Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
Вілейка
25.03.2016 12:30 ,AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

“У таты павінна быць вельмі важная роля ў сям’і, дзе выхоўваецца дзіця з інваліднасцю”

Падчас практычных заняткаў

Падчас практычных заняткаў. Фота Фота забяспечанае Таццянай Майсак.

Гэтак лічыць  Дзмітры Цімашкоў, адзін з удзельнікаў міжнароднага праекта з удзелам татаў, якія выхоўваюць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Праект нядаўна завяршыўся ў дзіцячым цэнтры “Надзея” на Вілейшчыне.

Звычайна, асноўная ўвага накіраваная на праблемы дзяцей з інваліднасцю, у меншай ступені разглядаюцца праблемы іх мам. Што ж тычыцца татаў, то іх уласныя патрэбы і роля ў развіцці дзяцей актыўна не разглядаюцца і не вывучаюцца. Дапамагчы змяніць сітуацыю быў прызначаны праект “Узаемадзеянне некамерцыйных і дзяржаўных структур у павышэнні ролі татаў у выхаванні дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі”.

– Кожны тата прыязджаў да нас са сваім дзіцем. І тое, што яны прыехалі адны, без жонкі, на вялікія адлегласці – пакінуўшы дома іншых дзетак, працу, варта павагі, – кажа вядучы спецыяліст па сувязях з грамадскасцю цэнтра “Надзея” Таццяна Майсак. І тлумачыць: – З’ехаць адным з дома з дзіцем –  гэта для іх складана, бо дома лягчэй, жонка дапаможа.

У цэнтры праводзілі семінары, на якіх вывучалі досвед працы з татамі ў Германіі. Адбываліся трэнінгі, на якіх сярод іншага прапаноўвалі формы сумесных заняткаў татаў з дзецьмі. Удзельнікі працавалі з псіхолагам і нават гулялі ў спецыяльныя гульні. 

–  Ва ўдзельнікаў праекта засталіся толькі станоўчыя водгукі. Такі выезд для іх цікавы, яны прыязджаюць у пазітыўным настроі, – дадае Таццяна Майсак. – Напрыклад, адна мама кандытар. Яна штораз пякла і перадавала вялікі торт,  каб таты маглі сабрацца ўсе разам, пасядзець за чаем. На гэты раз торт зрабіла ў лясной тэме: упрыгожыла фігуркамі звяроў, божых каровак.

“Тэма выклікае цікавасць у татаў”

Удзельнікі праекта прыехалі са Слуцка, Капыля, Мінска і іншых гарадоў Беларусі.

Ужо згаданы Дзмітры Цімашкоў са сталіцы –  заснавальнік сацыяльна-дабрачыннай установы “Каманда “Крылы анёлаў”. Удзельнічае ў забегах на доўгія дыстанцыі, прытым разам з дачкой Ліляй. Яна – у спецыяльнай калясцы, якую Дзмітры штурхае перад сабой. Таксама разам яны на велапрабежках, у падарожжах. Выкарыстоўваюць для гэтага розныя прыстасаванні: напрыклад, велапрычэп для катання дзяцей з цяжкай інваліднасцю.

– Праект вельмі патрэбны. Таму што тэма зусім не распрацаваная, – перакананы Дзмітры. –  Ніхто дагэтуль не гаварыў, што ў таты павінна быць вельмі важная роля ў сям’і, дзе выхоўваецца дзіця з інваліднасцю. Традыцыйна лічыцца, што гэта роля ў асноўным толькі мамы. Хаця сітуацыя бывае настолькі цяжкая, што догляд за дзіцем – сапраўдная мужчынская праца. І тое, што пра гэта пачалі гаварыць у праекце, вельмі добра.

Наколькі праект паспяховы, казаць яшчэ вельмі складана, лічыць Дзмітры:

– Бо параўнаць няма з чым, такога яшчэ не было. Але калі праект пачынаўся, то ў “Надзею” год таму прыехала пяць татаў. Па меры развіцця праекта колькасць вырасла да 15. Гэта кажа пра тое, што тэма выклікае цікавасць у татаў, яны здольныя ўва ўсё ўключацца. І вельмі радуе. Калі працягваць праектам займацца, карысць будзе вялікая.

 

Даведка “РГ”. Праект рэалізаваўся з 2014 года дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтрам “Надзея” ў партнёрстве з грамадскім аб’яднаннем “Сацыяльная Служба Евангелісцкіх мужчын (горад Швертэ, Германія) і грамадскай арганізацыяй “Адкрыццё” (“Откровение”) з Мінска пры садзейнічанні Праграмы падтрымкі Беларусі Федэральнага ўрада Германіі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце