Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +2° Маладзечна
Вілейка +2° Вілейка
Смаргонь +2° Смаргонь
Ашмяны +2° Ашмяны
Валожын +2° Валожын
Мядзел +2° Мядзел
Астравец +2° Астравец
Грамадства
3
11.05.2017 17:08 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Дзень Перамогі-2017 у Маладзечне. Пасляслоўе

Фота Наталлі Тур.

Я, як карэспандэнт газеты, раблю рэпартажы з Дня Перамогі ўжо некалькі гадоў. Нешта заўважаю, на нешта заплюшчваю вочы. Але сёлетняе свята пакінула пасля сябе шмат пытанняў, асноўнае з якіх: навошта? 

Пра тое, што заўважыла і што абурыла, я напісала ў фотарэпартажы:

Акцыя "Бессмяротны полк" у Маладзечне: "Хлопчык, хто ў цябе на партрэце?" "Не ведаю, нам яго ў школе выдалі" (Фотарэпартаж)

Удакладню. Усе ж правільна гэтая акцыя называлася "Беларусь памятае". 

І вось, я ўбачыла сярод партрэтаў фота знаёмага мне ветэрана Мітрафана Яўсеевіча Жамчужнікава, які, на жаль, памёр некалькі гадоў таму.

Мітрафан Яўсеевіч, наколькі я памятаю, быў танкістам, прайшоў усю вайну, быў некалькі разоў цяжка паранены, прымаў удзел у Курскай і Сталінградскай бітвах.

Мне даводзілася сустракацца з ім некалькі разоў, і заўсёды Мітрафан Яўсеевіч расказваў пра вайну не як пра подзвіг, а як пра цяжкую штодзённую працу. Пра тое, што сапраўды ў атаку беглі з крыкамі “Ура!”, што ведалі: назад адступаць нельга.

І што сам Мітрафан Яўсеевіч, калі яго вельмі цяжка параніла ў галаву, заняў месца забітага кулямётчыка і працягваў весці агонь па праціўніку.

Я загадзя прашу прабачэння ў сваякоў Мітрафана Яўсеевіча, што называю яго імя ў гэтым матэрыяле. Але я лічу, што ён заслугоўвае нашмат большага, чым вось гэта:

Я звярнулася да пад­летка ў спадзяванні, што пазнаёмлюся з праўнукам героя:

– Хлопчык, а хто гэта ў цябе на партрэце?

– Я не ведаю, нам яго ў школе выдалі.

Як выдалі ў школе? Для чаго? У Мітрафана Яўсеевіча, я ведаю, у Маладзечне жывуць унукі і праўнукі. Дык чаму партрэт героя нясуць школьнікі, якія нават не пацікавіліся тым, хто ён? Чаму настаўнікі не патлумачылі? 

Тая ж гісторыя паўтарылася і яшчэ раз. Падыходжу да хлопцаў, якія паставілі партрэты на зямлю і абапіраюцца на іх:

– Чые гэта партрэты? Хто гэтыя ветэраны вам?

Разгублены позірк адзін на аднаго:

– Там жа напісана!

Канешне, былі і тыя, хто прыйшоў з партрэтамі сваіх сваякоў, але гэта не былі плакаты фармату А3, як патрабавалі арганізатары для “прыгожай карцінкі”. Не партрэты, якія былі ўпрыгожаныя стужкамі, банцікамі і кветкамі.

Гэта былі пажаўцелыя фотакарткі, сямейныя партрэты ў звычайных рамках, баявыя ўзнагароды.

– Мая мама, – расказаў хлопец Саша, – штогод прыходзіць на парад з фотаздымкам майго дзядулі. Гэта памяць нашай сям’і. Ніхто не прымушаў, мама проста адчувае, што так трэба.

Пасля слоў віншаванняў ад старшыні Мала­дзечанскага райвыканкама Аляксандра Яхнаўца пачалося ўскладанне кветак.

Мамы і таты, узброіўшы сваё дзіця цюльпанам і нарцысам, фатаграфавалі іх на фоне Вечнага агню.

Таму вельмі шчымліва было бачыць, як да агню падышла жанчына, а затым дзяўчынка-падлетак з партрэтам, на якім была сямейная пара, бацькі або бабуля з дзядулем. Жанчына нешта шаптала, выцірала слёзы і моў­чкі адышла ад брацкай магілы.

Тое ж зрабіла і дзяўчынка: з вачыма, поўнымі слёз, затрымалася на некалькі хвілін, глядзела на імёны на помніку.

Затым я чула ў натоўпе, як госці з Расіі, трымаючы ў руках расійскія сцяжкі, шапталі адзін аднаму:

– Глянь ты, а ў іх тут усё па-руску, усё зразумела.

Так. Нават жалобны мітынг заканчваўся словамі песні: “А я ў Расію, дамоў хачу”…

Пасля ўрачыстасцяў свята працягвалася. 

***
Піша чытач: “Сяджу ў парку на канцэрце для ветэранаў. Дзеці ў касцюмах пчолак спяваюць песню з мульціка пра Фіксікаў.

***
Рэкламная афіша аднаго маладзечанскага нач­нога клуба запрашае каларытна і насычана адзначыць свята.

Афіша другога клуба рэкламным постэрам з аголенымі дзяўчатамі ў пілотках заклікае: “Прыходзь і перамажы”.

***
10 мая ў магазінах прадаецца мінеральная вада з этыкеткай: “ З Днём Перамогі”.

Па афіцыйных дадзеных ў Маладзечанскім раёне цяпер жыве 96 ветэранаў. З іх інвалідаў вайны – 16 чалавек, удзельнікаў баявых дзеянняў – 60, працаўнікоў тылу – 18, прыфрантавых чыгунак – 2, блакаднікаў – 2.

Мне асабіста сорамна перад кожным з гэтых 96 чалавек за тое, што Самае Галоўнае Свята пераўтварылі ў шоу, паказуху, "абязалаўку". 

Мне сорамна за тое, што са Святам Перамогі віншуюць на бутэльках і мне балюча глядзець на такія афішы. 

Няўжо ў гэтага пакалення не засталося сумлення, годнасці і ўдзячнасці? 

Абмеркаваць
Каментар (3) / Дадаць каментар
12.05.2017 13:37
Ян / Наталля, дзякуй за прауду!!!
12.05.2017 20:12
Ирина / Обращаюсь к автору статьи за не достоверную информацию. Дети готовились к параду, делали портреты на трудах, потом оставляли в школе и это было по желанию, а перед парадом не все в школу пришли, кто-то сразу на площадь, поэтому просто взяли все портреты, не оставлять же! И никто из учителей не заставлял нести. Мальчик что на фото сделал очень тяжелый, сам сделал! И нёс своего деда! Шёл первый и достойно. Было очень холодно, руки просто замерзли. Почему вы не подошли и не подсказали, что смотрится не в выгодном свете? Дети увидели, расстроились… ВСЕ КТО ШЛИ – ШЛИ С ГОРДОСТЬЮ!
13.05.2017 00:05
Ольга / Дзякуй....ýсю праýду напiсалi...I мне таксама сорамна....прабачце нас....нашы ветэраны.З Днём Вялiкай Перамoгi!!!
Дадаць каментар
Новае на сайце