Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна -1° Маладзечна
Вілейка Вілейка
Смаргонь Смаргонь
Ашмяны Ашмяны
Валожын -1° Валожын
Мядзел Мядзел
Астравец Астравец
Спорт
5.05.2017 07:56 ,AЎТАР(Ы): Галіна СУДНІКОВІЧ

“Крытыкаваць на канапе – проста, а паспрабуйце быць незаціснутым на рынгу”. Маладзечанскі баксёр пра перамогу над Дэрыкам Мехменам

Фота youtube.com.

У пятніцу, 28 красавіка, у Маскве адбыўся бой па тайскім боксе ў міжнародным турніры Fight Nights Global 64 паміж 32-гадовым маладзечанцам Аляксеем Кудзіным і 31-гадовым амерыканцам Дэрыкам Мехменам. Наш зямляк стаў пераможцам, аднак каментатары ў інтэрнэце не пагадзіліся з рашэннем суддзяў, маўляў, “Мехмен Кудзіна патрос”.

Мы сустрэліся са спартсменам, каб даведацца, якім было спаборніцтва для яго, як рэагуе на абураныя воклічы.

– Кожны бой даецца вельмі цяжка, бо ты не ведаеш, як павядзе сябе сапернік, – расказвае Аляксей. – Большасць спартсменаў, з якімі сустракаюся на рынгу, маюць вялікі досвед, грунтоўна падрыхтаваныя. Амерыканцы – вельмі складаныя сапернікі, з еўрапейцамі лягчэй.

Нагадаем, што апошні бой у Аляксея быў у лістападзе, спартсмен рабіў амаль паўгадавы перапынак. Прычынай было тое, што нарадзілася другая дачка, не хацеў хваляваць жонку, Таццяну. Аднак трэніроўкі не спыніў.

Сапернік цалкам змяніў звыклую тактыку

Фота wallpapershome.ru.

Фота wallpapershome.ru.

У лютым спартсмен даведаўся, што яго чакае бой з амерыканцам, былі два з паловай месяцы на падрыхтоўку. Пачалі з таго, што трэнерская каманда разам са спартсменам прагледзела відэа ранейшых баёў саперніка: глядзелі, як паводзіць сябе на рынгу, якой тактыкі прытрымліваецца.

–  Звычайна Мехмен працуе ў стойцы, мала рухаецца па рынгу, – адзначае маладзечанец. – Аднак у баі ён змяніў тактыку, бо ведаў – у стойцы я маю перавагу, ён можа прапусціць удар. Дэрык імкнуўся сцягнуць мяне ў партэр, вёў актыўную барацьбу рукамі. З самага пачатку бою быў зададзены вельмі высокі тэмп.  На маю думку, Дэрык праявіў сябе лепш, чым у іншых баях.

Як адзначае Аляксей Кудзін, на гэты бой ён ішоў толькі з думкамі пра перамогу. Да гэтага ў яго была нічыя з Міхаілам Махнаткіным, у баі з Сяргеем Паўловічам маладзечанец саступіў.

– Калі б у гэтым баі я не перамог, гэта была б для мяне кар’ерная яма, – расказвае Аляксей. – Таму толькі перамога. Калі б не атрымалася, не павесіў бы баксёрскія пальчаткі на цвік, наадварот, трэніраваўся б з большым напружаннем і аддачай.  Перамога была патрэбная, каб сцвердзіцца самім перад сабой, даказаць сабе, што магу больш.

Фанаты нанялі аўтобус, каб падтрымаць спартсмена

Фота ok.ru.

Фота ok.ru.

Падтрымлівалі спарт­смена сябры, з Мінска ў Маскву прыехаў аўтобус фанатаў, многія маскоў­скія сябры прыйшлі на бой. Жонка падтрымлівала ў думках, сама баі пераглядае, калі скончацца, каб хваляваннем не сурочыць перамогу.

Як адзначае спартсмен, бой забірае шмат сіл, таму пасля яго ў нейкім сэнсе адчуваеш апатыю.

– Канцоўка атрымалася нейкая змазаная, хаця сам бой прайшоў нядрэнна, – дае ацэнку Аляксей. – Цяпер ты­дзень-другі адпачну і з новымі сіламі вазьмуся за працу.

Лепшым аднаўленнем пасля бою спарт­смен лічыць папарыцца ў лазні, залячыць траўмы.

На каментары ў інтэрнэце адносна бою спартсмен глядзіць раўнадушна – заўсёды будуць незадаволеныя.

Многія “эксперты” нават стараліся даць параду спартсмену: “З перамогай! Аднак нейкі ты заціснуты, Аляксей, трэба вагу скінуць… неяк папрацаваць над гэтым”.

– Крытыкаваць, лежачы на канапе, проста, а вось самому надзець пальчаткі і паспрабаваць свае сілы значна цяжэй, – тлумачыць Аляксей. – Заціснутасць была хутчэй псіхалагічная, бо не ведаеш, якім будзе наступны крок саперніка, ад гэтага становішся вельмі сканцэнтраваным, зразумела, што і мышцы, цела напружаныя. Тым больш, што ў боксе многа статычнай работы, трэба рухацца, але асабліва па рынгу не паскачаш. Што датычыцца вагі, то ў міжсезонне важыў 112-113 кілаграмаў, да бою скінуў пяць кілаграмаў – вага была ў норме.

З Маладзечна не планую з’язджаць

Пайшлі чуткі пра тое, што Аляксей Кудзін пераехаў у Мінск.

– Маладзечна – мой родны горад, які вельмі падабаецца, не планую з’язджаць адсюль, – зазначае маладзечанец. – На трэніроўкі езджу ў Мінск, Маскву, але заў­сёды вяртаюся. У Маладзечне праблема з тым, каб знайсці партнёра цяжкай вагавой катэгорыі. Яны ёсць, аднак не таго ўзроўню, якога б хацелася. Калі б такія партнёры былі ў Маладзечне, нікуды і ездзіць не давялося б.

Заканчваць кар’еру спартсмен пакуль не плануе. Калі баксёры лёгкай вагавой катэгорыі сыходзяць з рынгу да 30 гадоў, то баксёры цяжкай вагавой катэгорыі звычайна выступаюць да 37-38 гадоў.

Аляксей плануе быць у спорце да 40 гадоў, галоўнае, каб менш было  траўмаў.

У трэнерскай рабоце маладзечанец пакуль сябе не бачыць, ды і на гэта не хапае часу – у самога трэніроўкі два разы на дзень. Хаця перыядычна Аляксей праводзіць паказальныя заняткі, майстар-класы.

8 чэрвеня спартсмена чакае чэмпіянат Еўропы ў Італіі, а 6 кастрычніка – турнір у Мінск-арэне, у Аляксея галоўны бой вечара.

Фота забяспечана Аляксеем Кудзіным.

Фота забяспечана Аляксеем Кудзіным.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце