Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
29.12.2016 13:05 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

“Жыццё працягваецца – гэта найбольш правільны адказ на тэракты”. Ураджэнка Маладзечна, якая жыве ў Германіі, каментуе тэракт у Берліне

Ганна Баканоўская

Ганна Баканоўская.

Тэракт на калядным кірмашы ў цэнтры Берліна, які адбыўся 19 снежня, чарговы раз  ускалыхнуў спакой у Еўропе. У выніку 12 чалавек загінулі, 48 пацярпелі.

Аб тым, як нямецкае грамадства адрэагавала на трагічную падзею, распавядае Ганна Баканоўская, маладзечанка, якая жыве ў нямецкім горадзе Карл­с­руэ.

– Мы жывём  на захадзе Германіі, на мяжы з Францыяй. Таму тэракт не закрануў непасрэдна нас. Карлсруэ – невялікі горад, у ім каля 300 тысяч жыхароў, цяжка параўноўваць яго з Берлінам. Але гэта сталіца былой зямлі Бадэн, своеасаблівы мясцовы цэнтр.

Таму, з аднаго боку, людзі хвалююцца за бяспеку, а з іншага, супакойваюць сябе тым, што мы правінцыя.

Фота rfi.fr.

Фота rfi.fr.

У цэлым, на маю думку, рэакцыя краіны была ці не занадта спакойнай. Мяркую, што падобнага ўжо даўно чакалі і баяліся. Ад пачатку крызісу з уцекачамі вельмі востра паўстала пытанне бяспекі ўнутры краіны. Але спачатку ў пэўнай часткі насельніцтва і палітыкаў быў трохі наіўны погляд на праблему. Разумелі, што яна існуе, але нічога не рабілі, бо не хацелі нагнятаць абстаноўку.

Я лічу, што гэта было вялікай памылкай. Цяпер пра гэта пачынаюць казаць буйныя палітыкі з кааліцыі Меркель, але для гэтага спатрэбіліся шматлікія чалавечыя ахвяры.

Асаблівых пераменаў ў грамадстве, звязаных з гэтым тэрактам, я не назіраю. Перамены пачаліся раней, разам з крызісам уцекачоў: усё больш людзей не давярае кіраўніцтву Меркель, гэта было бачна ў выніках галасавання на выбарах у зямельныя парламенты. У гэтым сэнсе немцы вельмі адрозніваюцца ад французаў: яны не выходзяць на вуліцы пратэставаць.

Фота namenitka.ru.

Фота namenitka.ru.

Таму і рэакцыя была не такой, як у Францыі пасля тэрактаў у Парыжы або Ніцы. Але была вялікая імша ў саборы на месцы трагедыі, у якой бралі ўдзел палітыкі і вядомыя людзі, былі акцыі салідарнасці ў Берліне. У Карлсруэ таксама была акцыя  за талерантнасць.

У горадзе павялічаная колькасць паліцэйскіх. На вакзалах яны патрулююць сумесна з аховай парадку на чыгунцы.

Вядома, тэракт паў­плываў на перадкалядны настрой, гэта адчуваеш у размовах з сябрамі і калегамі. Але жыццё працягваецца, людзі купляюць падарункі, крамы поўныя, – як заў­сёды перад святамі. Мне падаецца, гэта найбольш правільны адказ на тэракты.

Бо тэма тэрактаў – не ахвяры, а страх у грамадстве.

Спадзяюся, кіраўніцтва зробіць правільныя высновы, каб умацаваць бяспеку і прадухіліць далейшую бескантрольную плынь нелегальных эмігрантаў.

Як адбылася трагедыя

Як паведамляюць інфармацыйныя агенцтвы, тэракт адбыўся вечарам 19 снежня. Фура ўехала ў натоўп людзей на калядным кірмашы ў Берліне.

Кіроўца, прабіўшы гандлёвы рад, збег з месца здарэння. З-за сутыкнення загінула 11 чалавек, каля 50 атрымалі раненні.

Адказнасць за трагедыю ўзяла на сябе “Ісламская дзяржава”.

Адзін з падазраваных быў забіты падчас перастрэлкі з паліцэйскімі ў Італіі.

Журналісты высветлілі храналогію падзей. Падазраваны ў тэрарызме захапіў фуру польскага кіроўцы Лукаша Урбана.

Вядома, што ў момант тэракта ён быў на пасажырскім сядзенні, і быў яшчэ жывы. Эксперты мяркуюць, што ён спрабаваў перашкодзіць злачынцу, у кабіне ёсць сляды барацьбы. Калі б не Лукаш, колькасць ахвяр магла б быць значна большай. Яго знайшлі ў кабіне мёртвым.

У следства ёсць падазраваны. У 2011 годзе ён прыехаў у Італію як бежанец з Туніса. Пры гэтым у Тунісе быў асу­джаны на пяць год за разбой. Італія спрабавала яго дэпартаваць, але Туніс адмовіўся прымаць. Летась ён выйшаў на свабоду і прыехаў у Германію, назваўшы сябе бежанцам з Егіпта.

Фота politobzor.net.

Фота politobzor.net.

Сёлета ў чэрвені Германія вынесла рашэнне аб яго дэпартацыі, але Туніс адмовіўся прымаць яго як свайго грамадзяніна, і дэпартацыя зацягнулася.

Канцлер ФРГ Ангела Меркель паведаміла: “Будзе гаротна для ўсіх нас, калі пацвердзіцца, што злачынца быў бежанцам… Гэта асабліва прыкра на фоне таго, што многія немцы прысвяцілі сябе дапамозе бежанцам”.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце