Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +20° Маладзечна
Вілейка +20° Вілейка
Смаргонь +20° Смаргонь
Ашмяны +20° Ашмяны
Валожын +20° Валожын
Мядзел +20° Мядзел
Астравец +20° Астравец
Здарэнні
Ашмяны
19.01.2017 11:32 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Фуры з кветкамі не пускалі без хабару: бізнесмен расказаў аб справе ашмянскіх мытнікаў

Артур Тураеў на першым плане. Фота tut.by

Артур Тураеў на першым плане. Фота tut.by.

– Грошы я плаціў за бесперашкодны праход аўтамабіляў,  – заявіў падчас пасяджэння літоўскі бізнесмен Артур Тураеў.

У Мінскім абласным судзе працягваюць разглядаць справу ашмянскіх мытнікаў. За тое, каб машыны Тураева "паскорана" перасякалі пункт пропуску "Каменны Лог", яго фірма заплаціла каля 70 тысяч долараў.

Артура Тураева абвінавачваюць у дачы хабару паўторна або ў буйным памеры. Максімальнае пакараньне па гэтым артыкуле – да сямі гадоў пазбаўлення волі. Сваю віну бізнесмен цалкам прызнае і кажа, што супрацоўнічае са следствам. Перад допытам удакладняе: акрамя Ігара Высоцкага, якога ведае як былога супрацоўніка "Каменнага Лога", ні з кім з тых, хто праходзіць па справе, не знаёмы. Ігар Высоцкі, нагадаем, таксама адзін з абвінавачаных па гучнай справе, быў начальнікам аддзела мытнага афармлення.

Да затрымання Артур Тураеў жыў у Вільні. У 2007 годзе пачаў займацца лагістыкай і экспедыцыяй, працаваў у Еўрасаюзе. У 2008-м адкрыў прадстаўніцтва ў Расіі: перавозіў грузы ў Еўропу і СНД. У пачатку 2013 года паспрабаваў вазіць кветкі. Маршруты, зразумела, ішлі праз Беларусь.

– Першыя пяць месяцаў усё было добра, а потым сталі ўзнікаць праблемы на мяжы, – успамінае Артур Тураеў. – Аўтамабілі доўга стаялі ў чэргах, іх адпраўлялі на дагляд, ўскрывалі, выгружалі. У выніку затрымкі даходзілі да чатырох дзён. Для жывых кветак гэта крытычна. Кліенты выстаўлялі прэтэнзіі за спазненні і сапсаваны тавар.

З-за сітуацыі, якая склалася за год бізнесмен недалічыўся каля 400 тысяч еўра прыбытку. Тады ж вадзіцелі фірмы сталі перадаваць: маўляў, кветкавыя машыны іншых арганізацый перасякаюць "Каменны Лог" без лішніх допытаў і даглядаў.

Кіроўцы давялі да мяне інфармацыю, што на гэтым пункце пропуску існуе платная дарога

Кіроўцы давялі да мяне інфармацыю, што на гэтым пункце пропуску існуе платная дарога, – працягвае абвінавачаны. – Як я зразумеў, хто-небудзь з супрацоўнікаў мытні ім сказаў: каб фура ішла без затрымак, трэба плаціць.

Пра тое, што мытня просіць грошай, Артур тут жа папярэдзіў атрымальнікаў тавараў. Адказ быў такім: вырашай пытанні самастойна, інакш сыйдзем да іншых перавозчыкаў.

Вясной 2013-га ў офісе Тураева з'явіўся нейкі літовец. Сваё імя ён не назваў, затое прапанаваў вырашыць усе пытанні на мытні. Расцэнкі – 350-450 даляраў за фуру. Бізнесмен адмовіўся.

– Мае машыны і так ідуць без парушэнняў, я не бачу сэнсу плаціць, – абурыўся тады Артур. – Я вырашыў не плаціць і адправіў машыны праз пункт пропуску "Катлоўка". Але аднаго з кіроўцаў спынілі і без якіх-небудзь перадумоў вярнулі назад. З сабой ён прывёз нумар нейкага Пятра. Гэты чалавек, патлумачылі яму, працуе на мытні. Каб разабрацца ва ўзніклай праблеме, мне трэба з ім звязацца.

Абвінавачаны адзначыў, што вырашаць за яго пытанне з мытняй яму прапаноўвалі і іншыя людзі. Адзін з іх, напрыклад, нават прадставіўся былым супрацоўнікам УУС ў Ашмянах.

Таксама падчас пасяджэння Артур Тураеў распавёў, як пазнаёміўся з Ігарам Высоцкім. Здарылася гэта ў верасні 2013 года, калі бізнесмен ехаў у Маскву на кветкавую выставу.

– На мяжы да мяне прычапіўся інспектар мытні, – успамінаў Артур. – Я так разумею, гэта быў памочнік Высоцкага. Стаў цікавіцца, чаму я вязу так шмат атрыбутыкі. Папярэдзіў, што ў любы момант можа мяне загарнуць. Але калі я паведаміў, што еду на выставу кветак, ён памяняўся з твару. Папрасіў пастаяць каля машыны.

Праз нейкі час інспектар праводзіў Тураева ў кабінет. Там сядзеў Ігар Высоцкі. Тут жа Высоцкі прапанаваў бізнесмену абмяняцца тэлефонамі. Так бы мовіць, "на ўсялякі выпадак".

 – Гэта цяпер я разумею, што ў той момант Высоцкі злавіў чарговага  кветачніка, – іранізуе абвінавачаны. – У канцы года Высоцкі мне патэлефанаваў і прапанаваў сустрэцца. Мы дамовіліся, калі я буду ехаць транзітам праз Беларусь, убачымся ў Ашмянах на запраўцы.

Пры сустрэчы Высоцкі паведаміў, што звольніўся, але ў яго вялікі досвед працы ў сферы мытнага кантролю. Ведае, як паскорыць перавоз грузаў праз мяжу. І прапанаваў Тураеву за ўзнагароджанне вырашаць праблемы, з якімі той сутыкаецца на мяжы. 

– Цяпер я разумею, праблемы ствараліся штучна, – працягнуў Тураеў. – Ён сказаў: я павінны быў ужо зразумець, што мяжа кантралюецца. А ён мае сувязі з усімі мытнікамі аж да генералаў.

За машыну ён прасіў 350-450 долараў. Пазней цана ўпала да 150-250 долараў. За гэтыя грошы фуры, якія належалі фірме Тураева, павінны былі паскорана перасякаць мяжу.

Прамога вымагальніцтва не было, але мне было больш выгадна працаваць з Высоцкім, чым плаціць страты

– Я вырашыў, што Высоцкі можа дамовіцца і мне асабіста не прыйдзецца плаціць грошы супрацоўнікам мытні, – тлумачыць бізнесмен. – Думаў, плаціць яму як прадстаўніку фірмы. На той момант я не меркаваў, што грошы будуць прадастаўлены супрацоўнікам мытні. Па меншай меры ён мне пра гэта не паведамляў.

Абвінавачаны удакладніў, што спрабаваў адпраўляць машыны праз іншыя пункты пропуску. Там іх разварочвалі на поўны дагляд, а некаторыя і зусім – дадому. 

– І мне нічога не заставалася, як пачаць плаціць, – падвёў вынік Тураеў.

– У вас вымагалі хабар? – перапытаў суддзя.

– Прамога вымагання не было, але мне было больш выгадна працаваць з Высоцкім, чым плаціць страты.

Пры сустрэчы Тураеў дамовіўся з Высоцкім, што паведаміць яму нумар супрацоўніка Пятра. З ім Ігар і павінен быў кантактаваць. Працавалі так: супрацоўнік Тураева дасылаў на мабільны Высоцкаму нумары машын іх фірмы, далей Высоцкі з усім разбіраўся.

 – Праблем стала менш? – пацікавіўся суддзя.

– Амаль не стала.

За грашыма Высоцкі прыязджаў у Літву сам ці ж фірма перадавала яму іх праз кіроўцаў. За час супрацоўніцтва па распараджэнні Тураева Высоцкаму заплацілі каля 70 тысяч долараў. Па падліках бізнесмена, гэтыя грошы яго фірма перадала за пропуск каля 180 машын. Па дадзеных абвінавачвання, машын было звыш 400.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце