Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +15° Маладзечна
Вілейка +15° Вілейка
Смаргонь +15° Смаргонь
Ашмяны +15° Ашмяны
Валожын +15° Валожын
Мядзел +15° Мядзел
Астравец +15° Астравец
Спорт
Вілейка
13.02.2017 20:00 ,AЎТАР(Ы): Аксана ЯРАШОНАК

Што рабіць з лыжнымі палкамі без лыж: аматараў скандынаўскай хады ў рэгіёне стала больш

Аляксей Роўда ладзіць майстар-клас. Фота vk.com

Аляксей Роўда ладзіць майстар-клас. Фота vk.com.

Калі на Вілейшчыне ля вёскі Ізбіно вы ўбачыце людзей з лыжнымі палкамі, не спяшайцеся пытацца, дзе яны забыліся лыжы.

Летась вілейскае аб’яднанне “ЗОВіК” пачало тут праект “ЦУД”. Адзін з яго пунктаў – развіццё скандынаўскай хады ў Асіпавіцкім сельсавеце.

Па словах старшыні “ЗОВіКа” Таццяны Цітуленкі, за грошы, выдзеленыя на праект , арганізатары набылі спецыяльныя палкі для скандынаўскай хады, зладзілі майстар-клас.

– Я сама заўсёды выступаю за здаровы лад жыцця, – распавяла старшыня “ЗОВіКа”. – Таму лічу, што ідэя са скандынаўскай хадою ў вёсках вельмі патрэбная.

Доказ гэтаму – вялікая кампанія людзей з палкамі, якія амаль кожны ранак трэніруюцца на тратуары ад чыгуначнага пераезду каля былога ПТВ №200 да кальцавой развязкі ў Вілейцы.

Спартсмен Васіль Лябецкі: жонка займаецца скандынаўскай хадой, я – бегам

Васіль Лябецкі займаецца бегам ужо 47 год. Лепш бегчы ад старасці, чым пасля бегаць па аптэках, жартуе мужчына.

Аднак скандынаўская хада спартсмену знаёмая. Ёй займаецца жонка Васіля Ірына. Бягун упэўнены: бег дае большую фізічную нагрузку. Аднак скандынаўская хада – гэта вельмі добры варыянт для тых, хто не можа бегаць. На такія заняткі, па словах мужчыны, часта падштурхоўвае хвароба, а то і доктар можа параіць. Любы рух – гэта жыццё.

У свой час жонцы Васіля зрабілі аперацыю. І ён параіў ёй займацца скандынаўскай хадой. Па інтэрнэце набыў і падабраў палкі для заняткаў.

Цяпер жанчына разам са сваёй сяброўкай займаюцца скандынаўскай хадой.

– Робяць кружок кіламетры два, – расказвае Васіль, – за размовамі і заняткамі забываюцца пра свае балячкі. Хаця я, напэўна, так ходзячы, больш змарыўся, чым ад бегу.

Сам бягун у час трэніровак часта сустракае аматараў скандынаўскай хады ў гарадскім парку ў Маладзечне. У асноўным, гэта жанчыны. Па словах спартсмена, яго засмучае тое, што моладзі сярод іх амаль няма.

Аляксей Роўда: круцілі пальцам ля скроні і пыталіся пра лыжы і снег

Маладзечанскі інструктар па скандынаўскай хадзе Аляксей Роўда пацвердзіў: маладыя людзі, за рэдкім выключэннем, такім спортам не цікавяцца. А дарма. Па словах Аляксея, гэта даступны і дэмакратычны від фітнесу.

Ён распаўсюджаны ў многіх буйных гарадах Беларусі. У нашым рэгіёне скандынаўская хада найбольш развітая ў Маладзечне, бо тут жыве трэнер. На другім месцы – Вілейка. У астатніх раёнах, па словах трэнера, заняткаў няма.

У Маладзечне 10-20 чалавек займаюцца арганізавана. Ёсць і такія, хто ходзіць самастойна. Усяго, на думку трэнера, чалавек каля ста.

Маладзечна, дарэчы, адзіны горад, дзе трэніроўкі і кансультацыі праводзяць бясплатна. З лютага ўсе ахвотныя могуць прыйсці ў гарадскі парк, у раён пляцовак для пляжнага валейбола, атрымаць кансультацыю і пачаць займацца.

Як рэагуюць выпадковыя прахожыя на кампанію людзей з палкамі? Цяпер спакойна, прывыклі. А раней, прыгадвае Аляксей, круцілі пальцам ля скроні і задавалі розныя пытанні пра лыжы і снег.

Займацца хадой могуць усе, трэба толькі пракансультавацца з доктарам. Можна і лішнюю вагу скінуць, і мышцы падцягнуць.

Даведка “РГ”

Лічаць, што ў першай палове ХХ стагоддзя эфектыўнасць хады з палкамі летам заўважылі фінскія лыжнікі. Арганізм атрымліваў прыблізна такую ж нагрузку, як у час хады на лыжах. Аднак шырокага распаўсюджання такія трэніроўкі не атрымалі. Гэта здарылася ў 1990-я гады. У 1997 годзе выпусцілі першыя палкі для скандынаўскай хады. Сёння ёй займаюцца на ўсіх кантынентах. У Швецыі гэты від спорту падтрымлівае ўрад. У Фінляндыі скандынаўскай хадой займаюцца вайскоўцы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце