Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Гісторыя
1 Валожын
25.09.2016 19:15 ,AЎТАР(Ы): Уладзімір ПУЧКОЎ, навуковы супрацоўнік Валожынскага раённага краязнаўчага музея

Чаму Валожын быў еўрапейскім цэнтрам іудзейскай адукацыі (Частка 1)

Фота з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава.

Фота большага памеру.

За сваю больш чым 600-гадовую гісторыю Валожын быў зусім розным па сваім этнічным складзе – літоўскім, поль­скім, яўрэйскім, беларускім.

Першыя сотні гадоў сваёй гісторыі ён быў заселены пераважна этнічнымі літоў­цамі-язычнікамі. Хрысціянскую, рымска-каталіцкую веру тут прымалі ў канцы 14 – пачатку 15 стагоддзя, пасля Крэў­скай уніі.

Першы ўладальнік Валожына – Манівід

Валожын і Крэва (язычніцкая сталіца Літвы) знаходзяцца побач. Першым уладальнікам Валожына ад 1407 года быў літоўскі баярын Манівід, у хрышчэнні Войцех Альберт Кайлікіновіч. Яго ўнук пабудаваў у 1475 годзе першы хрысціянскі храм – касцёл.

Пра літоўскае насельніцтва Валожына  ў 16 стагоддзі сведчыць і тое, што віленскі біскуп Войцех Табар (сам прадстаўнік літоўскага шляхецкага роду) у 1507 годзе прасіў пашукаць і накіраваць у 28 парафій ВКЛ святароў, якія валодаюць літоўскай мовай. У гэтым спісе былі названыя Валожын, Маладзечна, Радашкавічы. Аднак аб гэтым матэрыяле я хацеў бы спыніцца на яўрэйскай старонцы гісторыі Валожына.

Першы раз Валожын быў разрабаваны і спалены ў 1519 годзе войскамі Вялікага князя маскоўскага Васілія ІІІ Іванавіча падчас вайны 1512 – 1522 гадоў. Наступны раз – у 1535-м, падчас Старадубскай вайны ВКЛ і Вялікага княства Маскоўскага.

Эпідэмія антысемітызму

У другой палове 14 стагоддзя па ўсёй Еўропе прайшла не толькі эпідэмія чумы, але і эпідэмія страшнага антысемітызму. Яўрэяў бязлітасна рэзалі, палілі, тапілі. У 14-15 стагоддзях, асабліва ў канцы 15 і пачатку 16-га, эміграцыя яўрэяў з нямецкіх гарадоў у Польшчу, Літву і Беларусь была сапраўды масавай. Сюды эмігравалі не толькі заможныя яўрэі, але і сярэдняя і бедная яўрэйская маса. У ВКЛ ашкеназы (ад Ашкеназ – Германія) стварылі асобую этнаграфічную групу сярод яўрэяў Еўропы – літвакоў. У іх узнік свой паўночна-ўсходні дыялект мовы ідыш, свае асобныя рысы быту, традыцыі.

Буйныя землеўладальнікі заступаліся за яўрэяў, якія з 16 стагоддзя сяліліся ў іх маёнтках. Ад 1567 года Валожын – уласнасць канцлера ВКЛ Мікалая Ра­дзівіла Рудога. Менавіта пры ім у Валожыне селяцца першыя яўрэі.

Карта-схема Валожына 1930-х гадоў.

Супольная форма самакіравання яўрэяў – кагал

Першыя пахаванні на яўрэйскіх могілках у Валожыне адносяцца да сярэдзіны 16 стагоддзя. Да гэтага перыяду ў яўрэяў афармляецца свая супольная форма самакіравання – кагал, і гэта канчаткова ізалявала яўрэяў ад карэннага насельніцтва.

агалы адказвалі за збор падаткаў з усёй суполкі і выконвалі адміністрацыйныя функцыі. Першай і вышэйшай службовай асобай кагалу  і яго духоўным кіраўніком з’яўляўся рабін.

Ад 1551 года Валожын атрымоўвае статус мястэчка ў Віленскім павеце Віленскага ваяводства. Пасля адміністратыўнай рэформы 1565 – 1566 гадоў Валожын адносіцца да Ашмянскага павета Віленскага ваяводства.

Мястэчка – гэта паселішча паўгарадскога тыпу з перавагай яўрэйскага насельніцтва. У яўрэйскім ужытку паняцце “мястэчка” таксама падразумявала своеасаблівасць быту яўрэйства, яго рэлігійна-культурную адасобленасць і духоўна-сацыяльную аўтаномію суполкі. Маленькія мястэчкі называлі памяншальна штэтэле. Валожын і ёсць штэтэле, ці штэтл.

Аўтар Уладзімір Пучкоў.

Аўтар Уладзімір Пучкоў.

У другой палове 16 – першай палове 17 стагоддзя ў Рэчы Паспалітай разгарнулася антысеміцкая кампанія. У шмат якіх гарадах прайшлі яўрэйскія праграмы. Яны адзначалі канец “залатога веку” літоўскага яўрэйства.

Незлічоныя бедствы валожынскім яўрэям прынеслі маскоўскія войскі ваяводы Я.Чаркаскага ў 1655 годзе падчас бязлітаснай вайны 1654 – 1667 гадоў паміж Масквой і Рэччу Паспалітай.

У другой палове 16 стагоддзя ў Валожыне раз на тыдзень прахо­дзілі кірмашы па продажы сельскагаспадарчых і рамесніцкіх тавараў.

У пачатку 17 стагоддзя мястэчка Валожын – гэта рыначная плошча і тры вуліцы, якія ішлі ад яе – Віленская, Смаргонская, Менская. У 1690 годзе мястэчка налічвала 83 двары.

У канцы 17 – пачатку 18 стагоддзя – цэнтр староства. У чарговы раз Валожын разрабаваны і спалены шведскімі войскамі Карла ХІІ у 1708 го­дзе. Але ён зноў паўстае з попелу. Ужо ў наступным дзесяцігоддзі ў Валожыне 107 двароў, 5 вуліц – Віленская, Смаргонская, Менская, Крывая, Тыльная.

Ад 1738 года Валожын – уласнасць Чартарыйскіх. Па дадзеных інвентару 1740 года, у Валожыне 139 двароў, з іх яўрэйскіх – 36 (26 працэнтаў). Некаторыя з валожынскіх яўрэяў займаліся сельскай гаспадаркай. Напрыклад, Шмуйло Якубовіч Дубінскі меў у карыстанні 5 моргаў сенакосных і 4 моргі аромных, г.зн. пашы. На ўсе 36 яўрэйскіх дамоў ў мястэчку прыходзілася каля 14 моргаў аромных і каля 16 моргаў сенакосных. Аднак галоўнымі спосабамі зарабляння сродкаў у валожынскіх яўрэяў былі гандаль і рамяство. Сярод яўрэяў былі краўцы, гарбары, кавалі, шаўцы, майстры па апрацоўцы бронзы, фарбавальшчыкі, цесляры, шапачнікі, рымары, мылавары, цырульнікі, бляхары і іншыя.   

Гандлёвая плошча Валожына. Здымак 1918 года. У правым вугле плошчы двухпавярховы будынак з балконам –  сінагога Клейна. Ад гэтага будынка захаваўся толькі першы паверх. Сёння ў ім знаходзіцца магазін “Гасцінец”. Фотаздымак з калекцыі Уладзіміра Ліхадзедава.


Згодна з перапісам 1766 года, у Валожыне ў кагале былі 383 яўрэі. У 1772 годзе ў Валожыне ўжо 174 двары. З іх яўрэскіх – 44 (25,3 працэнта). У 1790 годзе ў мястэчку ўжо 186 двароў.

Ад 1795 года тэрыторыя Валожына ўжо ў складзе Расійскай імперыі. Узнікае “рыса пастаяннай яўрэйскай аседласці”, якая ўстанавіла рэзкую мяжу паміж яўрэямі і іншым насельніцтвам. У межах гэтай рысы дазвалялася пастаянна жыць яўрэям толькі ў мястэчках і гарадах, але не ў сельскай мясцовасці. Новае заканадаўства ўзмацніла дэнацыяналізацыю беларускіх мястэчак і гарадоў. Яно прывяло да іх перанасялення яўрэйскай беднатой.

“Залаты век” валожынскіх яўрэяў

У 1803 годзе ў Валожыне жыло 2446 чалавек. У гэтым годзе ўласнікам Валожына становіцца граф Іосіф Тышкевіч. Менавіта першая палова 19 стагоддзя дзякуючы яму становіцца “залатым векам” валожынскіх яўрэяў. Пры ім у 1809 го­дзе граф заключыў з валожынскім кагалам дамову, якая гарантавала ім некаторыя правы і ўстанаўлівала прымальныя памеры падаткаў.

У інтарэсах яўрэяў сяляне мястэчка абавязаныя былі прадаваць свае тавары і купляць усё неабходнае толькі ў самым мястэчку.

Вельмі выгаднымі для яўрэяў былі наступныя палажэнні дагавора: “...усе пляцы (зямельныя ўчасткі), якімі валодалі яўрэі, а таксама дамы, саладоўні, вінакурні, лаўкі, якія на іх знаходзіліся, адным словам, усялякага роду будыніны, як існуючыя, так і тыя, якія маглі пабудавацца, павінны лічыцца поў­най ўласнасцю яўрэяў і іх нашчадкаў. За гэта яны абавязаныя плаціць штогод чынш (грашовы падатак)”. Ад чыншу вызваляліся месцы, якія займалі сінагога, іешыва, шпіталь, лазні, могілкі.

Яўрэям давалася права гандляваць усім, утрымліваць бойні і корчмы, гандляваць чарачным продажам спіртнога. Дазвалялася ўсе спіртныя напоі купляць оптам і прадаваць.

Карацей, рабіць усё, каб палепшыць свой быт без усялякай перашкоды з боку дваровага кіравання, вядома, па законе, аднак з унясеннем вызначанай платы па інструктарыю.

Воінская павіннасць для яўрэяў

У сярэдзіне 20-х гадоў 19 стагоддзя ў правячых кругах Расійскай імперыі саспеў своеасаблівы план: выправіць яўрэяў шляхам прыцягнення іх да адбывання воінскай павіннасці, якая да таго замянялася грашовым падаткам. Такі ўказ быў падпісаны 26 жніўня 1827 года. Ён адразу ж устанавіў павышаную норму ваеннага прызыву для яўрэяў.

Калі ў хрысціян бралі ў армію па сем рэкрутаў з тысячы чалавек, і раз у два гады, то ў яўрэяў сталі браць па дзесяць рэкрутаў з тысячы чалавек штогод. У адрозненне ад іншых, яўрэяў прызывалі ў армію не з 18, а з 12 гадоў. Малалетніх – ад 12 да 18 – накіроўвалі ў батальёны і ў школы кантаністаў “для падрыхтоўкі да ваеннай службы”. Гады знаходжання ў кантаністах не залічвалі ў армейскі тэрмін.

У пачатку 19 стагоддзя Валожын ужо вядомы як цэнтр гандлю. Тут право­дзіліся чатыры кірмашы ў год, штотыднёвыя базары па нядзелях і чацвяргах.

Па звестках за 1833 год, у Валожыне налічваліся тры лаўкі, дзве карчмы, 20 піцейных дамоў.

Судовыя разборкі цягнуліся 20 гадоў

У 1840 годзе ўнук Іосіфа, Ян Тышкевіч, забараніў валожынскім яўрэям будаваць у мястэчку новыя і рамантаваць старыя дамы, занятыя пад продаж спіртных напояў.

У 1842 годзе валожынскія яўрэі падалі скаргу на дзеянні новага ўладальніка. Па­чалася судовая цяжба, якая доўжылася больш за 20 гадоў. Урэшце справа адносна спрэчкі графа Тышкевіча з яўрэямі мястэчка Валожын паступіла на разгляд Сената ў Санкт-Пецярбург. Яна была на сем тамоў аб’ёмам каля трох тысяч лістоў. Нягледзячы на адмену некаторых палажэнняў дагавора 1809 года, у цэлым яўрэі справу выйгралі.

Калі ў 1847 годзе з 302 двароў мястэчка Валожын 132 двары (44 %) былі яўрэйскімі, то ў 1880 годзе з 3175 жыхароў Валожына 2310 – яўрэі (73 %). Яшчэ па законе 1839 года яўрэі страцілі пасады бургамістраў, гарадскіх кіраўнікоў, членаў слоўных суднаў, ратманаў паліцыі, інш. Яны маглі складаць не больш за трэць ліку членаў дадзеных устаноў.

Двухпавярховы мураваны дом на Гандлёвай плошчы Валожына належаў Хаіму Валожынеру, заснавальніку Валожынскай йешывы. Пабудаваны графам Іосіфам Тышкевічам у пачатку 19 стагоддзя. Здымак 1930-х гадоў. Будынак не захаваўся. Сёння на гэтым месцы размешчаны будынак раённай бібліятэкі.


Фактычна ўсе мяшчане Валожына – яўрэі. Таму расійскія ўлады ў Валожыне не маглі выканаць норму закона 1839 года аб тым, што органы мяшчанскага самакіравання павінны на 2/3 складацца з хрысціян. У 1884 годзе на пасаду мяшчанскага старосты быў выбраны Іцка Брудны, а яго памочнікам – Моўша Клейн.

У 1900 годзе Віленскі губернатар у чарговы раз прасіў вышэйстаячыя інстанцыі зацвер­дзіць на пасаду мяшчанскага старосты і членаў мяшчанскай управы яўрэяў, бо “...валожынскае мяшчанскае таварыства складаецца выключна з яўрэяў, і мяшчан-хрысціян зусім няма”.

“Часовыя правілы”

У 1882 годзе быў апублікаваны шэраг антыяўрэйскіх прадпісанняў рускага ўрада, якія атрымалі назву “Часовыя правілы”. Згодна з імі, яўрэям забаранялася сяліцца ў сельскай мясцовасці, набываць нерухомую маёмасць не ў мястэчкай і гарадах і арандаваць зямельныя ўгоддзі, гандляваць у нядзелю і ў хрысціянскія святы. “Часовыя правілы” пазбаўлялі сродкаў існавання значную колькасць яўрэяў, асноўным заняткам якіх быў дробны гандаль у вёсках рысы аседласці.

У 1903 годзе было прынятае рашэнне дазволіць яўрэям жыць у 101 вёсцы, якія сталі фактычна мястэчкам. Да пачатку Першай сусветнай вайны было 300 такіх “вёсак”, мястэчак.

Сусветную вядомасць Валожын набыў дзякуючы ешыботу. І амаль паўтара стагоддзя ён быў цэнтрам еўрапейскай ­іудзейскай адукацыі.  

Ён ствараўся як бар’ер на шляху распаўсюджвання сярод яўрэйскай моладзі асобага цячэння ў іудаізме – хасідызму.

Хасідызм – гэта вучэнне, якое прапаведавала, што рабінская “вучонасць” і захоўванне шматлікіх рытуальных рэлігійных правілаў у сучасным свеце яўрэям патрэбныя. Рабін Хаім Валожынер у сваім ешыбоце ўстанавіў новы метад выкладання Талмуда, які быў заснаваны Эліяху бен Шлома Залманам, Віленскім Гаонам. Сутнасць яго – аналіз тэксту і разуменне яго звычайнага  значэння.

Заснаванне ешыбота і навучанне ў ім

Паводле падання, ешыбот быў заснаваны па даручэнні Гаона, хоць ён быў створаны ў 1803 годзе, праз некалькі год пасля яго смерці. У гэты час у Вільні ўжо існавалі два ешыботы, аднак рабін Хаім вырашыў заснаваць новы. Магчыма таму, каб выйсці з-пад уплыву віленскай супольнай адміністрацыі, якая пакутавала на ўнутраныя разлады, і самае галоўнае, каб арганізаваць вывучэнне Талмуда ў адпаведнасці са сваімі ўласнымі поглядамі.

Ён быў супраць таго, каб вучні ешыбота жылі ў сем’ях, за межамі ешыбота. Не хацеў дапускаць, каб яны траплялі пад уплыў знешняга асяроддзя. Для гэтага ўзяў на сябе забеспячэнне вучняў сродкамі да існавання. Для збору іх ён звярнуўся да яўрэйскіх суполак. У выніку Валожынскі ешыбот стаў не проста мясцовай навучальнай установай, а прадпрыемствам усёй літоўскай абшчыны (міснагдым) і прататыпам усіх літоўскіх ешыботаў, заснаваных пасля гэтага.

Навучанне ў Валожынскім ешыбоце па­чыналася з 10 вучняў, аднак вельмі хутка ён набыў вядомасць сярод яўрэйскага насельніцтва.

Яго сталі настолькі высока цаніць, што ваенны губернатар Віленскага краю ў 1812 годзе выдаў рабі Хаіму дакумент для абароны – загад усім вайсковым часцям расійскай арміі абараняць яго і студэнтаў і аказваць ім усялякую дапамогу. Тады там было ўжо 100 вучняў. Да гэтага часу ў Валожыне быў пабудаваны драўляны будынак ешыбота. Асноўныя лекцыі чыталі сам рабі Хаім, яго зяць рабі Гілель, рабін Гродна, а таксама яго сын рабі Іцхак.

Пасля смерці рабі Хаіма ў 1821 яго сын рабі Іцхак стаў кіраўніком ешыбота. Прыкладна ў гэты ж час (1824) расійскія ўлады вырашылі яго зачыніць. Але, нягледзячы на афіцыйны загад, які забараняў яго існаванне, ешыбот працягваў функцыянаваць і пашырацца. Колькасць вучняў узрасла да 200, і былі пабудаваныя новыя будынкі.

Валожынскі ешыбот стаў адным з асноўных яўрэйскіх устаноў мікалаеўскай Расіі. Кіраўнік Валожынскага ешыбота разглядаўся ў гэты час расійскімі ўладамі як адзін з лідараў яўрэйства ўсёй Расійскай імперыі.

Чаму Валожын быў еўрапейскім цэнтрам іудзейскай адукацыі (Частка 2)

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
26.09.2016 04:49
Андрей Агеев / Однако! Порадовали! Давно не читал с таким интересом! К некоторым местам ( датам ) возвращался несколько раз.! И ещё раз перечитаю! Может что нибудь упустил! Сколько раз проезжал мимо Воложина ( я сам из Лиды ) , знал о богатой истории этого места но, только благодаря Вам узнал так подробно! Буду с нетерпением ждать продолжения! Здоровья и успехов Вам! С уважением Агеев Андрей Олегович. Лида- Chicago.
Дадаць каментар
Новае на сайце