Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +8° Маладзечна
Вілейка +7° Вілейка
Смаргонь +8° Смаргонь
Ашмяны +8° Ашмяны
Валожын +8° Валожын
Мядзел +7° Мядзел
Астравец +8° Астравец
Культура
1
13.03.2017 17:21 ,AЎТАР(Ы): Надзея РУХЛЯ, 10-ы клас Хажоўскай СШ

"Маё любімае беларускае слова". Піша ўдзельніца конкурсу на лепшае эсэ 10-класніца Хажоўскай школы

Фота LiveInternet.

Надзея піша пра сябе: "Мне шаснаццаць гадоў. Для  мяне вельмі важна самаразвіццё. Люблю маляваць. Маю атэстат аб заканчэнні мастацкай школы. Крыху займаюся танцамі і спевамі. Яшчэ люблю пісаць якія-небудзь гісторыі і часам вершы. Захапляюся азіяцкай культурай, фільмамі і песнямі".

Ніжэй эсэ, якое даслала Надзея. Галасаванне за лепшае эсэ будзе працаваць ад 16 да 20 сакавіка.

Маё любімае беларускае слова

Беларуская мова вельмі прыгожая і мілагучная. Гэта мова палескіх лясоў, гаёў і белавеж. Гэта мова мірнага блакітнага неба і чырвонага сонца, што так ззяе сваёй дабрынёй.

Калі мне прыйшлося разважаць над пытаннем пра любімае беларускае слова, я задумалася.

Сярод  мноства слоў з розным сэнсам мне трэба выбраць толькі адно, якое больш кранула маё сэрца. На самай справе не многа слоў можа крануць маё сэрца так, каб я многа разважала і прыходзіла да нейкіх высноў.

Некаторыя словы нагадваюць пра радасныя ўспаміны, а некаторыя пра такія ўспаміны, ад якіх сэрца аддалена заслонай смутку і меланхоліі.

Калі гаварыць больш абстрактна, то ўсе гэтыя словы, якія захоўваюць успаміны чалавека ў надзейнай скрыначцы, і ўсе словы, якія яшчэ будуць успамінамі – гэта жыццё. 

У кожнага чалавека гэта слова на слыху. Такое простае, а колькі ўспамін, слёз радасці і смутку, колькі мар і спадзяванняў, колькі памылак, на якіх мы вучымся, і колькі яшчэ трэба будзе спазнаць... усё гэта жыццё, усё гэта час, які не стаіць на месце, усё некуды спяшаецца і падганяе нас але мы гэта не заўсёды заўважаем, не адразу.

Фота zakazna5.com.

Фота zakazna5.com.

Проста... час сыходзіць у нікуды. Цік-так, цік-так. Мы расцём, сталеем, старэем. Старасць усіх застане, не важна бедны ты ці багаты. Важна, як ты пражыў да старасці, важна, якія ўспаміны ў тваёй скрыначцы, якія словы ў цябе на слыху і языку. Важна, чым ты сілкуеш свой мозг, якімі думкамі, і галоўнае не забываць, што думкі ператвараюцца ў словы, словы – у дзеянні.

Яшчэ ў дзяцінстве я пачула прытчу, якая заўсёды са мной, якая прыводзіць у парадак мае думкі і не дае мне здзяйсняць непапраўныя  ўчынкі:

"У нас адзін рот і два вухі, значыць мы павінны больш слухаць, чым гаварыць. Але пара вачэй размешчана вышэй вушэй, таму мы павінны бачыць, а не верыць чуткам. Над усім гэтым ёсць мозг, таму мы абавязаны спачатку думаць перш чым, убачыўшы ўрывак і пачуўшы чуткі, выліваць усё праз рот."

Трэба выхоўваць сябе, прыводзіць у парадак свае думкі і словы. Трэба дапамагаць іншым людзям. Ва ўсіх нас ёсць праблемы, усім нам парой цяжка так, плечы ламаюцца ад гэтай цяжасці. Цяжка так, што хочацца ўпасці і больш не ўставаць. Сілы могуць пакінуць чалавека менавіта на самым крутым і ўзгорыстым участку жыцця.  Нельга падаць, нельга разбіваць свае калені аб вострыя камяні жыцця, нельга.

Найдзецца чалавек, які дапаможа табе падняцца з вострых, акрываўленых і салёных ад тваіх слёз камянёў.

Ты падымешся з кален, абавязкова. Хоць і будзе балюча ісці ад таго, што ногі разбітыя, ты ідзі. Боль сціхне, раны зажывуць, толькі ідзі, больш не падай. Гэта жыццё, гэта час, які не стаіць не месце. Усё калі-небудзь будзе мінулым, і твая скрынка напоўніцца новымі ўспамінамі і вопытам. Ты будзеш ведаць што рабіць, каб больш не падаць.

Дапамагай іншым, не давай ім упасці, не падай сам.

Фота artsfon.com.

Фота artsfon.com.

Нельга губляць час дарэмна, трэба прынесці карысць грамадству. Грамадства – гэта не толькі людзі ў цяперашні час, гэта яшчэ і нашы нашчадкі – дзеці, унукі.

Таксама як і Усявышні выбірае каму і калі з'явіцца ў гэтым свеце, цябе ніхто не спытае аб тваіх жаданнях і перавагах. Мы не выбіраем дзе, калі і кім нам нарадзіцца, бо гэта не мы самі нараджаемся, а нас нараджаюць.

Як раптоўна і не па сваёй волі ты прыходзіш на гэтую замлю, так і заканчваеш свой жыццёвы шлях са сваёй скрынкай успамінаў і слоў, якія ішлі з табой побач.

Нельга ў гэтым жыцці нічога ведаць загадзя, усё адбываецца раптоўна і без нашага ведама. Усё ж-такі, калі табе выпала якое-небудзь выпрабаванне, значыць, ты можаш яго пераадолець, няма непасільных праблем у гэтым свеце, усё вырашаецца, трэба толькі прыкласці намаганні, а калі ты бачыш, што сітуацыя бязвыхадная – ты памыляешся.

Заўсёды ёсць яшчэ адзін выхад – гэта чакаць. Час ідзе, усё сыходзіць у мінулае, праблемы становяццы мінулым.

Без нашай згоды мы ўцягнутыя ў бясконцую барацьбу Дабра і Зла.  Гэтая барацьба доўжыцца ўвесь час, штохвілінна, штосекундна, і мы не маем права вырашыць што-небудзь з гэтай нагоды, акрамя таго, які бок манеты прыняць.

Я магу яшчэ шмат слоў сказаць, але і гэтага дастаткова.

Здаецца, адно слова "жыццё", а сэнс можна апісваць дзесяткамі старонак. З гэтым словам знаёмы ўсе, і кожнаму яно па-свойму блізка. Жыццё як можа паслаць табе зорку з неабсяжнага неба, так і забраць яе. Жыццё можа заслаць твой шлях вострым камяністым дываном, але заўсёды пасля вострых, рэжучых ногі камянёў, ты адчуеш мяккасць і лёгкасць пярыны шчасця, узнёсласць і спакой.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
19.03.2017 18:06
Наталля / Як жа хораша напісана... Чытала б і чытала!!! Вельмі хацелася б, каб Надзея перамагла. Наступнае эсэ трэба напісаць на тэму "Надзея". Уперад!!!!! Веру ў перамогу!!!
Дадаць каментар
Новае на сайце