Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Эканоміка
1 Вілейка
27.10.2016 16:12 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

18 тысяч еўра на развіццё вёскі: Крывасельскі сельсавет на Вілейшчыне атрымаў грант

Фота fiorella - LiveJournal.

Вы думаеце, што крутыя праекты можна зладзіць толькі ў горадзе? А вось і не. Ёсць праекты, што распрацоўваюцца адмыслова для вёскі. Адзін з іх – “Пашырэнне эканамічных магчымасцяў для сельскай Беларусі”.

Сёлета на Вілейшчыне ў Крывасельскім сельсавеце якраз і распачалі такі праект. З дапамогай вілейскага таварыства “ЗОВіК” і яго кіраўніка Таццяны Цітуленкі сельсавет вайграў грант ад таварыства “Новая Еўразія” на развіццё ўласнай тэрыторыі.

Старшыня сельскага выканкама Ірына Супрановіч расказала, што на грант прэтэндавалі 30 сельскіх тэрыторый. Менавіта столькі заявак падалі ў “Новую Еўразію”. Арганізатары абралі 12 лепшых. І сярод іх была тэрыторыя Крывасельскага сельсавета.

Ужо летам эксперты прыязджалі ў Крывое Сяло. Яны гутарылі з мясцовымі жыхарамі. Высвятлялі, якія магчымасці ёсць тут для развіцця вёскі. Пыталіся, якой бачаць у будучым сваю тэрыторыю мясцовыя жыхары і сельскія ўлады.

Турызм, людзі і гаспадарка – гэта наш патэнцыял

У выніку эксперты палічылі, што Крывасельскі сельсавет мае вельмі добры патэнцыял. Гэта людзі і турыстычныя аб’екты. Прывабіць можа маляўнічае ўзбярэжжа вадасховішча, цікавыя храмы ў Рабуні і Касуце.

 Яшчэ адзін моцны бок –  асабістыя гаспадаркі вяскоўцаў. Іх пакуль і вырашылі развіваць з дапамогай грантаўскіх грошай і з падтрымкай экспертаў.

Ужо праводзіліся першыя навучальныя семінары. Наперадзе – навучанне трусагадоўлі і экалагічнаму земляробству.

Эксперты разам з жыхарамі і ўладамі сельсавета вырашылі стварыць кааператыў, дзе будуць гадаваць авечак, трусоў і свойскіх птушак.

– У нас у сельсавеце ёсць мужчына, які гадуе каля 300 свойскіх птушак.  – распавяла Ірына Супрановіч. – У яго некалькі відаў курэй.  Многія з іх незвычайныя. За некаторымі ён нават ездзіў на выставу ў Маскву. Там адно яйко 10 долараў каштуе. Яшчэ ў яго ёсць качкі і гусі. Плануе разводзіць фазанаў.

А іншы гаспадар, расказала старшыня, гадуе толькі курэй. Але іх каля сотні.

Шмат хто з жыхароў разводзіць трусоў. Трусінае мяса заўсёды добра купляюць. Ужо цяпер на яго ёсць попыт. А кааператыў, лічыць старшыня сельсавета, дасць яшчэ больш магчымасцяў рэалізаваць прадукты з уласнай гаспадаркі.

У некаторых вёсках у людзей становіцца менш кароў. Усе прадукты можна цяпер купіць у магазіне. У нас жа ёсць людзі, якія трымаюць па дзве, а то і па тры каровы, кажа Ірына Супрановіч.

У Крывым Сяле, напрыклад, 375 жыхароў. На іх – 42 каровы. Гэта і так нямала. Калі ж створаць кааператыў, у людзей будзе яшчэ большы стымул працаваць.

Усталююць білборд, каб прывабіць турыстаў

Для ўласных гаспадарак набудуць інкубатар, машынку для стрыжкі авечак, яйкі для развядзення элітных курэй і гранулятар – прыстасаванне для таго, каб гатаваць корм трусам.

Ужо купілі невялікі трактар. Да яго набудуць касілку і прычэп. Гэта ўсё трэба для таго, каб падтрымліваць у парадку тэрыторыю сельсавета. А тэрыторыя немаленькая – 44 населеныя пункты.

Акрамя таго тут праходзяць тры трасы. Уздоўж іх усіх трэба касіць. Таксама можна будзе аказваць паслугі непрацаздольным жыхарам сельсавета.

Большасць людзей, зацікаўленых праектам, маюць асноўную працу. Аднак дзейнасць кааператыва стане крыніцай дадатковага прыбытку, магчымасцю павысіць дабрабыт сельскіх сямей.

Асабліва Ірыну Супрановіч цешыць тое, што ў межах праекта зробяць вялікі каляровы білборд. На ім размесцяць карту Крывасельскага сельсавета з пазначэннем усіх забаўляльных, культурных, турыстычных аб’ектаў.

 Білборд усталююць дзе-небудзь на ўездзе на тэрыторыю сельсавета. Можа, у Сосенцы. Там заўжды бойкі рух, бо праходзіць траса Мінск-Мядзел.

– Магчыма, хтосьці будзе ехаць па дарозе, убачыць білборд і захоча завярнуць у нашы мясціны, – спадзяецца Ірына Супрановіч.

Тэрмін, адведзены на арганізацыю праекта, 9 месяцаў. Ужо ў чэрвені наступнага года ў сельсавеце павінны будуць паказаць, як яны выкарысталі атрыманыя грошы.

 А выдзелілі на праект 18 000 еўра.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
28.10.2016 17:27
Алена / Ці хопіць на ўсе няшчасных 18 тысяч еўра?
Дадаць каментар
Новае на сайце