Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -2° Маладзечна
Вілейка -2° Вілейка
Смаргонь -2° Смаргонь
Ашмяны -3° Ашмяны
Валожын -2° Валожын
Мядзел -2° Мядзел
Астравец -2° Астравец
Культура
2
20.02.2017 11:21 ,AЎТАР(Ы): Зоя ХРУЦКАЯ

Краязнаўца Аляксандр Харытон з Краснага адзначыў 80 год: ён не чакае зручнага часу для ўчынку

Аляксандр Харытон з Алесем Раткевічам

Аляксандр Харытон з Алесем Раткевічам. Фота са старонкі Аляксандра Харытона ў сацыяльных сетках.

Рэдакцыя “Рэгіянальнай газеты” шчыра віншуе Аляксандра Уладзіміравіча Харытона з юбілеем, жадае ба­дзёрасці духу і цікавых знаходак.

Краязнаўца Аляксандр Харытон з Краснага адзначыў 80-годдзе ў суботу, 18 лютага.

Пра яго распавядае загадчык навукова-метадычнага аддзела Мінскага абласнога краязнаўчага музея аўтар кнігі “Красненскія таямніцы” Сяргей Старыкевіч:

– У Красным жыве каля трох тысяч чалавек. Харытон будзе ў першай дзясятцы красненцаў, каго ведае кожны мясцовы жыхар.

Упершыню мы сустрэліся ў 1960-я гады. Я тады быў малы, а каля яго дома быў дом маёй цёткі. Я гасцяваў у яе. Здаецца, Аляксандр якраз вярнуўся пасля службы. Такі дужы, загарэлы, з мора прыехаў. І ўзяў мяне на рыбалку. Такі першы ўспамін.

Пасля ён нейкі час жыў і працаваў у Мінску, і наша знаёмства прыпынілася.

Год з 15 таму сазваніўся са мной, прапанаваў сустрэцца. Завітаў у музей. Часта мы з ім размаўляем, абмяркоўваем тое, што цікавіць абодвух. З кожнай сустрэчай быў усё больш дасведчаны, усё больш дазнаваўся.

З месяц таму сустрэўся з Аляксандрам Уладзіміравічам у Красненскай школе – нас абодвух запрасілі выступіць перад вучнямі. А надвор’е было брыдкае, дажджлівае, яму трэба было ісці праз усю вёску, Магчыма, хтосьці б адмовіўся ад такога, ды тым больш у 79 год. Але толькі не Харытон. Ён актыўны і абавязковы.

Ён заўсёды размаўляе па-беларуску – і дома, і з усімі. Часам гэта дастаўляе нязручнасці – напрыклад, абвінавачваюць у нацыяналізме. Але ён стаіць на сваім.

У нас нярэдка бываюць спрэчкі, не па ўсіх пытаннях пагаджаемся адзін з адным ці маем аднолькавы погляд. Але павага да яго бясспрэчная.

Асаблівай павагі заслугоўвае тое, што краязнаўца не проста вывучае гісторыю Краснага, адшуквае згубленыя звесткі. Ён набытымі ведамі спрабуе палепшыць рэчаіснасць. Напрыклад, знайшоў у Красным магілу апошняга “каліноўца” Ігната Абрамовіча. Аднавіў надпіс на помніку. Адрамантаваў помнік, уладкаваў магілу. Прычым рабіў усё гэта зімой, абуўшы валёнкі. Сказаў, што не можа чакаць да вясны.

У першую чаргу яго цікавіць Краснае, крыху даследуе Мясату, Алёхнавічы, Канчаны.

Тэмы, якія даследуе, – паўстанцы Каліноўскага, ваеннапалонных і Галакост. Калі ў Краснае прыязджаюць яўрэі, іх адпраўляюць да Харытона, каб расказаў гісторыю падзей.

Мая кніга адбылася дзякуючы падбухторванням Аляксандра Уладзіміравіча. Казаў, што ідзе час, трэба шукаць, трэба працаваць. Я цяпер разумею, наколькі гэта важныя словы. Ёсць людзі, з якімі варта было б сустрэцца, а іх цяпер няма.

Аляксандр Уладзіміравіч добры гаспадар. Можа, ёсць і багацейшыя дамы, але яго гаспадарка заўсёды дагледжаная. На пенсіі ён вярнуўся з Мінска ў Краснае. Адрамантаваў бацькоўскі дом, займаецца пчоламі. А гады з два таму пачаў садзіць новы сад у двары.

Мяне ўразіла: і наколькі ж мудрым трэба быць чалавекам, каб пад 80 год са­дзіць сад.

Хто разумее, той цэніць тое, што ёсць такая асоба.

Гэта наш гонар, што такія людзі, як Харытон, ёсць, а як было б добра, каб такія краязнаўцы былі ў кожнай вёсцы.

Я жадаю яму моцнага здароўя, новых адкрыццяў, дабрабыту ў сям’і, а таксама сустрэць больш салідны юбілей, трохзначны.

Абмеркаваць
Каментар (2) / Дадаць каментар
20.02.2017 19:25
Алесь Раткевіч / Шаноўны спадар АЛЕСЬ!!! Ад шчырага ўсяго сэрца віншую Вас з Юбілеем!!! Зычу Вам усяго толькі добрага,поспехаў і натхнення ў нашай агульнай справе,а самае галоўнае моцнага здароў'я і доўгіх год Жыцця! З павагай, Алесь Раткевіч
14.03.2017 21:07
Алесь Раткевіч / СЁННЯ, ЎВЕЧАРЫ, ПЕРАСТАЛА БІЦЦА ЯГО СЭРЦА. ПАХАВАННЕ АЛЯКСАНДРА УЛАДЗІМІРАВІЧА,АДБУДЗЕЦЦА Ў ЧАЦЬВЕР. СЯБРЫ,ЗНАЙДЗІЦЕ ЧАС,КАБ СУМЕСНА ПРАВЯСЬЦІ Ў АПОШНІ ШЛЯХ,ЦУДОЎНАГА ЧАЛАВЕКА. ЯКІ ДУШОЙ І СЭРЦАМ ХВАРЭЎ ЗА СВАЮ БАЦЬКАЎШЧЫНУ!
Дадаць каментар
Новае на сайце