Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +11° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +11° Смаргонь
Ашмяны +12° Ашмяны
Валожын +11° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +11° Астравец
Грамадства
1 Астравец
6.08.2016 20:53 ,AЎТАР(Ы): Ігар КАРНЕЙ радыё "Свабода"

"Яшчэ працаваць не пачала, а ўжо развальваецца. Што ж будзе, як дадуць чаду?" – Астравеччына пра сваю АЭС

Фота greenbelarus.info

Фота greenbelarus.info.

Хутка месяц, як на будаўнічай пляцоўцы атамнай электрастанцыі пад Астраўцом у час перасоўвання корпуса рэактара здарылася няштатная сітуацыя – тросы пад’ёмніка не вытрымалі 330-тоннай канструкцыі, і тая бразнулася аб зямлю.

Аднак дагэтуль няма пэўнасці, наколькі сур’ёзнае было гэтае здарэнне і чым яно пагражае.

Нягледзячы на абяцанні прадстаўнікоў расійскага "Росатома" дапусціць на тэрыторыю журналістаў, каб тыя сфатаграфавалі нібыта "пашкоджаную фарбу" і такім чынам супакоілі грамадскасць, нічога з месца не зрушылася.

На ўсіх узроўнях чуваць, што мантажныя працы да заканчэння разбору прыпыненыя, але пытанняў ад гэтага меней не стала. Свабода наведалася на Астравеччыну, каб пагаварыць з мясцовымі жыхарамі.

Першым, хто расказаў пра інцыдэнт з пашкоджаным корпусам рэактара, быў мясцовы дэмакратычны актывіст Мікола Уласевіч. Ён жыве ў старажытных Варнянах, згадкі пра якія сягаюць яшчэ ў канец XIV стагоддзя. Пляцоўка БелАЭС – літаральна за 5 кіламетраў ад колішняга мястэчка, а цяперашняй вёскі, яна відаць як на далоні.

Паводле адукацыі спадар Уласевіч выкладчык геаграфіі. Апроч школы, шмат высілкаў аддаў дзяржаўнай службе: 18 гадоў адпрацаваў старшынём Варнянскага сельсавета, быў дэпутатам Астравецкага райсавета, цяпер – патэнцыйны кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

А каб не ягоная асабістая актыўнасць, ці не паспрабавалі б зацікаўленыя асобы спусціць гісторыю на тармазах?

"Напэўна, спусцілі б, хутчэй за ўсё так,  перакананы спадар Уласевіч. – Бо два тыдні мінулі – і ніякага гуку, ніхто афіцыйна нічога не прызнаў, думалі, пранесла. Хоць, па сутнасці, увесь Астравец поўніўся гэтымі чуткамі. Пра тое, што здарылася надзвычайная сітуацыя, я дазнаўся літаральна на наступны дзень, 10 ліпеня.

Праўда, не зусім давяраў той інфармацыі, дакладней, баяўся ўляпацца, каб не абвінавацілі, што распускаю плёткі – усе ведаюць, што я даўні і паслядоўны апанент гэтай будоўлі.

Толькі пасля таго, як гэты факт мне пацвердзілі не меней за 10 крыніц, нічога не заставалася рабіць, як яго агучыць".

Як удакладняе спадар Уласевіч, сістэматызаваць інфармацыю дапамагла ягоная кампанія дзеля вылучэння ў дэпутаты. Пікеты па зборы подпісаў пад сцягамі Аб’яднанай грамадзянскай партыі прыцягвалі ўвагу, а многія з цікаўных, як потым выявілася, былі непасрэднымі сведкамі здарэння:

"Да пікетаў падыходзілі не толькі мясцовыя, а і шмат вахтавікоў, якія прыехалі з іншых месцаў Беларусі. Таксама хацелі падпісацца, але гэта ж не прэзідэнцкія выбары, забаронена. Дык вось расказвалі пра той выпадак.

Не буду хаваць, я іх правакаваў, яны нават у спрэчку са мной уступалі: маўляў, што ты нам кажаш, мы ж самі ўсё гэта бачылі! Але трэба разумець: ніхто да мяне спецыяльна не прыбягаў, каб нешта расказаць. Проста людзі гаварылі такім тонам, што гэта звычайная будзённасць, як быццам гэта ўсім вядома, адзін толькі я такі недаверлівы – слухаю і яшчэ задаю дурныя пытанні, што, можа, усё было зусім не так".

Выбіраемся з Міколам Уласевічам бліжэй да Бабраўнікаў – гэтая вёска акурат пасярэдзіне паміж Варнянамі і пляцоўкай БелАЭС. Адсюль да аб’екта, на месцы якога сцяной стаяў велічны лес, кіламетры два. Хутары, якія перашкаджалі будоўлі, пазносілі. Некаторыя гаспадары абачліва аформілі дакументы ў БРТІ і цяпер чакаюць кампенсацыі.

Недалёка ад новай дарогі, адмыслова пракладзенай пад будаўнічыя патрэбы, цялятнік. Быкі, пабачыўшы падвозчыка Эдуарда Маліцкага, адчуваюць набліжэнне абеду і дружна падаюць голас.

 "Чуў нешта, але ж ніхто толкам нічога не кажа, – ківае ў бок станцыі спадар Маліцкі. – Мы ж мала што ведаем, хто туды ходзіць? Адзінае, з нашай вёскі хлапец працуе на атамцы, у расійскай фірме, сусед мой. Не ведаю, ці бачыў ён што сам, ці потым пачуў, але казаў, так. Іх жа там тысячы працуюць. Але адзін аднаму расказалі – і ўсё, пайшло, справа такая.

Наогул хадзілі чуткі, што збіраліся толькі патрэніравацца да генеральнай устаноўкі, а тут такое здарылася. Ну, а як нічога цяпер не атрымліваецца, то будзе другі Чарнобыль..."

Ягоны малады напарнік сумняваецца, што АЭС пасля гэтага запусцяць увогуле:

"Самі мяркуйце: яшчэ працаваць не пачала, а ўжо развальваецца, а што ж будзе, калі дадуць чаду?" – выкрыквае з цемры цялятніка хлапец, спрытна ўпраўляючыся з віламі.

Паводле сабраных з наваколля чутак, выглядае, што корпус рэктара прывезлі на Астравецкую пляцоўку яшчэ перад Новым годам. Нарэшце надышоў час мантажу, і будаўнікі захацелі загаддзя пераканацца, што падчас генеральнай устаноўкі ўсё пойдзе ў адпаведнасці са сцэнарам. Але ўсё пайшло накасяк...

Пераяжджаем у Шульнікі. Адсюль станцыя выглядае як цэлы горад – нездарма займае амаль паўсотні гектараў. Паўнеба над гарызонтам закрываюць так званыя градзірні – ахаладжальныя канструкцыі:

"Найперш бачым два смертаносныя кратэры, якія будуць вылучаць нябачную смерць, – паказвае Мікола Уласевіч на круглыя трубы-градзірні. – Звярніце таксама ўвагу на два чорныя рэактарныя аддзелы. Гэта таксама непасрэдныя носьбіты нябачнай смерці, якая напоўніць наша наваколле.

Як бачым, будоўля ідзе, хоць нас і запэўнівалі, што яна будзе не такая актыўная. Але па тым, як хутка расце другая градзірня, другое рэактарнае аддзяленне ды іншая інфраструктура, можна меркаваць, што пасля надзвычайнага здарэння працэс ані не затармазіўся".

Тэрыторыя атамнай станцыі ўзмоцнена ахоўваецца. Каб не тое што трапіць туды, а проста спыніцца ў "непаложаным месцы", патрабуецца цэлы пакет дазволаў. Тым не меней да вучэбна-трэніровачнага цэнтра даехаў без наступстваў, з паркоўкі ўдаецца зрабіць некалькі здымкаў.

Праз дарогу ад сучаснага будынка са шкла і бетону – аб’ект, нязменны ў сваёй сутнасці ад пачатку калектывізацыі. Сціплы і відавочна самаробны дарожны знак – "цагліна" на дарозе да цялятніка не ратуе ад спецыфічных пахаў. Яшчэ адна спроба знаёмства з мясцовымі антаганістамі белых каўнерыкаў.

Яніну Сасновіч даганяю па дарозе з лесу – вяртаецца з грыбоў. Кажа, што да будоўлі ўжо прызвычаілася. Раз-пораз з іншымі пенсіянэркамі выбіраецца пасядзець на лавачцы да будынку вучэбна-трэніровачнага цэнтра ды паглядзець на "гарадскіх".

Як і іншыя, паўтараецца, што ніхто з жыхарамі вёскі ні пра што не раіўся, прыехалі і пачалі будаваць. Праўда, нейкія людзі прыходзілі, казалі, што неўзабаве давядзецца з'ехаць, але апошнім часам іх не турбуюць.

Увогуле склалася ўражанне, што толькі адзінкі разглядаюць атамную станцыю як пытанне жыцця і смерці. Бальшыня звыкла адмахваецца дзяжурнымі фразамі – мы людзі маленькія, ёсць начальнікі.

Найбольш радыкальнай з усіх, з кім удалося паразмаўляць на Астравеччыне, аказалася 83-гадовая Юлія Лукша. Кажа, што каб была магчымасць выказаць сваё меркаванне, адназначна сказала б "не":

"Апроч непрыемнасцяў, нічога гэтая станцыя не прынясе. Нам з дзедам ужо ўсё роўна, а маладых шкада..."– кажа жанчына.

Расказвае, што на будоўлі працуюць яе сын і ўнук. Абодва жывуць у Астраўцы, кожную раніцу іх арганізавана прывозяць аўтобусамі на аб’ект. Сын – прафесійны зваршчык, толькі і жыў чаканнем пенсіі, а цяпер казалася, што яна адсунулася яшчэ на тры гады.

З яе слоў, праца на АЭС вельмі цяжкая, а плацяць капейкі. Некалькі гадоў таму заробак быў на тым жа ўзроўні, як у камандзіраваных расейцаў, і як на цяперашнія часы гэта былі вялікія сумы – 10-12 мільёнаў рублёў старымі. А цяпер – як ва ўсіх, 4 мільёны.

Пры гэтым, кажа жанчына, на працы трэба быць ужо а 7-й раніцы, а дадому ў лепшым выпадку вяртаюцца а 8-й вечара.

"Гробіць сваё здароўе за такія грошы – ну дзе тут які розум? Паспаць – і зноў на працу, якое гэта жыццё?" – кажа суразмоўніца.

За бліжэйшым пагоркам хаваецца яшчэ адна вёска – Газа. Настаўніца-пенсіянерка Ніна Казак напаўжартам кажа, што станцыя хоць яшчэ і не запрацавала, а ўжо можна эканоміць на электрычнасці – адтуль навокал разліваецца такое святло, што ўначы можна чытаць газету:

"Паколькі працы ўначы не спыняюцца, падсветка працуе да самай раніцы", – тлумачыць яна. Праўда, больш ніякіх выгодаў ад такога суседства вяскоўцы не адчуваюць.

Перад адыходам да сну заціснутая вёскамі БелАЭС заўважна сціхае – персанал з'яжджае ў суседні Астравец. Тут за некалькі гадоў паўстала некалькі мікрараёнаў для замежнікаў і іншагародніх спецыялістаў.

У больш сучасных апартаментах атабарыліся атамшчыкі з Расіі і ў невялікай колькасці – з Украіны, "панэлькі" выкарыстоўваюцца як інтэрнаты для вахтавікоў. На паркоўках і ў горадзе ўжо звыклая рэч – аўтамабілі з расійскімі нумарамі.

З некаторымі ў адной кампаніі – дакладней, у лазні – бачыцца яшчэ адзін тутэйшы актывіст, кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Іван Крук. З ім сустракаемся якраз каля аднаго з такіх арандаваных дамоў, на прыпынку, адкуль штораніцы выпраўляюцца аўтобусы з персаналам і будаўнікамі.

Спадар Крук пачынае з таго, што з планамі на ўзвядзенне атамнай станцыі пачаў расці і Астравец – праз 2–3 гады колькасць насельніцтва падвоіцца, перавысіўшы 20 тысяч чалавек. Праўда, прычынай не рэзкае падвышэнне нараджальнасці, а прыток новых жыльцоў.

Пакрысе пачала відазмяняцца інфраструктура: пад попыт з'явілася некалькі "злачных месцаў", арыентаваных найперш на гасцей з Расіі – тут яны "адрываюцца" пасля напружанай працы. Дарэчы, бліжэйшы ад мікрараёну лясок хацелі ператварыць у зону адпачынку, але з-за кантынгенту заўсёднікаў зрабіць гэта праблематычна – у выхадныя тут бясконцы канвеер шумных пікнікоў.

Пра інцыдэнт у ноч на 10 ліпеня расейцы гавораць неахвотна, бо іх папярэдзілі аб неразгалошванні службовай таямніцы.

Але паказальна, што цяпер на тэрыторыю АЭС забаронена ўваходзіць з мабільнымі тэлефонамі, каб пазбегнуць несанкцыянаваных фатаздымкаў.

Новыя знаёмцы Івана Крука, асабліва з ліку ўкраінцаў, наракаюць, што апошнім часам назіраецца радыкальны падзел на тых, хто атрымлівае заробак з расійскага бюджэту – і з беларускага. Розніца ў шэрагу выпадкаў даходзіць да 10 разоў. З гэтай прычыны шмат спецыялістаў вярнуліся назад ва Украіну – няма сэнсу працаваць за мізэрныя грошы.

Раз-пораз узнікае тэма бяспекі БелАЭС. Адзін з адмыслоўцаў у размове са спадаром Круком нават не хаваў, што гарантыі поўнай бяспекі не можа даць ніхто. Пасля ахалоджвання рэктара ўнутры градзірні будзе распырсквацца кіпень, які мае ўласцівасць выпарвацца і трапляць у атмасферу.

І як ні спрабуй пераарыентаваць радыёактыўную ваду ў прыёмныя "каўшы", узяць працэс пад татальны кантроль нерэальна.

 

 

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
15.06.2017 01:07
Александр / Вот все эти интервью с людьми, который понятия не имеют о чем говорят. В градирне разбрызгивается чистая вода. Вода первого контура (в реакторе) радиоактивная и с водой второго контура (пар на турбины), а тем более третьего контура, о которой и идет речь , никаким образом не соприкасается.
Дадаць каментар
Новае на сайце