Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +11° Маладзечна
Вілейка +11° Вілейка
Смаргонь +11° Смаргонь
Ашмяны +11° Ашмяны
Валожын +11° Валожын
Мядзел +11° Мядзел
Астравец +11° Астравец
Грамадства
10.01.2017 14:50 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Львоў – горад, дзе ў кавярні вас паб’юць бізуном (Фота)

Ля адной з львоўскіх кавярняў стаіць помнік вынаходніку газавай лямпы. У самой кавярні знаходзіцца цэлая калекцыя газавых лямп, іх тут каля 200

Ля адной з львоўскіх кавярняў стаіць помнік вынаходніку газавай лямпы. У самой кавярні знаходзіцца цэлая калекцыя газавых лямп, іх тут каля 200.

Збіраючыся ў Львоў, я неаднаразова чула папярэджанні ад сваіх знаёмых, што, маўляў, ва Украіне цяпер усё блага: за рускую мову на вуліцах могуць пабіць, гарачай вады там няма ўжо даўно, а ўсіх, хто прыязджае, цягнуць на майдан. 

Вядома, я не верыла, адмахвалася і смяялася. Але калі ў першы дзень прабывання ў Львове нам насустрач па галоўнай вуліцы горада стала рухацца калона танкаў і іншай ваеннай тэхнікі, калі тут жа побач ішлі ваенныя з аўтаматамі, якія выкрыквалі “Слава Украіне!”, смяяцца перахацелася.

Гэта потым нам патлумачылі мясцовыя жыхары, што ў гэты дзень краіна святкавала Дзень Узброеных Сіл Украіны, таму на цэнтральнай вуліцы праходзіў вайсковы парад.

Але пра вайну ў гора­дзе гавораць шмат, маладыя мужчыны ў ваеннай форме трапляюцца сярод мінакоў часта.

А ў астатнім гэты старажытны і велічны горад жыве сваім жыццём, рыхтуецца да Новага года, гасцінна прымае турыстаў і перабояў з гарачай вадой сваім шматлікім гасцям не чыніць.

Таму калі напярэдадні Новага года ў вас вызваліцца некалькі дзён, то вы можаце правесці іх у Львове.

Дабрацца да гэтага месца можна за адну ноч.

Па няцотных днях туды ходзіць цягнік Магілёў-Львоў. Білет, калі вы са­дзіцеся ў плацкарт у Мінску, вам будзе каштаваць  65 рублёў у адзін бок.

Гэты тэкст ні ў якім разе не прэтэндуе на гід па горадзе. Я наўрад ці вам параю наведаць самыя вядомыя львоўскія славутасці або нейкія музеі, якіх тут безліч. Я толькі хачу падзяліцца сваімі асабістымі ўражаннямі. І, калі вы трапіце ў гэты горад, магчыма, успомніце: “О, я пра гэта ў “РГ” чытаў, трэба зайсці”, я буду ведаць, што тэкст пісаўся недарма.

Спытайцеся ў любога чалавека, якога сустрэнеце ў Львове, чым адметны гэты горад. Упэўненая, што большая колькасць вашых рэспандэнтаў назаве львоўскі шакалад і каву.

Што датычыцца кавы, то ў Львове ўпэўненыя: яе здабываюць з-пад зямлі. Пра гэта вы даведаецеся ў кавярні “Капальня кавы”. Там вам прапануюць апрануць каску і спусціцца ў шахту, дзе ёсць руднік, адкуль шахцёры здабываюць зерне кавы, якое адразу дастаўляецца наверх, мелецца і адразу заварваецца ў кубачак, горнятко, як кажуць ва Украіне.

Знаходзіцца гэта кавярня ў самым цэнтры, так што вы яе не абміняце, бо пах кавы ў любым выпадку прывядзе вас сюды.

Да таго часу, пакуль вы пяройдзеце да дэсерту ў выглядзе львоўскага шакаладу, раю зазірнуць ў кавярню “Крыівка”. Адрас у яе такі: “Недзе на плошчы “Рынак”. Чаму недакладна? Таму, што гэта месца львоўскіх партызанаў. Каб зайсці ў гэту рэстарацыю, трэба ведаць пароль “Слава Украіне” і адказаць на яго: “Героям Слава”. Але калі ў вас раптам прызнаюць маскаля, то вам давядзецца пераконваць ахоўнікаў, напрыклад, выкананнем песні на ўкраінскай мове.

Адзінае, што месца гэта цалкам турыстычнае, мясцовыя туды не ходзяць, ды і пароль не мяняецца даўно. Ніякай інтрыгі.

А вось калі вы жадаеце вострых уражанняў, то раю наведаць “Мазах-кафэ”.

Такая вам скажу кавярня ў духу мазахізму. І афіцыянткі выглядаюць адпаведна. Што трэба ведаць пра гэту кавярню, дык тое, што тут лупцуюць бізуном без папярэ­джання. Проста падыдзе афіцыянтка і перацягне праз спіну бізуном. Не, у нас такога дакладна нідзе няма.

Але ні ў якім разе не падумайце, што на гэтым цікавыя кавярні ў Львове заканчваюцца. Не, тут куды ні пайдзі, паўсюль легенды, гісторыя, цікавінкі.

А вось майстэрня шакаладу раўнадушным не пакіне нават тых, хто не любіць шакалад. А ёсць такія, хто не любіць шакалад?

Тут, у майстэрні, можна і пакаштаваць гарачы шакалад, і ўбачыць, як з яго гатуецца розная смаката. Гатункаў шакаладу – безліч. Ідэй для падарункаў – яшчэ больш. Шакалад з рознымі дадаткамі, з пажаданнямі, прадказаннямі… Усе ўмовы, каб, як гаварылася ў адным украінскім мульціку, абажрацца і памерці маладым.

А для душы, вядома, трэба пагуляць па цэнтры, падняцца на Высокі Замак, убачыць Лысую Гару. І абавязкова зазірнуць… на могілкі. Лычакаўскія могілкі – гэта вядомае, надзвычай прыгожае і таямнічае месца ў Львове. Тут пахавана шмат вядомых асоб, але помнікі і капліцы, якія вы ўбачыце тут, – гэта асаблівыя творы мастацтва. Уваход на могілкі платны.

Як і павінна быць, пра гэта месца складзена шмат легендаў.

Напрыклад, на магільнай пліце вядомага публіцыста Яраслава Галана, вядомага сваімі заўзятымі антырэлігійнымі  сачыненнямі, пасля таго, як пройдзе дождж, выразна праступаюць контуры хрысціянскага крыжа.

Яшчэ адна легенда апавядае пра тое, што некаторыя каменныя статуі плакальшчыц, размешчаныя на магілах, сапраўды плачуць. Аднак заўважыць гэты цуд можна толькі раніцай, пакуль не высахла раса. Тлумачыцца дадзеная метамарфоза тым, што раней скульптары стваралі сістэму непрыкметных жалабкоў у камені, па якіх назапашаная за ноч раса ці  дажджавая вада, магла выцякаць з адмыслова праробленых адтулін у месцы вачэй статуй.

А львоўскія студэнты прыходзяць на Лычакаў­скія могілкі за зямлёй з магілы Мікалая Чарнецкага.

Падчас студэнцкіх сесій магілу гэтага грэка-каталіцкага біскупа даводзіцца падсыпаць некалькі разоў.

Студэнты вераць, што пакутнік, чые астанкі перапахавалі ў 1960-х гадах, дапаможа паспяхова здаць экзамен, а зямля на яго магіле мае цуда­дзейную сілу.

У трамваі, праезд у якім, дарэчы, каштуе два грыўны (12 капеек па-нашаму), мне адна дзяўчына сказала, што прыехаць у Львоў і не пабываць у Карпатах, значыць, у Львове і не быць.

Відаць, давядзецца зноў вяртацца туды, бо ў горы я так і не патрапіла.

Таму жадаю вам планаваць свой адпачынак так, каб потым з гонарам прызнавацца: “Я сапраўды быў у Львове!”

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце