Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Культура
3
3.04.2016 17:31 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Прэм'ера драмтэатра "Плачу наперад": "Мне абрыдла вас кахаць, таму ажаніцеся са мной за мільён долараў" (Фота)

Фота Зоі Хруцкай.

Вы марыце пра грошы і ўзаемнае каханне? Магчыма, для шчасця вам трэба зусім не тое, чаго вы хочаце.

Прэм’ерны спектакль “Плачу наперад” пра інтымныя таямніцы тэатра прадставіў Мінскі абласны драматычны тэатр 27 сакавіка.

Спектакль пастаўлены па аднайменнай п’есе Надзеі Птушкінай і ў маладзечанскім варыянце атрымаў толькі касметычныя змяненні.

У 1999 годзе па гэтым жа сцэнары выпусцілі расійскі фільм. Але гэта гісторыя больш падыходзіць якраз для тэатра: тут няма месца відовішчнай карцінцы і дынаміцы. Увага засяроджваецца на адносінах, словах і тым, як першае і другое адбіваецца на героях.

Для рэжысёра Венядыкта Растрыжэнкава сёлетняя прэм’ера стала 14-м спектаклем, пастаўленым у Мінскім абласным драмтэатры. Гледачам вядомыя яго пастаноўкі  “Псіхааналітык для псіхааналітыка”, “Карона з кахання”, іншыя.

Пра каханне і прызванне ў эратычных уборах

Пастаноўка прывабная знешне. Прычым не толькі дзякуючы эратычным уборам жаночых персанажаў, але і прыемнаму гумару, які ўпрыгожвае канву спектакля.

Пастаноўка мае эфектны пачатак: галоўны герой акцёр Міхаіл прачынаецца пасля бурнай п’янкі. У кватэры няма жонкі Паліны, таксама актрысы. Затое ёсць разняволена апранутая Алімпіяда, якая сцвярджае, што ноч яны правялі разам у самым інтымным сэнсе. Яна апісвае ўчарашнюю ноч, і калі абодвух персанажаў распальвае да ўзаемнай жарсці, уваходзіць жонка з торбай апельсінаў.

“Плачу наперад” дэманструе тры асноўныя канфлікты: прызванне, каханне і шлюб, грошы.

Алімпіяда (Ліпа) – багатая жанчына, якая ўпэўненая, што купіць можна абсалютна ўсё. Яна пакахала Міхаіла 31 год таму, але, не атрымаўшы ўзаемнасці, несла гэтае пачуццё ў сабе. Яна стамілася, ёй “абрыдла кахаць”, і таму жанчына прапануе ажаніцца на адзін год.

Алімпіяда ўпэўненая, што ніводнае каханне не можа перажыць шлюб, і плаціць за сваё збаўлення ад пачуцця мільён долараў.
Жонка Паліна жыла знешне ў шчаслівым шлюбе 20 год. Здаецца, усё ў парадку, але на самой справе яна ведае пра здрады мужа і лічыць сябе падманутай. Сам Міхаіл закаханы ў маладую актрысу Натусік, якая чакае дзіця. Ён на сёмым небе ад шчасця, пакуль не дазнаецца, што быў не адзіным у Натусік, і невядома, хто бацька яе дзіцяці. Натусік была шчаслівая, што нарэшце вырашыла: іншага кавалера, больш маладога і заможнага, яна кахае крышачку больш. А той даведаўся, што яна не была шчырай, і кінуў маладую жанчыну.

Героі прыходзяць да высновы, што самае шчаслівае каханне – у Алімпіяды. Рэальная прысутнасць каханага не магла б дадаць у яе гісторыю нічога. Пачуццё кіравала яе лёсам, зрабіўшы жыццё, поўнае прыгод.

Калі маеш адносіны з тым, каго кахаеш, немагчыма пакінуць каханне некранутым, як запакаваны падарунак. У адносінах пачуццё становіцца кавалкам гліны ў руках каханага. І ад яго рук залежыць, у што яно ператворыцца.

Грошы кіруюць вамі ці вы кіруеце грашыма?

У другім ідэйным блоку палягае тэма грошай. Багатая Ліпа выпрабоўвае грашыма ўсіх іншых трох персанажаў. Паліна прымае прапанову адступных, кіруючыся спа­дзяваннем на лепшае жыццё сваёй дачкі. Натусік на вачах Міхаіла не толькі прымае грошы, але і прыходзіць па другую порцыю. Ды і сам Міхаіл растаптаны, паддаецца Ліпе. Усіх іх змяняюць грошы.

Яны, адразу далёкія ад матэрыяльнага, прымаюць рашэнні пад уплывам грошай. Іх жыццём кіруюць грошы, і толькі Ліпа выкарыстоўвае грошы, каб кіраваць сваім.

Тэма прызвання раскрываецца праз адносіны герояў да тэатра, у якім працуюць трое персанажаў. Па сутнасці, гэта пафаснае прызнанне ў любові да тэатра і падкрэсліванне яго высокай ролі. Але нават самае значнае прызванне не пазбаўляе ад сумненняў, ці не растварыўся ў ім ты сам.

Чаму спектакль варта паглядзець

Ідэйныя развагі падчас спектакля трапныя і зразумелыя, а атмасфера адначасова вытанчаная і гуллівая.

Акцёрская чацвёрка дэманструе чатыры полюсы: легкадумная і поў­ная энергіі Натусік у выкананні Аляксандры Грасевіч рэзануе са стомленай і стрыманай Палінай, якую іграе Таццяна Карпец. Сяргей Карзей, які выконвае адухоўленага і інтэлігентнага Міхаіла падкрэслівае практычнасць і разважлівасць Ліпы. Ад Ірыны Кляпацкай у гэтай ролі проста не адвесці вачэй. Яе гераіня атрымалася манернай, шчырай і прыцягальнай.

Работа мастака-пастаноўшчыка вымагала разняволеных і яркіх убораў. Пры гэтым яны атрымаліся прыгожымі, але без перабору з вульгарнасцю. Грым і прычоскі падкрэслівалі характары гераінь – ракавінка для дзелавой Ліпы, завіўка ад бігудзі для сямейнай Паліны і модны банцік для Натусіка.

“Плачу наперад” – развага пра інтымныя таямніцы, якія часам не наважваешся абмеркаваць. Варта ўбачыць, як іх абмяркоўваюць маладзечанскія акцёры, каб стаць больш шчырым з самім сабой.

Рэжысёр меркаваў адмяніць прэм'еру

З рэжысёрам Венядыктам Растрыжэнкавым мы сустрэліся пасля генеральнай рэпетыцыі.

– Тое, што на генеральны прагон прый­шлі гледачы, стала для мяне прыемным сюрпрызам. А смех гледачоў, апладысменты ўсцешылі.

Аказваецца, прэм’­ера магла сарвацца:

– У зале вельмі холадна, а касцюмы ў акцёраў адкрытыя. Я быў гатовы адмяніць спектакль, таму што баюся за артыстаў. Але яны настойвалі, сказалі, што, нягледзячы ні на што, будуць іграць.

На пытанне, што найбольш падабаецца ў спектаклі, рэжысёр адказвае:

– Артысты больш за ўсё падабаюцца. Але ў добрага мяжы няма. Спектакль – гэта дзіця, якое з часам будзе развівацца. Я заўсёды стаўлю тое, што падабаецца, а ў гэты сцэнар проста закахаўся.

Цытаты са спектакля “Плачу наперад”

  • – Ваш настрой, вашы планы, ваша жыццё залежаць ад грошай. Вы рабы грошай, а ваша пагарда да грошай падобная да пагарды раба да свайго гаспадара.
  • – Я кахаю вас 31 год. З перапынкамі, вядома. Вы думаеце, лёгка кахаць 31 год? Гэта ж якое цярпенне трэба мець! Мне абрыдла ўжо гэта каханне! Я стамілася вас кахаць. Таму ажаніцеся са мной, бо ніводнае каханне не перажыло шлюб.
  • – Два маіх ідалы – тэатр і вы, – якім я прысвяціла сваё жыццё, пажавалі мяне і выплюнулі.
  • – Чалавек створаны для шчасця, як птушка для палёту.
  • – Паліна, услухоўвайцеся, а то прапусціце паварот лёсу і не паспееце ўпісацца.
  • – Ды яна глядзела на мяне, а ў яе зрэнкі дрыжэлі ад кахання! А аказалася, што яна проста скакала з ложка ў ложак.
  • – Табе было мала разбіць мне сэрца, ты вярнулася, каб паглядзець на аскепкі.
  • – Што яго рэальная прысутнасць можа дадаць у вашу гісторыю кахання? Вам пашанцавала. Каханне свяціла вам усё жыццё, як пуцяводная зорка

.

Абмеркаваць
Каментар (3) / Дадаць каментар
4.04.2016 19:52
Алег Вешчы / Мастак па касцюмах гэтага спектакля - Валянціна Праўдзіна.
5.04.2016 09:23
Аўтар / Паважаны Алег, вялікі дзякуй за ўдакладненне!
25.11.2016 22:44
алекс / были на гастролях в Бресте. Мне кажется полный провал. Лично я не испытал ни какого удовольствия
Дадаць каментар
Новае на сайце