Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Грамадства
Вілейка
16.02.2017 09:48 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

Як вілейскія валанцёры шукаюць катам і сабакам новы дом. Хочаце дапамагчы? Чытайце як

Студэнтка Настасся Збераноўская, нягледзячы на вучобу ў Мінску, рэгулярна дапамагае прытулку

Студэнтка Настасся Збераноўская, нягледзячы на вучобу ў Мінску, рэгулярна дапамагае прытулку. Фота Фота Аляксандры Парахні.

Навіна аб тым, што ў Вілейцы з’явіўся прытулак для бадзяжных жывёл, на слыху ў віляйчан. 

Напатканая на цэнтральнай плошчы жанчына з дзіцячым вазком паказвае рукой у бок вуліцы Партызанскай: прытулак недзе там, у дварах. Сама яна там не была, але аб прытулку ведае. А вось наступныя два мінакі аб ім не чулі і самі задаюць пытанні.

Прытулак пад пра­цоў­най назвай “Хачу дамоў” існуе з кастрычніка мінулага года і ўжо мае чым пахваліцца: за гэты час новы дом знайшлі 29 катоў і 7 сабак.

“Арганізуем прытулак? Давай!”

Валанцёры ахвотна паказваюць сваіх гадаванцаў і сам будынак. У двух маленькіх пакоях месціцца ўсё, што неабходна катам: міскі з кормам і малаком, домікі і каробкі для сну, абагравальнік, латок. Адзінае, чаго не хапае для паўнаты кацінага шчасця, – свайго гаспадара, які б іх любіў.

– Ідэя арганізаваць прытулак прыйшла проста: сяброўка займаецца катамі і сабакамі ў Маладзечне, я ёй дапамагаў, – распавядае Павел Хаванскі, заснавальнік прытулку. – Пасля падумаў, што ў нас для гэтага і ў Вілейцы ёсць памяшканне. Кажу ёй: давай у нас зробім прытулак! Яна адказала: крута, давай! Прыехала, мы разам паглядзелі месца і пачалі шукаць валанцёраў у сацсетках.

Неабыякавых людзей у Вілейцы аказалася шмат. Цяпер прытулку дапамагае каля 12 валанцёраў, пераважная большасць з іх – дзяўчаты.

Настасся Збераноў­ская даведалася аб прытулку з сацсетак і не змагла прайсці міма.

– У мяне самой дома жывуць два каты, і вулічных пастаянна падкормліваю, – кажа дзяўчына. – Таму прыйшлі разам з сястрой, агледзеліся і вырашылі, што зможам сюды прыходзіць. Спачатку думалі толькі ежу прыносіць, але пасля я ўцягнулася. Цяпер прыходжу рэгулярна, каб пачысціць латкі, наліць малака, пагладзіць коцікаў, праверыць жывоцікі-лапкі. Калі бачым, што з нейкай жывёлінкай ёсць праблемы, усе разам абмяркоўваем, што рабіць далей.

Абагравальнік ратуе жывёл у моцныя маразы.

Абагравальнік ратуе жывёл у моцныя маразы.

Узяць восем шчанюкоў дадому –  не прабема!

Ёсць у прытулку і свой “сямейны атрад” – Васіль і Аксана Чыжыкавы-Кузьміны. Яны настолькі пранікліся праблемамі бадзяжных жывёл, што прынеслі ў прытулак свой абагравальнік. Без яго кацянятам нашмат цяжэй было б перажыць маразы ў -32 градусы.

– Мы даведаліся аб прытулку перад новым годам з сацсетак, дзе пабачылі фота коцікаў, – узгадвае Аксана. – Я вельмі здзівілася і ўсцешылася адначасова, нават ледзь слязу не пусціла: няўжо ў нас у Вілейцы ёсць такая добрая ініцыятыва? І мы прыйшлі валанцёрамі.

Муж з жонкай ужо некалькі месяцаў наведваюцца ў прытулак і нават маюць сваю “спе­цыялізацыю” – займаюцца шчанюкамі.

Пачалося гэта з канца снежня, калі ў мікрараёне Шанхай ў падвале аднаго з дамоў сучка нарадзіла шчанят. Жыхары дома былі супраць такога суседства і выкінулі сабачую сям’ю на вуліцу, збіраючыся выклікаць супрацоўнікаў ЖКГ.

Гэтыя два шчанюкі ўсё яшчэ чакаюць новых гаспадароў.

Гэтыя два шчанюкі ўсё яшчэ чакаюць новых гаспадароў.

– І што было рабіць? Я вырашыла, што трэба дапамагаць! У мяне якраз была вольная летняя кухня, таму сабак забрала сабе.

Вось дагэтуль з імі гуляемся, – усміхаецца Аксана, паказваючы на двух шчанюкоў, якім пакуль не атрымалася знайсці новую сям’ю.

Валанцёры кажуць, што не паспяваюць “прыкіпець” да гадаванцаў і лёгка аддаюць іх новым людзям. Тым больш калі бачаць, што жывёла трапляе ў добрыя рукі.

– Мы заўсёды цікавімся сям’ёй, у якую аддаём ката ці сабаку, – заўважае валанцёрка. – Пасля сочым за лёсам жывёлы. Абавязкова даём свае кантакты – каб звязваліся з намі, калі раптам узнікнуць праблемы. З новымі гаспадарамі кантактуем у сацсетках ці па тэлефоне. Яны пішуць, як назвалі новых сяброў, як з імі жывецца.

Валанцёры ўжо крыху авалодалі ветэрынарнымі навыкамі. Падчас размовы Васіль і Аксана спрытна ў чатыры рукі перавязваюць лапу чорна-белай котцы Мілцы. Котку жартаўліва называюць баявой – пасля бойкі з сабакам ёй нават хацелі ампутаваць пашкоджаную лапку. Але абышлося без аперацыі, і чатырохлапая Мілка ўжо чакае новых гаспадароў.

Заліваць лекі кацянятам - для валанцёраў ужо звыклая справа.

Заліваць лекі кацянятам - для валанцёраў ужо звыклая справа.

Без прафесійнай ветэрынарнай дапамогі ўсё ж не абыходзіцца. Часам даводзіцца звяртацца па кансультацыю праз тэлефон, часам трэба несці жывёлу да доктара.

– Раз ёсць магчымасць, хацелі б праз газету падзякаваць вілейскаму ветэрынару Ула­дзіміру Качкану, – дадаюць валанцёры. – Ён нас бясплатна кансультуе і вельмі дапамагае. 

Падчас перавязкі.

Падчас перавязкі.

“Хочацца, каб аб прытулку ведала як мага больш людзей”

Аксана паказвае вялікую кардонную каробку з надпісам “Прытулак “Хачу дамоў”. Кожную нядзелю валанцёры са­дзяць у яе сваіх гадаванцаў і выходзяць на вілейскі рынак. Гэта магчымасць і аддаць жывёл у добрыя рукі, і заявіць аб існаванні прытулку.

 Не ўсе бяруць жывёлак, але ўсе падыходзяць. Міма такіх пысак прайсці немагчыма! – кажа Аксана. – Мінулым разам нам на рынак прынеслі вялікі пачак корму, мяса, давалі грошы. Мы вельмі ўдзячныя ўсім!

У прытулку кажуць, што віляйчане – людзі добрыя і чулыя да праблем жывёл. Ледзь не кожны мае сваю гісторыю пра дваровага ката, якога пастаянна падкормлівае. Але ёсць і тыя, хто пры дапамозе прытулку хоча пазбавіцца ад уласных клопатаў: своечасова не стэрылізавалі котку, а пасля кацянят падкідваюць у прытулак.

Валанцёр Васіль з баявой коткай Мілкай.

Валанцёр Васіль з баявой коткай Мілкай.

На пытанне, чаму свой вольны час цягне прысвяціць чатырохлапым, Васіль адказвае каротка: – Шкада іх. Без нас прападуць.

– Да таго ж хочацца даць добры прыклад дзецям, – дадае Аксана. – Сярод валанцёраў шмат школьнікаў. Хай бачаць, што, нягледзячы на розны ўзрост, мы разам робім адну важную справу.

У будучыню прытулку валанцёры глядзяць упэўнена.

– Я перакананы, што ён не знікне, – кажа Павел. – Ёсць запатрабаванасць, ёсць зацікаўленасць людзей.  Вясной збіраемся зрабіць вальер для сабак, падрамантаваць будынак. Так што прытулак будзе жыць.

Чым вы можаце дапамагчы прытулку?

Самае неабходнае і важнае, што вы можаце прапанаваць гадаванцам, – гэта, вядома, сваю любоў, пяшчоту і новую сям’ю.

Калі ж прыняць пухнатага сябра няма магчымасці, то дапамагчы можна справай: у прытулку заўсёды рады новым валанцёрам.

Сюды можна прыносіць ежу – мяса, рыбу, сухі корм. У матэрыялах для ўцяплення будынка патрэбы ўжо няма. Валанцёры кажуць, што з дапамогай неабыякавых віляйчан ужо назбіралі неабходныя.

Асабліва ўдзячныя ў прытулку будуць за пераноскі для катоў і сабак. З імі лягчэй хадзіць на рынак і да ветэрынара.

Таксама заўсёды трэба грошы – на іх набываюць лекі, стэрылізуюць жывёл, утрымліваюць будынак, у якім месціцца прытулак.

Грошы можна і перадаваць наяўнымі, і пераводзіць на адмысловы банкаўскі рахунак: Беларусбанк, 9112000160693632, дзейсны да 12/21.

Справаздачы за кожны патрачаны рубель валанцёры выкладваюць на сваіх старонках у сацсетках.

Па агульных пытаннях можна звяртацца да Паўла Хаванскага (8029 567 50 70), пытанні па шчанюках можна накіроўваць Аксане Чыжыкавай-Кузьміной (8029 761-86-83).

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце