Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -7° Маладзечна
Вілейка -7° Вілейка
Смаргонь -7° Смаргонь
Ашмяны -7° Ашмяны
Валожын -7° Валожын
Мядзел -7° Мядзел
Астравец -7° Астравец
Грамадства
5.02.2017 19:30 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

Ці парушае Дэкрэт №3 Канстытуцыю і чаму так шмат людзей памылкова атрымалі "лісты шчасця"? Адказвае падатковая

Праваабаронцы перакананыя, што Дэкрэт №3 парушае Канстытуцыю Беларусі

Праваабаронцы перакананыя, што Дэкрэт №3 парушае Канстытуцыю Беларусі. Фота Фота pinsknews.by і nn.by.

Аб тым, як выглядае Дэкрэт №3 і яго выкананне вачыма падатковай, у інтэрв’ю карэспандэнту “РГ” распавёў Сяргей Рымашэўскі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах РБ па Маладзечанскім раёне.

Падатковая: працы паболела і з выпраўленнем памылак, і са скаргамі

– Ці можаце вы назваць, колькі людзей у Маладзечанскім раёне атрымалі паведамленне з падатковай?

– Назваць статыстыку я не змагу, таму што пасля ўнясення паправак у Дэкрэт тэрмін аплаты збору пераносіцца на 20 лютага. Таму любыя лічбы, якія я цяпер агучу, будуць недастаткова дакладныя, але могуць даць падставу для плётак.

Шчыра кажучы, спісы людзей, якім дасылалі паведамленні, не зусім дакладныя, ідзе праца па ануляванні памылкова дасланых. Канкрэтныя лічбы будуць вымалёўвацца, калі пройдзе першы квартал.

– Падчас нашай размовы вы выправілі ў маім пытанні слова “дармаеды” на “ўтрыманцы”. У слоўніках гэтыя словы падаюцца як сінонімы. Чаму тады для падатковай важна, каб гучала ўсё ж “утрыманцы”?

– Для многіх людзей, асабліва тых, хто жыў у Савецкім Саюзе, слова “дармаед” мае негатыўную афарбоўку. А ўтрыманец – гэта і непаўнагадовае дзіця, і хворы чалавек, тут негатыўнай афарбоўкі няма. Таму давайце прытрымлівацца таго слова, якое прапісанае ў законе.

Сяргей Рымашэўскі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах РБ па Маладзечанскім раёне.

Сяргей Рымашэўскі, начальнік інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах РБ па Маладзечанскім раёне.

– Як рэагуюць людзі на атрыманыя лісты?

– Вельмі па-рознаму. Рэакцыя тых людзей, што жывуць за мяжой, спакойная. Многія даслалі дакументы з ЗША, Германіі, Францыі, іх паведамленні маюць карэктны і ветлівы характар, яны пакідаюць свае кантакты.

Шмат негатыву ўзнікае з моладзевага асяродку.Калі казаць па-моладзеваму, пачынаюць “наязджаць”.

Але са свайго боку мы таксама можам задаць пытанне студэнтам: вы атрымліваеце бясплатную адукацыю, але пры гэтым вам складана даслаць копію даведкі. Ці гэта нармальна? Хапае тых, хто ставіцца спакойна, але ёсць і тыя, хто закідвае скаргамі. Скаргі часта маюць неканструктыўны характар, іх проста скапіравалі з інтэрнэта. Да іх я стаўлюся скептычна. Але гэта права кожнага чалавека, таму на іх, вядома, будзем адказваць.

– Чаму так шмат людзей памылкова патрапіла пад Дэкрэт?

– Спісы людзей нам прыйшлі цэнтралізавана, у маштабах рэспублікі. Яны складаліся на падставе інфармацыі і Фонду сацыяльнай абароны, і страхавых арганізацый, і Міністэрстваў спорту, культуры, аховы здароўя, і творчых саюзаў, і навучальных устаноў.

А ўяўляеце, колькі ў нас адных устаноў адукацыі? Дзесьці адбыўся збой ці памылка, і чалавек трапляе ў спіс памылкова.

– Але абурэнне памылкова далічаных ва ўтрыманцы таксама можна зразумець. Людзі на пустым месцы мусяць выпраўляць памылкі дзяржаўных органаў і устаноў…

– Але пагадзіцеся – патэлефанаваць і даслаць па электроннай пошце дакумент – хіба гэта займае шмат часу? Усё, што ўзнікла вакол гэтага Дэкрэту – ўтрыраванне сітуацыі. Падатковая не нясе адказнасці за дакладнасць спісу, а калі глядзець далей, то як можна знайсці канкрэтнага чалавека, з-за памылкі якога нехта трапіў у спіс?

Тут трэба праява разумення і талерантнасці і чалавека да дзяржаўных органаў, і дзяржаўных органаў да чалавека.

У дадзенай сітуацыі ў інтарэсах таго, хто памылкова атрымаў ліст, звярнуцца да нас і ануляваць яго. Бо калі не зрабіць гэтага цягам 30 дзён, то чалавек аўтаматычна становіцца плацельшчыкам.

– І як будуць развівацца падзеі далей у гэтым выпадку?

– Далей ідзе спагнанне збору ў прымусовым парадку. Інфармацыя пойдзе ў судовыя органы, будуць складацца пратаколы. Гэта працэс, які адбываецца пры спагнанні любога іншага плацяжу. Да судоў у нас справы пакуль не даходзілі, і лепей да гэтага не даводзіць.

Усё ж збольшага ў нас людзі законапаслухмяныя, таму, як мне падаецца, з разуменнем паставяцца да сітуацыі і будуць плаціць збор. Заўсёды знойдуцца і тыя, хто выступіць супраць, але гэта не тая сфера, дзе ў гэтым плане можна “разгуляцца”.

– Чаму ў паведамленнях не пазначаны адрас электроннай пошты падатковай? Ці хаця б сам факт, што звярнуцца да вас можна па электронцы?

– Паведамленні дасылаліся цэнтралізавана, а ў кожным раёне адрас электроннай пошты свой, таму ўсе адрасы немагчыма было падаць. Думаю, гэты момант будзе дапрацаваны.

Жыхары Маладзечанскага раёна могуць дасылаць паведамленні на адрас [email protected], альбо тэлефанаваць па нумарах (80176) 77-28-45 ці 77-12-35.

– Петыцыі за адмену Дэкрэта №3 звяртаюць увагу на тое, што Дэкрэт парушае Канстытуцыю і шэраг міжнародных прававых актаў, якія падпісала Беларусь. Як вы гэта пракаментуеце?

– Дэкрэт не прадугледжвае прымусовай працы грамадзян, а ўводзіць абавязак аплачваць зборы на фінансаванне дзяржаўных расходаў для тых, хто не ўдзельнічае ў іх фінансаванні, або ўдзельнічае тэрмінам менш за 183 дні.

Вышэйстаячыя органы разглядалі Дэкрэт на канстытуцыйнасць і давалі сваю ацэнку. Таму я не лічу, што Дэкрэт нейкім чынам парушае правы грамадзян.

– А як вы асабіста ставіцеся да Дэкрэту? Ён мае месца быць?

– Такі абавязак павінны быць. Пагадзіцеся, што быць утрыманцам, нават ва ўласнай дзяржаве, – гэта чалавека не ўпрыгожвае. Кожны павінны рабіць унёсак у існаванне дзяржавы, яго бюджэт.

Самае цікавае, што многія бізнесоўцы, якія плацяць вялікія падаткі, таксама на баку Дэкрэта.

Магчыма, ён ў нечым не ідэальны, але ёсць да чаго імкнуцца. Калі нават такія краіны, як Расія, зацікавіліся беларускай практыкай, гэта гаворыць само за сябе.

– Але калі паглядзець не на ўсход, а на захад, то тая ж Швейцарыя ці Фінляндыя наадварот фінансава падтрымліваюць беспрацоўных грамадзян.

– Але ж мы не плацім такія падаткі, як у Фінляндыі. У многіх краінах падатковая сістэма фарміравалася стагоддзямі. У нас жа яна маладая, ёй усяго 26 гадоў, так, як і нашай незалежнай краіне.

Шлях мы прайшлі досыць кароткі, і ён, як мне падаецца, не абцяжарвае людзей.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце