Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Грамадства
Астравец
26.04.2017 12:04 ,AЎТАР(Ы): Аляксандра ПАРАХНЯ

“Пластыкавыя бутэлькі выцягвалі з-пад каранёў дрэў” – жыхары Астравеччыны зладзілі прыборку на Сарачанскіх азёрах

Падчас прыборкі на Сарачанскіх азёрах

Падчас прыборкі на Сарачанскіх азёрах. Фота забяспечана Аляксандрам Дарашэвічам.

Больш за 2 500 літраў смецця вывезлі на гэтых выхадных з Сарачанскіх азёраў, што на Астравеччыне. 22 красавіка тут прайшла акцыя прыборкі ў межах міжнароднага руху “Зробім!”.

Акцыя ў дзень Зямлі тут становіцца ўжо традыцыйнай. Другі год запар прыборку на тэрыторыі Сарачанскіх азёраў ладзіць Аляксандр Дарашэвіч, які разам з сям’ёй тры гады таму пераехаў з Мінска на Астравеччыну, у вёску Вялікая Страча.

Асноўнае смецце – бутэлькі з-пад піва

Нягледзячы на тое, што пахмурнае ранішняе надвор’е напужала некаторых валанцёраў, на прыборку сабралася 27 чалавек. Як і летась, да валанцёраў далучыліся навучэнцы Спондаўскай школы. Упершыню ў акцыі “Зробім!” прынялі ўдзел супрацоўнікі астравецкага аддзялення Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў.

− Як і заўсёды, мерапрыемства прайшло на пазітыве, − дзеліцца ўражаннямі Аляксандр Дарашэвіч. – Як толькі мы выйшлі да месцаў прыборкі, надвор’е наладзілася. Мы прыбіраліся на трох участках: на двух упершыню, на адным з іх прыбіраліся летась.

Аб’ёмы сабранага смецця ідуць на тысячы літраў: на рацэ Страча валанцёры сабралі больш за дзве тысячы літраў смецця, на возеры Падкасцёлак – 400 літраў. Канчатковую лічбу валанцёры назавуць пасля таго, як вывезуць усё смецце.

Рака Страча – ўлюбёнае месца аматараў водных сплаваў і рыбакоў. Таму колькасць смецця ў яе ваколіцах, на жаль, не змяншаецца.

− У асноўным даводзілася збіраць пластыкавыя бутэлькі, пераважна ад піва, − кажа арганізатар. – Таксама шкляныя бутэлькі ад спіртнога. Паколькі гэта ўжо другая акцыя, то адчуваецца змена ў рэакцыі мясцовых жыхароў. Яны бачаць, што мы не проста прыбраліся адзін раз, і ўжо іначай глядзяць на мерапрыемства.

Кусты і дрэвы ўжо “прыбралі” бутэлькі да сябе

Жыхарка Астраўца Алена Раткевіч адмыслова прыехала на Сарачанскія азёры, каб паўдзельнічаць у прыборцы. Для яе гэта першы ўдзел у мерапрыемстве.

− Прыехала, бо, па-першае, вельмі люблю чысціню, а па-другое, у мяне ўжо той узрост, калі адчуваецца адказнасць за будучыню, − тлумачыць дзяўчына. – Шмат пластыку мы знаходзілі нават у каранях, дрэвы і кусты ўжо “прыбралі” яго да сябе. Ад гэтага нават неяк крыўдна робіцца… за людзей.

Гасцінныя гаспадары пасля дзвюх гадзін працы запрасілі ўдзельнікаў прыборкі да сябе – на гарачы чай і спартыўныя гульні.

Гарачая гарбата пасля двух гадзін прыборкі.

Гарачая гарбата пасля двух гадзін прыборкі.

“Трэба мяняць мысленне ў стылі “на мой век хопіць”

Аляксандр Дарашэвіч падкрэслівае, што для яго самае галоўнае ў руху “Зробім!” – не столькі арганізацыя канкрэтных прыборак, колькі спроба змяніць мысленне мясцовых жыхароў.

− Паўсюль я назіраю пагружэнне ў бездань смецця, − кажа мужчына. – Калі ў дварах яшчэ неяк прыбіраюцца, то нормай лічыцца выкінуць смецце па-за межы свайго участка. Зразумела, што гэта адбываецца з-за папушчальніцтва ўлады – сельсавета. Ніхто асабліва не стараецца схаваць смецце. У некаторых вёсках яно ляжыць проста паабапал дарог, па якіх ездзяць людзі, адказныя за парадак. Трэба, каб улады зразумелі катастрафічную сітуацыю з забруджваннем прыроды і прынялі жорсткія меры, − заключае ён. –

Вынік забруджвання – гэта не толькі выміранне жывёл, птушак і насякомых, але і пагаршэнне здароўя людзей.

Адсюль – неабходнасць дадатковага фінансавання сістэмы аховы здароўя. Сітуацыя, якую я назіраю ў Беларусі, не дадае аптымізму: уласнікі зямлі глядзяць на яе ў кароткачасовай перспектыве, па прынцыпе “на мой век хопіць”.

Арганізатары нагадваюць: рух “Зробім!” не заканчваецца прыборкай, якая адбылася 22 красавіка. Мерапрыемствы будуць працягвацца да 30 верасня. Так што пабачыўшы ў ваколіцах смецце, не спяшайцеся адвесці вочы. Далучыцца да каманды валанцёраў ці стварыць сваю ніколі не позна.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце