Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +14° Маладзечна
Вілейка +14° Вілейка
Смаргонь +14° Смаргонь
Ашмяны +14° Ашмяны
Валожын +14° Валожын
Мядзел +13° Мядзел
Астравец +14° Астравец
Гісторыя
Вілейка
16.05.2017 11:54 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна

Ілюстрацыйны здымак

Ілюстрацыйны здымак. Фота waralbum.ru.

Гэта частка гісторыі майго краю таксама напісаная з расповедаў сведак тых далёкіх і трагічных часоў пра пакутніцкі лёс.

Паэт, пісьменнік і перакладчык Уладзімір Папковіч вайну памятае не вельмі добра. Але ў яго дзіцячую памяць на ўсё жыццё ўрэзаўся адзін момант ваеннага ліхалецця. Гэта як у вёску наляцелі бандыты. Усе яны былі конна і як адзін з іх, з азвярэлым тварам, невядома за што лупцаваў парканінай па галаве свайго жарэбчыка. Бедная жывёліна ржала, спрабавала падымацца на дыбкі, каб вызваліцца ад свайго гаспадара-ката, але садыст моцна трымаў зацуглянага жарабца. 

Садко, так называлі яго тыя, з кім ён прыехаў, супакоіўся толькі пасля таго, як за жывёліну заступіўся іншы бандыт.  

Акрываўленая галава каня і азвярэлы твар таго бандыта ва Уладзіміра Антонавіча стаяць перад вачыма яшчэ і сёння. Ужо пасля вайны, калі ён вучыўся ў Ільянскай школе, то некалькі разоў сустракаў таго бандыта-садыста, кульгавага на адну нагу, які пастаянна і заўжды п’яны боўтаўся на мясцовым рынку.

Уладзімір Папковіч. Фота vlib.by.

Уладзімір Папковіч. Фота vlib.by.

А вось сястра Уладзіміра Антонавіча, Леаніла Антонаўна, вайну памятае добра.

Расповед Леанілы Антонаўны Папковіч

Леаніла Антонаўна нарадзілася ў 1928 годзе і да прыходу бальшавікоў у 1939-м паспела скончыць тры класы польскай школы. Далей вучыцца не было магчымасці. Савецкая ўлада пазачыняла ўсе польскія школы, а іншых не паспела адчыніць, бо  па­чалася вайна. Яна распавядала, што падчас вайны іх сям’я лясных бандытаў не вельмі баялася, таму што ў іхняй хаце “кватаравалі” партызанскія камандзіры. Але як толькі немцы распачыналі акцыю супраць партызан, то ўсе з вёскі даваліся на ўцёкі, кватаранты ў адзін бок, жыхары – у іншы.

Вось толькі некаторыя яе ўспаміны, якія вельмі моцна ўрэзаліся ў памяць.

Калі пачалася вайна, іхняя вёсачка Дварэц, як і ўсе навакольныя, апынулася паміж двух агнёў. Днём наязджалі з гарнізонаў (з Хаценчыцкага і Ільянскага) нямецкія карнікі, рабавалі, забівалі, здзекаваліся з лю­дзей. Ноччу ж наляталі лясныя бандыты, таксама рабавалі, гвалцілі дзяўчат ды жанчын. Па не правераных даносах знішчалі цэлыя сем’і, не пакідаючы ў жывых нават дзетак. Смерць надчэквала на кожным кроку і невядома адкуль.

Неяк восенню 12-гадовая Лёнька са сваім сямігадовым брацікам Валодзькам капалі бульбу на сваім полі, якое знаходзілася акурат паміж Дварцом і Рабцами. Раптам у паветры пачуўся гул матораў. Падняўшы галовы, заўважылі ў вышыні шмат самалётаў з крыжамі на крылах, якія кружыліся над Рабцамі і штосьці скідалі.

Хоць узрываў і не было чуваць, але над Рабцамі пачаў падымацца чорны дым, а ў след за ім вялізнае полымя. Вёска ўся палыхала.

– Адзін з самалётаў накіраваўся ў наш бок, – расказвае Леаніла Антонаўна. – Страляючы па нас з кулямёта, ён праляцеў над нашымі галовамі так нізка, што мы ці то самі паваліліся ў баразну, ці то паваліла хваля паветра ад яго. На шчасце, кулі нас не закранулі. Пакуль самалёт пайшоў на другі круг, мы з Валодзькам паспелі адпаўзці і схавацца ў прыдарожнай канаве.

Зрабіўшы сваю злачынную справу, самалёты зляцелі. Увечары мы даведаліся, што падчас бамбёжкі ў Рабцах загінула Анюта Спірыдовіч са сваімі малалетнімі дачушкамі.

Адной з іх было пяць, а другой толькі тры годзікі. Жанчына схавалася ад абстрэлу з самалётаў пад яблынькай, прытуліўшы да сябе дачушак, але не выратаваліся, кулямётная чарга скасіла ўсіх траіх.

У гэты ж дзень была знішчаная і суседняя з Рабцамі вёска – Заельнікі. Наша вёска засталася цэлай. Немцы знішчылі толькі хутар Канстанціна Шахрая, які знаходзіўся каля самага лесу за Дварцом і выка­рыстоў­ваўся пад партызанскі шпіталь.

Леаніла Міцько.

Леаніла Міцько.

Подзвіг маці

Наступіўшы 1943 год прынёс новыя выпрабаванні. Блакада пагнала партызан на Палік, а безабаронныя дварчане ўсёй вёскай рушылі ў глухі забалочаны лясны масіў паміж Лукаўцом і Зачарной. Апошнім часам там было накрыжавана бураломам шмат вялізных ялін, вывернутых з каранямі, якія былі асновай для будана і служылі людскім сховішчам – жыллём замест зямлянак.

Аднойчы надвячоркам, калі ўсе клаліся спаць, з аднаго будана разносіліся плач дзіцяці і жаночы гвалт. Усё дарослае вясковае насельніцтва павыскоквала са сваіх схованак на гэты крык, небяспечны для ўсіх.

Высветлілася, што ў сям’і з суседняй вёскі немаўля моцна расплакалася, а маладая мама ніяк не магла супакоіць дзіцятка. Любы шум пагражаў усім смерцю.

Старая жанчына з гэтай сям’і на поўным сур’ёзе дала маладзіцы загад: “Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску”!

Па­чуўшы такое, маладая маці зняла з сябе нейкі пінжачок, загарнула малога, завязала яму на галоўку нейкую хусціначку і са слязьмі на вачах рушыла ў невядомасць.

Натоўп, які ціхенька назіраў за ўсім,  што адбывалася, паволі стаў разыходзіцца да сваіх буданоў. Людзі пачалі ўладкоўвацца на начлег на нары каля сваіх дзетак, застаючыся кожны са сваімі думкамі.

Прайшло некалькі дзён. Страляніна ў ваколіцах пачала сціхаць. Блакада рухалася далей на Усход. Разведаўшы, што немцаў на дарогах і ў вёсках няма, сем’і па­чалі збіраць клункі. У нейкі момант вяскоўцы заўважылі ўдалечыні сярод густога ельніку жаночую постаць з нейкім клункам перад сабой. Добра прыгледзеўшыся, яны распазналі ў ёй тую самую маладзіцу з дзіцем. Звалі яе Нінай, а немаўля Шуркам. Усе рушылі ёй насустрач. Якой радаснай і шчаслівай для ўсіх была гэта сустрэча. Усе ўздыхнулі з палёгкай.

Муж Ніны быў партызанам і загінуў. Ніна адна выгадавала сына і выправіла яго ў людзі.

Трагедыя цёткі Вікці

Застанецца назаўсёды ў памяці Леанілы Антонаўны трагедыя, якая здарылася ў сям’і яе цёткі Вікці Маскалевіч з Брыгідава.

Муж цёткі, дзядзька Міша, быў у партызанах. Цётка адна гадавала шасцярых дзетак. Вечарам 3 мая 1943 года сусед прынёс цётцы Вікці паведамленне з Навасёлак, што сваяк просіць дапамогі. Цётка павінна накіраваць аднаго са старэйшых хлапчукоў на ­адзін дзень папасвіць кароў. Пытанне абмеркавалі на сямейным савеце, будзе весялей, калі пойдуць двое. Адольфіку каля дзесяці, а Геніку восем. Самыя пастушкі. Але цётка Вікця павінна сама даставіць хлапчукоў і перадаць з рук у рукі сваяку “рабочую сілу”. Так і зрабілі.

На досвітку 4 мая маці адвяла хлапчукоў па прызначэнні. Яна спяшаецца. Ей трэба паспець да таго моманту, пакуль малыя прачнуцца. Іх жа трэба будзе памыць, апрануць, пакарміць.

Але што гэта? На ўскрайку лесу, перад самым яе носам, з’явіўся ўзброены фашыст. Ляснуўшы затворам, спыніў цётку Вікцю і, упёршыся дулам у грудзі, не дазволіў ёй далей рушыць. Штосьці тлумачыў па-свойму. Але цётка Вікця нічога не можа зразумець і намагаецца растлумачыць,

што ёй трэба ў вёску, што там яе малыя чацвёра дзетак. Але салдат усё адно яе не прапускае, бясконца паўтараючы толькі два словы “Кіндэр капут”.

Колькі часу гэта працягвалася, цётка Вікця ўжо не памятала. Яна разумела і душой адчувала толькі адно, што здарылася штосьці страшнае.

У нейкі момант затрашчэў матор грузавіка. Немец штурхануў цётку у лес далей ад дарогі, а сам вярнуўся назад і сеў у пад’ехаўшы грузавік з іншымі немцамі. Калі цётка Вікця выйшла з лесу на брыгідаўскае поле, яна на нейкі момант страціла прытомнасць.

Яе вёска ўся дагарала разам з жыхарамі і яе чатырма маленькімі дзеткамі.

Чытайце першыя часткі артыкула Аляксандра Раткевіча:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце