Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +16° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Культура
16.03.2017 13:48 ,AЎТАР(Ы): Калектыў "Рэгіянальнай газеты"

Пайшоў з жыцця краязнаўца з Краснага Аляксандр Харытон

Фота з сацыяльных сетак.

Месяц таму мы праз “Рэгіянальную газету” віншавалі спадара Аляксандра з 80-годдзем, а сёння развітваемся з ім назаўсёды. Яго сэрца спынілася 14 сакавіка.

Аляксандр Уладзіміравіч нарадзіўся ў Красным. Дзяцінства прыпала на ваенныя гады.

Ён расказваў карэспандэнтам “РГ” пра тое, як яго сям’я жыла пад фашысцкай акупацыяй. Нельга было дапамагаць яўрэям, за парушэнне забароны фашысты пагражалі расправай над усёй сям’ёй. Вось якая сцэна асабліва ўрэзалася краязнаўцу ў памяць: “Неяк вечарам маці пражыла гарох − смажыла са шмальцам.

І тут заскоквае ў хату яўрэй − адразу ў кут. І плача, а пах ад гароху ідзе. І маці стаіць, плача. Яна драўлянай лыжкай прынесла гарох, перасыпала ў рукі, а ён гарачы, яўрэй душыцца гэтым гарачым гарохам...”

З дзяцінства ён памятаў, як яўрэяў везлі на расстрэл і спальванне, а яны крычалі сваім суседзям: “Браты беларусы, ратуйце: сёння нас, а заўтра вас!”

Аб гэтым расказваў амаль у 80 гадоў так падрабязна, нібы гэта яшчэ зусім свежая рана.

Пасля Аляксандр жыў і працаваў у Мінску. А на пенсіі вярнуўся ў бацькоўскую хату, абнавіў яе. Займаўся пчоламі і нават садзіў сад некалькі год таму. Што вельмі ўразіла яго аднавяскоўца, гісторыка і супрацоўніка Мінскага абласнога краязнаўчага музея Сяргея Старыкевіча.

Аляксандр Харытон.

Аляксандр Харытон.

Аляксандр Харытон пачаў даследаваць гісторыю Краснага. Журналістам нашага выдання краязнаўца дакладна паказаў месца, дзе спалілі тысячы яўрэяў у той дзень, які запомніўся яму на ўсё жыццё. Цяпер там агарод, на месцы току са­дзяць бульбу. Пазней яўрэйская супольнасць паставіла на гэтым месцы помнік.

Сяргей Старыкевіч адзначае, што Харытон быў не толькі даследчыкам. Знайшоўшы ў Красным магілу апошняга “каліноўца” Ігната Абрамовіча, ён аднавіў надпіс на помніку. Адрамантаваў помнік, уладкаваў магілу. Рабіў усё гэта зімой, абуўшы валёнкі. Сказаў, што не можа чакаць да вясны.

Аляксандр Харытон – гэта ўзор вялікай любові да сваёй зямлі, велічы духу і прынцыповасці. Гэта асоба, якая застанецца ў гісторыі Краснага як гонар і сумленне мястэчка.

“Не сустракаў больш шчырага чалавека”

Расказаць пра краязнаўцу мы папрасілі нашага пастаяннага чытача Алеся Раткевіча, які быў блізкі з Харытонам:

– Спадар Алесь...  Вось гэтак пастаянна мы звярталіся адзін да аднаго, нягледзячы на розніцу ва ўзросце. Але гэтай розніцы мы не заўважалі.  

Аляксандр Уладзіміравіч заўжды адносіўся да людзей з вялікай павагай, і да старога, і да маладога. У яго былі смага да беларушчыны, інтэлігентнасць. Жыццёвая мудрасць дазваляла мець шмат сяброў, аднадумцаў. Для мяне ён служыў  прыкладам і дарадчыкам у краязнаўстве.

Я не сустракаў больш шчырага чалавека, які душу і сэрца аддаў дзеля адраджэння гістарычнай памяці бацькаўшчыны.  Увесь вольны час ён прысвячаў гэтай тэме.

На вялікі жаль, мы праводзім Аляксандра Уладзіміравіча ў апошні шлях, але памяць аб ім застанецца надоўга, бо тут ён пакідае добрыя і карысныя вынікі сваёй дзейнасці.

Мне будзе вельмі яго не хапаць як аднадумца, сябра і ўвогуле, як цудоўнага і шчырага чалавека.

Калектыў "РГ" шчыра спачувае родным і блізкім Аляксандра Уладзіміравіча Харытона з прычыны страты выдатнай і шчырай асобы.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце