Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел -1° Мядзел
Астравец Астравец
Гісторыя
Ашмяны
6.06.2016 14:37 ,AЎТАР(Ы): Пётр ШАКОЛА, Ашмяны

“Нас прадалі ў Францыю за зброю”. Мой дзядзька Казімір ваяваў у Першую сусветную на Заходнім фронце

Рускія артылерысты на Заходнім фронце

Рускія артылерысты на Заходнім фронце. Фота interneturok.ru.

26 красавіка 2016 года споўнілася роўна сто год з таго дня, калі першая брыгада Рускага экспедыцыйнага корпуса прыбыла ў Марсель для ­ўдзелу ў вайне з Германіяй на баку Францыі.

У складзе брыгады давялося ваяваць і майму роднаму дзядзьку Казіміру Шаколу, старэйшаму брату таты. Аб яго ўдзеле ў тых падзеях і далейшым лёсе гэты аповед.

1956 год, мне дзевяць год. Мы жывём на вуліцы Камсамольскай, дом 2. Яшчэ старажылы Ашмянаў, па звычцы, называюць яе Папярэчнай, бо гэта невялічкая вулачка, а хутчэй – завулак, з тузінам дамоў па абодвух баках, пралягла якраз упоперак паміж Савецкай і Гальшанскай вуліцамі.

Цёплы летні дзень, сонца ўжо высока, на небе ні хмаркі. Мама з сястрой Надзяй у доме гатуюць абед. Брат Віця пайшоў у магазін па хлеб. Сястра Альбіна ў ад’ездзе: знаходзіцца на сесіі ў Ленінградскім педагагічным інстытуце. Бацька з гачкай корпаецца ў агародзе, ваюе с пустазеллем. Я тут жа, непадалёку ў двары, займаюся нейкімі сваімі дзіцячымі справамі. Бачу, як па тратуары ідзе чалавек, апрануты ў светлы парусінавы касцюм, на галаве саламяны капялюш з шырокімі палямі, у руцэ незнаёмца вялікі чамадан. Падышоў да нашай брамкі, спыніўся, вітаецца са мной:

– Дзень добры, хлопчык!

– Добры дзень! – адказваю.

– А Шаколы тут жывуць?

– Тут.

– Цябе як завуць?

– Пеця.

– А акрамя цябе яшчэ нехта ці ёсць дома?

– Мама з Надзяй у хаце, а татка – вунь на агародзе.

Але бацька, пачуўшы размову, ужо і сам падыходзіў да нас. Падышоў, прывітаўся – і яны па­чалі ўглядацца адзін у аднаго. Прыглядаліся нядоўга, тата пазнаў чалавека і кінуўся ў абдымкі:

– Казюк!

– Валька!

Яны абдымаліся, а ў вачах блішчалі слёзы радасці. Я стаяў побач, не зусім разумеў, што адбываецца, але і мне таксама перадаваўся настрой гэтай сустрэчы – і я вось-вось гатоў заплакаць.

– Пецька, гэта ж твой дзядзька Казімір прыехаў, а мы яго лічылі загінуўшым яшчэ на той, першай, вайне. А ён жа, вось ён, жывы! – і тата з дзядзькам заключылі мяне ў свае абдымкі.

– Дык хадзем жа ў дом – запрасіў госця бацька.

Я кінуўся, апярэджваючы дзядзьку, да чамадана, які аказаўся важкім, схапіў за ручку дзвюма рукамі і панёс у дом, ідучы следам за дарослымі.

Зайшлі ў хату. Казімір прывітаўся і пазнаёміўся з нашай мамай і Надзяй. Пасля нядоўгіх пацалункаў і абдымкаў дзядзька адкрыў свой чамадан – і пакой адразу напоўніўся пахам свежых паўднёвых фруктаў: абрыкосаў, персікаў, мандарынаў, яблыкаў і іншых, якімі быў запакаваны ўвесь яго аб’ём.

Мама і Надзя накрылі стол і запрасілі ўсіх абедаць. Тут і Віця якраз падаспеў з хлебам. Тата адкаркаваў бутэльку гарэлкі, разліў па чарках, усе чокнуліся (мы з Віцем – кампотам) і выпілі за сустрэчу. За абедам дзядзька Казімір з большага расказаў гісторыю сваіх пахаджэнняў. У наступных размовах ён абрысаваў і больш падрабязную карціну службы ў арміі і ўдзелу ў Першай сусветнай вайне. Дзядзька прабыў у нас некалькі дзён, на працягу якіх з татам і мамай успомнілі і абгаварылі шматлікія акалічнасці і падзеі мінулых дзесяцігоддзяў адсутнасці Казіміра ў родных мясцінах.

На той момант я мала чаго запомніў з дзядзькавага аповеду. Але ў маёй памяці трывала замацавалася наступная фраза Казіміра:

"Нас, рускіх салдат, Мікалай ІІ прадаў у Францыю за зброю. Калі мяне прызвалі ў войска, Вальку было прыкладна столькі гадоў, як вось цяпер вашаму Пецю”.

Аказваецца, Казіміра Шаколу ў Першую сус­ветную вайну мабілізавалі ў царскую армію і яму давялося ваяваць у складзе Рускага экспедыцыйнага корпуса на тэрыторыі Францыі, быць на катарзе ў Алжыры, пасля з цяжкасцямі вярнуцца ў Расію. Але пра ўсё гэта родныя нічога не ведалі: як пайшоў дзядзька на вайну, так і прапаў без вестак.

Дома яго лічылі загінуўшым, нават ставілі ў касцёле свечкі за супакой душы.

Ужо пасля, калі, стаўшы дарослым, больш-менш засвоіў і асэнсаваў гісторыю сваёй краіны, набыў пэўны жыццёвы досвед, шмат ра­зоў пагутарыў з роднымі і непасрэдна з дзядзькам і яго дачкой Валянцінай, у мяне пачала вырысоўвацца нейкая цэласная карціна мінулых падзей.

Рыхтуючыся да напісання гэтага нарыса, я неаднаразова заглядваў у інтэрнэт за адказамі на пытанні, што мяне турбавалі, перачытаў шматлікія літаратурныя творы пісьменнікаў і ўспаміны ­ўдзельнікаў цікавых мне падзей, уважліва прагледзеў кіно- і відэадакументалістыку, прааналізаваў апісанне месцаў і з’яў, звязаных з лёсам дзядзькі Казіміра.

Супаставіўшы ўсё гэта з вядомымі нашай сям’і фактамі і абапіраючыся на навукова-гістарычны падыход да тэмы, прапаную чытачу наступны аповед.

Прыбыццё рускіх войск. Фота з klinci.ru.

Прыбыццё рускіх войск. Фота з klinci.ru.

Пачалася Першая сусветная вайна

Цэлае стагоддзе аддзяляе нас сёння ад Першай сусветнай вайны. Яна стала вынікам супярэчнасцяў паміж дзяржавамі Траістага саюза (Германія, Італія, Аўстра-Венгрыя) і Антанты (Расія, Англія, Францыя). Асновай гэтых супярэчнасцяў з’явіўся канфлікт паміж Англіяй і Германіяй за эканамічныя, ваенна-марскія і каланіяльныя дамаганні. Паміж Францыяй і Германіяй ішлі спрэчкі з-за адарваных у Францыі раёнаў Эльзаса і Латарынгіі, а таксама прэтэнзій Германіі на калоніі Францыі ў Афрыцы.

28 ліпеня 1914 года Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Сербіі. 1 жніўня Германія аб’яўляе вайну Расіі, а 3 жніўня – Францыі. 4 жніўня германскія войскі ўварваліся ў Бельгію. Лондан накіраваў у Берлін ультыматум: спыніць умяшанне ў Бельгію або Англія аб’явіць вайну Германіі. Па сканчэнні тэрміну ўльтыматуму Вялікабрытанія аб’явіла вайну Германіі і накіравала войскі на дапамогу Францыі. 6 жніўня Аўстра-Венгрыя аб’явіла вайну Расіі. Пачалася Першая сусветная вайна.

Аб прычынах яе ўзнікнення і агульнай характарыстыцы баявых дзеянняў на сённяшні дзень напісана дастаткова шмат літаратурных твораў, мемуараў і розных успамінаў, а вось аб салдатах, ­удзельніках тых падзей, іх лёсах, грамадству вядома значна менш.

У заходніх губернях Расіі, у тым ліку і беларускіх, былі аб’яўленыя ваеннае становішча і мабілізацыя. На франты Першай сусветнай былі накіраваныя тысячы салдат, учарашніх сялян.

Фота з klinci.ru.

Фота з klinci.ru.

Паўгода дарогі ­з маскіроўкай

Казімір Шакола нарадзіўся ў 1895 годзе на Лагойшчыне Мінскай губерні, у вёсцы Сцю­дзянец, у сялянскай сям’і. Быў самым старэйшым з чатырох братоў, меў два класы адукацыі. Яму было 20 гадоў, калі яго прызвалі ў войска ў ходзе другой хвалі мабілізацыі ў 1915 годзе і накіравалі на вайну. Праз пэўны час Казіміра забралі з акопаў і як пісьменнага маладога чалавека накіравалі ў вучэбную часць для падрыхтоўкі малодшага каманднага саставу.

Але поўны курс навучання прайсці не давялося, бо яго залічылі салдатам у рускі ваенны корпус, які накіроў­ваўся на Заходні фронт у Францыю. Ён адпавядаў усім жорсткім патрабаванням да асабовага саставу ніжніх чыноў: пачатковая адукацыя – непісьменных не бралі, славянскае аблічча – блакітны колер вачэй, рост не меней за 173 см, адменнае здароўе і выдатны фізічны стан.

Французскі ўрад з лютага 1915 года вёў перамовы з Расіяй аб выкарыстанні рускіх войскаў на тэрыторыі Францыі. Згода царскага ўрада была атрыманая, і ў 1915 годзе сталі фарміравацца асобыя вайсковыя падраздзяленні, якія ў першай палове 1916 года ў складзе Рускага экспедыцыйнага корпуса з чатырох пяхотных брыгад былі накіраваныя на Заходні фронт: 1 і 3 брыгады – у Францыю, 2 і 4 брыгады – у Салонікі (Грэцыя). Усяго 44 тысячы ніжніх чыноў і 800 афіцэраў.

У складзе брыгады давялося ваяваць і майму роднаму дзядзьку Казіміру Шаколу, старэйшаму брату таты.

Першыя часці экспедыцыйнага корпуса адправіліся з Масквы ў студзені 1916 года праз Сібір і Маньчжурыю ў порт Дальні, а затым параходамі па моры ў Марсэль. Праз Маньчжурыю салдат везлі ў закрытых вагонах з максімальнай маскіроў­кай, з перасцярогай, каб немцы не заўважылі перамяшчэнне рускіх салдат у Францыю і не прынялі меры да патаплення караблёў. Германія вяла неабмежаваную падводную вайну.

Першая асобая брыгада, у складзе якой знаходзіўся і салдат Казімір Шакола, здзейсніла доўгі шлях па чыгунцы з Масквы праз усю Сібір, пагрузілася на рускія і французскія параходы ў порце Дальнім і пасля 56-дзённага пераходу праз Індыйскі акіян, Суэцкі канал і Міжземнае мора выса­дзілася 26 красавіка 1916 года ў Марсэлі.

З вінтоўкамі на плячах, у летняй форме, рускія воіны ліха прамаршыравалі па вуліцах горада. Французская інтэлігенцыя захлёбвалася ад радасці, гледзячы на маладых і здаровых хлопцаў, прысланых рускім царом у абмен на ўзбраенне і пазыкі. Салдаты, азіраючыся па баках, казалі:

“Нас дэманструюць французам, як тавар!”

На жаль, гэты тавар – жыцці рускіх салдат – у далейшым так і не быў належна ацэнены. Вялікая вайна была выкрасленая бальшавікамі з гістарычнай памяці, яна называлася ў савецкай гісторыі благой, несправядлівай, яе глыбока не вывучалі, рэвалюцыя і грамадзянская вайна выцеснілі Першую сусветную. Цяпер спахапіліся, але пазнавата: нешта згубілася канчаткова і ўзнавіць немагчыма.

На французскім фрон­це было 20 тысяч рускіх салдат. Асабовы склад 1-й брыгады (ра­зам з запасным батальёнам) па штаце быў вызначаны: 1 генерал, 180 штаб- і обер-афіцэраў і каля 9000 ніжніх чыноў. На кожную роту мелася па адной паходнай кухні.

Брыгада была выдатна абмундзіраваная: мела двайны камплект форменнага адзення і ботаў. Узбраенне і ўсю астатнюю маёмасць атрымалі ў Францыі. Начальнікам 1-й брыгады, а затым і ўсяго Рускага экспедыцыйнага корпуса быў прызначаны генерал-маёр Мікалай Лахвіцкі, Георгіеўскі кавалер. Начальнікам 3-й брыгады – генерал-маёр Уладзімір Марушэўскі.

Агнявы бой. Фота з interneturok.ru.

Агнявы бой. Фота з interneturok.ru.

Славіліся штыкавымі атакамі і разведкай

1-я асобая руская брыгада 16 чэрвеня 1916 года ўвайшла ў склад 4-й Французскай арміі, у 17 корпус. Корпус займаў сектар на ўсход ад горада Рэймса. Участак фронту (18 км траншэй) па лініі Мурмелон – Оберык быў заняты 1-й асобай брыгадай да 16 кастрычніка 1916 года. За гэтыя чатыры месяцы рускія салдаты здабылі сабе трывалую баявую рэпутацыю, яны славіліся штыкавымі атакамі і разведкай.

11 верасня 1916 года – першая вялікая перамога рускіх. Брыгада адбіла наступленне нямецкай дывізіі – на працягу 12 гадзін немцы атакавалі пяць разоў. Але нашы не зрушыліся з месца, а праціўнік панёс важкія страты. За адвагу і смеласць у першыя месяцы баёў Георгіеўскімі медалямі былі ўзнагароджаныя 90 ніжніх чыноў, 50 салдат – Георгіеўскімі крыжамі. Што такі медаль меў і Казімір Шакола, неяк казала Валянціна, яго дачка і мая стрыечная сястра. Але сваімі вачамі я гэту ўзнагароду не бачыў, таму пацвяр­джаць факт не бяруся.

А вось што дзядзьку Казіміру разам з аднапалчанамі давялося не раз бываць у знясільваючых бязлітасных баях, у якіх яны неслі вялікія страты, я помню яшчэ з яго асабістых расказаў падчас першага прыезду да нас у 1956 годзе.

Змаганне ў Шампані

Рускія салдаты змагаліся ў правінцыі Шампань. Са слоў Казіміра, нямецкія пазіцыі былі грунтоўна ўмацаваныя дзясяткамі радоў калючага дроту, які прыкрываў тры лініі акопаў праціўніка. Таму, калі ім быў аддадзены загад аб наступленні і яны пайшлі на штурм умацаванняў, то агонь нямецкіх гарматаў выкасіў амаль увесь першы ланцуг наступаўшых.

Нягледзячы на вялікія страты, атака завяршылася ўзяццем населенага пункта, замацаваннем на захопленых пазіцыях і ўзяццем у палон каля 700 нямецкіх ваенных.

Пазіцыйная вайна на Заходнім фронце сталася да краю стомнай. Вышэйшае камандаванне ўвесь час патрабавала свежых звестак аб праціўніку. Баявыя пошукі, разведкі, кароткія ўдары былі пастаяннай з’явай і трымалі праціўніка ў нервовым напружанні, выклікалі з яго боку шматлікія контратакі і цягнулі за сабой нямала страт. Але рускія салдаты трымаліся стойка.

16 кастрычніка 1916 года 1-я асобая брыгада была адведзеная ў тыл і замененая 3-й асобай брыгадай, якая заставалася там бяззменна да 12 сакавіка 1917 года. Асабовы склад 3-й брыгады праявіў сябе такім жа смелым і адважным, як і вайскоўцы 1-й брыгады. І ўсё ж трэба адзначыць, што свежая замена трапіла ў самае пекла: да артылерыйскіх абстрэлаў і начных вылазак дабавіліся газавыя атакі, менавіта тут, на французскім фронце, пачалося іх масавае прымяненне.

Толькі ў красавіку 1917 года 1 і 3 рускія брыгады разам з саюзнікамі наступалі на Заходнім фронце паміж Рэймсам і Суасонам, рускія палкі страцілі каля шасці тысяч байцоў.
Казіміру Шаколу “пашанцавала” за ўвесь час баёў атрымаць толькі аднойчы лёгкую кантузію, ні разу не быць параненым і застацца жывым.

У чэрвені 1917 года 1-я і 3-я брыгады былі зведзены ў дывізію пад камандаваннем генерала Лахвіцкага, якая месцілася ў французскім лагеры Ля-Курцін.

Водгукі рэвалюцыі для салдатаў у Францыі

Звесткі аб рэвалюцыйных падзеях на Ра­дзіме выклікалі бра­джэнне сярод асабовага складу дывізіі. Ля-Курцін ператварыўся ў маленькую Расію: пача­ліся мітынгі. Абраны салдацкі камітэт прад’явіў камандаванню патрабаванне аб адпраўцы на радзіму. Корпус раздзяліўся: 1-я брыгада цвёрда стаяла за адпраўку ў Расію, 3-я падпарадкавалася загаду прадоўжыць вайну за Францыю. Пад абураныя выкрыкі таварышаў па службе згодныя ваяваць выйшлі з лагера, і ўсе афіцэры. Больш за 9 тысяч непакорных засталіся. Казімір Шакола, вядома, быў у гэтым ліку. Так пачалося паўстанне, якое было жорстка падаўленае.

Калі вайскоўцы з 1-й брыгады адмовіліся падпарадкоўвацца загадам камандавання, стала пытанне аб прымяненні да іх сілы. У гэты час з Расіі для далейшай перадыслакацыі на Балканы прыбыла артылерыйская брыгада генерала Бяляева. З ліку яе добраахвотнікаў сфарміравалі ўдарны атрад, атрымаўшы назву “батальён смерці”.

Быў выдадзены загад аб добраахвотнай здачы мяцежнікаў уладам і аб’яўлены ультыматум, тэрмін якога сышоў ранкам 16 верасня. У 10 гадзін па Ля-Курцін ударыла свая ж артылерыя. За пяць дзён процістаянняў па лагеры было зроблена больш за 500 артылерыйскіх выстралаў. Мяцеж быў падаўлены, каля 8000 чалавек здаліся. Салдат раззброілі і інтэрніравалі, іх пазбавілі ўсіх званняў і чыноў.

Пасля разгрому лагера Рускі экспедыцыйны корпус перастаў існаваць. З дапамогай контррэвалюцыйна настроеных рускіх афіцэраў салдат раздзялілі на тры катэгорыі: 1,5 тысячы, аднесеных да 1-й, працягвалі ваяваць у складзе Французскай арміі. “Рускі легіён чэсці” – названы так за смеласць у баях. Да 2-й – тых, каго выкарыстоўвалі на працах у тыле, у рабочых брыгадах; да 3-й, непаслухмяных, – гэтых ссылалі ў Паўночную Афрыку, фактычна – на катаргу.

Папераджальны знак. Фота з humus.livejournal.com.

Папераджальны знак. Фота з humus.livejournal.com.

Алжыр: салдатаў трымалі за рабоў

Беларус Казімір Шакола ваяваць больш не хацеў. А таму ў ліку некалькіх тысяч рускіх салдат быў этапаваны ў Алжыр, дзе давялося цягнуць лямку паднявольнага рабочага на прадпрыемствах гэтай французскай калоніі.

Сустрэча на алжырскай зямлі аніяк не паходзіла на цёплы прыём, аказаны рускім ваенным у красавіку 1916 года ў Марселі. Іх тут прымалі як злачынцаў, сасланых катаржан.
Цяжкія выпрабаванні выпалі на долю былых расійскіх вайскоўцаў: з першых хвілін знаходжання ў Алжыры рускіх салдат, якія не былі ваеннапалоннымі і яшчэ нядаўна пралівалі кроў за Францыю, бралі на мушку французскія кулямётчыкі.

Баракі, у якіх яны жылі, былі абнесеныя калючым дротам. Іх чакала найцяжэйшая праца ва ўмовах непрывычнага клімату, у тым ліку на вугальных шахтах і свінцовых рудніках. Благое харчаванне ледзьве забяспечвала іх  паўгалоднае існаванне. А яшчэ вельмі нізкі ўзровень медыцынскай дапамогі, жудасная антысанітарыя, жорсткія спагнанні за дысцыплінарныя парушэнні, карцар і турма.

У Алжыры іх трымалі за рабоў.

Спазнаўшы катаржную працу і спадарожныя ёй нястачы, некаторыя салдаты з былога Рускага корпуса запіс­валіся ў замежны полк Мараканскай дывізіі, якая перакідвалася на арэну баявых дзеянняў у Еўропу. Угаворвалі запісацца і Казіміра, але ён рашуча адмовіўся.

Ішоў час, закончыўся 1917 год, яго змяніў 1918, наступіў 1919, за ім 1920... Ужо і белых перамаглі чырвоныя, а ў родных ад сына – ніякіх звестак: прапаў хлапец. Бацькі рашылі, што салдата з вайны ім ужо не дачакацца, бо тэрмін выйшаў, у жывых яго няма, і, як сапраўдныя веруючыя каталікі, заказалі ў касцёле паніхіду за спачын душы Казіміра.

Жнівень 1917. Фота з humus.livejournal.com.

Жнівень 1917. Фота з humus.livejournal.com.

Палонных не прымалі на Радзіму

Шматмесячная драматычная эпапея Казіміра Шаколы працягвалася. Афрыканскія катаржане пача­лі вяртацца на радзіму ў канцы 1919 года. Рускіх салдат дастаўлялі на караблях у Крым. На паўвостраве ў гэты час бушавала грамадзянская вайна, транспарт з былымі палоннымі адмаўляліся прымаць як чырвоныя, так і белыя.

Першыя баяліся, што тыя, каго вярнулі, пяройдуць адразу ў варожы стан, а белыя не хацелі дапусціць папаўнення чырвоных палкоў пабальшавіцку настроенымі салдатамі. Так сталася і з транспартам, на якім знаходзіўся Казімір: пасля няўдалай спробы прыстаць да крымскага берага, карабель адправіўся ў Канстанцінопаль.

Тут рускіх салдат ніхто не чакаў, яны былі вымушаныя далей цярпець неймаверныя нягоды, галадаць і мучыцца ад смагі. Нарэшце, іх зноў пагрузілі на параход і вывезлі ў мора. На гэты раз родны бераг не быў гэткі непрыязны, карабель змог прышвартавацца ў адной з бухт. Змарнелыя пасажыры з цяжкасцю спусціліся на сваю зямлю.

У Армавіры (цяпер  горад у Краснадарскім краі), куды прывезлі з Афрыкі франтавікоў, іх аддалі ў распараджэнне Дзянікіна з прапановай паступіць у добраахвотную армію.

Пасля катэгарычнай адмовы гэтых людзей аб’явілі ваеннапалоннымі і правялі “сартаванне”: некалькіх сы­шоў­шых на бераг былых салдат Рускага корпуса расстралялі, іншых прымусілі несці каравульную службу ў распалажэнні дзянікінскіх часцей. 16 сакавіка 1920 года горад Армавір узяла Чырвоная армія. Пасля адпаведнай “зачысткі” з яе боку большасць “афрыканцаў”, тых, хто прайшоў  праверку, адпусцілі дамоў. Некаторых, хто пага­дзіўся служыць, залічылі байцамі ў штат.

Казіміра Шаколу ў самы разгар тых падзей спасцігла хвароба: яго зваліў брушны тыф. Праз пэўны тэрмін бяспамяцтва і кідання ў трызненні ачуняў у лазарэце, дзе дзякуючы высілкам лекараў, а таксама маладому моцнаму арганізму стаў хутка папраўляцца і ўстаў на ногі.

Афіцэр аглядае мясцовасць. Фота з interneturok.ru.

Афіцэр аглядае мясцовасць. Фота з interneturok.ru.

Падрыхтоўка да вяртання

З боку новых уладаў прэтэнзій да дзядзькі не было, яго лёс нікога не турбаваў – свае праблемы трэба было вырашаць нейкім чынам самому. Але фізічны стан яшчэ не дасягнуў той моцы, каб можна было рашыцца на падарожжа ў далёкую Беларусь праз ахопленыя вайной, голадам і эпідэміямі расійскія бязмежныя прасторы, якія ляжалі ў разбурэнні і запусценні.

Ды яшчэ невядома, як сустрэне свая зямля і ці засталіся ў жывых яго родныя. І грошай жа на дарогу няма дзе ўзяць, як няма і адзення нармальнага: паабнасіўся салдат у акопах, катаржных бараках ды карабельных трумах. І вырашыў Казімір застацца пакуль у Армавіры, тым больш, што тут, на поў­дні, людзям жыць і цяплей, і адносна сытней, знайсці працу, падзарабіць і нармальна апрануцца, а ўжо тады думаць, як быць далей.

Удалося ўладкавацца дворнікам у той самай лякарні, дзе пазбавіўся ад тыфознай хваробы, а пазней паступіў рознарабочым на ватную фабрыку (цяпер “Армавірская фабрыка нятканых матэрыялаў”).

Лістоў дамоў Казімір не пісаў, бо думаў, што вось незадоўга наступіць той момант, калі ён накопіць неабходную суму грошай і сам паедзе на Радзіму. Але ж хутка думка думаецца, а справа... не!

Не ўдалося яму падрыхтавацца да паездкі за цёплым часам, а там і халады падаспелі. А ў наступным годзе з фабрыкі яго ў ліку іншых звольнілі з-за адсутнасці заказаў. І дзядзька доў­гі час быў беспрацоўным, перабіваўся “з хлеба на ваду”. Зарабляў на жыццё пераважна тым, што наймаўся да людзей на нейкія тэрміновыя гаспадарчыя работы.
Больш чым праз год пашанцавала паступіць на работу гаспадарчым рабочым маслабойнага завода па вырабе сланечнікавага алею, дзе акрамя пастаяннай, хоць і невялікай зарплаты ён меў і свой кут у доме барачнага тыпу. З’явіліся перспектывы перамен да лепшага: дзядзька змог забяспечваць мінімальныя патрэбы больш-менш прыстойнага існавання, а таксама пакрыху адкладваць капейчыну на запас.

Дадому не пусцілі

У 1926 годзе Казімір рашыўся выправіцца ў дарогу. Папрасіў на працы водпуск, купіў білет на цягнік і, узяўшы з сабой самыя неабходныя рэчы, рушыў у накірунку Беларусі. Але здзейсніць задуманае да канца не давялося. Не даехаў ён да родных мясцін. Дзесьці на паў­шляху, а мо і раней, яго не прапусцілі праз нейкую мяжу, і дзядзька быў вымушаны вярнуцца ў Армавір.

У гэтым месцы я павінны зрабіць адступленне ад асноўнага тэксту і адносна спробы дзядзькі Казіміра наведаць Лагойшчыну і сказаць наступнае.

Пра забарону Казіміру ў 1926 годзе перасекчы мяжу на яго шляху ў Беларусь мне і Надзі распавядала наша стрыечная сястра, дзядзькава дачка Валянціна. Але якая гэта была мяжа канкрэтна, патлумачыць яна не магла, не мог прасвятліць сітуацыю і сам дзядзька Казімір, калі я ў 1977 годзе папрасіў растлумачыць гэты эпізод.

У той час у Савецкім Саюзе ніякіх жа дзяржаўных межаў паміж састаўнымі часткамі СССР, у тым ліку і БССР, не існавала, і грамадзяне маглі свабодна перамяшчацца па ўсёй тэрыторыі.

Фота з klinci.ru.

Фота з klinci.ru.

Значыць, напрошваецца выснова: гэта магло быць часовае абмежаванне ў сувязі з нейкімі надзвычайнымі мерамі. У 20-х гадах 20 стагоддзя і непасрэдна ў 1926 годзе на шматлікіх тэрыторыях краіны часта ўзнікалі ўспышкі розных эпідэмічных зах­ворванняў, у сувязі з чым праводзіліся неабходныя мерапрыемствы, у тым ліку і са строгімі забаронамі каранціннага характару. І таму, сапраўды магчыма, што Казіміра завярнулі назад на адным з такіх вось пунктаў.

Як бы там ні было, але Казімір Шакола вярнуўся ў Армавір і працягваў працаваць на сваім рабочым месцы. Неўзабаве сустрэў, пасябраваў і ажаніўся з добрай і мілавіднай дзяўчынай-украінкай Дар’яй, якая паходзіла з чачэнскага горада Грозны, і ў іх нарадзілася дачка Валя.

Думкі аб роднай вёсцы на Беларусі неяк паціху адышлі на далёкі план: трэба было забяспечваць сям’ю, гадаваць дзіця, таму Казімір перайшоў на больш прыбытковую работу, калі не памыляюся, на ліцейна-механічны завод. Хутка яны атрымалі пакой у камунальнай кватэры.

Шаколы жылі спакойным ціхім жыццём, стараліся быць у роўных адносінах з усімі людзьмі і нікому не перахо­дзіць дарогу.

Тым больш, што Казіміра неяк выклікалі ў адпаведны кабінет, гаспадар якога парэкамендаваў дзядзьку “пра Рускі экспедыцыйны корпус забыцца, не высоўвацца і не мазоліць вочы”.

Напрыканцы 30-х гадоў сям’я атрымала невялікую двухпакаёвую кватэру ў паўпадвальным памяшканні трохпавярховага дома дарэвалюцыйнай пабудовы, якая стала пастаянным жытлом у Армавіры.

Надзея ў 1958 годзе гасцявала ў дзядзькі і ёй спадабалася ўтульнасць пакояў і адсутнасць сырасці, якая часта бывае ў сутарэннях. Адно крыху засмучала – што праз вокны можна было бачыць толькі ногі  лю­дзей, якія праходзілі міма, а не ўсю постаць.

Новая вайна

Спакойнае ўраўнаважанае жыццё зноў парушыла вайна. Армавір быў пад нямецка-фашысцкай акупацыяй ад 7 жніўня 1942 года да 23 студзеня 1943.

Гітлераўцы за паўгода ператварылі горад у руіны, большасць прадпрыемстваў, жылыя дамы, чыгуначная магістраль былі ўзарваныя і спаленыя, многія загінулі.

Сям’я Казіміра ацалела, не пацярпела і іх кватэра, хаця верхні паверх дома быў часткова разбураны. Пасля вызвалення жыхары, у іх ліку і Шаколы, рашуча аднаўлялі свой горад: адрадзілі заводы і фабрыкі, транспарт, камунікацыі, жыллё.

Ужо ў 1950-х гадах Армавір у асноўным  узнавіў даваеннае і набыў новае аблічча.

Валя Шакола скончыла школу і падала дакументы ў тэхнікум сувязі ў Адэсе.

Валя стала радысткай

Атрымаўшы дыплом, у 1947 годзе ўладкавалася радысткай суднаў далёкага плавання ў Чарнаморскім марскім параходстве Адэсы. Адпрацавала суднарадысткай каля чатырох гадоў, аднойчы нават зведала караблекрушэнне, у выніку чаго яе параход “Падольск” затануў у некалькіх дзясятках міль ад кітайскага берага. Пасля ўвесь час працавала начальніцай пошты Адэскага марскога вакзала.

Падарожнічаючы па інтэрнэце, я выпадкова наткнуўся на нарыс пісьменніка Уладзіміра Каткевіча “Шкілет з капітанскага рундука”, напісаны на падставе ўспамінаў сябра “Сусветнага клуба адэсітаў” былога штурмана “Падольска” Віктара Ула­дзіміравіча Крума пра гэту аварыю. Адной з дзеючых асоб дакументальнага твора з’яўляецца мая стрыечная сястра Валянціна.

Да апісанага ў апавяданні ад сябе дадам наступнае. Расказваючы аб гэтым здарэнні мне і Надзеі, Валянціна казала, што, калі пакідала карабель, ёй прыйшлося  ўжо выхо­дзіць амаль па калені ў вадзе.

Стрыечныя сёстры Надзя і Валя Шаколы. 1958 год. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

Стрыечныя сёстры Надзя і Валя Шаколы. 1958 год. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

Выйшла замуж за марака кітабойнай флатыліі

У Адэсе спярша Валя жыла і на прыватнай плошчы, і ў ведамасных памяшканнях, а ў па­чатку 60-х пабудавала двухпакаёвую кааператыўную кватэру ў новым доме па вуліцы генерала Пятрова, у так званых адэскіх Чаромушках. Там і пражыла ўсе свае наступныя гады. Нейкі час  была замужам за мараком кітабойнай флатыліі “Слава”.

У сям’і нарадзілася дзяўчынка, жыццё якой аказалася нядоўгім: у чатырох-пяцігадовым узросце яна памерла ў выніку ўскладнення прастуднай хваробы. Пасля гэтага ў хуткім часе распаўся і шлюб. Валянціна больш замуж не выходзіла.

Стаў лазеншчыкам

Што тычыцца дзядзькі Казіміра, дык ён, дасягнуўшы ўзросту, у 1955 годзе выйшаў на пенсію і перайшоў на працу лазеншчыкам у армавірскую гарадскую лазню. У гэтым жа годзе рашыўся паехаць на радзіму. Ехаў з трывогай: а ці застане  братоў жывымі? З друку і радыё ён ведаў, якая жорсткая навала прайшлася па родных мясцінах, колькі вёсак разам з жыхарамі спалена і разбурана на Лагойшчыне. А ці ацалелі, ці адрадзіліся Сцюдзянец, Аўгустова, Усяж, Плешчаніцы і іншыя пасяленні, якія захаваліся ў яго памяці?

Па прыездзе трывога змянілася радасцю сустрэч. Браты Амбрук і Гіляр жывыя, пасля вайны адбудаваліся: першы на Усяжы, другі ў Сцюдзянцы. У абодвух – сем’і: дзеці, унукі.

Адным словам, усё нармальна. Шкада толькі, што да малодшага брата Валькі ў Ашмяны цяпер ён не з’ездзіць, бо канчаецца водпуск.

Але на наступны год наведаецца абавязкова. І сапраўды, ужо летам 1956 года мы сардэчна віталіся з Казімірам у нашым ашмянскім доме на Камсамольскай вуліцы, з чаго я і пачаў сваё апавяданне.

Ашмяны, 1958год. Пеця, Надзя, Віця, Казімір, Марыя, Валяр’ян Шаколы. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

Ашмяны, 1958год. Пеця, Надзя, Віця, Казімір, Марыя, Валяр’ян Шаколы. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

Доўгачаканыя сустрэчы

У 1958 годзе Надзея атрымала ў школе водпуск і з’ездзіла ў Адэсу да Валянціны. Праз пару дзён Валя право­дзіла яе на параход да Туапсе, а адтуль ужо цягніком  сястра даехала да Армавіра. Пазнаёмілася з цёткай Дар’яй – жонкай дзядзькі Казіміра, жанчынай душэўнай, гасціннай, добра­зыч­лівай і ветлівай, якая была вельмі рада бачыць Надзю і завіхалася каля яе, шчыра прапануючы нейкія прысмакі і прыгожыя рэчы. Тлумачыла, што яна першы родны чалавек, хто завітаў да іх, а дагэтуль жа нікога не было.

З Армавіра ў Беларусь паехалі разам з дзядзькам. Дамовіліся, што, прыбыўшы ў Ашмяны, возьмуць з сабой нашага бацьку і ўжо ўтраіх паедуць да Амбрука з Гілярам, бо тата ж з імі не бачыўся аж з 1945 года. Так і зрабілі: перадыхнуўшы дзень-другі ў нас, выправіліся на Лагойшчыну. Спачатку – Усяж, а назаўтра выехалі ў Сцюдзянец да Гіляра.

Праз столькі год усе чатыры браты сабраліся разам. Наладзілі застолле, пасядзелі добра: было што ўспомніць і абмеркаваць. Развітаўшыся, раз’ехаліся: Казімір – на Кубань, Надзя з татам – у Ашмяны.

У 1965 годзе памерла Казімірава жонка, цётка Дар’я, і дзядзька пераехаў жыць да дачкі ў Адэсу, у яе кааператыў­ную кватэру.

У 1960-70-х Казімір яшчэ двойчы разам з дачкой Валянцінай прыязджалі да нас у Ашмяны і да Надзі ў Кальчуны. Дзядзьку вельмі спадабаўся На­дзін муж Іосіф, яго ігра на гармоніку, асабліва беларускія мелодыі, якія вярталі Казіміра ў далёкую маладосць, узнаўлялі мілыя сэрцу карціны тых часоў, і ён прасіў Юзіка іграць яшчэ і яшчэ.

Падчас другога наведвання яны сустрэліся і пазнаёміліся з нашай Альбінай, якая ра­зам з мужам і дзецьмі спецыяльна прыехала на тое спатканне з Ленінградскай вобласці.
У далейшым стасункі паміж намі не перарываліся. Абменьваліся лістамі, паштоўкамі, ез­дзілі ў Адэсу і сем’ямі, і паасобку. Часцей за ўсіх у Валянціны з дзядзькам бывалі бацька і брат Віктар. Наш тата ў 70-х гадах суправаджаў гатовую прадукцыю Сольскага гароднінасушыльнага завода, дастаўляў яе вагонамі спажыўцам у розныя пункты Савецкага Саюза. Дык на зваротным шляху стараўся заўсёды адведаць старэйшага брата з пляменніцай.

А Віця колькі разоў па курсоўцы падлечваўся ад дыябету ў Адэсе, у санаторыі імя Горкага, яшчэ завочна заканчваў аспірантуру ў Адэскім дзяржуніверсітэце, і, прыязджаючы на лячэнне ці вучобу, жыў у Валі.

Валянціна Казіміраўна, дзядзька Казімір, Віктар Шаколы. 1980-я, Адэса. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

Валянціна Казіміраўна, дзядзька Казімір, Віктар Шаколы. 1980-я, Адэса. Фота забяспечана Пятром Шаколай.

“Папусік”

Асабіста я быў у Адэсе два разы: у 1977 і 1979 гадах. Дзядзьку было за 80. Калі ў 1977 годзе ён яшчэ хоць крыху, трымаючыся за што-небудзь, імкнуўся стаць на ногі і стараўся зрабіць хоць два-тры крокі па пакоі, то праз год ён ужо не хадзіў і нават не стаяў.

Затое сам еў прыгатаваную і пададзеную дачкой страву, мог самастойна сесці, спусціўшы з ложка ногі ўніз. Але памяць яго ўжо моцна падводзіла, і ён не мог задаволіць мяне адказамі на нейкія канкрэтныя пытанні аб мінулым жыцці і падзеях даўніх часоў. Бягучы ж момант і сучасныя з’явы  Казімір асэнсоўваў нармальна.

Валянціна вельмі любіла свайго бацьку і называла яго па-руску, яны ж былі рускамоўнымі людзьмі, не іначай як “папочка”, “папусик”, як магла найлепш берагла яго здароўе, пры неабходнасці звярталася па дапамогу да добрых знаёмых – дактароў і медсясцёр. Старалася карміць Казіміра толькі свежымі якаснымі харчамі: мяса, мора- і малочныя прадукты набывала ў “сваіх” прадаўцоў, у меню пастаянна была нават чорная ікра.

Так у клопаце і ласцы дзядзька Казімір пражыў трохі больш за 90 год і памёр у другой палове васьмідзесятых. Валянціна сышла ад нас на 64 годзе жыцця ў пачатку 1990-х гадоў.

Заканчваючы нататкі аб лёсе дзядзькі Казіміра Шаколы, хачу сказаць, што гэта ўсяго толькі часцінка звестак аб згубленых у часе тысячах былых салдат Рускага экспедыцыйнага корпуса ў Францыі. Гісторыя Першай сусветнай вайны для пераважнай большасці расіян і беларусаў – забыты і малавядомы перыяд. По­дзвігі і ахвярнасць нашых воінаў у той вайне на доў­гія гады апынуліся ў забыцці.

А сама Першая сусветная, якую ўвесь свет заве Вялікай, была выкрасленая з айчыннай гісторыі, называлася проста імперыялістычнай. Памяць продкаў вымагае ад нас: гісторыя ваенных падзей пачатку мінулага стагоддзя, у якой гераічнае цесна пераплялося з трагічным, павінна быць адноўленая ва ўсёй магчымай паўнаце.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце