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце