Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна +22° Маладзечна
Вілейка +21° Вілейка
Смаргонь +22° Смаргонь
Ашмяны +22° Ашмяны
Валожын +23° Валожын
Мядзел +21° Мядзел
Астравец +22° Астравец
Гісторыя
Вілейка
27.05.2017 16:30 ,AЎТАР(Ы): Алесь Раткевіч

Пляшчанская трагедыя: як жыхары мусілі збіраць партызанам гарэлку, закусь і "дэсерт", а тыя замест абароны ад паліцаяў даліся на ўцёкі

Фота boombob.ru.

Каб больш падрабязна даведацца пра трагедыю 70-гадовай даўніны, якая здарылася ў Пляшчанах на Вілейшчыне, я завітаў да карэнных жыхароў гэтай вёскі Аляксандра (1932 г.н.) і Аляксандры (Булах) Доўнараў (1929 г.н.). 

Так атрымалася, што Паўлінка ў сваёй маці таксама была пазашлюбнай дачкой. Але ўсе гэтыя жыццёвыя абставіны не забралі прыгажосці, добрага сэрца і здольнасці кахаць і нарадзіць цудоўных пяцярых дзетак – Геню (1923  г.н.), Лёню (1927), Галіну (1930), Ваню (1932) і Марыську (1933).

Як атрымаў мянушку "Пярун"

Неўзабаве пасля вяселля няшчасны выпадак у Іванавым жыцці прыляпіў яму новую мянушку.

Летам Іван пасвіў кароў у полі. Раптам наляцела хмара і пайшоў дождж. Статак, перапужаўшыся грымотаў, рвануў з поля ў вёску. Услед за каровамі падаўся і Іван. Аднак вырашыў пераседзець навальніцу пад дрэвам, у якое і ўдарыла  маланка. Тое, што каровы вярнуліся без пастуха, усхвалявала гаспадароў.

Івана знайшлі ў непрытомнасці. Але яму наканавана было жыць.

Праляжаўшы пад глінянай “коўдрай” гадзіны тры, Іван прыйшоў у сябе. Аднак страціў слых і мову. Мог вымавіць толькі адно слова, Пя-я-ўн. Так нарадзілася яго новая і пажыццёвая мянушка Пярун.

Іван з Паўлінкай спраўляліся самі з небагатай сваёй гаспадаркай. Нараджалі дзетак і ніколі не адмаўлялі ў дапамозе вяскоўцам, за што былі ў пашане.

Кватарант Іван Белік

Вайна прынесла  ў Заельнікі жыццёвыя праблемы. Працавітаму і дужаму Івану памочнікі па гаспадарцы не былі патрэбныя. Але ўсё ж такі ён прытуліў у сябе аднаго з палонных, 26-гадовага чырвонаармейца, украінца, уражэнца Алтайскага краю Івана Беліка.

Першыя месяцы гаспадар і кватарант знаходзілі агульную мову, але да той пары, пакуль апошні не пачаў па начах дзесьці сыходзіць з хаты, што было забаронена яму немцамі як палоннаму. А за такія парушэнні разам з ім нёс адказнасць і гаспадар.

Белік знікаў з хаты на цэлую ноч і прыхо­дзіў з рознымі пажыткамі – прадукты, вопратка, абутак, нават траплялася жаночая бялізна.

Грынкевіч зразумеў, што кватарант яго па начах займаецца дрэннымі справамі і тым самым нясе не толькі яму, але і ўсяму сямейству смяротную пагрозу.

Аднойчы Белік на добрым падпітку прыцягнуў у хату нямецкі кулямёт і некалькі гранат. Такой нахабнасці Грынкевіч ужо не вытрымаў і, раззлаваўшыся на кватаранта, паказаў яму на дзверы. А калі не, то Іван заявіць на яго ў паліцыю.

Беліку нічога не заставалася рабіць, як толькі папрасіць гаспадара, каб той дазволіў, пакуль пацяплее, пажыць у яго. У красавіку 42-га Белік з іншымі ваеннапалоннымі сышоў з Заельнікаў, але паабяцаў вярнуцца. І слова сваё стрымаў.

Дзесьці ў пачатку мая, нягледзячы на тое, што яго і іншых зніклых палонных шукала гарнізонная паліцыя, Белік наведаў не толькі Заельнікі, але і Загараны, дзе жыў Аляксандар Доў­нар. У Загараны ён завітаў у складзе ўзброеных васьмі чалавек. Усе былі на падпітку, вялі сябе нахабна.

Белік гарлапаніў, што ў вёску вярнулася савецкая ўлада, а ён яе прадстаўнік.

І што вы зразумееце, хто такі Белік! Але ў той дзень яны не паспелі “пагаспадарыць” у Загаранах. Бо вясковая вуліца і падыходы да яе вельмі добра праглядаліся нем­цамі са званіцы Хаценчыцкай царквы, якую яны скарысталі як назіральны і кулямётны пункт.

Немцы, заўважыўшы ў Загаранах ўзброеных людзей, не сталі па іх страляць, хутчэй за ўсё таму, што хацелі схапіць іх жывымі. Белік, заўважыўшы ў канцы вуліцы паліцэйскіх, даў па іх доўгую чаргу з кулямёта. Пакуль паліцэйскія апамяталіся, групоўка Беліка без страт здолела выбрацца за вёску. На радасць вяскоўцаў, з паліцэйскіх ніхто не загінуў, што і выратавала жыхароў ад пакарання.

Барыс Лунёў

Па словах  Аляксандры Мікалаеўны, ”савецкая ўлада” пасля таго выпадку ў Загараны больш не наведвалася ажно да лета 1944-га, што нельга сказаць пра Пляшчаны.

Як пазней высветлілася, той самы Белік сышоў у партызанскі атрад “Штурм”, які дыслакаваўся непадалёк у лесе, у межах Заслаўскага раёна. Гэты атрад спачатку быў сфарміраваны пераважна з ліку уцекачоў ваеннапалонных і акружэнцаў. Узначаліў яго 24-гадовы Барыс Лунёў, былы чырвонаармеец.

Ён выдаваў сябе за афіцэра Чырвонай Арміі. А былы чырвонаармеец Белік таксама прысабечыў сабе званне палітрука і быў прызначаны Лунёвым начальнікам асобага аддзела атрада.

Пачастунак для лунёўцаў збіралі па ўсёй вёсцы. Фота liveinternet.ru.

Пачастунак для лунёўцаў збіралі па ўсёй вёсцы. Фота liveinternet.ru.

Адпачынак лунёўцаў

У хуткім часе распаўсюдзілася слава пра гэты атрад народных мсціўцаў. Белік слова сваё, дадзенае жыхарам вёсак, стрымаў. За кароткі час ён стаў знакамітым партызанам.

З яго імем былі звязаныя шматлікія “геройскія” ўчынкі, асабліва ў адносінах да жыхароў прылеглых вёсак, акрамя Загаранаў. Бо гэта вёска знаходзілася ў добра прыцэльным сектары абстрэлу нямецкага кулямётнага пункту. Беліку пра гэта было вядома, таму туды ён і баяўся сунуцца, нават ноччу. Затое ў астатніх народныя мсціўцы адчувалі сябе поўнымі гаспадарамі.

Захо­дзяць, бывала, пасля задання на адпачынак у якую-небудзь вёсачку. Перад імі вымушаныя былі прагінацца ўсе, ад малога да старога.

Уся вёска павінна была зносіць па­частункі – гарэлку, закусь. А на “дэсерт”, як правіла, жанчыны ды дзяўчаты. А паспрабуй селяніну штосьці ім пярэчыць, могуць тут жа на месцы як фашысцкага агента расстраляць.

Вельмі частымі “гасцямі” на падобных “адпачынках” былі то камандзір брыгады Барыс Лунёў, то асабіст Іван Белік. Гулялі кожны раз да той пары, пакуль не з’яўляліся паліцаі, што і прывяло да першай крывавай трагедыі ў Пляшчанах.

Падзеі ў Пляшчанах

Па словах Аляксандры Мікалаеўны, неяк напрыканцы восені 1942 года ў Пляшчаны да Дзмітрыя і Варвары Жукоўскіх прыйшоў з Мінска сваяк, варварынай роднай сястры Юлькі мужык, Ігнат. Ён меў дазвол мінскай камендатуры на вольнае перамяшчэнне. А атрымаць такую прывілею яму дапамагла яго родная дачка Вера, якая, добра валодаючы нямецкай мовай, працавала ў немцаў перакладчыцай.

Толькі засталося таямніцай па сённяшні дзень, Вера сама пайшла працаваць да немцаў ці была накіраваная мінскім падполлем. Але як бы там ні было, ёй стала вядома, што ў фашыстаў распачынаецца паляванне на мінскае падполле.

Немцы штодня атрымоўвалі ад сваіх інфарматараў падрабязныя звесткі і адрасы падпольшчыкаў.

У сувязі з гэтым Вера накіравала свайго бацьку да родных у Пляшчаны, каб тыя дапамаглі яму сустрэцца хоць з якімі-небудзь партызанамі, каб перадаць звесткі пра разгаданых, але пакуль што не арыштаваных мінскіх падпольшчыках. Толькі апошнім часам партызаны ў вёсцы штосьці не з’яўляліся.

Жукоўскі параіў швагру схадзіць у Жабічы ды наведаць ягоных сваякоў. І паспрабаваць з іх дапамогай нала­дзіць сувязь з партызанамі Лунёва, якія вельмі часта наведвалі Пляшчаны. Так і зрабілі. Ігнат, схадзіўшы ў Жабічы, зноў вярнуўся назад да Жукоўскіх, бо нала­дзіць сувязь з партызанамі не атрымалася. Ён быў вымушаны застацца ў швагра на нявызначаны час.

Дзесьці праз ты­дзень, бліжэй да абеду, у вёсцы з’явілася невялікая групоўка лунёўцаў. Гэта ўся арава цалкам завалілася ў хату да Фёдара Булаха і як поў­ныя гаспадары загадалі накрываць стол. У такім выпадку ўсе ведалі, што трэба было рабіць. Старэйшыя заставаліся хто ў хаце, а хто на падворку на варце. Дзеці разбягаліся па вёсцы, каб сабраць пажыткі для такіх гасцей.

Усе вяскоўцы давалі, што маглі, бо добра ведалі, што дрэнны прыём “абаронцоў” для вяскоўцаў дабром не скончыцца. Гарэлкі не шкадавалі, частавалі ад “душы”, каб хутчэй паснулі.

Ігнат, даведаўшыся пра  партызан, пайшоў да Булаха, на сустрэчу з імі. Калі Ігнат зайшоў у хату, госці былі ўжо добра захмялелыя. Да Ігнатавых слоў аднесліся з  недаверам. І няведома, чым бы скончылася тая сустрэча, калі б  гаспадар хаты не падняў трывогу, што да вёскі ідуць паліцэйскія.

Лунёўцы павыскоквалі на вуліцу і заляглі ўздоўж паркана, прама ў двары Булахаў. Дзед Аляксандры Мікалаеўны на каленях прасіў партызан не падымаць страляніну у двары, але ўсё дарэмна. Іх каман­дзір даў загад страляць па паліцэйскіх, якія ішлі з боку Карпавічаў на Пляшчаны. Пасля першых стрэлаў быў забіты адзін паліцэйскі, а астатнія чацвёра адразу ж заляглі.

Пастраляўшы з хвілінку, “госці” даліся наўцёкі ў бок лесу, Зацішша. А паліцэйскія, упэўніўшыся, што бяспека мінавала, рушылі на Хаценчыцы, пакінуўшы свайго забітага на полі.

Для Пляшчанаў тая перастрэлка і забіты паліцэйскі вельмі дорага абышліся. У гэты  ж дзень бліжэй да вечара лунёўцы вярнуліся ў вёску, але ўжо ў большай колькасці і ўзначаленыя вядомым асабістам Белікам. Яны адразу ж пачалі высвятляць, хто на іх наклікаў паліцэйскіх.

Чытайце папярэднія часткі:

Хаценчыцы і наваколле ў людскіх лёсах. Вёска Дварэц (1)

Як дварчане сустрэлі вайну з гітлерам. Вёска Дварэц (2)

“Душы дзіця, бо яно загубіць усю вёску!”. Успаміны пра вайну ў вёсцы Дварэц Вілейскага раёна (3)

Пляшчанская трагедыя. Аднойчы адчуўшы на сабе “справядлівасць” савецкай улады, ардэнаносец на радзіму больш не вярнуўся (4)

Абмеркаваць
Каментар (0) / Дадаць каментар
Дадаць каментар
Новае на сайце