Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +8° Маладзечна
Вілейка +7° Вілейка
Смаргонь +8° Смаргонь
Ашмяны +8° Ашмяны
Валожын +8° Валожын
Мядзел +7° Мядзел
Астравец +8° Астравец
Грамадства
Смаргонь
4.01.2017 09:53 ,AЎТАР(Ы): Паводле Нашай Нівы

Пяць фактаў пра новага галоўнага пагранічніка Анатоля Лапо

Фота belta.by.

Напярэдадні Новага года Аляксандр Лукашэнка зрабіў шэраг кадравых прызначэнняў. Адно з іх датычылася сілавога блоку. У адстаўку па ўзросце быў адпраўлены кіраўнік Памежнага камітэта, 67-гадовы Леанід Мальцаў. Спадар Мальцаў вайсковец і да Памежнага камітэта да 2013 года не меў ніякага дачынення. Яго адправілі ў пагранцы, калі з працай не справіўся Аляксандр Боечка. Цяпер Мальцаў перадаў свае абавязкі Анатолю Лапо, які да апошняга часу быў намеснікам у камітэце.

Родам з вёскі, але ў дзяцінстве пераехаў у Магілёў

Анатоль Лапо нарадзіўся ў 1963 годзе ў вёсцы Кулакоўка Бялыніцкага раёна. На сёння гэта ўжо зусім малое паселішча ў некалькі двароў. А некалі тут нават была свая школа. У ёй працавала маці Анатоля Лапо, выкладала мовы, яна па адукацыі філолаг. Бацька быў кіроўцам у калгасе.

Некалі прозвішча Лапо насіла ледзь не 50% вяскоўцаў, пры гэтым далёка не ўсе яны паміж сабой сваякі. Прыкладна ў 1973-74 сям’я з’ехала ў Магілёў. Анатоль быў першынцам у сям’і, потым з'явіліся яшчэ двое дзяцей. Брат Вячаслаў не так даўно памёр ад раку. А сястра Ларыса жыве з сям’ёй ў Бялынічах. У раённым цэнтры таксама жывуць бацькі Анатоля Лапо.

"Канешне, абрадаваўся, калі пабачыў па тэлевізары, што яго прызначылі. Вельмі ён да бацькі падобны",  расказаў аднавясковец.

"Выключна добры хлопец",  адрэкамендавала свайго колішняга вучня настаўніца матэматыкі Тамара Валюжэніч.

Мяжа ў Батумі, вучоба пад Масквой

У адным з інтэрв’ю Анатоль Лапо ўзгадваў, што жыццёвы шлях абраў падчас тэрміновай службы ў войску. Ён трапіў на мяжу ў Батумі. І менавіта з мяжой вырашыў звязаць свой далейшы лёс.

У 1986 годзе ён сканчвае Галіцынскае вышэйшае пагранічнае вайскова-палітычнае вучылішча КГБ СССР імя Варашылава пад Масквой. Сёння гэтая ўстанова носіць назву Пагранічны інстытут ФСБ Расіі. Справа ў тым, што ў савецкія часы памежнікі падпарадкоўваліся "чэкістам", такая самая структура захаваная ў сённяшняй Расіі. А вось у Беларусі пагранцы выведзеныя ў сваё самастойнае ведамства.

Па сканчэнні вучобы ён працягвае служыць у Закаўказскай пагранічнай акрузе, даслужваецца да начальніка пагранічнай заставы. Магчыма, узляцеў бы яшчэ вышэй, але акурат у гэты час спыняе сваё існаванне СССР. Лапо ўдзельнічаў у вывадзе савецкіх войскаў з Азербайджана. Узгадваў той час як адзін самых складаных у жыцці.

Чым ганарыўся на службе ў Смаргоні?

Анатоль Лапо ад 1992 нязменна працаваў у Смаргонскім памежным атрадзе. У 2004 годзе стаў камандзірам атрада. Як сваё дасягненне Лапо называў тое, што пры ім праверка дакументаў у сярэднім стала доўжыцца 1,5-2 хвіліны на чалавека. А яшчэ Лапо вельмі ганарыўся першым у краіне кіналагічным цэнтрам.

Фота nn.by.

Фота nn.by.

У 2001 годзе Анатоль Лапо скончыў Акадэмію федэральнай пагранічнай службы Расіі. Калі глянуць біяграфіі іншых кіраўнікоў Памежнага камітэта, то амаль усе яны сканчвалі ВНУ па ўсіх абшарах экс-СССР (Расія, Латвія, Украіна), але не ў Беларусі. Бо ў савецкі час проста не існавала ў БССР сваёй профільнай установы для навучання памежнікаў. Толькі ў 1993 годзе быў створаны факультэт Пагранічных войскаў пры Мінскім вайсковым вучылішчы, пазней пры Вайсковай акадэміі, а ў 2010-м створаны незалежны Інстытут пагранічнай службы. Фактычна, выходзіць, што яго выпускнікі яшчэ не паспелі даслужыцца да высокіх званняў.

Анатоль Лапо – другі кіраўнік Смаргонскага пагранатрада, які ўзначаліў Памежны камітэт. Першым быў Васіль Маркоўкін, які ўзначальваў ведамства ад 1994 да 1996.

Генерал-маёр і чэмпіён па плаванні

У лютым 2010 года Анатолю Лапо надалі званне генерал-маёр. Разам з ім такія самыя пагоны атрымаў, напрыклад, намеснік старшыні КДБ Іван Церцель, таксама выхадзец з пагранічнікаў.

У 2014 годзе Лапо прызначылі намеснікам кіраўніка Памежнага камітэта. Гэта праца, якая не вымагае шмат публічнасці. Час ад часу ён з’яўляўся на прысягах пагранічнікаў, адкрыццях памятных знакаў.

На сайце Памежнага камітэта ёсць яшчэ адна цікавая навіна пра Анатоля Лапо. У 2011 годзе ён стаў чэмпіёнам Пагранкамітэта па плаванні ў сваёй узроставай катэгорыі. Агулам у тых спаборніцтвах бралі ўдзел 83% супрацоўнікаў камітэта.

Дачка гадуе хаскі

У Смаргоні Анатоль Лапо жыў на вуліцы Леніна. Яго дочкі хадзілі ў блізкую школу №5. Вользе Лапо 30 гадоў. Яна скончыла Маскоўскі новы юрыдычны інстытут, але не ў Расіі, а аддзяленне ў Мінску, якое знаходзілася на вуліцы Калектарнай.

Мой дарагі татуля. Так падпісала здымак Вольга Лапо. Фота vk.com.

Мой дарагі татуля. Так падпісала здымак Вольга Лапо. Фота vk.com.

Укантакце адразу па прызначэнні бацькі на высокую пасаду Вольга змяніла сваё прозвішча на "Іванова", аднак забылася прыбраць здымкі з бацькам. Таксама ёсць некалькі ў пагранічнай форме, праўда, яшчэ старога ўзору.

Настасся Лапо з мужам. Фота nn.by.

Настасся Лапо з мужам. Фота nn.by.

Настасся меншая дачка, ёй 24 гады. Яна скончыла Лінгвістычны ўніверсітэт. Замужам таксама за ўраджэнцам Смаргоні. Яе муж займаецца развядзеннем сабак, у прыватнасці хаскі. Старонкі і Насты, і яе мужа заваленыя фотаздымкамі з сабакамі. Відавочна, сям’я надта любіць гэтых жывёлінак.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце