Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +18° Маладзечна
Вілейка +18° Вілейка
Смаргонь +19° Смаргонь
Ашмяны +19° Ашмяны
Валожын +19° Валожын
Мядзел +18° Мядзел
Астравец +19° Астравец
Культура
1 Ашмяны
4.02.2017 20:49 ,AЎТАР(Ы): Віктар ШУКЕЛОВІЧ, belsat.eu

Google знайшоў гэтае слова ў інтэрнэце толькі адзін раз, а яно жыве ў нашым рэгіёне

У Жупранах

У Жупранах. Фота belsat.eu.

Гісторыя пра цікавае слоўца з вёскі, на якое ў горадзе круцяць пальцам ля скроні.

Бабка Зося з нашай вёскі распусціла ўсю гаспадарку – прадала каня і карову, трох авечак, з парсючка нарабіла кілбас, вантрабянак ды паляндвіц, а куры самі некуды зніклі. Не мела ўжо сілаў нічога трымаць у свае 78 – жыла адна, дзеці выехалі ў горад, але найгорш перашкаджала гаспадыні калена – зусім не гнулася, распухла і часта балела.

Дзеці завезлі бабку Зосю падлячыцца ў шпіталь у Менск. Бабка – асоба надзвычай кантактная – у лякарні пачала адразу з усімі знаёміцца ды пераказваць вясковыя гісторыі.

Найбольш любіла бабка Зося аповеды пра каханне – "хто, калі, як і з кім любіўся". Гэтак сталічныя дактары і пацыенты мелі магчымасць паслухаць гісторыю, якая адбылася шмат гадоў таму ў вёсцы пад Ашмяною.

– Быў неяк пасля вайны адзін хлопец добрага роду, са шляхты. І пачаў ён хадзіць да адной мужычкі, але надта з твару харошай. І моцна ён кахаўся, але матка ягоная надта не хацела, каб ён мужычку ў хату прывёў. Узяла сякеру, прынесла, паклала перад ім на парог і будзе казаць: "Сячы матцы ў галаву альбо грудзі, але не бяры мужычкі". Той хлопец мусіў маткі слухацца, бо раней з гэтым строга было, не цяперака, што дзеці бацькоў нагамі піргаюць. Але прайшло троху часу, і матка тая памярла. І хлопец думаў ужо ў сваты да сваёй прысухі ехаць, але той ужо ў галаве ўсё паперастаўлялася, бо пачалі калхозы рабіць, і яна ўжо думала, каб лепей замуж выйсці за якога прадсядацеля.

І выйшла за брыгадзіра, трое дзяцей у іх было, а хлопец той, які гэдак кахаўся, так і астаўся адзін бабылём, распіўся, сцягаўся, хадзіў у нейкіх лахманах парваных, карэлых.

А ўжо тая мужычка ў магазін у вёсцы пайшла працаваць. А хлопец усё адно прыйдзе такі ўчарнелы, заслініўшыся, да магазіна, стане пад акно і паглядае цішком, каб хоць троху мілай палюбавацца. Так ён па гэтай кабеце млеў, так міжджэў, каб хоць хвіліну на яе паглядзець.

Калі бабка Зося вярнулася дахаты, то расказвала ў вёсцы, што дакторкі ды іншыя пацыенты часам круцілі пальцамі каля скроняў на ейныя словы.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах.

Помнік Францішку Багушэвічу ў Жупранах.

– Бабушка, а вы по-белорусски говорите? Что-то не верится. А что это значит "міжджэць"? – пыталіся ў менскім шпіталі.

А бабка адказвала:

– Але, пэўна, чыстае беларускае слова гэна, такое вясковае проста.

– Падурнелі людзі ўжо ў тым Менску, – цішком, каб ніхто не пачуў, прызнавалася мне па сакрэце бабка Зося. – Ужо ніяк ім не дагодзіш… Найлепей то сядзі, маўчы і не адгукайся, то яшчэ, можа, цябе неяк сцерпяць.

"Міжджэць" – роднае слоўца як для бабкі Зосі, гэтак і для мяне, сотні разоў чутае ад мясцовых людзей у маіх Жупранах. "Аж міжджэў, каб у госці да свата заехаць", – могуць так сказаць. Альбо: "Аж міжджэла дзяўчына на танцы ісці". Яно дапамагае акрэсліць вельмі вялікае жаданне: "міжджэць" – вельмі хацець.

Фіксуе гэтае слоўца Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча. Даследнікі пачулі "міжджэць" у вёсцы Малі Астравецкага раёну і далі яму тлумачэнне як "карцець".

Слоўнік падае прыклад ужывання гэтага слова таксама ў любоўным кантэксце: "Аж міжджыць – як хоча жаніцца, так хацеў яе браць".

Google ва ўсім сеціве знайшоў гэтае слова толькі адзін раз – у Інтэрнэт-слоўніку расейска-беларускіх адпаведнікаў Алега Мінкіна. Там "міжджэць" тлумачыцца як "патрабаваць нешта ныццём". І сапраўды, дзіця, да прыкладу, можа міжджэць, каб яму далі ласунак або завезлі на беларускамоўны ранішнік у Менск.

"Міжджэць" – гэта, безумоўна, прадаўняе нашае слова, якое мае балцкае паходжанне. Можа, жупранскае "міжджэць" мае супольнае паходжанне з сучасным літоўскім "myžčioti – падсікваць, сікаць малымі порцыямі". Магчыма, некалі словаў з балцкім радаводам было ў Жупранах і болей, але іншыя старыя выразы прызабыліся, а такое, падавалася б, слова нізкага стылю засталося.

"Міжджэць", пэўна, прынеслі ў Жупраны шматлікія стагоддзі таму назад паўдзікія індаеўрапейскія плямёны. А цяпер іх паўтарае бабка Зося, едучы на абед бульбяныя аладкі.

– Некалі дачка меншая ўсё міжджэла, каб я ёй такіх аладак нарабіла, а цяпер адвыкла зусім, выядае ў горадзе свае гарадскія мігдалы…

І крэкча бабка Зося ў астылай хаце, шэпча свае пацеры, соўгаецца па пустых пакоях у самоце, слухае, ці дзе не зазвініць муха. І нават тая ці то лянуецца, то то хварэе, зашыўшыся недзе пад столь, але зусім не звініць.

– А ён жа так апусціўся, зарос, каўтун у галаве, нават смярдзела ад яго,

– узгадвае яна даўнейшую гісторыю пра няшчаснае каханне шляхціча. – А так жа кахаў тую прадавачку, аж свяціўся, калі яе бачыў. От жа моцнае каханне якое бывае!

Бабка Зося ўздыхае. А я гадаю, пра што міжджыць ейнае сэрца. Жанчына адварочваецца ды раптам кажа:

– Ай, дурная тая дзеўка была, што за брыгадзіра пайшла. Дурная я была, мазгоў ні каліва не мела…

Віктар Шукеловіч, bielsat.eu.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
6.02.2017 20:47
Хведзя / +
Дадаць каментар
Новае на сайце