Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +16° Маладзечна
Вілейка +16° Вілейка
Смаргонь +16° Смаргонь
Ашмяны +17° Ашмяны
Валожын +16° Валожын
Мядзел +16° Мядзел
Астравец +16° Астравец
Грамадства
19.04.2017 16:11 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Такіх гітар, як у маладзечанца, ва ўсім свеце ўсяго 27

Андрэй Капцюг на новай гітары іграе па пяць-шэсць гадзін у дзень

Андрэй Капцюг на новай гітары іграе па пяць-шэсць гадзін у дзень. Фота Наталлі ТУР.

І больш за тое, гаспадар гітары Андрэй Капцюг не моліцца на яе і не хавае ў сейфе, а вельмі актыўна выкарыстоўвае ў сваёй творчасці.

ёння Андрэй – гітарыст гурта “Кanflikt”, а таксама праекта “Сёмая перадача”.

І гітара яго японскай фірмы Ibanez ужо як два месяцы пастаянная спадарожніца.

А ідэя набыць гэту гітару ўзнікла вось як:

– Я музыкай займаюся даўно, – распавядае Андрэй Капцюг, – але да гэтай гітары ў мяне была шасціструнная. Неяк я рабіў кавер на вядомага гітарыста Энджэла Вівальдзі. І вось, калі ён у сваім творы іграў на сёмай струне, у мяне ў гэтым моманце надыходзіў поўны ступар. Таму і вырашыў тады купляць сяміструнную гітару.

Пры выбары інструмента ў Андрэя  было патрабаванне, каб у яго былі 24 лады і каб сам корпус быў выкананы з вольхі.

– Таму што вольха забяспечвае гук звонкі, збалансаваны. Стаў шукаць у інтэрнэце, чытаць водгукі. Шукаў фірмы, якія займаюцца перавозкай музычных інструментаў з Японіі і ЗША. Так, паступова, і выйшаў на гэту мадэль. Дарэчы, гітару цалкам збіралі ўручную, да апошняга вінціка. Мне вельмі падабаецца, як яна гучыць, якая атака ў гука, які сустэйн.

Не музыкантам, напэўна, варта патлумачыць, што такое атака і сустэйн.

Калі казаць прымітыўна, то гэта асаблівасці гукаў. Атака – таго, як гук узнікае ў музычным інструменце, сустэйн – працягласць гучання ноты.

Пасля ў размове Андрэй будзе выкарыстоўваць іншыя незразумелыя словы.

Напрыклад, калі мы абмяркоўвалі з ім тое, ці могуць гітарысты паўтарыць подзвіг Паганіні і сыграць на адной струне, Андрэй адказаў:

– Гэта гледзячы што. Свіп, а гэта раскладзенае арпеджыа, сыграць наўрад ці атрымаецца.

Гледзячы на непаразуменне ў маіх вачах, Андрэй дастае гітару і пачынае перабіраць струны зверху ўніз. Гэты перабор – і ёсць арпеджыа.

Гітара Андрэя каштуе 2000 долараў.

– На яе скідваліся хлопцы са студыі. Я іграю – ім рэклама. Гэта нармальна.

– А раптам гітара сапсуецца, што тады?

– Трагедыяй будзе, калі ў яе пераломіцца грыф. Усё астатняе можна папра­віць.

Андрэй прызнаецца, што гітары не шкадуе, пылінкі з яе не здзімае.

– Іграю шмат, у дзень, калі ў мяне выхадны, магу іграць без перапынку гадзін 5-6. Часцей за ўсё іграю ноччу. Спрабую пісаць музыку.

Аднак музычную школу Андрэй Капцюг скончыў па класе фартэпіяна.

– У першым класе папрасіў маці адвесці мяне ў музычную школу,  спадабалася настаўніца па фартэпіяна, таму і пайшоў іграць на гэтым інструменце. А ўжо пасля дзявятага класа, калі трэба было выбіраць, куды паступаць, я выбраў музычны каледж, пайшоў на спецыяльнасць “класічная гітара”.

Выхоўваў музычны густ Андрэй на гуртах Metallica, Slayer, Kreator, Lamb of God.

А вось песень пад гітару ў двары Андрэй не іграў ніколі.

– Ужо пазней, калі вучыўся ў каледжы, хадзілі да дзяўчат з гітарай у інтэрнат.

Ужо год Андрэй сола-гітарыст у гурце “Кanflikt”. Гурт дастаткова вядомы ў горадзе, яго запрашаюць на розныя фестывалі. І нават круцяць па радыё.

– Насамрэч, на радыё прабіцца не цяжка. Знайдзі фармат, які табе падыходзіць, і прапаноўвай сябе.

Іншая справа, як зарабіць грошы на творчасць.

– Таму мы і стварылі калектыў “Сёмая перадача”. Там творчасці няма. Кавер – бэнд, мы проста пераігрываем тую музыку, якая зрабіла вядомымі гурты “Звяры”, “Акіян Эльзы”,  “Зямляне”. Аднак калі гэта запатрабавана на вяселлях, будзем выконваць.

А вось эталонамі гітарыстаў для Андрэя Капцюга з’яўляюцца Джон Пятручы, Джэф Луміс, Энджэл Вівальдзі.

– Раней увогуле здавалася, што яны богі гітары. А цяпер разумею, што калі спрабаваць, займацца, практыкавацца, то няма нічога немагчымага.

Вось Андрэй і спрабуе. Акрамя ўдзелу ў гуртах, пачынае займацца сольнай кар’­ерай, запісвае сваю музыку. Цяпер рыхтуецца да джэму месяца на англійскім гітарным сайце JamTrackCentral.

– Джэм – гэта інструментальная імправізацыя на зададзеную тэму. Пад дадзены трэк трэба прыдумаць сваё сола, запісаць на відэа, як ты яго іграеш, без мантажу гуку, загрузіць гэта ўсё на “Ютуб” і адправіць спасылку журы, дзе ў канцы месяца выберуць лепшых.

І канешне ж, як творчы чалавек іграе па начах.

– Мае бацькі, калі я першага верасня з’ехаў на вучобу, прызнаваліся, што не маглі заснуць ад таго, што ў доме стала надта ціха.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце