Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +6° Маладзечна
Вілейка +6° Вілейка
Смаргонь +6° Смаргонь
Ашмяны +6° Ашмяны
Валожын +6° Валожын
Мядзел +6° Мядзел
Астравец +6° Астравец
Грамадства
Вілейка
28.04.2016 13:21 ,AЎТАР(Ы): Алесь ВЫСОЦКІ

У “Надзеі” на 30-ю гадавіну аварыі на ЧАЭС презентавалі брашуру з гісторыямі дзяцей і сустрэліся з ліквідатарамі і сведкамі (Абноўлена,фота)

Дзеці, госці і супрацоўнікі цэнтра сімвалічна ўпрыгожылі кветачкамі мадэль зямнога шара

Дзеці, госці і супрацоўнікі цэнтра сімвалічна ўпрыгожылі кветачкамі мадэль зямнога шара. Фота Фота Алеся Высоцкага.

– “Надзея” шмат змяніла ў маім жыцці. Нават паўплывала на выбар прафесіі. Тут убачыў такіх добрых настаўнікаў, з якіх браў прыклад і якіх помню дагэтуль, – кажа Вадзім Заяц.

Ён у 1994 годзе на цэлую чвэрць прыехаў на аздараўленне ў “Надзею” з вёскі Вялікі Бор у Хойніцкім раёне.

– Тут яшчэ шмат дзе ішла рэканструкцыя. Паўдзельнічаў у адкрыцці цэнтра. Нас выбралі трох чалавек, і мы нейкую прамову казалі. Быў такі туман! – прыгадвае.

Было яму тады 13 год. Потым як педагог прывозіў сваіх вучняў са школы. Але  цяпер цэнтр не пазнаў:

– Не перадаць, настолькі ўсё змянілася, усё разбудавалася. Настолькі прыгожа –   “маленькая Швейцарыя”.

Вадзім Заяц – адзін з аўтараў гісторый.

Вадзім Заяц – адзін з аўтараў гісторый.

Гісторыя Вадзіма ўвайшла ў брашуру “Надзея” ў маім сэрцы”.  Яе прэзентацыя стала адной з падзей, якія прайшлі ў дзіцячым рэабілітацыйна-аздараўленчым цэнтры да 30-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі. На іх запрасілі шмат гасцей – прыехаў з Германіі намеснік старшыні грамадскага аб’яднання “Дзеці з Жыткавічаў – жыццё пасля Чарнобыля” Вернер Босарт.

Досвед “Надзеі” выкарыстоўваюць у Японіі

Напярэдадні, 25 красавіка, цэнтр наведала дэлегацыя з Японіі. Аўторак пачаўся з мітынгу-канцэрта “30 гадоў: памятаем, спадзяёмся, верым”. На ім прыгадалі пра трагічныя падзеі тых часоў, гісторыю стварэння цэнтра.

Дырэктар цэнтра Вячаслаў Макушынскі назваў “Надзею” “нашым агульным беларуска-нямецка-японскім домам”: 

– Таму што прадстаўнікі гэтых краін у большай ступені прымалі ўдзел у стварэнні і развіцці цэнтра. Сёння партнёрамі ”Надзеі” з’яўляюцца прадстаўнікі 12 краін свету – людзі, абсалютна неабыякавыя да таго, што прынёс Чарнобыль на беларускую зямлю.

Пра гэта сведчыць і такі эпізод, які адбыўся пасля аварыі на АЭС у Фукусіме ў Японіі ў 2011 годзе.

–  Ніколі не забуду, як мы з калегамі прынялі рашэнне і звярнуліся да нашых японскіх партнёраў: “Дарагія сябры, усю гэту дапамогу, якую вы сёлета планавалі накіраваць у “Надзею”, калі ласка, пакіньце ў Японіі – каб аказаць дапамогу японскім дзецям”. І адразу атрымалі адказ: “Не. Мы не можам не аддаць гэтыя грошы вам, бо японцы збіралі іх для дзяцей Беларусі. Але мы абяцаем вам, што прыкладзём усё намаганні, каб сабраць дадатковыя фінансавыя сродкі і дапамагчы дзецям Фукусімы”, –  прыгадаў Вячаслаў Макушынскі.

У Японіі адкрылі дзіцячы цэнтр “Куміна  Сато”, і досвед “Надзеі” выкарыстоўваць там.

На канцэрце і потым гучалі вершы ды песні віляйчаніна Уладзіміра Цануніна.

–  Гэта самае высокая адзнака, калі твае вершы дзеці чытаюць, – кажа ён.

Уладзімір у “Надзеі” адпрацаваў дваццаць год настаўнікам гісторыі. І напісаў пра цэнтр больш за дзве тысячы старонак розных твораў.

Спявае Уладзімір Цанунін.

Спявае Уладзімір Цанунін.

 

Ідзе канцэрт.

Ідзе канцэрт.

Падчас выканная гімна цэнтра.

Падчас выканная гімна цэнтра.

“Дзякуй за напаўненне дзяцінства яркімі фарбамі!”

Яшчэ 26 красавіка быў конкурс малюнкаў і, вядома, прэзентацыя брашуры.

За гады існавання цэнтра тут адпачыла каля 80 тысяч дзяцей. Гісторыі 20 з іх сабралі ў брашуры: тых, хто прыязджаў сюды з забруджанай зоны, і дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Некаторыя з аўтараў ужо дарослыя. Многія прыехалі на прэзентацыю.

–  Першыя дзесяць экзэмпляраў брашуры вазіў у Брусель на пасяджэнне Еўрапарламента, – кажа намеснік старшыні агульнага сходу ўдзельнікаў дзіцячага цэнтра Аляксандр Рухля. –  Гэтыя брашуры чакаюць нашы партнёры ў Германіі. Бо адна справа, калі мы расказваем, як у “Надзеі” хораша. А іншая – знаёміцца са шчырымі і даверлівымі  гісторыямі дзяцей.

Выступае намеснік старшыні агульнага сходу ўдзельнікаў цэнтра Аляксандр Рухля.

Выступае намеснік старшыні агульнага сходу ўдзельнікаў цэнтра Аляксандр Рухля.

У гэтых гісторыях багата цёплых слоў для супрацоўнікаў цэнтра: “Дзякуй за крылы за спінай у майго хлопчыка!”, “Надзея” незвычайная ўжо тым, што ў ёй не карпусы, а “дамы”, “Дзякуй за напаўненне нашага дзяцінства яркімі фарбамі!”

На прэзентацыі брашуры было столькі шчымлівых момантаў. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць аўтара адной з гісторый, 18-гадовага Дзяніса Крупскага, якога нядаўна не стала. Прыгадалі слёзы расставання і перадавалі прывітанне дзецям, які адпачывалі тут 20 год таму. 

–  Калі мы атрымалі і сталі перачытваць гісторыі, слёзы наварочваліся на вочы, –  кажа намеснік дырэктара цэнтра па вучэбна-выхаваўчай рабоце Вера Толсцікава. – Але гэта былі слёзы радасці. Таму што ты разумееш: тое, што мы рабілі тады і што робім цяпер, – яно мае вельмі вялікае значэнне ў жыцці дзяцей.

Мама Івана Чыбісава, Алена, прывезла малюнкі дзяцей з вёскі на Магілёўшчыне. Расказала такую гісторыю:

–  Падышоў адзін хлопчык з малазабяспечанай сям’і, дастаў з-пад курткі малюнак і папрасіў, каб яго сюды перадала. Ён па памяці намаляваў “Надзею” ў яго сэрцы. Я глядзела і разумела, колькі ў малюнку суму, што ён ужо па ўзросце сюды не зможа прыехаць.

Аўтары гісторый расказвалі, што прыўнесла ў іх жыццё 'Надзея'

Аўтары гісторый расказвалі, што прыўнесла ў іх жыццё 'Надзея'

У цэнтр прывезлі малюнкі дзяцей з Магілёўшчыны.

У цэнтр прывезлі малюнкі дзяцей з Магілёўшчыны.

Аўтары гісторый знаёмяцца з брашурай.

Аўтары гісторый знаёмяцца з брашурай.

Аўтары гісторый, што ўвайшлі ў брашуру.

Аўтары гісторый, што ўвайшлі ў брашуру.

Вадзім Заяц прывёз падарунак для цэнтра. Фота Алеся Высоцкага.

Вадзім Заяц прывёз падарунак для цэнтра. Фота Алеся Высоцкага.

“Каб не было больш такіх аварый, як Чарнобыльская”

У гэты дзень у “Надзею” таксама запрасілі ліквідатараў аварыі і сведкаў тых падзей. У іх адрас гучалі апладысменты на мітынгу. Яны, як і аўтары гісторый, сустракаліся з дзецьмі. 

Валеры Германенка цяпер жыве ў Людвінове на Вілейшчыне. Пераехаў сюды з Хойніцкага раёна, дзе жыў непадалёку ад 30-кіламетровай зоны. У цэнтры  сустрэўся з ураджэнцамі з Брагінскага, Калінкавіцкага і Веткаўскага раёнаў.

– Так прыемна было: як самых блізкіх і дарагіх людзей сустрэў! – дзеліцца.

У расказе дзецям ён прыгадваў, як неўзабаве пасля аварыі вяскоўцы адчулі пяршэнне ў горле, прысмак жалеза на языку, санлівасць. Як баяліся за дзяцей.

 І пажадаў:

– Каб вы ніколі не бачылі таго, што давялося перанесці нам, і даражылі тым, што маеце.

У канцы сустрэчы ўсе па традыцыі ўзяліся за рукі і казалі свае пажаданні. Апроч мноства бясконца шчырых пажаданняў з вуснаў дзяцей гучала і такое: “Каб не было больш такіх аварый, як Чарнобыльская”.

Валеры Германенка з Людвінова расказвае дзецям пра першыя дні пасля аварыі. У той час ён жыў у Хойніцкім раёне.

Валеры Германенка з Людвінова расказвае дзецям пра першыя дні пасля аварыі. У той час ён жыў у Хойніцкім раёне.

Публікацыя ў межах спецыяльнай рубрыкі: "Міжнароднае супрацоўніцтва: Беларусь-Германія"

Пасольства Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі

УНП 101166185

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце