Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +1° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +1° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Культура
Астравец
29.01.2017 19:19 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Учынак года-2016 Адам Мальдзіс. Раней схаваная праўда пра дзяцей Караткевіча, як японцаў завезлі не на тую магілу Гашкевіча

Аляксандр Манцэвіч уручае ўзнагароду Адаму Мальдзісу

Аляксандр Манцэвіч уручае ўзнагароду Адаму Мальдзісу. Фота Зоі Хруцкай.

Калі мы паведамілі Адаму Мальдзісу, што збіраемся прыехаць уручыць узнагароду конкурсу "Асоба года - 2016", яму давялося добра падумаць, каб выдзеліць час. У свае 84 гады ў прафесара столькі працы, што ён толькі і марыць, калі “схаваецца на Астравеччыне і дапіша свае кнігі”.

Кватэра навукоўцы месціцца ў адной са шматпавярховак у Мінску на першым паверсе. Сцены занятыя стэлажамі з кнігамі, іх упрыгожваюць рэдкія творы мастацтва. Пра гэта мы раскажам пазней.

Прафесара Мальдзіса рэдакцыя адзначыла сёлета ў межах конкурсу “Асоба года”, назваўшы пераможцам у намінацыі “Учынак года-2016”. Галоўны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Аляксандр Манцэвіч сказаў, што пазіцыю прафесара па абароне ад знішчэння ў Астраўцы каралеўскіх дубоў рэдакцыя палічыла сапраўдным учынкам. А навукоўца адказаў, што ў Астраўцы гэтую справу ўчынкам не палічылі.

– Спалохаліся, бо хочуць цэлы мікрараён. Я калі даваў інтэрв’ю, пракансультаваўся з супрацоўніцай батанічнага сада, якая займаецца захаваннем старых пасадак. Гэта не проста дубы, а каралеўскія. Хто ж не хацеў бы ў сваім двары мець такое дрэва?

Чаму хоча вярнуцца на радзіму, тлумачыць так:

– Мяне тут толькі лянівы не эксплуатуе. Раней, калі ў “Голасе Радзімы” сядзеў, 20 званкоў за дзень – і работы няма. У Мінску Мальдзісаў пяцёра: я, сыны Яраслаў і Алег, і два ўнукі. Ёсць і ўнучка. Але ўсе мужчыны-Мальдзісы ходзяць без гаспадыняк. Кажуць: “Год Пеўня, трэба ісці ў атакі”.

Адказваю: “Якія атакі? Не. Трэба шукаць курачак”, – усміхаецца Адам Восіпавіч.

Прафесар садзіцца на крэсла ў сваім кабінеце, спінай да акна, і распавядае, што гэта не проста акно, а з гісторыяй.

Пра шклянку першаку: ці вып’е стограмоўку

– Вось кабінет, у які робяцца падкопы з боку вуліцы з-за Уладзіміра Караткевіча. Тут жа побач былі не гэтыя могілкі, а Старажоўскі рынак. А часам бывала так: ну, не хочацца калгаснікам плаціць грошы за ўезд. Прыязджалі і былі пад акном. Аднойчы сяджу за гэтым пісьмовым сталом і гля­джу: там распіваюць з гарла. Мне неяк стала іх шкада. Іду ў буфет. Мая жонка, ужо нябожчыца, яшчэ спала.

Узяў стограмоўкі і працягваю ім. І далей працую.

Яны вярнулі шклянкі і адну працягваюць поўную, а паміж сабой спрачаліся: вып’е ён ці не вып’е. А быў пяршак, моцны! Выпіў, падзякаваў і пайшоў на кухню снедаць.

А жанчыны ж ведаюць, ёсць у хаце што выпіць ці не. Я заходжу такі вясёленькі – усё ж стограмоўка першаку. Марыя не разумее: адкуль?! Я тлумачу: так і так.

Партрэт жонкі.

Партрэт жонкі.

А Караткевіч жыў па вуліцы Веры Харужай, недалёка. І калі яшчэ не было тэлефонаў, мы з ім “пераміргваліся” святлом. Я запалю, значыць, прыходзь. Жонка пра мой аповед кажа: “Ну, гэта мусіць цябе Караткевіч навучыў фантазіраваць. Ты ж прыхаваў, і мне не сказаў”. Кажу, чаго ж мне прыдумляць, каб сам прынёс, то ўжо ўчора вечарам і выпіў бы.

Пісьменніца Людміла Рублеўская гэты факт ведала, і ўставіла гэтае акно ў спіс “10 літаратурных мясцін Мінска”. Пасля бачу, што нешта капаюць пад гэтым акном. Кажу Рублеўскай, што, мусіць, гэта вы навялі на мяне. Так што гэты кабінет у нейкім сэнсе гістарычны.

Пра Караткевіча: “Яму кідаліся ў абдымкі!”

Пра Уладзіміра Караткевіча прафесар расказвае, як пра лепшага сябра, якога моцна не хапае.

– Караткевіч спачатку жыў з маці, быў халасцяком стойкім. Ну, як халасцяком. Калі б сабраць усіх жанчын, якія кахалі яго і каго кахаў ён, атрымаўся б кангрэс. Яму кідаліся ў абдымкі! Дарэчы, у яго ёсць і сын, але не ад Валянціны Браніславаўны, якая пасля стала яго жонкай, а ад дачкі аднаго класіка нашай літаратуры (прафесар назваў нам яго імя). Яна хацела не мужа, а толькі сына мець.

Часам бывае, я іду па праспекце, а каля мяне спыняецца малады чалавек з роварам. Ён ведае, што я ведаю, а я ведаю, што ён ведае. Ён папяросу трымае, як Валодзя. Спыняецца, вітаецца.

Караткевіча запрасіў Калеснік у Брэст на чытацкую канферэнцыю па рамане “Каласы пад сярпом тваім”. А Валянціна Браніславаўна на той момант ужо была аднойчы замужам, яна гісторык па адукацыі. Была куратарам курса, які прыйшоў на гэту імпрэзу.

Яна любіла дэтэктывы і не слухала, што гаворыць пісьменнік з Мінска. Пасля Калеснік іх знаёміць. Валянціна Браніславаўна кажа: “А чаму б вам не напісаць дэтэктыўны раман?” “Ну які, накшталт?” – пытаецца Караткевіч. – “Ну, “Дзікае паляванне караля Стаха” – “Дык гэта ж я напісаў!”

Ёй стала сорамна, і яна запрасіла яго дамоў пераначаваць.

Вяртаецца Караткевіч у Мінск, садзіцца ў мяне ў прыхожай, бярэцца за галаву і кажа: “Я, здаецца, жанюся”.

А якраз трэба было ехаць у Ракаў на вяселле Вячаслава Рагойшы і Таццяны Кабржыцкай, як мы тады казалі, “вяселле века”.

Прывёз Караткевіч Валянціну. З ёй загаворваюць, а яна адказвае па-руску. Таму пачалі гаварыць, што “ты яму не пара, па-беларуску не ўмееш”. Яна ў слёзы! Пайшлі танцаваць – зламала абцас, расплакалася зноў.

А маці Валодзі прыняла яе станоўча, гэта вельмі многа значыць. Валянціна была стойкая ў сваіх намерах і вельмі добрая жонка, сістэмная. Усю хеўру, што прыходзіла апахмяляцца да Валодзі, адсеяла. А яны сталі ездзіць за мяжу: Чэхію, Славакію, на Каўказ.
Яна яму вельмі падыходзіла, і навучылася ім камандаваць.

Якое турыстычнае месца варта развіваць Астравеччыне

– Астравец пагадзіўся даць юрыдычны адрас Таварыству імя Іосіфа Гашкевіча. Раз там, у Малях, пахаваны чалавек, то там самае галоўнае – яго дух. Там была і сядзіба Гашкевічаў.

Гашкевіч, сын святара, закончыў Мінскую духоўную семінарыю, у Пецярбургу – акадэмію, пасля на дзесяць гадоў з’ехаў у Шанхай. Узначаліў там расійскую праваслаўную місію і зрабіў мноства адкрыццяў. І пісаў у рускую перыёдыку пра традыцыі, спосаб пісьма.

Знайшоў з кітайцамі агульную мову. Пасля паехаў у Японію Першым консулам Расійскай імперыі. Тады консулаў у сталіцу не пускалі. Пачаў з будаўніцтва праваслаўнай царквы ў горадзе Хакадатэ.

Туды мяне запрасілі як чалавека, які адкрыў Гашкевіча. У Хакадатэ ёсць музей  Гашкевіча. Завёз туды ручнік з Астравецкага раёна.  

А з візітам японцаў на Астравеччыну звязаная адна гісторыя. У мяне пыталіся ў ЦК, дзе пахаваны Гашкевіч. Я адказваў – толькі ў Астраўцы, раз жонка жыла ў Малях. Там засталася алея, што вяла ў сядзібу. Ды з паўкіламетра адтуль цяпер размешчаныя свінарнікі, несімпатычна. Але ж яны даволі далёка.

Ёсць тры памятныя камяні, можна там зрабіць музей, каб атамшчыкам было што наведваць. Трэба, каб была памятная табліца на мясцовым касцёле. Ён пабудаваны ў 18 стагоддзі, пасля 1863 года ператвораны ў царкву. І ўсю мясцовую эліту, у тым ліку Гашкевіча, хавалі там.

А ў 1921 годзе, калі прыйшла польская ўлада, гэтыя праваслаўныя могілкі зруйнавалі. Але мне адзін стары настаўнік паказаў месца, дзе быў пахаваны Гашкевіч. Хіба ж бы павезлі ў Вільню за 40 вёрст нябожчыка, калі другая жонка ў Малях?

Японцам тады сказалі, параіўшыся з астравецкім райкамам партыі, што Гашкевіч у Астраўцы не пахаваны, яго павезлі ў Вільню. Там сапраўды на Ліпаўцы пахаваны Іосіф Гашкевіч, але не Іосіф Андрэевіч, а Іосіф Іосіфавіч – сын. Пахаваны ў 1910 годзе.

Японцы прыехалі на магілу знакамітага вучонага, яны яго шануюць. А там не тая магіла! Дык крыўду на мяне перанеслі. Акіра Курода, арганізатар, трохі на мяне дзьмуўся.

Калі я па запрашэнні паехаў з візітам у Японію па справе Гашкевіча, былі мы ў царкве, пабудаванай ім. Я кажу Акіру, што тут павінна быць пахавана першая жонка Іосіфа. Той – не-не. Вось ідзём па могілках, а злева як вялікая каменная скрыня, на якой царкоўнаславянскай вяззю напісана “Здесь покоится прах...” – вось яе магіла!

У японскай царкве па-праваслаўнаму служыць індус. На ўваходзе трэба разувацца. Выхо­дзячы, узяў свае туфлі. А калі прылятаю дахаты, мая Марыя кажа:

“Відаць, цябе там сакэ добра напаілі. Паглядзі ў туфлі”. А ўнутры аднаго фарба чырвоная, а ў другога блакітная. Гэтыя туфлі здаў як экспанат у астравецкі музей. Чый другі туфель, не ведаю.

Трэба абнавіць сядзібу Гашкевіча, ужо японскія прадпрымальнікі цікавіліся. Я гатовы весці навуковую частку працы таварыства, якое неўзабаве павінна быць зарэгістраванае.

Гэта толькі частка размовы з Адамам Мальдзісам. Гутарку на іншыя тэмы чытайце праз тыдзень. З яе вы даведаецеся, дзякуючы каму ў грамадскім транспарце краіны абвяшчаюць прыпынкі па-беларуску, якое дасягненне беларускай навукі прафесар Мальдзіс лічыць найважнейшым і чаму знакамітая знаходка “Полацкі сшытак” на самой справе зусім не полацкая.

Даведка “РГ”. Іосіф Гашкевіч (1814 – 1875) – лінгвіст беларускага паходжання, усходазнаўца, прыродазнаўца. Першы дыпламатычны прадстаўнік Расійскай імперыі ў Японіі.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце