Пошук па сайту
Мы ў сетках:
Маладзечна Маладзечна
Вілейка +1° Вілейка
Смаргонь +1° Смаргонь
Ашмяны +1° Ашмяны
Валожын Валожын
Мядзел +1° Мядзел
Астравец +1° Астравец
Грамадства
1
4.06.2017 12:11 ,AЎТАР(Ы): Наталля ТУР

Украіна – гэта калі вальс Чайкоўскага табе іграе сам Чайкоўскі (Фота)

Фота Наталлі Тур.

Папярэджанне: калі вы не любіце Украіну, не чытайце гэты тэкст. Таму што ў ім усё: і казакі, і ўкраінскія песні, і душа цэлага народа.

Нагодай наведвання цэнтральнай Украіны стаў фестываль “Кабзар яднае Украіну”, які праводзіцца тут ужо трэці год запар.

Беларуская дэлегацыя была запрошаная пакуль толькі ў якасці гасцей, але хто ведае, магчыма, на будучы год журналісты з Беларусі таксама стануць удзельнікамі і лаўрэатамі гэтага конкурсу.

Тое, што мне спадабаецца ў Чаркасах, я зразумела, як толькі мы пад’язджалі да горада. Тут, у самым горадзе, месціцца Крамянчугскае вадасховішча. Для беларусаў гэта вадасховішча – сапраўднае мора. Мяркуйце самі: даўжыня яго прыкладна 150 кіламетраў, а шырыня – 30.

Захацелася крыкнуць кіроўцу аўтобуса:

– Напляваць на прыстойнасць і купальнікі – давайце купацца!

Але пакупацца не ўдалося, бо фестываль толькі пачынаўся.

Украіна невядомая 

Ці ведаеце вы, напрыклад, што галоўная вуліца ў Чаркасах называецца Храшчацік?  А пра тое, што партнёр Чаркасаў наш горад Орша?

На жаль, горад пагля­дзець атрымалася амаль толькі з акна аўтобуса, але гэтага хапіла, каб заў­важыць, што ён вельмі зялёны. Не такі зялёны, як, напрыклад, Мала­дзечна. А вельмі-вельмі зялёны. Агромністыя каштаны і таполі, якія галінкамі б’юць у шыбу аўтобуса. Але іх ніхто не абразае. А ад гэтага горад становіцца падобны на казачны лес. У Чаркасах, як і амаль ва ўсіх украінскіх гарадах, няма помніка Леніну.

Тут, на цэнтральных плошчах, усталёўваюць помнікі героям нябеснай сотні.

 

На адкрыццё аднаго з такіх помнікаў мы і трапілі на наступны дзень – у горад Каменку.

На цырымоніі адкрыцця помніка прысутнічалі не толькі афіцыйныя асобы і дэлегацыі, але і сваякі салдатаў, якія цяпер абараняюць сваю краіну.

На помніку словы “Героі не паміраюць” і “Слава Украіне”.

 І песні, што тут выконваліся, гучалі не для таго, каб заняць час, а ў словы патрыятычных песень сапраўды верыш:

Я України син

І щиро-гордий цим,

Ні, в серці не потух

Її незборний дух.

А яшчэ ў краязнаўчым музеі гэтага горада ёсць зала, якая прысвечаная сучасным падзеям, у зале захоўваецца сцяг, на якім распісаліся салдаты, зброя, якой ваююць на ўсходзе Украіны.

Але пра музей пасля. Бо наступным горадам, дзе нам давялося пабываць, быў горад Залатаноша.

Горад невялікі, у ім усяго 30 тысяч насельніцтва. Але тут стаіць помнік цэнтру Еўропы. Так-так, па версіі ўкраінцаў цэнтр Еўропы тут.

Ёсць у горадзе завод кавы тры у адным. Але п’юць гэтую каву ва Украіне, Азербайджане, Грузіі. Але не ў Беларусі.

Мы п’ём каву з расійскага завода, але той самай сінгапурскай фірмы.

Не ведаю, як астатнім удзельнікам нашай дэлегацыі, але мне было балюча назіраць, як сапраў­дная кава з Эфіопіі трапляе ў вялізныя бункеры для таго, каб потым стаць напоем тры ў адным з пакеціка.

А яшчэ горад Залатаноша называецца так не таму, што тут усе носяць золата. Згодна з легендай, калісьці тут праплываў карабель, які быў да верху набіты золатам. І непадалёк ад горада карабель пацярпеў крушэнне. І да берагоў рака сама прынесла незлічоную колькасць золата.

Украіна музейная

Але вернемся назад у горад Каменку, дзе мы пакінулі два музеі – краязнаўчы і музей А.Пушкіна і П.Чайкоўскага.

Так, і Пушкін, і Чайкоўскі былі гасцямі дома Давыдавых.

Аляксандр Сяргеевіч менавіта ў Каменцы напісаў верш “Редеет облаков летучая гряда”…

А таксама пакідаў аўтографы вершаў у альбомах мясцовых прыгажунь. Я ўпершыню ўбачыла такі альбом. Падобны да дзіцячага песенніка нашых гадоў. Тыя ж малюнкі, пажаданні і гербарый паміж старонкамі.

А што датычыцца Пятра Ільіча, то ён у Каменцы быў частым госцем. Тут жыла яго сястра. І на лета кампазітар заўсёды прыязджаў у гэтыя мясціны.

Адкуль я гэта ведаю? Ды Пётр Ільіч сам пра гэта расказаў!

Праўда-праўда. Экскурсія ў музеі вядзецца ад першай асобы. На парозе нас сустрэла жанчына. І пачынае расповед:

– Добры дзень, мяне завуць Марыя Давыдава, а дом, у якім вы знахо­дзіцеся, мне падарыў мой бацька ў 1863 годзе…

З натоўпу турыстаў пытанне:

– Гэта ж колькі вам гадоў?

А тут адкрываюцца дзверы іншай залы і адтуль выскоквае малады чалавек у цыліндры:

– Дазвольце адрэкамендаваць сябе, я – Пётр Чайкоўскі!

Калі раптам трапіце ў гэтыя мясціны, не пашкадуйце часу, зайдзіце ў гэты музей. Дзе ж вам яшчэ пашанцуе пачуць вальс Чайкоўскага, які выконвае сам Чайкоўскі.

Украіна  мужная

Зусім іншай па настроі была паездка ў Халодны Яр. Халодны Яр  – гэта агромністы помнік прыроды. Плошча  яго – сем тысяч гектараў.

Халодны Яр мае багатую гісторыю.

На тэрыторыі Халоднага Яра археолагі  знайшлі вялікую колькасць старажытных стаянак і паселішчаў. Тут жа знаходзіцца скіфскае гарадзішча VI стагоддзя да нашай эры. Халодны Яр апеты Тарасам Шаўчэнкам  у аднайменным вершы, з Халоднага Яра пачыналася “Колиивщина” – паўстанне насельніцтва супраць прыгнёту Поль­шчы, ад 1918 да 1923 у Халодным Яры дзейнічалі паўстанцкія атрады, якія вялі барацьбу як супраць дзянікінцаў, так і супраць бальшавікоў. У гэты час тут была абвешчана Халоднаярская рэспубліка на чале з братамі Чучупакамі.

Халодны Яр – месца, звязанае з веліччу непакорлівага казацкага духу. Тут заўсёды ішла барацьба за свабоду і волю.

Наведалі мы Дуб Максіма Залізняка, які называюць  “Украінскім Патрыярхам”. Дубу, якому больш за 1100 гадоў. Яго дыяметр 8 метраў 90 сантыметраў, вышыня – 24 метры. Пад яго шатром адпачывалі Багдан Хмяльніцкі, Тарас Шаўчэнка і іншыя знакамітыя дзеячы Украіны.

Вельмі цікавым месцам стала гайдамацкая сажалка. У ёй гайдамакі асвячалі свае нажы. У гэтым месцы і цяпер асвячаюць зброю, з якой салдаты ідуць на вайну.

Нам, журналістам, сказалі, што мы таксама кожны дзень маем справу са зброяй. Наша зброя – гэта дыктафоны, фотаапараты і ручкі. І вельмі ўрачыста асвяцілі нашу журналісцкую “зброю”.

– Каб ручкі пісалі толькі праўду, – сказалі нам казакі.

Украіна  гасцінная

І калі ўжо пісаць праўду пра Украіну, то дзе тут не скажаш пра яе пачастункі?

Запомніўся абед у парку.

Уявіце, пакуль мы былі ў музеі, у гарадскім парку накрылі сталы. Доўгія-доўгія, застаўленыя рознымі прысмакамі. Проста ў цэнтры горада. Калі мы занялі свае месцы за сталамі, дзяўчаты ў нацыянальных строях падалі вялізныя тазікі з сапраў­днымі ўкраінскімі варэнікамі.

Ну, як пасля гэтага не заспяваць “Ще не вмерла Україна”.

І як не любіць гэту краіну, якую так любяць самі ўкраінцы?

Абмеркаваць
Каментар (1) / Дадаць каментар
12.06.2017 17:44
Алег Вешчы / Цудоўны рэпартаж, дзякуй!
Дадаць каментар
Новае на сайце