Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Грамадства
1
18.04.2017 14:13 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Маладзечанец, які пахудзеў на 65 кілаграмаў: “Дазволіў лішняе сабе сёння – прайграў назаўжды”

Раман Русы цяпер у кавярні сабе дазваляе толькі кубачак гарбаты

Раман Русы цяпер у кавярні сабе дазваляе толькі кубачак гарбаты. Фота Наталлі Тур.

– Калі пахудзеў, заўважыў, што ў мяне вялікія вушы, якія раней хаваліся за шчакамі, – жартуе Раман Русы, – у астатнім сваёй сённяшняй вагой я амаль задаволены. Хачу важыць кілаграмаў 100.

За 16 месяцаў 23-гадовы Раман пахудзеў на 65 кілаграмаў.

Сустрэліся мы з хлопцам у кавярні, на стале – кубак гарбаты.

– А раней я мог прыйсці ў піцэрыю, замовіць вялікую піцу і з’есці яе адзін. Потым запіваў усе гэта літрам колы і клаўся адпачываць.

Такі лад жыцця прывёў Рамана да адзнакі на вагах 173 кілаграмы. І гэта ў 23 гады.

– Я вельмі любіў сябе, – адказаў Раман на пытанне, як ён набраў такую вялікую вагу. – Вучыўся ў лінгвістычным універсітэце, пасля вучобы заходзіў у магазін, браў нейкі фаст-фуд, колу, абедаў і клаўся адпачываць.

Пры гэтым, Раман расказвае, што ў сваёй вазе не адчуваў сябе неяк няёмка.

– Я сабе падабаўся такім, якім быў. Абсалютна не парыўся на гэты конт.

Аднойчы Раману ў інтэрнэце трапілася інфармацыя пра тое, што яго вага – гэта прыкмета захворвання.

– Я амаль змірыўся з тым, што я таўсцею праз тое, што ў мяне цукровы дыябет. Аднак усё ж рашыўся схадзіць да эндакрынолага, здаў усе аналізы.

І вось калі аналізы паказалі, што з крывёй і цукрам у Рамана ўсё ў парадку, у гэты момант у яго, як кажа сам хлопец, нешта шчоўкнула.

– Я чалавек веруючы, і калі зразумеў, што Бог дае мне шанец пачаць іншае жыццё, я вырашыў спыніцца.

Таму на развітанне са звыклым ладам жыцця Раман выдзеліў сабе два тыдні.

– За гэтыя два тыдні я абышоў усе свае любімыя кавярні, замаўляў самую шкодную, каларыйную, але любімую мной ежу. Памятаю, што восьмага лістапада 2015 года было апошняе застолле, а дзявятага я прачнуўся, зварыў грэчку і пачаў новае жыццё. І за 16 месяцаў ні разу не адступіўся ад сваёй мэты.

У размове Раман скажа, што калі ты дазволіў сабе лішняе – ты прайграў назаўжды.

А лішнім у рацыёне Рамана аказалася ўсё смажанае, мучное, салодкае, фаст-фуд, газіраваныя напоі.

– Калі раптам хацелася салодзенькага, дазваляў сабе зефір ці лыжку мёду. Але калі дазваляў гэта сабе, ведаў, што пасля трэба будзе гадзіну ездзіць на ровары.

Вага скідвалася дастаткова хутка. За дзевяць месяцаў Раман пахудзеў на 53 кілаграмы.

Пасля гэтага дадаў у свой расклад заняткі спортам.

– Не зусім пасля гэтага, я і раней займаўся тайскім боксам, іграў у баскетбол. Калі паху­дзеў, збылася мая мара: набыў сабе ровар. Але яшчэ дадаў да свайго раскладу наведванне трэнажорнай залы тры разы на тыдзень.

А калі сябры заўважылі, як схуднеў Раман, калі касцюмы даводзілася ўшываць штомесяц, Раман адаслаў сваю гісторыю на Першы канал, у перадачу да Андрэя Малахава “Пусть говорят”.

– Я абсалютна не хацеў хваліцца тым, які я маладзец. Я хацеў, каб мой прыклад натхніў іншых людзей.

 Здымкі ў Маскве адбыліся 29 сакавіка.

– Я, калі мне патэлефанаваў рэдактар Першага канала, адчуў сябе такім важным чалавекам. Мяне сустрэла таксі каля дома, адвезла ў аэрапорт, там, у Маскве, ужо чакала таксі, якое адвезла ў гасцініцу, потым на здымкі. Не, Першы канал за ўдзел у перадачы не заплаціў, але тое, як яны сустрэлі, таксама многага каштуе.

Малахаў Раману спадабаўся.

– Ён мега-прафесіянал. Праўда. Выйшаў на здымачную пляцоўку і ўжо ведаў гісторыю кожнага героя. Заставалася толькі адказваць на пытанні.

Сёння Раман працуе выкладчыкам французскай мовы ў Маладзечанскім дзяржаўным каледжы, таксама працуе выхавальнікам у інтэрнаце №2 для дзяцей з парушэннямі зроку. Акрамя таго, Раман спявае.

– Музыкай я захапіўся ў 16 гадоў. Прыйшоў да маці і сказаў:  хачу спяваць. Знайшоў педагога, ёй стала Маргарыта Васілевіч, і пачаў займацца. Пераважна я выконваю хрысціянскія песні, і мне падабаецца. Гэта тое, чым я хачу займацца, тое, чаму хачу вучыцца.

Раман прызнаецца, што яму вельмі падабаецца быць занятым.

– Калі ў мяне на ты­дні ёсць адзін вольны дзень, я адчуваю, як таў­сцею, –  жартуе Раман. – Я імкнуся да таго, каб быць занятым. Таму і працую на дзвюх работах.

Раман упэўнены, што змяніўся не толькі знешне.

– Не і яшчэ раз не. Мне стала цікава ўсё на свеце, я хачу быць у цэнтры жыцця, а не ляжаць на канапе. Я стаў бачыць і заўважаць тое, што раней мяне не цікавіла. Нават на шашлыках я цяпер бачу сэнс не ў тым, каб паесці мяса на прыродзе, а каб паганяць мяч, папарыцца ў лазні.

Лазня – гэта таксама новае захапленне Рамана. І ў бліжэйшых планах хлопца прыняць удзел у спартыўным паранні.

– Я люблю і ўмею гатаваць на грылі. Але, калі выдаюцца такія дні з сябрамі, я ім нагатую, а сам іду парыцца ў лазню. Сябры частуюцца, я паруся. Абсалютна не напружваючыся, я магу правесці ў парылцы га­дзіны чатыры. Абавязкова на наступны год прыму ўдзел у чэмпіянаце па паранні.

Раман цяпер дапамагае двум сваім сябрам таксама пахудзець.

– Вучні – гэта значна большая адказнасць, чым калі худзееш сам.

А яшчэ Раман за ўсё тое, што з ім адбываецца, дзякуе сваёй сям’і.

– Без іх падтрымкі ў мяне б нічога не атрымалася. Я ведаю, што зараз прыйду дадому, а мая бабуля Вера Міхайлаўна ўжо прыгатавала маю дыетычную грэчку з садавіной.

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
18.04.2017 15:10
Яна / Няма слоў! Я проста закахалася!
Дадаць каментар
Новае на сайце