Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +19° Маладзечна
Вілейка +19° Вілейка
Смаргонь +18° Смаргонь
Ашмяны +18° Ашмяны
Валожын +18° Валожын
Мядзел +19° Мядзел
Астравец +18° Астравец
Грамадства
1
15.03.2017 21:22 ,AЎТАР(Ы): Дзяніс ЯСКЕВІЧ, 11-ы клас Даўгінаўскай сярэдняй школы

Эсэ Дзяніса Яскевіча. Як я магу зарабіць мільён

Фота Zapcar.

Я люблю грошы. Гэта выдатны сродак узнагароды чалавека за яго работу і паказчык яе запатрабаванасці. Нават уявіць цяжка, якім яшчэ метадам, акрамя грошай, можна матываваць чалавека рабіць штосьці, што патрэбна грамадству і што можа палепшыць жыццё людзей.

Я цікаўлюся эканомікай і маю густ у такіх справах. Таму, як толькі я заўважыў гэту тэму для разважання, я падумаў: “Гэта найвыдатнейшая прапанова з тых, што я атрымліваў за апошні год. Гэта ж выдатна: і бізнес-план пабудую, і смартфон выйграю”. Двух зайцоў, як кажуць.

І адразу ж мне ў галаву прыйшла ідэя: сучасныя смартфоны каштуюць каля трох-пяці мільёнаў  –  гэта значыць, што можна даслаць выдатнае эсэ, выйграць смартфон і прадаць яго, а ўжо прадаваць я мастак. Тут і не адным мільёнам пахне… Але раптам я апамятаўся: у нас жа ў краіне дэнамінацыю даўно правялі, адсталы я чалавек! Мільён жа цяпер – гэта ў дзесяць тысяч разоў большая сума. Нядрэннае такое ўскладненне. Але я не шукаю лёгкіх шляхоў. Зараз нешта прыдумаю – вырашыў я, і прыдумаў.

Самы першы базавы спосаб – гэта працаўладкаванне. Я працавіты чалавек і магу падысці да справы з пэўнай адказнасцю. Працадаўцы гэта любяць, а працаўнікі любяць кар’ерны рост і вялікую зарплату. Чаму ж мне не любіць? Паколькі я яшчэ не студэнт і не атрымаў спецыяльнасці, я не магу дасканала назваць месца, дзе б я працаваў.

Я цікаўлюся робататэхнікай і хачу паступіць на аднайменны факультэт, таму, без сумнення, мне знойдзецца месца на любой вытворчасці. Можна атрымліваць аклад, адкладваць грошы і да канца жыцця назбіраць мільён. Але гэта не мой шлях – я прывык мысліць маштабна.

Я хачу сам стварыць вытворчасць. Канечне, не без робататэхнікі, але і не з аднымі робатамі, бо краіне патрэбны працоўныя месцы. Бізнес, накіраваны на вытворчасць, у наш час падтрымлівае дзяржава, але вытворчасць патрабуе вялікіх сродкаў.

На гэта ў Беларусі прадугледжаны праграмы крэдытавання і падтрымкі маладых бізнесаў. Я спадзяюся на такую падтрымку, але для яе атрымання неабходна саставіць падрабязны бізнес-план. Таксама было б нядрэнна, каб дзейнасць маладога прадпрымальніка супадала з інтарэсамі дзяржавы. І я вельмі блізкі да выканання гэтых пунктаў.

Я б хацеў займацца вытворчасцю электрамабіляў. Ва ўсім свеце ўжо даўно практыкуюць гэту тэхналогію. У Германіі, ЗША і Японіі ўжо існуюць электрамабілі, якія паспяхова прайшлі стадыю распрацоўкі і паступілі ў продаж.

Запас ходу на адным зарадзе акумулятара гэтых сучасных транспартных сродкаў у сярэднім складае каля трохсот кіламетраў, што дазваляе ім быць канкурэнтназдольнымі з бензінавымі і дызельнымі аўтамабілямі.

Электрычнасць у параўнанні з палівам абыходзіцца больш танна, і гэта павінна прывабліваць патэнцыяльных пакупнікоў. Да таго ж у нашай краіне будуецца АЭС, што дазволіць зрабіць электрычнасць яшчэ больш даступнай.

Электрамабіль, як ні дзіўна, мае больш простую будову і меншую колькасць элементаў у параўнанні са звыклымі нам аўто, што павышае іх надзейнасць. Дарэчы, у нашай краіне ўжо ёсць вопыт выкарыстання электрарухавікоў, яны сёння працуюць у самазвалах БелАЗ і некаторых відах гарадскога транспарту. І яшчэ электрарухавікі амаль бясшумныя, а шум – гэта праблема сучасных гарадоў.

Фота MacDigger.

Фота MacDigger.

Але галоўная перавага электрамабіляў над звычайнымі машынамі – гэта іх экалагічнасць. Нават калі для электрамабіля вырабляць электраэнергію на вугальнай электрастанцыі, гэта будзе ў 2,5 разы менш шкодна для атмасферы, чым спальванне аналагічнай колькасці паліва ў рухавіку ўнутранага згарання.

І гэты лік я не з галавы ўзяў. Я лічу, што пералічаных мной пераваг больш чым дастаткова, каб пераканаць каго заўгодна ўкласці свае грошы ў гэтую справу. Спадзяюся, дзяржава не выключэнне. За мяжой ужо існуюць выдатныя тэхналогіі і прыклады рэалізацыі падобных вытворчасцей. Я ўжо маю пэўны план па будаўніцтве, але яму тут не месца. Гэта ўсё ж эсэ.

Галоўнай праблемай майго бізнесу з’яўляецца капіталаёмістасць. Каб пабудаваць вытворчасць і выпусціць на рынак першыя мадэлі аўто, трэба затраціць немалыя сродкі. У дадатак  неабходна стварыць для электрамабіляў адпаведную інфраструктуру. Гэта значыць, забяспечыць сучасныя АЗС (запраўкі) зараднымі прыладамі, каб заражаць электронныя машыны было так жа проста, як і запраўляць бензінавыя. Я ўжо не кажу пра персанал і атрыманне ўсіх неабходных дакументаў.

Такія затраты ў рамках рыначнай эканомікі вымушаюць мяне  як вытворцу значна павышаць кошт маёй прадукцыі, што зараз і мае месца быць у свеце: электрамабілі ў сярэднім у 1,5 разоў даражэйшыя за бензінавых  канкурэнтаў. Гэта значыць, што без фінансавай падтрымкі дзяржавы або інвестараў мая мара асуджана на правал.

Але давайце сумленна. Вас жа зацікавіла гэта ідэя? Упэўнены, што так, і ўпэўнены, што інвестары скажуць тое ж самае. Мае довады, падмацаваныя дакладным бізнес-планам, павінны выклікаць давер.

Калі мае ідэі атрымаюць падтрымку, хоць і невялічкую, то я змагу ажыццявіць сваю мару, змагу зрабіць крок наперад у развіцці нашай краіны, змагу зрабіць свет крыху чысцейшым і змагу зарабіць мільён. Мне падабаецца такі шлях, і я раблю ўсё, каб наблізіцца да яго рэалізацыі. Адзін з такіх крокаў – гэта эсэ.

Я павінен ведаць, што мая мара мае падтрымку людзей і не адзін я здольны ёй верыць. Усё вялікае пачынаецца з малога. Дзяржава – з чалавека, мара – з ідэі, а падтрымка – з сяброў. Калі мяне падтрымае рэгіён, то і дзяржава не застанецца ўбаку, бо дзяржава – гэта людзі.

Я казаў, што не шукаю лёгкіх шляхоў. Мой шлях да мільёна менавіта такі.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
20.03.2017 08:41
Гоша / Классно!!!
Дадаць каментар
Новае на сайце