Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
18.04.2016 17:03 ,AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

Хай экспедыцыя прырастае і вашымі ўнукамі”. У Вілейцы прайшла канферэнцыя па Павіллі (Фота)

Прэзідэнт Саюза падарожнікаў Літвы Альгімантас Юцэвічус уручае Міхаілу Петуху чатыры тамы кнігі Вікінтаса Вайткявічуса “Neris. Экспедыцыя 2007 года”

Прэзідэнт Саюза падарожнікаў Літвы Альгімантас Юцэвічус уручае Міхаілу Петуху чатыры тамы кнігі Вікінтаса Вайткявічуса “Neris. Экспедыцыя 2007 года”. Фота Аляксандра Манцэвіча.

– Як, сёлета пойдзеш у экспедыцыю?

– Так, хоць на пару дзён пастараюся.

Такія дыялогі можна было пачуць у кулуарах беларуска-літоўскай канферэнцыі “Вілія-Neris: досвед трансгранічнага супрацоўніцтва”. Прайшла яна 9 красавіка ў Вілейскім райвыканкаме.

Сабраліся тут беларускія і літоўскія навукоўцы, удзельнікі экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча”, краязнаўцы, настаўнікі, вучні і іншыя зацікаўленыя асобы.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Фота Аляксандра Манцэвіча.

Пабачылі фотаздымкі з экспедыцыі з фондаў краязнаўчага музея, пагарталі выданні на выставе, падрыхтаванай мясцовай бібліятэкай. Найбольшую цікавасць выклікала факсімільнае выданне кнігі “Вілія і яе берагі”. Якраз яна стала вынікам падарожжа 1857 года краязнаўцы і археолага графа Канстанціна Тышкевіча. А праз 150 год арганізавалі першую экспедыцыю “Шляхам Тышкевіча”.

Старт на наступную экспедыцыю

Прывітала ўдзельнікаў старшыня раённага Савета дэпутатаў Наталля Радзевіч. Адзначыла, што гэта мерапрыемства праходзіць па ініцыятыве вілейскіх краязнаўцаў, у прыватнасці Міхаіла Петуха:

– Ён працягвае справу, пачатую Яўгенам Ігнатовічам, светлай памяці Анатолем Рогачам і Віталём Кастэнкам. На працягу шэрагу год арганізуе экспедыцыі, удзельнікамі якіх многія з вас з’яўляюцца, а дзеці, можа, будуць з’яўляцца ў будучым. Сёння нас усіх, у тым ліку прадстаўнікоў Літвы, аб’яднала наша рака.

Прэзідыум. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Прэзідыум. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Прэзідэнт Саюза падарожнікаў Літвы Альгімантас Юцэвічус перадаў прывітанні і найлепшыя пажаданні ад удзельнікаў першай экспедыцыі і дадаў:

–  Думаю, што сёння даецца старт, каб на наступны год паўтарыць экспедыцыю, бо споўніцца 160 год падарожжа па Віліі Канстанціна Тышкевіча.

Падарыў ён нязменнаму кіраўніку экспедыцыі “Шляхам Тышкевіча” Міхаілу Петуху чатыры тамы кнігі прафесара Клайпедскага ўніверсітэта Вікінтаса Вайткявічуса “Neris. Экспедыцыя 2007 года”.

Вікінтас расказаў пра працу над кнігай, якая расцягнулася на некалькі год:

– Калі кніга пачала выходзіць, я сам і чытачы яшчэ не разумелі яе каштоўнасці. Трэба час, каб зразумець наш уклад у гісторыю даследавання ракі – ён вялікі.

Каардынатар штогадовай экспедыцыі Дзмітры Ведзень падзяліўся:

–  Каўнас забяспечваецца вадой з Віліі, і многія мінчане атрымліваюць ваду адсюль. Так што, можна сказаць, што Вілія ў табе і ўва мне. Вілія сапраўды аб’ядноўвае не толькі метафізічна, але і наўпрост.

Падагульніў ён, што самае цікавае ў экспедыцыі – людзі. За ўсе гады ў ёй удзельнічалі каля 700 чалавек, самаму юнаму было два гады, самаму пажылому – 77 год. І сем’і ствараюцца.

  Столькі цікавых фактаў прыводзілі пра экспедыцыю, а для вас які галоўны яе вынік? – пытаю ў яго.

– Асноўнае, што яна працягваецца і да яе далучаюцца людзі. Ім гэта цікава.

–  Чым?

–  Што гэта і адпачынак, і нешта новае можна даведацца. Многія бывалыя вандроўнікі па Віліі, калі яны ўдзельнічаюць у нашай экспедыцыі, кажуць: “Ух ты, я столькі год хадзіў па гэтай Віліі, але ўпершыню даведаўся, што тут ёсць тое,  а калі падняцца на гэту горку, то убачыш іншую цікавостку”. Людзі проста гэтага не ведаюць. Сёлета плануецца працяг экспедыцыі і падрыхтоўка да 2017 года. Бо на наступны год збіраемся паўтарыць экспедыцыю Тышкевіча ад вытокаў да вусця. Фармат яшчэ будзем вызначаць.

Краязнаўца з Мінска Іван Клімук тры апошнія гады ўдзельнічае ў экспедыцыі. Думае і надалей падарожнічаць па Віліі:

– Бо вельмі добрыя ўражанні застаюцца. Такія адкрытыя цудоўныя людзі – і ў экспедыцыі, і якія сустракаюцца па маршруце. Шмат чаго новага для сябе з кожнай экспедыцыі даведваешся: гісторыі, мясцовыя паданні.

Дацэнт Віленскага ўніверсітэта Філамена Кавалютэ параўнала Вілію з жывой істотай. Дзе яна віляе бы няўрымслівае і імклівае дзіця, дзе бы сталее, мяняе характар, становіцца “дарослай” і ўтульнай.

– Па беларускім боку як плывеш – як музей. Гэта архаіка. Так цікава! Трэба абавязкова паглядзець гэтыя вёскі, – кажа.

  Прыгадала яна пра экалагічныя праблемы Віліі:

–  Што нас хвалюе –  атамная электрастанцыя ў Беларусі, адкуль яна будзе браць ваду для ахалоджвання працэсу. АЭС у Ігналіне стаяла каля возера Друкшяй*, самага вялікага возера ў Літве. Паступала цёплая вада, і тэмпература ў ім у сярэднім павышалася да трох градусаў.

“Фільм – гэта ўжо гісторыя, але яна працягваецца”

Удзельнікі канферэнцыі перанесліся на дзевяць год назад – паглядзелі  фільм Вітаўтаса Дамашэвічюса “Вілія і яе берагі”, што расказвае аб экспедыцыі 2007 года.

Рэжысёр Вітаўтас Дамашэвічюс. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Рэжысёр Вітаўтас Дамашэвічюс. Фота Аляксандра Манцэвіча.

На канферэнцыі ўдзельнікі выступалі з рознымі дакладамі, датычнымі Павілля: знаёмілі з даследаваннямі вытокаў Віліі і вілейскага строю,  расказвалі пра  развіццё турызму і культурныя адрозненні жыхароў узбярэжжа Віліі. 

Шмат цікавых аповедаў людзей на гэту тэму запісаў у часе экспедыцый навукоўца Юры Унуковіч. Вось запіс з Астравеччыны:

 “Ну тут яны (мясцовыя літоўцы) ужо знаеце, такія і на нас ужо пахожыя яны. Культура, усё. А там ў Вільнюсе, канешна...”

Міхаіл Міхалевіч. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Міхаіл Міхалевіч. Фота Аляксандра Манцэвіча.

Міхаіл Міхалевіч з Вілейкі параўнаў, якая рыба вадзілася ў Віліі ў часы Тышкевіча і цяпер. Краязнаўцы са Смаргоншчыны Уладзімір Прыхач і Алег Мізула расказалі адпаведна пра памяткі Першай сусветнай і пра паганскія капішчы над Віліяй.

Завяршылася канферэнцыя па-сяброўску – пад песні пад гітару. Гучаў і гімн экспедыцыі ”Пад Белай гарой” у выкананні Алега Мізулы.

Спявае Алег Мізула. Фота Алеся Высоцкага.

Спявае Алег Мізула. Фота Алеся Высоцкага.

А фота на памяць было са сцягам –  яшчэ з той, першай экспедыцыі 2007 года. 

Рэжысёр Вітаўтас Дамашэвічюс сказаў:

– Фільм “Вілія і яе берагі” – гэта ўжо гісторыя, але яна працягваецца. Ведаю, што на наступнай экспедыцыі са мной праплывуць пяць унукаў. Дай Бог, хай яна прырастае і вашымі ўнукамі.

Удзельнікі канферэнцыі. Фота Алеся Высоцкага.

Удзельнікі канферэнцыі. Фота Алеся Высоцкага.

* Даведка РГ.  Друкшяй (Дрысвяты) –  возера на мяжы Літвы і  Беларусі. Да закрыцця Ігналінскай АЭС з’яўлялася крыніцай вады для станцыі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце