Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
17.05.2017 09:30 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Маладзечанка 5 хвілін знаходзілася ў стане клінічнай смерці: “Дактары выратавалі маму дваіх дзяцей і сястру трох братоў”

Вольга Бярнат са старэйшым сынам, Мацвеем. Калі мама вярнулася з бальніцы, хлопчык ні на крок не адыходзіўся ад яе

Вольга Бярнат са старэйшым сынам, Мацвеем. Калі мама вярнулася з бальніцы, хлопчык ні на крок не адыходзіўся ад яе. Фота Наталлі Тур.

Дзень 13 сакавіка для 33-гадовай маладзечанкі Вольгі Бярнат стаў другім днём нараджэння.

Менавіта ў гэты дзень яна перажыла клінічную смерць.

А пачалося ўсё са звычайнага ўколу супраць боляў у спіне. Пасля гэтага Вольга раптам адчула сябе дрэнна.

– Я сама медык, таму ведала, што калю. І думкі не магла дапусціць, што гэта анафілаксія. Думала, пройдзе само.

Аднак з кожнай хвілінай жанчыне станавілася ўсё больш кепска. Выклікалі “хуткую дапамогу”.

– Да мяне прыйшла суседка, я ёй яшчэ гаварыла, што рабіць, пакуль прыедзе “хуткая”. Але ўжо праз 10 хвілін у дзверы пазванілі дактары з фельчарскай брыгады.

Што адбылося ў тыя хвіліны, пакуль працавала  фельчарская брыгада, калі дактары зразумелі, што не справяцца сваімі сіламі, калі яны выклікалі на дапамогу брыгаду інтэнсіўнай тэрапіі, Вольга памятае слаба. 

– Я памятаю, што быццам губляла прытомнасць, потым прыходзіла ў сябе, прасіла сваю маму паклапаціцца пра маіх дзяцей. Потым цемень. І прыйшла я ў прытомнасць толькі ў мінскай 9-й клінічнай бальніцы. Праз чатыры дні.

Вольга некалькі хвілін знаходзілася ў стане клінічнай смерці.

– Я не памятаю ні нейкіх светлых калідораў, пра якія паказваюць у кіно, не было ніякіх трызненняў, мне нічога не здавалася. Я адчувала, быццам заснула і праспала вельмі доўга.

Размаўляючы са мной, Вольга праз слова называе прозвішчы дактароў, што яе, ні на секунду не перабольшваючы, дасталі з таго свету:

– Міхаіл Брыжоў і Аляксандр Шалаеў, дактары “хуткай”, я ім вельмі ўдзячная, – кажа Вольга. – Мне і раней даводзілася выклікаць “хуткую”, але на выклік прыязджалі толькі дзяўчаты-дактары. А тут, калі на кароткія хвіліны прыходзіла ў прытомнасць, бачыла, як каля канапы нада мной стаяць адны хлопцы.

Але не толькі дактарам “хуткай”, супрацоўнікам рэанімацыі маладзечанскай ЦРБ Вольга абавязаная сваім жыццём. Яна лічыць, што яе маці, Антаніна Пятроўна, таксама яе ратавала.

– Мама мая выратавала мяне сваёй верай. Яна малілася за тое, каб я была жывая і здаровая. Я ж ведаю, што клінічная смерць – гэта не проста адключыўся, дактары ўдарылі цябе дэфібрылятарам і адразу стала ўсё добра. Усе, хто так ці інакш разбіраецца ў  медыцыне, ведаюць, што пасля клінічнай смерці могуць быць незваротныя працэсы ў мозгу. Таму і маці мая малілася і прасіла, хаця б у мяне ўсё было добра з галавой.

Вользе – 33 гады. Яна мама двух сыноў. Старэйшаму, Мацвею, – сем гадоў, малодшаму, Кірылу, – тры.

– Калі са мной здарылася гэта няшчасце, Мацвей быў дома. Ён бачыў, як мне на вачах станавілася блага. Мацвей схаваўся за крэсла і сядзеў там. Потым, пасля таго, як мяне забрала “хуткая”, як я правяла некалькі дзён у рэанімацыйным аддзяленні ў Маладзечне, як потым мяне адправілі ў Мінск, я вярнулася дадому толькі праз месяц. Мацвей ні на крок ад мяне не адыходзіўся. Так сумаваў. Таму дзякуй дактарам за тое, што яны выратавалі не толькі дачку, але і маму двух маленькіх хлопчыкаў. Уся сям’я моцна перажывала: і муж, і малодшы сынок. І старэйшыя браты. А таксама мой брат, мой двайнятка. Сяргей прыехаў адным з першых. Мы сапраўды адчуваем адзін аднаго.

Цяпер Вольга пакуль на бальнічным, аднаўляецца, адпачывае, але вельмі сумуе па рабоце.

– Я працую ў рэанімацыі дзіцячай бальніцы. Вельмі люблю сваю работу. Бо ні з чым не параўнаць тое пачуццё, з якім мы аддаём мамам у рукі дзетак, чыім жыццям пасля працы нашых дактароў ужо нічога не пагражае. Гэта неверагоднае шчасце.

Выратаванне ад смерці – гэта цяжкая фізічная праца

– Пасля таго, як мы дасталі Вольгу з таго свету, – расказвае доктар “хуткай дапамогі” выязной брыгады інтэнсіўнай тэрапіі Міхаіл Брыжоў, – у пакоі стаяў моцны пах мужчынскага поту. Праца дактароў – гэта не гераізм, гэта цяжкая фізічная праца.

Той дзень дактарам таксама запомніўся, хаця бывалі ў практыцы выпадкі, калі за дзень даводзілася выязджаць на тры клінічныя смерці:

– Былі два цяжкія інфаркты і траўма галавы ў 22-гадовага хлопца. Гулялі вяселле, хлопец ударыўся галавой, кровазліццё ў мозг. Хлопец хацеў стаць лётчыкам. Ужо не стане. Што датычыцца Вольгі, – працягвае доктар Брыжоў, – то ёй нейкімі вышэйшымі сіламі было наканавана жыць.

– Хаця выклік быў не тэрміновы, – уключаецца ў размову фельчар Аляксандр Шалаеў, – Вольга выклікала “хуткую” са скаргамі на дрыжыкі, слабасць, тэмпературу. З такімі сімптомамі дакладны дыягназ паставіць складана. Вольга расказала, што гэтыя сімптомы з’явіліся пасля ўвядзення лекаў. Тады стала зразумела, што гэта рэакцыя на прэпарат. А пасля Вольга пачала абмякаць, ведаеце, быццам выключаюць святло: яна станавілася млявай, бледнай. Я сцяміў, што трэба дапамога.

І вось з гэтага моманту час пачаў працаваць на Вольгу. Мяркуйце самі: машына рэанімацыі была на выкліку, трэба было перавезці хворага з бальніцы №1 на камп’ютэрнаю тамаграму ў бальніцу №2.

– Калі мне патэлефанаваў Шалаеў, – расказвае Міхаіл Брыжоў, – і сказаў, што ў маладой жанчыны канстатаваная клінічная смерць, я неадкладна прыняў рашэнне ехаць на выклік. Але вось жа, каб мы пагрузілі ў рэанімабіль гэтага хворага чалавека з бальніцы, ніхто б яго ўжо назад не клаў, Вольга вымушаная была б чакаць, пакуль машына вызваліцца.

Па-другое, рэанімабіль аказаўся паблізу дома, дзе жыве Вольга. Па-трэцяе, праезд у двор быў вольны, хаця, як расказалі дактары, часам здараецца, што даводзіцца і “пабадацца” за тое, каб праехаць. Да таго ж ліфт знахо­дзіўся на першым паверсе. Рэанімабіль  у маладзечанскіх дактароў самы сучасны. “Асобная рэанімацыйная палата для аднаго”, скажуць пасля дактары.

А далей… лік на секунды і адладжаная праца пяцёх чалавек з дзвюх брыгад: Міхаіла Брыжова, Аляксандра Шалаева, Святланы Ляўковіч, Сяргея Гінько, Аляксея Ба­роў­скага. А таксама вадзіцеляў машын: Аляксандра Кушаля і Вікенція Капыша.

– Паверце, няма эйфарыі пасля таго, як выратуеш чалавека, – кажа Міхаіл Брыжоў, – ёсць унутранае апусташэнне і дрэнны сон на некалькі дзён наперад. Для медыкаў – гэта яшчэ большы стрэс, чым для сваякоў хворага. Мы бачылі розныя смерці,  і гэта не гераізм, гэта страшна заўсёды. Вось сям’я, у якой былі планы на выхадныя і якія праз 15 хвілін ляжаць усе мёртвыя на дарозе, дзе толькі што адбылася аварыя. Хлопец, які два тыдні таму адзіны выжыў у аварыі, а цяпер мы яго не змаглі выратаваць  з вады. Хлопец патануў.

Дактары “хуткай” адмовіліся ад фотаздымка.

– Ды таму, што не толькі тое важна, хто першы прыехаў на выклік. Тое, што Вольга жывая, заслуга і дактароў рэанімацыйнага аддзялення, і спецыялістаў з мінскай 9-й клінічнай бальніцы. Бо на кожным з гэтых этапаў Вольга магла памерці.

– Таму самае галоўнае, – удакладняе загадчык станцыі “хуткай дапамогі” Андрэй Мушавец, – што ў працы ўсіх нашых службаў ёсць пераемнасць.

Хаця дактарам, як яны прызнаюцца, дастаткова падзякі мамы Вольгі, Андрэй Іванавіч са сваімі калегамі не згодны.

– Я лічу, што павінны ўсе ведаць, якая гэта цяжкая праца. Вельмі крыўдна слухаць пра сябе тое, што “хуткая” да некага не едзе на выклік. Бываюць розныя выклікі: экстранныя, тэрміновыя і неадкладныя. А бывае, што “хуткая” не едзе, таму што ёй не даюць праехаць. Але з такімі выпадкамі нам дапамагае спраўляцца наша маладзечанская ДАІ.

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце